адрэзак прамой, які злучае 2 пункты акружнасці і праходзіць праз яе цэнтр, а таксама даўжыня гэтага адрэзка. Даўжыні ўсіх Д. акружнасці аднолькавыя і роўныя 2 радыусам. Д. канічнага сячэння — прамая, якая праходзіць праз сярэдзіны яго паралельных хордаў. Усе Д. эліпса і гіпербалы праходзяць праз іх цэнтры. Д. парабалы паралельныя яе восі. Д. адвольнай замкнёнай фігуры — найб. адлегласць паміж двума пунктамі гэтай фігуры. У гэтым сэнсе Д., напр., эліпса роўны даўжыні яго вялікай восі; Д. куба — даўжыні яго дыяганалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАЗО́Н [адгрэч. dia pasōn (chordōn) праз усе (струны)],
1) у музыцы — гукавы аб’ём пеўчага голасу ці муз. інструмента, гукарада, мелодыі, вак. ці інстр. партыі ў муз. творы і інш. Вызначаецца інтэрвалам паміж самым нізкім і самым высокім гукамі.
2) У фізіцы — вобласць змены якой-н. велічыні, аб’ём чаго-н. Напр., Д. вымярэнняў — вобласць значэнняў вымеранай велічыні, для якой вызначаны хібнасці сродкаў вымярэнняў; Д. паказанняў вымяральнай прылады — вобласць значэнняў шкалы, абмежаваных яе канцавым і пач. паказчыкамі; Д. радыёчастот (радыёхваль) — участкі, на якія ўмоўна падзелена ўся вобласць радыёчастот.
3) У пераносным сэнсе — аб’ём ведаў, здольнасцей, шырыня інтарэсаў, кругагляду, размаху дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБІДУ́Р ((Debidour) Антанен) (31.1.1847, г. Нантрон, Францыя — 21.2.1917),
французскі гісторык. Кіраваў кафедрамі геаграфіі (з 1879), гісторыі (з 1880), ун-та ў г. Нансі. З 1891 гал. інспектар нар. адукацыі ў Францыі. З 1906 у Парыжскім ун-це (Сарбоне), кіраўнік кафедры гісторыі хрысціянства новага часу. Аўтар прац «Дыпламатычная гісторыя Еўропы ад Венскага да Берлінскага кангрэса (1814—1878)» (т. 1—2, 1891), «Каталіцкая царква і дзяржава ў час Трэцяй рэспублікі (1870—1906)» (т. 1—2, 1906—09) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Дипломатическая история Европы, 1814—1878. Т. 1—2. Ростов н/Д., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́БІШ (Анатоль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Брат В.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе дырэктарам Дома культуры ў Брэсце. Друкуецца з 1983. Аўтар зб. вершаў «Калядная вячэра» (1992), «Стодзівы» (1995). Тэматычны дыяпазон паэзіі Д. разнастайны — ад часоў паганства («Зніч», «Мара», «Чарнабог», «Пераплут», «Дзіў», «Велямос») да нашых дзён. Грунтуючыся на бел.нар. міфалогіі і фальклоры, аўтар асэнсоўвае стараж. светаўспрыманне, светабачанне і светаразуменне нашых далёкіх продкаў, яднае язычніцкія ўяўленні і хрысціянскія ідэалы, пяе хваласпеў жанчыне, каханню. Развівае жанры санета, балады, трыялета, элегіі, паэт. форму тэрцыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІСАН ((Davisson) Клінтан Джозеф) (22.10.1881, г. Блумінгтан, штат Ілінойс, ЗША — 1.2.1958),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Чыкагскі (1908) і Прынстанскі (1911) ун-ты. З 1911 у Тэхнал. ін-це Карнегі, з 1917 у Лабараторыях Бэл-Тэлефон, у 1946—54 візіт-праф. Віргінскага ун-та. Навук. працы па электроніцы, цеплавым выпрамяненні, фізіцы крышталёў і квантавай фізіцы. Незалежна ад Дж.П.Томсана адкрыў разам з амер. фізікам Л.Джэрмерам (1927) дыфракцыю электронаў на крышталях нікелю, што стала эксперыментальным пацвярджэннем хвалевых уласцівасцей мікрааб’ектаў. Нобелеўская прэмія 1937.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 403—404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІТ ((Davitt) Майкл) (25.3.1846, Стрэйд, каля г. Белфаст, Вялікабрытанія — 31.5.1906),
дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1865 удзельнік руху феніяў, у 1870—77 зняволены. Адмовіўшыся адтэрарыст. тактыкі феніяў, выступаў за спалучэнне масавага руху за аграрныя пераўтварэнні з парламенцкай барацьбой за нац. вызваленне. У 1879 разам з Ч.С.Парнелам заснаваў Зямельную лігу. У 1890 парваў з лідэрамі руху за Гомруль. З 1895 чл. парламента, у 1899 у знак пратэсту супраць англабурскай вайны 1899—1902 склаў з сябе парламенцкія паўнамоцтвы. Удзельнік к-та рабочага прадстаўніцтва (засн. ў 1900, з 1906 Лейбарысцкая партыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНА́ЗЫ,
ферменты класа аксідарэдуктаз, што каталізуюць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі пераносу вадароду (электрона) ад субстрату да акцэптара. Вельмі пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у рэакцыях, што складаюць аснову акіслення біялагічнага і энергет. забеспячэння клетак (гл.Дыханне), некаторыя ў аднаўленчых біясінт. працэсах.
Паводле хім. прыроды Д. — пратэіды з пірымідзінавымі (НАД, НАДФ) ці флавінавымі (ФАД, ФМН) каферментамі — акцэптарамі атамаў вадароду. Падзяляюцца на аэробныя (пераносяць вадарод непасрэдна на малекулярны кісларод) і анаэробныя (акцэптарам вадароду можа быць іншая Д.). Назва Д. даецца па субстраце, што акісляецца (напр., Д., якая дэгідрыруе этылавы спірт, наз. алкагольдэгідрагеназай, малочную кіслату — малатдэгідрагеназай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕ́ТРЫЙ I ПАЛІЯРКЕ́Т (грэч. Dēmētrios Poliorkētēs, каля 337, Македонія — 283 да н.э.),
палкаводзец эліністычнага перыяду. Сын Антыгона I Аднавокага, паплечніка Аляксандра Македонскага. Разам з бацькам прымаў удзел у барацьбе дыядохаў. У 306 перамог флот Пталамея каля Саламіна на Кіпры, разам з бацькам прыняў тытул цара. У 301 каля г. Іпс Антыгон і Д.П. пацярпелі паражэнне, Антыгон быў забіты, Д.П. уцёк. У 295 захапіў Афіны, у 294—288 валодаў Македоніяй. У 287 у М. Азіі пацярпеў паражэнне ад караля Сірыі Селеўка I, трапіў у палон, дзе і памёр. Біяграфію Д.П. дае Плутарх у «Параўнальных жыццяпісах».