КАРЭ́ННАЕ РАДО́ВІШЧА,

паклады карысных выкапняў у карэнных горных пародах, якія не падвергліся прыроднаму мех. разбурэнню або хім. раскладанню (напр., пласты каменнага вугалю і фасфарытаў, штокі выкапнёвых солей, рудныя жылы). На Беларусі да К.р. адносяцца пласты калійнай і каменнай солей, выкапнёвых вуглёў, паклады торфу і інш. Гл. таксама Россыпныя радовішчы.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБО́ЧАК,

суквецце, у якім усе кветкі шчыльна скучаны, развіваюцца ад верхавінкі да асновы і маюць выгляд галовак. У кожнай кветцы лісцікі калякветніка ахопліваюць завязь, зрастаюцца з ёй, потым развіваюцца ў зрослыя плады (арэшкі) і ўтвараюць суплоддзе, якое таксама наз. К. Характэрны для бурака, лебяды і інш. раслін сям. лебядовых.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МБЕРТ,

пазасістэмная адзінка яркасці. Названа ў гонар І.Г.Ламберта. Абазначаецца Лб. Выкарыстоўваецца для вызначэння яркасці паверхняў, якія свецяцца за кошт рассеянага святла. 1 Лб (стары) = 3,183∙10​3 Кд/м² = 0,3183 сб (да 1948); 1 Лб (новы) = З,99∙10​3 кд/м² = 0,3199 сб. Гл. таксама Кандэла, Стыльб.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ КАДА́СТР,

сістэматызаваны звод асн. звестак пра лясныя аб’екты краіны. У ім даецца апісанне агульнай плошчы лясных аб’ектаў, месца знаходжання ўчасткаў, іх канфігурацыі, склад, іх якасць і інш., прыроднае, гасп. і прававое становішча лясоў. Парадак вядзення Л.к. Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца нормамі зямельнага права. Гл. таксама Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́РА (ад франц. maniére),

1) звычайны для пэўнай асобы спосаб дзеяння, які ўвайшоў у прывычку; звычка, прывычка. Манеры — знешнія формы паводзін, спосаб трымацца ў грамадстве.

2) Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс, а таксама тэхн. і стылістычныя прыёмы, стыль мастацкай школы (кірунку), творчасці мастака (жывапісца, скульптара), музыканта, пісьменніка і інш.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫХУА́НА,

наркотык, які атрымліваюць з лісця і суквеццяў індыйскіх канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Экстракт канапель мае альдэгід канабінол, ад канцэнтрацыі якога залежыць адурманьванне. М. кураць, жуюць. М. выклікае інтаксікацыю арганізма, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі, парушэнні псіхікі і інш. Працяглае ўжыванне вядзе да дэградацыі асобы. Гл. таксама Наркаманія.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСІ́Ў (франц. massif літар. магутны, суцэльны),

сукупнасць аднастайных па якіх-н. прыкметах аб’ектаў, прадметаў і інш. Напр., лясны М., жылы М. У праграмаванні — сукупнасць даных, аднатыпных паводле структуры і спосабу выкарыстання (уваходных, прамежкавых, выхадных), якія адносяцца да пэўнага этапа выліч. або кіравальных работ. Гл. таксама База даных, Файл.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],

расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́СЭР, Асуан, ас-Сад аль-Алі,

вадасховішча на тэр. Егіпта і Судана, на р. Ніл, каля вышыннай Асуанскай плаціны. Пл. 5120 км², аб’ём 156 км³, даўж. 500 км. Створана ў 1970 для мэт суднаходства, ірыгацыі і энергетыкі, а таксама для барацьбы з навадненнямі. ГЭС. Названа ў гонар Г.А.Насэра.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДА,

спадарожнік планеты Нептун. Астэроідападобны аб’ект, дыяметрам каля 340 км. Сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 5,51 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння каля 359,6 сут. Адзіны спадарожнік планет з вельмі выцягнутай арбітай (эксцэнтрысітэт 0,753). Адкрыты Дж.​Койперам (ЗША, 1949). Названы імем адной з міфалагічных нерэід. Гл. таксама Спадарожнікі планет.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)