СТАЯ́ЧАЕ ВО́ЗЕРА.

У Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Сож, за 5 км на Пд ад г. Чачэрск. Пл. 0,42 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 5,25 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м (на 3 да 10 м, на У 16—18 м), разараныя. Берагі выш. да 0,5 м. Дно выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАТЫ́Г (грэч. strategos),

у Візантыі з канца 7 ст. намеснік фемы (ваен.-адм. акругі), які валодаў у ёй ваен. і цывільнай уладай. З 11 ст. цывільныя функцыі ад С. перайшлі да суддзі або прэтара, а ваен. — да вышэйшых военачальнікаў (дукаў і катэпанаў), якія ўзначальвалі ўзбуйненыя фемы, а С. сталі нач. гар. і крапасных гарнізонаў. Ін-т С. знік у 12 ст. ў сувязі з распадам фемнай сістэмы.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТРАТЭГІ́ЧНАЯ АБАРО́ННАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА»

(«САІ»),

доўгатэрміновая праграма стварэння шырокамаштабнай сістэмы проціракетнай абароны (ПРА). Прызначана для абароны краіны ад ракетна-ядзернай зброі. Уключае розныя сродкі паражэння ракет і боегаловак, у т. л. заснаваных на новых фіз. прынцыпах (гл. Прамянёвая зброя, Пучковая зброя). Значную ч. сістэмы ПРА складае касмічная зброя. «САІ» распрацавана і аб’яўлена ў ЗША у 1983; некат. элементы ПРА (процікасм. абароны) створаны ў Расіі, Ізраілі і інш.

т. 15, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУТЭНЁРСТВА (ад франц. souteneur), зводніцтва,

карыслівае пасрэдніцтва паміж мужчынам і жанчынай для садзейнічання ўступленню іх у палюбоўную (палавую) сувязь. У многіх краінах С. — крымінальна-каральнае дзеянне. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. — адно са злачынстваў, якое выяўляецца ў арганізацыі ці ўтрыманні прытона для заняцця прастытуцыяй, або зводніцтва з карыслівай мэтай. Караецца штрафам, арыштам, абмежаваннем свабоды на пэўны тэрмін або пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.

т. 15, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБУЛАТУ́РА (ням. Tabulatur ад лац. tabula дошка, табліца),

1) літарная ці лічбавая сістэма запісу інстр. музыкі ў Еўропе ў 14—18 ст. Гл. ў арт. Нотнае пісьмо.

2) Правілы і рэкамендацыі адносна зместу, структуры, а таксама выканання муз.-паэт. твораў майстэрзінгераў. Упершыню сістэматызаваны А.​Пушманам каля 1600.

Літ.:

Барсова И.А. Очерки по истории партитурной нотации (XVI — первая половина XVIII в.). М., 1997.

Д.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАДЖЫ́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Таджынская ўпадзіна,

міжгорная катлавіна ў Рэспубліцы Тыва, у Расіі. Размешчана ў гарах Паўд. Сібіры, паміж Усх. Саянам і хр. Акадэміка Обручава, даўж. 150 км, выш. ад 800 м на З да 1800 м на У. Рэльеф месцамі сярэднягорны, на З — узгорыста-раўнінны. Ёсць значныя азёры (Таджа, Маны-Холь, Кадыш-Холь). Пераважаюць таежныя лясы з лістоўніцы. кедру, елкі, хвоі; на З месцамі ўчасткі стэпаў.

т. 15, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСАНО́МІЯ (ад грэч. taxis размяшчэнне, строй, парадак + nomos закон),

тэорыя і практыка класіфікацыі і сістэматызацыі складанаарганізаваных абласцей рэчаіснасці; раздзел сістэматыкі. Тэрмін прапанаваны ў 1813 швейц. батанікам А.П.Дэкандолем. Асн. задача Т. — стварэнне рацыянальнага вучэння аб таксанамічных катэгорыях (рангах) і іх супадначалення (іерархіі), якое дазваляе пабудаваць прыродную класіфікацыю арганізмаў. Т. дае магчымасць адначасова ўлічваць вял. колькасць розных прыкмет. Т., сістэматыка і класіфікацыя звязаны паміж сабой, іх значэнні часта перакрываюцца.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́Н (польск. taran ад італьян. taranto),

1) старажытная аблогавая прылада, якая выкарыстоўвалася для разбурэння крапасных сцен, вежаў і брам. Уяўляў сабой бервяно з жалезным або бронзавым наканечнікам, якое падвешвалася на канатах (ланцугах) у драўлянай рухомай вежы, што перамяшчалася на калёсах і служыла прыкрыццём для людзей, якія абслугоўвалі Т. (гл. таксама Аблогавая тэхніка).

2) Тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады (Т. гідраўлічны).

С.​В.​Папоў.

Таран.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРПЕ́ЙСКАЯ СКАЛА́ (Saxum Tarpeium),

у Старажытным Рыме стромкі ўцёс з зах. боку Капіталійскага ўзгорка, з якога скідвалі асуджаных на смерць дзярж. злачынцаў. Паводле аднаго з паданняў, назва паходзіць ад імя Луцыя Тарпея, якога скінулі адтуль за апазіцыю цару Ромулу. Паводле другой версіі, Тарпеяй звалі дачку военачальніка Капіталійскай крэпасці Спурыя Тарпея, якая ў час вайны з сабінамі паказала ворагам патайны ход, за што паплацілася жыццём.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСАВАНГА́РД (ад лат. транс... + авангард),

плынь у жывапісе постмадэрнізму. Узнік у Італіі ў канцы 1970-х г. Гал. яго тэарэтык А.​Беніта-Аліва прадставіў работы трансавангардыстаў на біенале 1980 і 1982 у Венецыі. Майстры Т. (С.​Кія, Ф.​Клементэ, Э.​Кукі, Н. дэ Марыя, М.​Паладзіна) супрацьпаставілі канцэптуальнай творчасці непасрэдную работу мастака над стварэннем карціны, такім чынам аднавіўшы цікавасць да жывапіснай выяўленчасці.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)