агульны спосаб доказаў і вызначэнняў у матэматыцы і матэм. логіцы, які дае магчымасць рабіць агульныя вывады на аснове асобных сцвярджэнняў.
Грунтуецца на прынцыпе матэматычнай індукцыі: сцвярджэнне A(n), залежнае ад натуральнага параметра n, лічыцца праўдзівым, калі праўдзіва A(1) і з меркавання праўдзівасці A(N) для любога натуральнага N вынікае праўдзівасць A(N + 1). Напр., для любога натуральнага n патрабуецца даказаць формулу 1 + 3 + 5 + ... + (2n − 1) = n2. Пры n = 1 гэтая формула праўдзівая (1 = 12), затым мяркуем. што формула даказана для пэўнага ліку N: 1 + 3 + 5 + ... + (2N − 1) = N2. Далучаем да левай і правай часткі дадзенай формулы яшчэ адно складаемае 2N + 1: 1 + 3 + 5 + (2N − 1) + (2N + 1) = N2 + (2N + 1) = (N + 1)2. Такім чынам, з праўдзівасці формулы пры n = N вынікае яе праўдзівасць і пры n = N + 1. Адсюль вынікае праўдзівасць формулы для любога натуральнага n.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каля г.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р.Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн.т, перспектыўныя 389,3 млн.т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн.т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р.Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),
1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.
2) Прылада дляаўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).
Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКА, лакрычнік,
лакрыца (Glycyrrhiza),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі, Амерыкі, Паўн. Афрыкі і Аўстраліі. Растуць пераважна ў стэпавай, паўпустыннай і пустыннай зонах. На Беларусі інтрадукаваны С.: бледнакветкавая (G.pallidiflora), голая (G.glabra), пахучая (G.foetidissima), уральская (G.uralensis) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м. Карэнішчы патоўшчаныя. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, голыя ці апушаныя. Лісце непарнаперыстае, часта клейкае. Кветкі лілаватыя, у пазушных гронках. Плод — боб. Салодкавы, або лакрыцавы, корань (карэнішчы і карані) мае ў сабе гліказіды, флаваноіды, цукрозу, эфірны алей, мінер. солі і інш. З яго атрымліваюць экстракты (састаўная ч. піва, квасу і інш.), сіропы для кандытарскай вытв-сці, выкарыстоўваюць як смакавую, антыаксідантную, бактэрыцыдную і фунгіцыдную дабаўку для лекаў, у ежу і напоі; таксама для вырабу фарбаў, дублення скуры і інш. З надземных ч. расліны атрымліваюць жоўтую фарбу для шэрсці і шоўку, са сцёблаў вырабляюць вяроўкі, грубую пражу, шчоткі, лісце — сурагат чаю. Лек., харч., тэхн., кармавыя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНАТО́РЫЙ (новалац. sanatorium ад лац. sano лячу),
стацыянарная лячэбна-прафілактычная ўстанова для лячэння з пераважным выкарыстаннем прыродных лек. фактараў (клімат, мінер. воды, лек. гразі і інш.) у спалучэнні з дыетычным харчаваннем, лячэбнай фізкультурай, фізіятэрапеўт. працэдурамі. Падзяляюцца на адна- і шматпрофільныя; для дарослых, дзяцей, падлеткаў, бацькоў з дзецьмі. Профіль С. вызначаецца ў залежнасці ад прыродных фактараў і мед. паказчыкаў. Існуюць С. для хворых на туберкулёз, захворванні органаў дыхання нетуберкулёзнага характару, органаў кровазвароту, стрававання, апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, нырак і мачавых шляхоў і інш. У С. могуць быць аддзяленні для асоб, што перанеслі інфаркт міякарда, кровазліцці ў мозг, траўмы касцей і інш.Асн. кірункі дзейнасці С.: лячэбны, рэабілітацыйны (замацаванне вынікаў лячэння), рэкрэацыйны (аздараўленне асоб з сіндромам хранічнай стомленасці, зніжэннем разумовай і фіз. працаздольнасці). На Беларусі 71 С. (2001), дзе ў першую чаргу атрымліваюць мед. дапамогу ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды, пенсіянеры, хворыя на туберкулёз, хворыя, што перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ВЕРЦАВА (Галіна Міхайлаўна) (н. 3.8.1947, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Жонка В.Я.Сіверцава. Скончыла Уральскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1966), Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1972). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1994 дырэктар), з 1998 нам. дырэктара Цэнтра дэкар.-прыкладнога мастацтва ў Мінску. Працуе ў галіне габелена, сцэн. касцюма, сувенірных вырабаў. Творы вызначаюцца вобразнай змястоўнасцю, эмацыянальнасцю, структурным адзінствам каларыту і малюнка. Аўтар манум. габеленаў «Казкі купальскай ночы» (серыя, 1986) для Дома культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве, «Каля возера» (1998) для рэстарана «Свіцязь» у Мінску; габеленавых заслон для Дома літаратара ў Мінску (1980), для Дома культуры нафтаперапр. з-да ў Мазыры (1992), дзіцячай школы мастацтваў у Магілёве (1993). Сярод інш. твораў: габелены «Чорнае і белае» (1977), «Вехі» (1982), «Па газонах не хадзіць» (1990), «Спляценне лёсу» (1991), «Знак» (1992) і інш.
Г.Сіверцава. Фрагмент габелена з серыі «Казкі купальскай ночы». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл.Гарманічныя ваганні) наз.фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.