МА́НЛІЙ КАПІТАЛІ́ЙСКІ Марк (Marcus Manlius Capitolinus; ? — 384 да н.э.),

старажытнарымскі палкаводзец, консул (392 да н.э.), патрыцый. Камандаваў рым. войскамі ў вайне з эквамі (392 да н.э.), выратаваў Капітолій ад галаў (387 да н.э., адсюль ганаровае імя Капіталійскі). У 385 да н.э. выступіў у абарону плебеяў, у т. л. супраць даўгавога рабства. У 384 да н.э. абвінавачаны патрыцыямі ў імкненні да тыраніі і скінуты з Тарпейскай скалы.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЫКЕ́РТ, Маназкерт,

крэпасць у М. Азіі на ўсх. ускраіне Візантыі (каля воз. Ван, цяпер тэр. Турцыі), каля сцен якой 19.8.1071 адбылася бітва паміж войскамі візант. імператара Рамана IV Дыягена і сельджукскага султана Алп-Арслана. У выніку здрады варожай імператару клікі Дукаў візант. войска было разбіта, Раман IV трапіў у палон (адпушчаны за абавязацельства штогод выплачваць даніну). Бітва пры М. паскорыла заваяванне сельджукамі візант. уладанняў у М. Азіі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (15.6.1936, в. Восава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1981),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у сельскай гаспадарцы, сельсавеце, у раённай газеце г. Беразіно, з 1973 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1978 у Мінскім абл. навук.-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы. Друкаваўся з 1961. Пісаў пераважна лірычныя вершы, нарысы, апавяданні.

Тв.:

Камандзіроўка. Мн., 1973;

Васількі. Мн., 1984.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦАПУ́РА Сяргей Сцяпанавіч (15.2.1919, в. Гдзень Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1998),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка старшына М. вызначыўся ў студз. 1945 у баях пры вызваленні г. Сахачаў і Інавроцлаў (Польшча). Да 1965 у Сав. Арміі.

С.С.Мацапура.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАДО́ЎСКІ Вітольд Феафілавіч (1837?, Навагрудскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, інж.-прапаршчык рус. арміі. Належаў да ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З сак. 1863 у Беларусі, у крас. ўзначаліў сфарміраваны ў Налібоцкай пушчы паўстанцкі атрад Навагрудскага пав. і на чале яго 3 чэрв. ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 (Слонімскі пав.). Пазней атрад разбіты, М. арыштаваны і сасланы ў Сібір.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1831—34 з цэнтрам у Мінску. У сувязі з паўстаннем 1830—31 у Польшчы Мінская губерня паводле ўказа Сената ад 8.1.1831 была далучана да Беларускага генерал-губернатарства. Пасля таго, як паўстанне пашырылася на Беларусь і Літву (сак.—крас. 1831), Мінская губ. паводле ўказа Сената ад 8.4.1831 вылучана ў самаст. генерал-губернатарства; у 1834 М.г.-г. скасавана.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГАРБА́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1884—1914 у Мінску. Вырабляла скуры, шавецкія загатоўкі і інш. Мела ў 1895 вадзяны рухавік (2 к.с.) і паравы кацёл; у 1913 паравы і нафтавы рухавікі (30 к.с.). У 1902 выпушчана дубленых тавараў на 48,7 тыс. руб., шавецкіх загатовак на 54,6 тыс. руб., інш. скураных тавараў на 7,2 тыс. руб. У 1913 працавала 60 рабочых. Прадукцыю збывалі ў Адэсе, Кішынёве, Мінску.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́НЬЁ (Narino) Антоніо Амбросіо (9.4.1765, Багата — 13.12.1823),

змагар за незалежнасць Калумбіі ад ісп. панавання. Пераклаў і выдаў на ісп. мове Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна. За рэв. дзейнасць у 1795 высланы ў Іспанію. У 1796 уцёк, узначаліў барацьбу Калумбіі за незалежнасць. З 1811 старшыня часовай урадавай хунты Калумбіі. У 1814—21 у ісп. палоне. Пасля вяртання з палону ў 1821 чл. сената, віцэ-прэзідэнт Вялікай Калумбіі.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́КЛЕУС (лац. nucleus ядро),

каменны, найчасцей крамянёвы абабіты жаўлак, ад якога ў каменным веку адбівалі або адціскалі пласціны ці адшчэпы для вырабу прылад працы. У сярэднім палеаліце былі пашыраны дыскападобныя адна- і двухбаковыя Н., якія аббівалі па акружнасці, у познім плеаліце — прызматычныя Н., у канцы палеаліту, у мезаліце і неаліце — пірамідальныя, клінападобныя і аморфныя Н. Часам сам Н. выкарыстоўвалі як ударную прыладу працы.

В.​Я.​Кудрашоў.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)