ХАДАНО́ВІЧ Ігар Піліпавіч (10.6.1940, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 9.1.1966),

бел. пісьменнік.

Скончыў БДУ (1962). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», у Мінскім абкоме ЛКСМБ, з 1964 у газ. «Літаратура і мастацтва». Аўтар зб. апавяданняў, нарысаў і нататак «За акном дождж» (1967), у якіх паказаў вясковае жыццё, побыт і духоўны свет чалавека працы. Творы яго вызначаюцца эмац. напружаннем, тонкімі назіраннямі і псіхал. матывіроўкамі, дакладнай, трапнай мовай.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАН (ад цюрк. хаган, хакан, каган — уладар, манарх),

цюркскі і мангольскі тытул. Першапачаткова абазначаў правадыра племя (напр., у качэўнікаў Ірана і Афганістана). Пры Сельджукідах і харэзмшахах — княжацкі тытул. У манг. імперыі 13—14 ст. правіцель улуса, а пасля яе распаду — тытул гасудара ў татарскіх дзяржавах (ханствах); у Асманскай імперыі Х. — тытул султана. У Іране пры Сефевідах Х. — правіцель вобласці, а таксама адзін з тытулаў ваен.-феад. знаці.

т. 16, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАРАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА.

У Івацэвіцкім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы Агінскага канала (сцёк у р. Ясельда). Нізіннага тыпу. Пл. 7,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,9, тыс. га. Глыб. торфу да 5,2 м, сярэдняя 2,1 м. Торф здабываецца на паліва і ўгнаенне. На балоце ёсць сапрапель магутнасцю да 0,7 м. Балота асушана адкрытай сеткай, часткова пераабсталявана пад дрэнаж. Вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжа, кармавыя караняплоды.

т. 16, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІНО́НЫ,

цыклічныя дыкетоны, у малекулах якіх кетагрупы ўваходзяць у сістэму спалучаных падвойных сувязей. Структурны фрагмент прыродных рэчываў (напр., вітамінаў гр. K), арган. пігментаў.

Афарбаваныя (пара-Х. — жоўтыя, орта-Х. — чырв.) крышталічныя лятучыя рэчывы з рэзкім пахам. Вельмі рэакцыяздольныя.

Акісляльнікі, схільныя да комплексаўтварэння, уступаюць у дыенавы сінтэз. Атрымліваюць акісленнем араматычных вуглевадародаў ці оксі- і амінавытворных. Выкарыстоўваюць у вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў, як фунгіцыды, інсектыцыды, дубільныя рэчывы, акісляльнікі.

т. 17, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОРС,

адзін з язычніцкіх багоў усх. славян. Упамінаецца пад 980 у «Аповесці мінулых гадоў». У «Слове аб паходзе Ігаравым» наз. «велики Хьрс» (г.зн. самы шаноўны). Верагодна, Х. лічылі адным з божышчаў Сонца, апекуном земляробства. Ідал Х. разам з інш. быў пастаўлены кн. Уладзімірам Святаславічам у Кіеве каля яго «двара церамнага». З пашырэннем хрысціянства культ Х. знік і не пакінуў слядоў у нар. вераваннях і фальклоры.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАКЕНШНЕ́ЙДЭР Андрэй Іванавіч (6.3.1802, каля г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 20.8.1865),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1815—20), з 1834 акад. у ёй, з 1844 прафесар. Будаваў палацы і прыватныя дамы, у якіх эклектычна выкарыстоўваў арх. стылі розных эпох. Асн. творы: у Пецярбургу — палацы Марыінскі (1839—44), Беласельскіх-Белазерскіх (1846—48), Мікалаеўскі (1853—61); «Бельведэр» у Петрадварцы (1853—56).

Літ.:

Петрова Т.А. Андрей Штакеншнейдер. Л., 1973.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАВА Вольга Паўлаўна (15.2.1944, в. Загародная Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 26.11.1999),

бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыла Усерас. творчую майстэрню эстр. мастацтва ў Маскве (1972). Творчы шлях пачала ў маст. самадзейнасці. У 1968—96 салістка Бел. філармоніі. Яе творчасці ўласцівы задушэўнасць у перадачы эмацыянальнага зместу песень, у т. л. народных. У рэпертуары пераважалі творы бел. і рас. кампазітараў, бел. нар. песні.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Фама Паўлавіч (17.10.1900, в. Града Віцебскага р-на — 19.11.1971),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1933). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік баёў на Паўд. і Туркестанскім франтах. У Вял. Айч. вайну з 1941 чл. Ваен. савета Далёкаўсх. фронту, у студз.—сак. 1943 на Волхаўскім фронце. З 1945 нач. палітаддзела Вышэйшай афіцэрскай школы. Да 1947 у Сав. Арміі.

т. 18, кн. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́МА Таехіра (н. 22.6.1942, Токіо, Японія),

першы касманаўт Японіі; першы журналіст у космасе. Скончыў Міжнар. сялянскі ун-т (1966). З 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 2.12—10.12.1990 здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз ТМ-11» і арбітальнай станцыі «Мір» (асн. экіпаж — В.М.Афанасьеў, гл. Дадатак, М.Х.Манараў, пасадка на КК «Саюз ТМ-10»). У космасе правёў 8,4 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),

у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.

На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш. гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформа пач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн. чал. Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял. Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс. чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс. чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш. Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.

Літ.:

Гурков В.С. Современная белорусская деревня. Мн., 1975;

Улашчык М. Была такая вёска: Гіст.-этнагр. нарыс. Мн., 1989.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)