ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),
выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.
т. 4, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІР,
возера ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Сож, за 4 км на ПнУ ад г. Чачэрск. Пл. 0,2 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 200 м. Поймавае. Усходнія схілы катлавіны пад лесам, зах. пад хмызняком. Праз возера цячэ р. Курынка, якая злучае яго з воз. Вілія, на Пн упадаюць меліярац. каналы.
т. 4, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРБЕДЖ ((Burbage) Рычард) (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),
англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.
т. 3, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЗА́НТ,
у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],
правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.
т. 3, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІЕ́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (26.9.1910, в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 4.10.1952),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1928. Найб. значныя працы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, пасляваен. бел. паэзію. Яго творы спрыялі пераадоленню вульгарызатарскіх схем і догмаў у бел. крытыцы.
Тв.:
Літаратура і жыццё. Мн., 1954.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІ́СТРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
рабочы орган, які ствараецца пры Прэзідэнце. У адпаведнасці з палажэннем і штатным раскладам ажыццяўляе інфармацыйную і арганізацыйна-тэхн. дзейнасць. Адміністрацыя не мае права ўмешвацца ў работу Кабінета Міністраў і дубліраваць яго функцыі. Кіраўнік адміністрацыі прызначаецца Прэзідэнтам, іншыя работнікі — па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Свае паўнамоцтвы яна складае перад нававыбраным Прэзідэнтам.
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЫДА́ННЕ,
1) выданне, якое змяшчае навукова вывераны тэкст і яго розныя варыянты, каментарыі і інш. даведачны апарат. Да акадэмічных выданняў належаць найб. поўныя зб. тв. класікаў л-ры, навукі, грамадскай думкі (напр., у 1991—95 АН Беларусі выдадзены Поўны зб. тв. М.Багдановіча; т. 1—3).
2) Выданні, якія публікуюцца акадэміямі.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМАДА́ЦЫЯ ў біялогіі і медыцыне,
тэрмін, блізкі да адаптацыі. Акамадацыя вока — прыстасаванне яго да выразнага бачання прадметаў, што знаходзяцца на рознай адлегласці; акамадацыя фізіялагічная ўзбудлівых тканак (мышачнай і нервовай) — прыстасаванне да дзеяння раздражняльніка, якое павольна нарастае па сіле; акамадацыя гісталагічная тканак — змена формы і суадносін тканкавых элементаў (клетак) у працэсе прыстасавання да зменлівых умоў.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Іван Епіфанавіч) (14.4.1909, Полацк — 16.1.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую артыл. школу (1933). Служыў у БВА. На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. У студз. 1943 танк. брыгада палкоўніка Аляксеева прарвала абарону праціўніка ў Варонежскай вобл., прайшла 70 км па яго тылах, вызваліла дзесяткі нас. пунктаў, чыг. ст. Росаш. Загінуў у баі.
т. 1, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)