АБПА́Л,

тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАШЫ́Н (Яўген Аляксеевіч) (17.1.1918, с. Уінскае Пермскай вобл., Расія — 5.7.1969),

матэматык. Акад. АН Беларусі (1966), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1951). Скончыў Уральскі ун-т (1940). З 1943 ва Уральскім політэхн. ін-це і Матэматычным ін-це АН СССР (Свярдлоўскае аддз.). З 1966 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, адначасова выкладаў у БДУ. Навук. даследаванні па дыферэнц. ураўненнях, тапалогіі і сучасных праблемах прыкладной матэматыкі. Распрацаваў эфектыўныя спосабы пабудовы функцый Ляпунова, тэорыю стабілізацыі сістэм з пераменнай структурай. Дзярж. прэмія СССР 1972.

Тв.:

Введение в теорию устойчивости. М., 1967;

Динамические системы с цилиндрическим фазовым пространством. М., 1969 (разам з В.​А.​Табуевай);

Функции Ляпунова. М., 1970.

Літ.:

Еругин Н.П., Красовский Н.Н. Е.​А.​Барбашин: (К 50-летию со дня рождения) // Дифференциальные уравнения. 1967. Т. 3, № 12.

Я.А.Барбашын.

т. 2, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,

устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.​Э.​Цыялкоўскі (1897).

Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш. трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.

Аэрадынамічная труба: 1 — сапло; 2 — доследная мадэль; 3 — дыфузар; 4 — вентылятар; 5 — кіравальная лапатка; 6 — адваротны канал; 7 — кіравальная рашотка.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙЗЕНБЕРГ, Гейзенберг (Heisenberg) Вернер Карл (5.12.1901, г. Вюрцбург, Германія — 1.2.1976), нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай механікі. Скончыў Мюнхенскі (1923) і Гётынгенскі (1924) ун-ты. Праф. Лейпцыгскага (з 1927), Берлінскага (з 1941), Гётынгенскага (з 1946), Мюнхенскага (з 1958) ун-таў. З 1941 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма, з 1948 — Фіз. ін-та, з 1958 — Ін-та фізікі і астрафізікі. Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, адзінай тэорыі поля. Прапанаваў матрычны варыянт квантавай механікі (1925), сфармуляваў прынцып неазначальнасці (1927), увёў канцэпцыю матрыцы рассеяння (1943). Высветліў прыроду ферамагнетызму, растлумачыў абменны характар ядз. сіл. Нобелеўская прэмія 1932.

Тв.:

Рус. пер. — Теория атомного ядра. М., 1953;

Философские проблемы атомной физики. М., 1953;

Введение в единую полевую теорию элементарных частиц. М., 1968.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЯННЕ,

дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінка дзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.​Ньютан, Ф.​Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.​Спіноза, І.​Кант, Г.​Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.​Лейбніц, І.​Фіхтэ, М.​А.​Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.

Літ.:

Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.

А.​Ю.​Харын.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗІМЕ́ТРЫЯ (ад доза + ...метрыя),

раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).

Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз. эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл. таксама Дозы выпрамянення.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНА ХВАРО́БА,

храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.​Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,

абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.

Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл. Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІЗА́ЦЫЯ,

тэхналагічны працэс пераўтварэння каўчуку ў гуму, які ажыццяўляецца з удзелам т.зв. вулканізавальных агентаў ці фіз. фактараў. У выніку вулканізацыі павышаецца трываласць, цвёрдасць, эластычнасць, цепла- і марозаўстойлівасць каўчуку, зніжаецца яго растваральнасць у арган. растваральніках, што абумоўлена злучэннем («сшываннем») гнуткіх макрамалекул каўчуку ў трохмерную прасторавую сетку рэдкімі папярочнымі сувязямі.

Папярочныя сувязі ў каўчуку пры вулканізацыі ўтвараюцца пад уздзеяннем агентаў вулканізацыі і энергет. фактараў (напр., высокая т-ра, іанізавальная радыяцыя). У якасці агентаў вулканізацыі выкарыстоўваюць арган. злучэнні розных класаў (напр., серазмяшчальныя, пераксіды, сінт. смолы), якія выбіраюць залежна ад хім. будовы каўчуку і мяркуемых умоў эксплуатацыі вырабаў. Большасць гумавых сумесей вулканізуюць пры т-ры 130—200 °C у формах ці ў «свабодным» стане ў катлах, аўтаклавах і інш.

Літ.:

Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Вышэйшыя пачатковыя вучылішчы былі створаны паводле Палажэння ад 25.6.1912 замест 3- і 4-класных гар. вучылішчаў. Складаліся з 4 класаў з гадавым курсам у кожным. Былі мужчынскія, жаночыя і мяшаныя. У іх прымалі дзяцей сярэдніх слаёў гар. і сельскага насельніцтва ва ўзросце 10—13 гадоў. Навучанне пераважна платнае. Вывучалі: Закон Божы, рус. мову і славеснасць, арыфметыку, асновы алгебры і геаметрыі, геаграфію, гісторыю Расіі са звесткамі па ўсеаг. гісторыі, прыродазнаўства, фізіку, маляванне, чарчэнне, фіз. практыкаванні, рамёствы, замежную мову. Пры вучылішчах часам былі дадатковыя класы або курсы з 1—2-гадовым тэрмінам навучання: пед., с.-г., рамесныя, бухгалтарскія і інш. У 5 губернях Беларусі ў 1915 было 121 вышэйшае пачатковае вучылішча. Скасаваны ў 1918.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)