ВЯЛІ́КАЕ УКЛЕ́ЙНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 16 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,39 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 25,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, месцамі абрывістыя, пад лесам, на З выш. 3—5 м, парослыя разнатраўна-злакавай расліннасцю. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 5—6 м выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. М.Уклейна, на ПнУ выцякае ручай у возера без назвы.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПУСТЫ́НЯ ВІКТО́РЫЯ (Great Victoria Desert),
пясчаная пустыня на Пд Аўстраліі. Пл. 350 тыс. км². Працягласць з У на З амаль 1200 км.
Вялікая пустыня Вікторыя — тэр. заходнеаўстралійскага пенеплену з пераважнымі выш. 150—300 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады і ўзгоркі (выш. 10—15 м), месцамі астанцовыя плато ці азёрныя засоленыя ўпадзіны. Ападкаў ад 125 да 250 мм за год. Сухія рэчышчы. Пяскі часта замацаваны дзярнінным злакам спініфекс, у міжградавых прасторах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. Пустыня практычна бязводная і цяжкадаступная; упершыню перасек яе ў 1875 англа-аўстр. даследчык Э.Джайлсам. Аднайменны нац. парк.
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ СУПО́НЕЦ,
возера на мяжы Глыбоцкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 19 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,42 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 23,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,6 км. Пл. вадазбору 6,13 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м (на Пн 5—10 м, спадзістыя) пад лесам, на ПнЗ разараныя. Дно складанай будовы (чаргуюцца ўпадзіны і мелі). Зона мелкаводдзя вузкая, выслана пяскамі і глеямі, глыбей — сапрапелем. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 8—50 м. Злучана пратокай з воз. Малы Супонец.
т. 4, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАЛІ́Н (Аксель Вільгельмавіч) (24.6.1828, Фінляндыя — 27.12.1892),
расійскі вучоны ў галіне артыл. ўзбраення, мех. апрацоўкі металаў, мінералогіі і крышталяграфіі. Акад. Пецярб. АН (1875), ген. ад артылерыі (1890). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1849). З 1867 праф. Міхайлаўскай артыл. акадэміі. Распрацаваў тэорыю змацавання ствалоў артыл. гармат (насадкай на іх цыліндраў у гарачым стане), што дазволіла павысіць іх трываласць, магутнасць і дальнабойнасць, стварыць буйнакаліберную артыл. сістэму. Аўтар работ па апрацоўцы металаў (асабліва рэзаннем), курсаў па тэхналогіі металаў. Даследаваў мікрасіметрыю крышталяў, спосабы вызначэння шчыльнасці мінералаў. Ламаносаўская прэмія Пецярб. АН 1868.
Літ.:
Ларман Э.К. А.В.Гадолин. М., 1969.
т. 4, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ІЧКІ,
група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.
Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАШКЛАПЛА́СТЫКІ,
машынабудаўнічыя матэрыялы, атрыманыя на аснове спалучэння драўніны з палімерамі, шкловалакном і інш. кампанентамі. Забяспечваюць работу вырабаў пры т-ры ад -60 да 150 °C ва ўмовах агрэсіўна-абразіўных асяроддзяў. Выкарыстоўваюцца ў тэхнал. абсталяванні хім., аўтамаб., трактарнай і інш. галін прам-сці. На Беларусі даследуюцца з 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН, дзе створаны канструкцыйныя Д. (атрымліваюць метадам гарачага ўшчыльнення кампазіту са здробненай драўніны, насычанай кандэнсавальнымі смоламі, і шклянога валакна, насычанага палімерамі) і самазмазвальныя (атрымліваюць напаўненнем лігнавугляводнай матрыцы драўніны тэрмастабільнымі калоіднымі актыўнымі сістэмамі; выкарыстоўваюцца як падшыпнікі слізгання).
Б.І.Купчынаў.
т. 6, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ГЛАС-Х’ЮМ ((Douglas-Home) Аляксандр) (Алек) Фрэдэрык (н. 2.7.1903, Лондан),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1931—45 і 1950—51 дэпутат палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі, адначасова (1937—39) парламенцкі сакратар прэм’ер-міністра Н.Чэмберлена, удзельнік Мюнхенскай канферэнцыі 1938. Чл. (1951—63) і лідэр (1957—60) палаты лордаў. Міністр па сувязях з краінамі брыт. Садружнасці (1956—60). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі ў 1960—63 (удзельнічаў у ажыццяўленні Дагавора аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963) і 1970—74. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1963—64. Лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1963—65.
т. 6, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХ,
філасофскае паняцце, што азначае нематэрыяльны пачатак у адрозненне ад матэрыяльнага, прыроднага. Азначае таксама мысленне, псіхічныя здольнасці, пачатак, які вызначае паводзіны, унутр. маральную сілу асобы (гл. Духоўнасць). У гісторыі філасофіі Д. трактаваўся як паняцце (панлагізм), субстанцыя (пантэізм), асоба (тэізм, персаналізм). У рацыяналізме вызначальным бокам Д. лічыцца мысленне, свядомасць, у ірацыяналізме — пазаразумовыя аспекты (воля, пачуццё, уяўленне, інтуіцыя і г.д.). Дыялект. матэрыялізм звязвае духоўнае з працэсам і вынікамі чалавечай дзейнасці, з духоўнай вытворчасцю. У стараж.-грэч. філасофіі Д. — пнеўма, нус, логас; у рэліг.-містычных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота (гл. таксама Тройца).
В.В.Краснова.
т. 6, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФТО́НГ (ад ды... + грэч. phthongos голас, гук),
складаны галосны гук, які ўключае складаўтваральны і нескладаўтваральны элементы ў адным складзе. Звычайна Д. маюць большую працягласць, чым мафтонгі. Адрозніваюцца Д : узыходны, у якім складаўтваральным кампанентам з’яўляецца другі элемент (напр., франц. [] pied); сыходны, калі складаўтваральны кампанент — першы элемент (напр., ням. [] Leid, англ., [] my). У бел. мове ёсць Д. [] і [] толькі ў дыялектах на Пд Беларусі. Вымаўляюцца ў закрытых складах замест «о» і «е», а таксама замест «е» што паходзіць з «ѣ»: напр., кнь, см, лта (конь, сем, лета).
т. 6, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)