СІГІЗМУ́НД I (лац. Sigismundus, венг. Zsigmond, чэш. Zikmund; 15.2.1368, г. Нюрнберг, Германія — 9.12.1437),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1410—37], венг. кароль [1387—1437], чэш. кароль [1419—21, 1436—37]. Сын імператара Карла IV, апошні з дынастыі Люксембургаў. У 1387 у выніку шлюбу з дачкой венг. караля Лаяша Вялікага стаў венг. каралём. Узначаліў крыжовы паход аб’яднанага еўрап. войска супраць туркаў, разбіты тур. султанам Баязідам I. Адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў царк. Канстанцкага сабора (1414—18), санкцыяніраваў пакаранне смерцю Я.​Гуса, якому раней даў ахоўную грамату. Пасля смерці брата Вацлава IV (1419) атрымаў у спадчыну чэш. прастол, арганізаваў супраць гусітаў крыжовыя паходы (гл. Гусіцкія войны). У 1421 пазбаўлены чэш. прастола Часлаўскім сеймам, зноў абвешчаны каралём у 1436 сеймам у Іглаве. Сваім пераемнікам прызначыў аўстр. герцага Альбрэхта. Агульнае абурэнне ў Чэхіі палітыкай С. I прымусіла яго збегчы. Памёр па дарозе з Чэхіі ў Венгрыю.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́́МА КАМП’Ю́ТЭРНАГА ЗРО́КУ,

комплекс апаратна-праграмных сродкаў для ўводу даных з лічбавых оптыка-электронных прылад (фотаапаратаў, тэлевізійных ці відэакамер) і далейшай іх апрацоўкі з дапамогай вылічальнай тэхнікі.

На С.к.з. грунтуецца тэхналогія аўтам. ўстанаўлення адпаведнасці назіранага аб’екта (у т. л. 3-мернага) аб’ектам пэўнага віду ці класа (гл. Распазнаванне вобразаў). Асобны выпадак — аптычнае распазнаванне тэкставай (сімвальнай) інфармацыі, уведзенай з дапамогай сканераў і далейшае праграмнае пераўтварэнне даных з графічнай формы ў тэкставую. С.к.з. выкарыстоўваецца для кіравання робатамі, у лятальных і касм. апаратах, ахоўных прыладах і сістэмах і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах С.к.з. вядуцца ў Ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі.

Літ.:

Системы технического зрения. Л., 1988;

Хорн Б.К.П. Зрение роботов: Пер. с англ. М., 1989;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,

помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.

Публ.:

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

У.​М.​Свяжыпскі.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЫЧО́НАК Васіль Дзянісавіч (н. 24.2.1954, в. Луцішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец, літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1998). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1980 у Бел. пед. ун-це імя М.​Танка (з 1998 праф., з 2001 дэкан). Даследуе пытанні бел. лексікалогіі і дыялекталогіі, граматыкі і фаналогіі мовы. Аўтар «Слоўніка амонімаў беларускай мовы» (1991), кніг «Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)», «Лінгвістычныя аналізы» (абедзве 1997), дапаможнікаў па л-ры і мове для школ і абітурыентаў, сааўтар «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1, 1979, т. 3—5, 1982—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—3, 1993—96, т. 5, 1998), кн. «Асновы фаналогіі» (1998) і інш. Займаецца метадычнай распрацоўкай лінгвістычных аналізаў, займальнай філалогіяй («Займальная філалогія», 1998).

М.​Н.​Крыўко.

т. 15, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ЖАЎ Віктар Іванавіч (н. 25.8.1932, с. Ківай Клінцоўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам. ін-т (1955). З 1955 працаваў у Мінскім фінансавым тэхнікуме, з 1960 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1965 у Бел. эканам. ун-це (у 1974—99 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах сістэмна-комплекснага развіцця тэорыі, метадалогіі і методыкі функцыянальнага механізма сістэмы кіравання гасп. дзейнасцю, уліку і аналізу ў сістэме аператыўнага кіравання, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі эканамістаў і гуманізацыі адукацыі.

Тв.:

Основы оперативного экономического анализа работы промышленных предприятий. Мн., 1970;

Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;

Управление хозрасчетной деятельностью — главное звено хозяйственного механизма. Мн., 1986 (разам з А.​С.​Сантаровічам, А.​М.​Канавалавым);

Анализ хозяйственной деятельности в промышленности. 4 изд. Мн., 1999 (у сааўт.).

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУД ПРЫСЯ́ЖНЫХ,

суд, у склад якога акрамя пастаянных суддзяў уваходзяць прысяжныя засядацелі; адзін з найб. дэмакратычных ін-таў судовай сістэмы і ўсёй сістэмы органаў дзярж. улады, які ўвасабляе прынцып непасрэднага ўдзелу народа ў ажыццяўленні правасуддзя. У класічным варыянце складаецца з лавы прысяжных засядацеляў — калегіі з 6, 12 або інш. колькасці грамадзян (адбіраюцца па выпадковай методыцы для дадзенай справы і вырашаюць пытанні факта злачынства) і аднаго ці некалькіх прафес. суддзяў, якія вырашалі пытанні права. Як правіла, С.п. разглядае крымін. справы ў першай інстанцыі. Узнік у Англіі ў 12—15 ст., у Еўропе і некат. інш. частках свету пашырыўся пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99. У наш час С.п. існуе ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Ірландыі, Швейцарыі і інш. У Расійскай імперыі (у т. л. на Беларусі) С.п. існаваў у 1864—1917. З 1993 паэтапна ўводзіцца ў некаторых суб’ектах Рас. Федэрацыі.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХА́РТА (Suharto; н. 8.6.1921, Кемусу, каля г. Салатыга, Інданезія),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Інданезіі. Скончыў ваен. школу ў г. Гомбанг. Ген. арміі. У 1945—49 удзельнік узбр. барацьбы Інданезіі супраць нідэрл. акупантаў. У 1962—63 камандаваў аперацыямі па выгнанні галандцаў з Зах. Ірыяна, у 1963—65 — стратэгічным рэзервам сухапутных войск. У 1965 задушыў спробу дзярж. перавароту, заняў пасады міністра абароны і камандуючага сухапутнымі войскамі. З 1966 нам. прэм’ер-міністра Інданезіі, з 1967 — в.а. прэзідэнта, з 1968 прэзідэнт Інданезіі. Ажыццяўляў палітыку «новага ладу», якая прадугледжвала развіццё рыначных адносін і арыентацыю на краіны Захаду пры жорсткім аўтарытарным рэжыме, што прывяло да эканам. ўздыму краіны ў 1970—80-я г. Аднак рост знешняй запазычанасці і карупцыя сталі прычынай фін. крызісу ў сярэдзіне 1990-х г. Пад націскам масавых нар. выступленняў у маі 1998 падаў у адстаўку.

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЕСНАСЦЬ,

гранічная роўнасць аб’ектаў, поўнае супадзенне іх родавых і індывідуальных уласцівасцей; захаванне прадметам ці з’явай адных і тых жа ўстойлівых уласцівасцей. Цесна звязана з катэгорыяй адрознення: вызначэнне пэўных прадметаў як тоесных патрабуе выяўлення іх адрознення ад нятоесных. У сувязі з пастаяннай змяняльнасцю рэчаіснасці мае адносны, часовы характар. Паняцце «Т.» выкарыстоўваюць у філасофіі, логіцы, матэматыцы (гл. Тоеснасць у матэматыцы). Адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне Т., якое разглядае яе як вечную і нязменную роўнасць прадмета з самім сабой, і дыялектычнае, якое не выключае змену прадмета. Вылучаюць прынцыпы Т. абсалютнай (не прадугледжвае ўзнікнення адрозненняў паміж прадметамі), абстрактнай (заснаваны на часовым абстрагаванні ад адрозненняў прадметаў) і канкрэтнай (разглядае Т. у адзінстве з адрозненнямі прадметаў). Т. выяўляецца пры разглядзе рэчаў саміх па сабе і ў адносінах да інш. рэчаў, форм мыслення (гл. Тоеснасці закон), узаемаадносін адлюстравання і адлюстравальнага.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАТРА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й імя А.​А.​Бахрушына, Дзяржаўны цэнтральны тэатральны музей імя А.​А.​Бахрушына,

найбуйнейшы ў свеце тэатр. музей. Засн. ў 1894 у Маскве рас. тэатр. дзеячам К.А.Бахрушыным на аснове ўласнай калекцыі. З 1909 літ.-тэатр. музей, пасля перадачы літ. збору ў інш. архівы — тэатральны. У 1913 перададзены Бахрушыным Рас. АН, з 1918 дзярж., з 1919 імя Бахрушына, які прызначаны пажыццёвым дырэктарам музея. У фондах больш за 1 млн. адзінак па гісторыі рас. т-ра: асабістыя фонды, рукапісы буйнейшых акцёраў, рэжысёраў, драматургаў і інш., зборы тэатр. праграм і афіш, эскізаў дэкарацый і касцюмаў вядомых тэатр. мастакоў, рэдкіх фотаздымкаў і негатываў. У кніжным фондзе больш за 70 тыс. тамоў. Дзейнічае (з 1948) пастаянная выстаўка, прысвечаная Ф.​Шаляпіну.

Літ.:

Государственный центральный театральный музей им. А.​А.​Бахрушина: Альбом. М., 1971;

По страницам театральных рукописей. М., 1988.

т. 16, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАНО́ЎСКАЯ Эвяліна Людвігаўна (3.6.1860, г. Навагрудак Гродзенскай губ. — 31.10.1915),

рэвалюцыянерка-народніца. Скончыла фельчарскія курсы ў Пецярбургу. За рэв. дзейнасць у 1879 арыштавана і саслана на 3 гады ў Алонецкую, потым у Вяцкую губ. З 1883 у Харкаве, уваходзіла ў групу нарадавольцаў. У 1884 зняволена ў Бутырскую турму ў Маскве, дзе правяла 22-дзённую галадоўку. Асуджана па «працэсе 21-го» і ў 1886 выслана на 5 гадоў у Іркуцкую губ. У 1889 разам з інш. палітссыльнымі падпісала пратэст супраць свавольства і бязлітаснасці мясц. улад, за што асуджана да пажыццёвага пасялення ў Сібіры (у 1890 тэрмін абмежаваны да 14 гадоў). З 1905 у Пецярбургу, у 1907 уступіла ў партыю эсэраў. Сустракалася і перапісвалася з У.​Г.​Караленкам, які ўвасобіў яе ў вобразе ссыльнай дзяўчыны-рэвалюцыянеркі ў апавяданнях «Дзіўная» і «Дзеўку прывезлі».

Э.​А.​Карніловіч.

т. 16, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)