КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых закрытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен.мін-ва (з лют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н, Канстанцінас (Kōnstantinos),
імя каралёў Грэцыі ў 20 ст. з дынастыі Глюксбургаў.
Канстанцін I (2.8.1868, Афіны — 11.1.1923), кароль у 1913—17 і 1920—22, военачальнік. Сын Георга I, бацька Георга II (гл.Георг), Аляксандра і Паўла I. Камандаваў грэч. арміяй у грэка-тур. вайну 1897 і ў час Балканскіх войнаў 1912—13. Выступаў за нейтралітэт Грэцыі ў 1-ю сусв. вайну, пад націскам вярх. камісара Антанты ў г. Салонікі (з кастр. 1915 акупіраваны англа-франц. войскамі) у чэрв. 1917 адрокся ад прастола на карысць сына Аляксандра. Зноў правіў пасля смерці Аляксандра. Канчаткова адрокся ад улады пасля паражэння Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—22.
Канстанцін II (н. 2.6.1940, каля Афінаў), кароль у 1964—74. Сын Паўла I (правіў у 1947—64). Скончыў арыстакратычны каледж Анаўрыта і Афінскі ун-т. Ваен. падрыхтоўку набыў у вучылішчах Грэцыі (1956—58). Абвешчаны каралём пасля смерці бацькі. Пасля няўдалай спробы ў снеж. 1967 спыніць устанаўленне ваен. дыктатуры на чале з палк. Г.Пападопуласам эмігрыраваў. Пазбаўлены ўлады пасля падзення ваен. дыктатуры (ліп. 1974) і правядзення рэферэндуму аб скасаванні манархіі. Алімп. чэмпіён па парусным спорце (Рым, 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮШЫ́НА (Trifolium),
род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),
прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл.Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп.калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл.Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЮ́К (Аляксей Нічыпаравіч) (14.4.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяв., Польшча — 14.7.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1949), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1949—59 на пед. і журналісцкай рабоце, у 1977—81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне. У 1978—92 сакратар Гродзенскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы твор — аповесць «У адным інстытуце» (1953). Асн. тэматыка творчасці — жыццё працоўных Зах. Беларусі, змены, што адбыліся ў іх свядомасці і псіхалогіі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці: аповесці «Данута» (1959), «Пушчанская адысея» (1964), «Сучасны канфлікт» (1983), «Рэквіем» і «Белая Дама» (абедзве 1991). Аўтар рамана-былі «Вершалінскі рай» (1972), зб-каў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вольга Корбут» (1977; у сааўт.). Для яго твораў характэрна насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. Закн. прозы «Сучасны канфлікт» (1985) Літ. прэмія імя І.Мележа 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІЯ,
княжацкія татарскія роды ў ВКЛ. Прозвішча ад назвы маёнтка Карыца ў Навагрудскім ваяв. На пач. 16 ст. маёнтак належаў сям’і князёў Уланаў-Асанчуковічаў. У 17 ст. адна галіна Уланаў насіла прозвішча К. З гэтай сям’і паходзіў кн. Ахмет Шчэнснавіч Улан-К., уладальнік часткі Карыцы, ротмістр казацкай харугвы войск ВКЛ. Магчыма, галіной гэтага роду з’яўляецца сям’я князёў К., якая на пач. 17 ст. перасялілася ва ўладанні Радзівілаў і на працягу некалькіх пакаленняў узначальвала татар, якія жылі на землях Клецкай ардынацыі. Яе родапачынальнік кн. Януш К. быў ротмістрам татарскай харугвы Клецкай ардынацыі, гэтую ж пасаду займалі яго нашчадкі. Да 20 ст. прадстаўнікі роду былі дробнымі землеўладальнікамі ў Ардзе, Асмолаве, Іванаве. Яшчэ адзін род меў тытул мурза (у 19 ст. ператварыўся ў радавую мянушку) і паходзіў ад палкоўніка татарскай харугвы Самуэля К. Паводле каралеўскіх прывілеяў за К. і яго нашчадкамі захоўвалася спадчыннае камандаванне харугвай татар, якія атрымалі зямлю ў тых жа сёлах і былі абавязаны служыць асабіста каралю. Існаваў аднайменны каталіцкі шляхецкі род у Падляшскім ваяв., які паходзіў з Кароны Польскай і быў вядомы з 16 ст., а таксама К., што паходзілі з Мазавецкага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл.Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр.Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАСЬНЕ́ЎСКІ ((Kwaśniewski) Аляксандр) (н. 15.11.1954, г. Бялогард, Польшча),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гданьскім ун-це. У 1977—90 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У 1977—81 нам. старшыні ваяводскага праўлення Сацыяліст. саюза польск. студэнтаў, заг. аддзела культуры і чл. выканкома Гал. савета саюза. У 1981—85 гал. рэдактар штотыднёвіка «ITD» («ІТД»), газ. «Sztandar Młodych» («Сцяг маладых»), заснаваў першы ў Польшчы камп’ютэрны часопіс для моладзі. У 1985—87 міністр па справах моладзі і спорту. Старшыня К-та па справах моладзі і фіз. культуры (1987—88), Польскага Алімп.к-та (1988—91); грамадска-паліт.к-та Савета Міністраў Польшчы (1988—89). Садзейнічаў легалізацыі прафсаюза «Салідарнасць». Адзін з заснавальнікаў (1990) партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча і старшыня (1990—95) яе Гал. савета. У 1991 заснаваў Саюз дэмакратыі левых сіл (СДЛС), які пасля перамогі на парламенцкіх выбарах 1993 стаў гал. сілай урадавай кааліцыі. У 1991—95 дэп. сейма Польшчы, старшыня парламенцкай фракцыі СДЛС і Канстытуцыйнай камісіі Нац. асамблеі Польшчы. З 1995 прэзідэнт Польшчы. Выступае заміжнар. супрацоўніцтва і інтэграцыю Польшчы ў еўрап. і еўраатлантычныя паліт., эканам. і ваенныя структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТУ́КІ (Kentucky),
штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс.км². Нас. 3883,7 тыс.чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 ммза год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн.т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал.прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.