УО́ЛІС І ФУТУ́НА АСТРАВЫ́, Валіс і Футуна Астравы (Wallis et Futuna íles),
заморская тэрыторыя Францыі ў зах. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 274 км². Нас. 15,3 тыс.чал. (2000). Адм. цэнтр — Мата-Уту (на в-ве Увеа ў групе а-воў Уоліс). Афіц. мова — французская, выкарыстоўваецца увеа. Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Астравы вулканічнага паходжання. У іх складзе — група Уоліс з в-вам Увеа (пл. 60 км², выш. да 145 м) і 22 дробнымі астравамі, група Футуна (Хорн) з а-вамі Футуна (пл. 64 км², выш. да 760 м) і Алофі (шт. 51 км², выш. да 400 м). Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры — 25—26 °C. Ападкаў за год да 3000 мм. На а-вах Футуна і Алофі шмат невял. рэк і ручаёў, на в-ве Увеа вадацёкі пераважна каля ўзбярэжжа. Глебы вулканічныя і фералітныя, урадлівыя. Астравы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі, шмат дрэвападобных папарацей. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, падзяляюцца на увеа (больш за 65% насельніцтва) і футуна. Невял. група еўрапейцаў (французаў). Вернікі пераважна католікі. Сярэднегадавы прырост 1,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 55,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены в-аў Увеа. 22 дробныя астравы не маюць пастаяннага насельніцтва. Асн. населены пункт — Мату-Уту (каля 1 тыс.чал.). Эміграцыя на Новую Каледонію і Вануату.
Гісторыя. А-вы У. і Ф. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа ў 1-м тыс.н.э. У 1616 галандскія мараплаўцы Я.Лемер і В.К.Схаўтэн адкрылі а-вы Футуна, якія назвалі Хорн; у 1767 англ. мараплавец С.Уоліс адкрыў астравы, якія названы яго імем. У 1842 Францыя падпарадкавала а-вы Уоліс і ў 1887 абвясціла іх сваім пратэктаратам; у 1888 франц. пратэктаратам сталі а-вы Футуна. З 1917 У. і Ф. а-вы — адзіная калонія Францыі, з 1961 — яе заморская тэрыторыя.
Гаспадарка. Слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 2 тыс.дол.за год (1997). Гал. галіна — трапічнае земляробства, пераважна вырошчванне какосавай пальмы. На мясц. патрэбы вырошчваюць хлебнае дрэва, ямс, тара, маніёк, батат, бананы, цукр. трыснёг і інш. Гадуюць невял. колькасць коней, свіней, коз, буйн. раг. жывёлы, птушак. Рыбалоўства (улоў каля 1 тыс.т штогод). Нарыхтоўка копры і драўніны. Здабыча і апрацоўка перламутравых ракавін. Рамесніцкія майстэрні па вытв-сці цыновак і тапы (матэрыі з лубу). Транспарт марскі, аўтамаб., паветраны. Гал. марскі порт — Мата-Уту. Даўж. аўтадарог 120 км. Міжнар. аэрапорт на в-ве Увеа. У 1999 экспарт склаў 250 тыс.дол., імпарт — 300 тыс.дол. У экспарце пераважаюць копра, хлебнае дрэва, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары, паліва, трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Аўстралія, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім акіяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ШНІЦКІ РАЁН Размешчаны на Пд Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 39,6 тыс.чал. (2003), гарадскога 63%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чашнікі. Раён уключае г.Новалукомль, р.п.Акцябрскі, 213 сельскіх нас. пунктаў, Новалукомльскі гарадскі Савет, Акцябрскі пасялковы Савет, 11 сельсаветаў: Альшанскі, Антапольеўскі, Іванскі, Красналуцкі, Кругліцкі, Латыголіцкі, Лукомльскі, Новазаранскі, Пачаевіцкі, Празямлянскі, Чарэйскі.
Тэр. раёна пераважна ў межах Чашніцкай раўніны з пласкахвалістай паверхняй, на ПдЗ і З узгорыстыя і платопадобныя ўчасткі Лукомскага ўзвышша. На выш. 125—160 м каля 50% паверхні, 160—200 м — 40% і больш за 200 м — 10%. Найвыш. пункт 242 м (за 4 км на ПдУ ад в. Дабрамыслі). Агульны нахіл з Пд на Пн. Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7,4 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 620 ммза год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Ула з прытокамі Лукомка і Усвейка; Эса. Найб. азёры: Лукомскае возера, Жэрынскае возера, Чарэйскае возера, Ямнае возера, Сцержань. Вадасховішча Лукомскае. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (45,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 11,8%, тарфянабалотныя і элювіяльныя (11%). Пад лесам 29.5% плошчы, з іх 13,7% штучныя (хваёвыя) насаджэнні. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорна- і шэраальховыя, асінавыя лясы; трапляюцца ясянёвыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 4,2% плошчы, найб. балотныя масівы: Эса-Плінтаўка, Гурынскае, Абрубы-Чысцік. На тэр. раёна заказнікі: рэсп. значэння ландшафтны Сялява (частка), бат. мікразаказнікі мясц. значэння — Саснягі, Ліпнікі, Зялёнае Ляда. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніца «Святая вада» ў Чашніцкім лясніцтве, кангламерат ледавіковы «Змееў камень» у Кашчынскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,4 тыс.га, з іх асушаных 26,6 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 5 калгасаў, 8 саўгасаў, 20 фермерскіх гаспадарак, свінагадоўчы комплекс «Зара». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (спірт-рэктыфікат, хлебабулачныя і малочныя вырабы), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў (цэгла, керамзітавы жвір), паліўнай (торфабрыкет), цэлюлозна-папяровай (гафракардон), лёгкай (спецадзенне і інш.), электратэхн. (электрарухавікі, энергазберагальнае абсталяванне) і электраэнергетыкі (Лукомская ДРЭС). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Лепель з адгалінаваннем на Новалукомль; аўтадарогі Віцебск—Чашнікі—Новалукомль, Орша—Лепель; лініі электраперадач 330 кВт на Мінск, Віцебск, Магілёў, Оршу, Бабруйск, Полацк. У раёне 16 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач. школы, ПТВ, 16 дашкольных устаноў, 21 клубная ўстанова, 30 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, 1 санаторый-прафілакторый. Чашніцкі гістарычны музей. Помнікі архітэктуры: Троіцкая царква (мясц. назва Белая царква, пабудавана ў 16 ст., адноўлена ў 17 ст.) у в. Белая Царква; сядзіба (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) каля в. Палітаддзел. Выдаецца газ. «Чырвоны прамень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНАЕ МО́РА,
міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М.Азіяй. На ПнУ Керчанскім прал. злучана з Азоўскім м., на ПдЗ пралівам Басфор — з Мармуровым м. і далей цераз праліў Дарданелы з Эгейскім і Міжземным морамі. Абмывае берагі Расіі, Украіны, Грузіі, Румыніі, Балгарыі і Турцыі. Пл. 422 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1300 м, найб.глыб. 2210 м. Берагі парэзаны мала, на Пн адзіны буйны п-аў Крымскі. На З і ПнЗ берагі нізкія, на У і Пд да мора ўшчыльную падыходзяць горы Вял. і М. Каўказа і Пантыйскія горы. Паўд. бераг Крымскага п-ва гарысты. Найб. буйныя залівы каля паўн.-зах. берагоў: Каркініцкі, Каламіцкі, Дняпроўска-Бугскі, Днястроўскі, Варненскі, Бургаскі, каля паўднёвых — Сінопскі і Самсунскі. Астравоў мала, найб. значныя Беразань і Змяіны. Упадаюць буйныя рэкі: Дунай, Днестр, Паўд. Буг, Дняпро, Рыёні, Кызыл-Ірмак.
Рэльеф дна — катлавіна са стромкімі схіламі, акружаная вузкай паласой мацерыковай водмелі, якая расшыраецца ў паўн.-зах.ч. (глыб. 100—200 м). Клімат паўн.ч. ўмераны з адносна мяккай зімой і цёплым летам; паўд.ч. — субтрапічны з цёплай дажджлівай зімой і гарачым сухім летам. Зімой урываецца кантынент. палярнае паветра, што суправаджаецца ападкамі і халоднымі паўн. і паўн.-ўсх. вятрамі, асабліва моцнымі ў раёне г. Новарасійск, дзе іх наз.бара. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. мора каля 8 °C, каля ўсх. берагоў 6 °C, каля паўн.-зах. — 3 °C, на ПдУ і Пд — 6—9 °C; у ліп. — 22—24 °C. Колькасць ападкаў на З і ПнЗ 300—500 мм. на У і ПдУ 1500—2500 мм, на Пд 750—800 ммза год. Восенню бываюць моцныя смерчы. Т-ра вады на паверхні ў адкрытым моры зімой 6—8 °C, на ПнЗ і на Пд ад Керчанскага праліва — да 0,5 °C. Летам т-ра вады 22—25 °C. Салёнасць вады каля 18 ‰, паблізу вусця рэк 3—9 ‰. Ільды ўтвараюцца зімой у залівах паўн.-зах. і паўн.-ўсх. частак. Прыліўныя ваганні ўзроўню не перавышаюць 10 см, сейшавыя — не больш за 60 см. На глыб. больш за 150 м у вадзе ёсць серавадарод, канцэнтрацыя якога каля дна дасягае 11—14 мл/л, таму на вял. глыбінях у моры жывых арганізмаў няма, акрамя анаэробных бактэрый. Цячэнні непастаянныя, залежаць ад вятроў. Пераважае агульны цыкланічны характар руху вады 2 кругаваротаў зах. і ўсх.ч. мора. Расл. і жывёльны свет прыстасаваны да паверхневага слоя вады. У Ч.м. да 160 відаў рыб, з якіх прамысл. значэнне маюць хамса, стаўрыда, скумбрыя, пеламіда, шпрот, асятровыя, кефалі і інш. Водзяцца звычайная калючая акула, або катран, дэльфіны, цюлень-манах.
Асн. порты: Адэса, Ільічоўск (Украіна), Новарасійск (Расія), Поці, Батумі (Грузія), Канстанца (Румынія), Варна, Бургас (Балгарыя), Трабзон, Сіноп (Турцыя). На ўзбярэжжы шматлікія курорты: Паўднёвага берага Крыма (Украіна), Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа (Расія, Грузія), Залатыя Пяскі і Сонечны Бераг (Балгарыя), Мамая (Румынія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЕЦ,
назва залатой манеты стандарту дуката, грашова-лікавая адзінка абмежаванага ўжытку; вагавая адзінка для золата. Назва ад рус. вызначэння «червонный золотой» у адносінах да замежных залатых манет 15 — пач. 18 ст.; пісьмова зафіксавана ў 1749 указам Манетнай канцылярыі Рас. імперыі, калі ў 1701—97 выпускаліся залатыя манеты без пазначэння наміналу (лігатурная маса 3,47 г, проба 986—960), у 1701—51 — двайны Ч. У 1768—1806 і 1818—67 залатая манета — рэлікт нідэрл. дуката, што незаконна білася да 1849 у Рас. імперыі для замежных плацяжоў і выплат жалавання ў пагранічных гарнізонах; вызначэнне «червонный» проціпастаўлялася Ч. і ўжывалася ў дачыненні да імперыялаў. У 1834—41 афіц. назва рас. манет двайнога наміналу 3 руб., або 20 злотых, у 1868—85 — наміналу 3 руб., якія паводле метралагічных даных прыблізна адпавядалі дукату. У 1922 Ч. — залатая манета РСФСР са стандартам утрымання золата, адпаведным дарэв. 10-рублёвай манеце. Яна эмітавалася і ў 1923 Дзяржбанкам СССР, але ва ўнутр. абарачэнне не паступіла, а для замежных плацяжоў не ўжывалася з-за адмовы прымаць яе замежнымі краінамі. У 1925 выпушчана пробная залатая манета СССР паводле стандарту Ч. РСФСР. У 1923—24 адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў банкаўскіх білетаў Дзяржбанка РСФСР узору 1922 (1, 3, 5, 10, 25 Ч.), якія былі законным плацежным сродкам ва ўсіх сав. рэспубліках. Папулярная іх назва «белыя Ч.» з-за аднабаковага афармлення тыпу англ. фунтаў стэрлінгаў. Па ўтрыманні золата адпавядалі манеце Рас. імперыі ў 10 руб. У 1923 Ч. забяспечвалася 80% грашовага абарачэння краіны, пасля рэформы 1924 банкноты складалі 67%. З 1923 Ч. стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам, але фактычная адмова ад практычнай яго канверсоўнасці выклікала выбух інфляцыі Ч. Афіцыйна зняты з абарачэння ў 1947, фізічна — з пач. 1930-х г. Узор білетаў 1937 кампазіцыйна нагадваў долар ЗША 1933. Забарона вывазу па-за межы СССР банкаўскіх білетаў у 1926 выклікала адмену каціровак Ч. на замежных біржах, што прычыніла моцную шкоду замежным фін. структурам—трымальнікам Ч. і канчаткова вызначыла курс на фін. самаізаляцыю сав. краіны. Афіцыйна ўсе ўзоры Ч. СССР, знятыя ў 1947, паступова выключаліся з абарачэння з увядзеннем новых узораў адпаведных наміналаў. У Вял.Айч. вайну адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў акупац. грошай рэйхскамісарыята Украіна, да якога была далучана і паўд.ч. Беларусі (старыя сав. грашовыя знакі з курсам 1 Ч. = 1 акупац. марцы). Залатая манета з наміналам Ч. і гербам РСФСР узору 1922 з датамі 1974—82 выпускалася ў парушэнне прававых норм СССР для замежных калекцыянераў сав.-герм. прадпрыемствам «Міжнумізматыка». У пасляваен. час «Ч.» — простанародная назва банкаўскага білета чырв. колеру ўзору 1961 наміналам 10 руб., з пач. 1990-х г. — папулярная на тэр. Беларусі назва банкноты ЗША у 10 долараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РЫКАЎ,
горад, цэнтр Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож, ва скрыжаванні аўтадарог Магілёў—Касцюковічы і Бабруйск—Крычаў. За 77 км ад Магілёва, 32 км ад чыг. ст. Крычаў. 8,6 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прам-сці. Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — будынкі бальніцы (19—20 ст.). Помнік прыроды — Чэрыкаў.
У пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст. як цэнтр воласці Магілёўскай эканоміі ВКЛ. Да 17 ст. вёска Магілёўскага староства, з 1604 горад. З 1641 мястэчка з магдэбургскім правам, меў герб; у блакітным полі сярэбраны мур з 3 вежамі, у цэнтральнай — брама з рыцарам, узброеным дзідай. У 1649 у Ч. каля 2 тыс.ж. У антыфеадальную вайну 1648—51 у пач.кастр. 1648 казакі пад камандаваннем Крывашапкі запялі Ч., адкуль рабілі наезды на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяв. Казакоў у Ч. разбіў атрад полацкіх шляхціцаў на чале з кн. Лукомскім. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. спустошаны; хутка адноўлены, з 1678 зноў меў статус горада, цэнтр павета Мсціслаўскага ваяв. У Паўночную вайну 1700—21 пацярпеў (1708) ад шведскіх войск. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ч. у складзе Рас. імперыі, з 1773 цэнтр Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губ., у 1796—1802 у складзе Беларускай губ. У 1781 атрымаў герб: на чырв. полі «Пагоня». У 1787 у горадзе больш за 3 тыс.ж., 300 дамоў, школа, 2 царквы. У 1789 адкрыта 2-класнае нар. вучылішча. У канцы 18 ст. праз Ч. пракладзены тракт Магілёў—Чавусы—Крычаў—Мсціслаў, у 19 ст. — Маскоўска-Варшаўская шаша. У горадзе адбываліся конскія кірмашы, на Сажы былі 3 прыстані. У сярэдзіне 19 ст. працаваў цукр.з-д (больш за 200 рабочых). У час паўстання 1863—64 Я.В.Жукоўскі сфарміраваў тут паўстанцкі атрад, які пазней злучыўся з Горацкім атрадам Л.М.Звяждоўскага. У 1897 у Ч. 5,2 тыс.ж., пенькатрапальнае прадпрыемства (16 рабочых), 3-класнае гар. вучылішча (1902). У 1904 былі 23 дробныя прадпрыемствы (73 рабочыя), 162 рамеснікі, бальніца на 20 ложкаў. У 1919—23 цэнтр павета, у 1923—24 у Калінінскім пав. Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Чэрыкаўскага раёна ў складзе БССР, у Калінінскай (з 1924), Магілёўскай (1927—30) акругах, з 1938 у Магілёўскай вобл. У 1939 — 6,4 тыс.ж., вет. тэхнікум. У Вял.Айч. вайну у горадзе быў створаны батальён нар. апалчэння. З 17.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 1118 чал. З 1942 тут дзейнічала падп. антыфаш. арг-цыя (кіраўнік І.П.Дзенісенка). Вызвалены 1.10.1943 воінамі 50-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943. У вызваленні горада прымалі ўдзел партызаны 710-га і 15-га атрадаў, частка сіл партыз. палка «Трынаццаць». У 1959—62, 1965—66 Ч. у Крычаўскім, у 1962—65 у Краснапольскім р-нах. У 1970—5,4 тыс. ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМА́ЛА-НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл.Рас. Федэрацыі. Размешчана на ПнЗах. Сібіры, часткова заПаўн. палярным кругам; уключае і групу астравоў у Карскім м. (Белы, Алені, Шакальскага і інш.). Утворана 10.12.1930. Пл. 750,3 тыс.км². Нас. 507,4 тыс.чал. (2002), гарадскога 83%. Цэнтр — г.Салехард. Найб. гарады: Наябрск, Новы Урэнгой, Надым (гл. карту да арт.Цюменская вобласць).
Асн. ч.тэр. — забалочаная нізінная раўніна. На Пн, да берагоў Карскага м. і яго заліваў, прылягаюць прыморскія раўніны, на Пд пашыраны марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны. На З адгор’і Палярнага Урала (выш. да 1499 м, г. Паер), на ПдЗ Сібірскія Увалы і Паўн.-Сосьвінскае ўзвышша. Карысныя выкапні: прыродны газ (каля 6 трлн. м³; 37% сусв. і 90% запасаў Расіі), нафта і газавы кандэнсат (каля 1 млрд.т; 12% запасаў Расіі), золата, свінец, фасфаты, храміты, вапнякі і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма суровая, доўжыцца каля 8 месяцаў, з частымі мяцеліцамі і моцнымі бурамі. Сярэдняя т-растудз. ад -22 да -26 °C. Лета кароткае (каля 50 дзён), халаднаватае, з густымі туманамі. Сярэдняя т-раліп. ад 4 да 14 °C. Ападкаў 200—400 ммза год. На тэр. акругі каля 48 тыс. рэк, у т. л. 200 з даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі — Об, Таз, Надым, Пур, Месаяха. Каля 300 тыс. азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы тундравыя, глеевыя, балотныя, на Пд глеева-падзолістыя і падзоліста-балотныя. З Пн да Пд арктычная мохавалішайнікавая і хмызнячковая тундры паступова зменьваюцца лесатундрай. На Пд, па берагах рэк і азёр, лясы з сіб. лістоўніцы, елкі і кедра. У тундры трапляецца паўн. алень, заяц-бяляк, пясец і воўк; у паўд.ч. — собаль, каланок, вавёрка, бурундук, з птушак — белая і тундравая курапаткі, глушэц, рабчык і інш. У рэках і азёрах шмат рыбы (асетр, нельма, муксун, сіг), у Обскай і Тазаўскай губах водзяцца бялуха, нерпа. Верхнятазаўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — нафтагазавая (90% агульнага аб’ёму прадукцыі) уключае здабычу, першасную апрацоўку і транспарціроўку газу і нафты. Штогод здабываюць 530 млрд.м³ газу і 30 млн.т нафты і газавага кандэнсату. Асн. радовішчы газу — Урэнгойскае, Мядзведжае, Ямбургскае, Вэнгапураўскае і інш.; нафты — Халмагорскае і інш. Газаперапрацоўка на з-дах у Мураўленка, Наябрску, Вэнгапуры. Асн. прадпрыемствы галіны ў складзе канцэрна «Газпрам». Вытв-сць электраэнергіі на Урэнгойскай ДРЭС. Развіты лясная і дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Салехардзе (рыбакансервавы, малочны і інш. з-ды), Наябрску і інш. Аленегадоўля. Зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка). Пушны промысел. Бульбаводства (каля г. Салехард, у Краснаселькупскім, Шурышкарскім, Пураўскім р-нах). Даўж. чыгункі 495 км (Сургут—Новы Урэнгой, Сейда—Лабытнагі). Развіты трубаправодны транспарт. Сістэма газаправодаў звязвае акругу з еўрап.ч. Расіі, Уралам, Пд Сібіры, з замежнымі краінамі. Суднаходства па рэках Об, Надым, Пур, Таз і Паўн. марскім шляху. 3 аэрапорты. Мясц. перавозкі на аленях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая вырабляе абутак са скуры і інш. матэрыялаў. У прамысл. развітых краінах працэс механізацыі абутковай вытв-сці пачаўся ў 1850-я г. з выкарыстаннем швейных і інш.спец. машын для механізаванага вырабу абутку.
Сусветная вытв-сць скуранога абутку складае 9,7 млрд. пар штогод, з іх 12% (1,05 млрд.) у краінах ЕЭС. Вядучыя фірмы на сусв. рынку: «Кларк» (Вялікабрытанія), «Баця Інтэрнэшанал» (Канада), «Адзідас», «Саламандэр» і «Пума» (Германія). Абутковая прамысловасць Беларусі пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. з дробных шавецкіх майстэрняў. Механічная ф-ка «Арол» у Мінску выпускала 800 пар абутку за суткі (1913), дзейнічалі таксама 2 ф-кі рус.-амер. і рус.-бельг.акц. т-ваў і абутковыя майстэрні ў Віцебску. У 1921 абутковая прамысловасць выпускала каля 14 тыс. пар абутку за год. У 1920—30-я г. пачалі дзейнічаць абутковыя ф-кі «Праца» ў Гомелі, «Прагрэс» у Віцебску, механізаваная ф-ка імя Калініна і ф-ка імя Тэльмана ў Мінску і інш. Да пач.Вял.Айч. вайны дзейнічала 12 высокамеханізаваных фабрык, якія выраблялі 9,8 млн. пар абутку (1940). У Вял.Айч. вайну ўсе прадпрыемствы разбураны. У 1952 абутковая прамысловасць дасягнула даваен. ўзроўню вытв-сці. Макс.вытв-сць скуранога абутку на Беларусі дасягнута ў 1988 (46,9 млн. пар). У 1993 выпуск абутку скараціўся да 13,3 млн. пар. Самыя буйныя прадпрыемствы абутковай прамысловасці ўваходзяць у дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці «Беллегпрам» (Мінскае абутковае адкрытае акц.т-ва «Прамень», акц.т-ва «Гроднаабутак», акц.т-ва Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Лідская абутковая ф-ка, Гомельскае вытв. абутковае аб’яднанне «Праца», Бабруйская абутковая ф-ка, акц.т-ва «Баранавіцкая абутковая ф-ка» і інш.). Створаны сумесныя абутковыя прадпрыемствы з Германіяй: у Віцебску — «Белвест» (1988), у Мінску — «Отыка»(1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Украіне. Пл. 20,2 тыс.км². Нас. 1077,6 тыс.чал. (1993), гарадскога 48%. Цэнтр — г.Луцк. Найб. гарады: Ковель, Новавалынск, Уладзімір-Валынскі.
Прырода. Паўночная частка Валынскай вобласці (3/4тэр.) размешчана на Палескай нізіне (выш. 140—150 м), паўд.ч. займае паўн.-зах. ўскраіну Валынскага узв. (выш. да 292 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, торф, мел, буд. пяскі, гліны, вапнякі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 650 ммза год. Асн. рэкі: Прыпяць з прытокамі Стыр, Стаход, Тур’я, Выжаўка, па граніцы з Польшчай — Зах. Буг. Найб. азёры — Свіцязь, Пулямецкае, Турскае, Арэхава. Ёсць мінер. крыніцы. Глебы ў паўн.ч. дзярнова-падзолістыя і балотныя, у паўднёвай — ападзоленыя, цёмна-шэрыя і шэрыя чарназёмныя (пераважна ўзараныя). Лясы займаюць каля 34% тэр., пераважаюць хваёвыя бары, бярозавыя гаі; у паўд.ч.вял. масівы дубова-грабавых лясоў. Больш за 10% тэр. пад забалочанымі лугамі і балотамі. Шацкі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабілі, с.-г. машыны, станкі, прылады, эл.-апаратура, абсталяванне для жывёлагадоўчых фермаў і інш.), паліўна-энергет., хім., лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лесахім., лёгкая (швейная, тэкст., гарбарна-абутковая, у т. л.вытв-сць штучных скур), харч. (цукр., мясная, плодакансервавая, малочная, масласыраробная) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча вугалю (Львоўска-Валынскі вугальны басейн). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Авечкагадоўля. Конегадоўля. Сажалкавая рыбагадоўля. Развіты бульбаводства і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец), кармавыя (кукуруза, сеяныя травы) культуры, агародніну. Садаводства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Кіеў—Ковель—Брэст, Ковель—Луцк—Львоў, Ковель—Люблін (Польшча) і інш., аўтадарогі Кіеў—Луцк, Брэст—Луцк—Дубна, Ковель—Несцераў. Аэрапорт. Суднаходства па р. Стыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/с2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.
Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў (1,5 млн.чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.Я.Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.Паплаўскі).
На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс.чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.
Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл.Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б.герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.