ЦЫ́ГЛЕР (Ziegler) Карл Вальдэмар (26.11.1898, в. Хельза, паблізу г. Касель, Германія — 11.8.1973),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Марбургскі ун-т (1920). У 1928—36 праф. Гайдэльбергскага ун-та. З 1936 дырэктар хім. ін-та пры ун-це ў Гале. З 1943 дырэктар ін-та даследавання вугалю ў Мюльгайме. Навук. працы па пытаннях каталітычнай полімерызацыі. Адкрыў (1953) змешаны тытан-алюмініевы каталізатар («каталізатар Ц.»), на якім атрыманы поліэтылен з рэгулярнай структурай. Распрацаваў прамысл. спосабы атрымання бутадыену, вышэйшых спіртоў і карбонавых к-т. Нобелеўская прэмія 1963 (з Дж.Ната).
т. 17, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛАГЕКСАНО́Л,
аліцыклічны спірт, C6HllOH.
Бясколерныя крышталі са слабым пахам камфоры, мал. м. 100,16, tпл 25,15 °C, tкіп 161,1 °C, шчыльн. 942 кг/м³ (30 °C). Растваральнасць у вадзе 4,3% па масе, добра раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. Утварае ўсе характэрныя для спіртоў вытворныя (напр., складаныя эфіры). Пры каталітычным акісленні Ц. кіслародам утвараецца цыклагексанон. Асн. прамысл. спосаб атрымання — гідрыраванне фенолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці адыпінавай к-ты, цыклагексанону; растваральнік масел, воскаў, фарбавальнікаў; стабілізатар эмульсій, крэмаў і інш. У высокай канцэнтрацыі аказвае наркатычнае дзеянне (ГДК 10—15 мг/м³).
т. 17, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКУМФЛЕ́КС (ад лац. accentus circumflexus аблегчаны націск),
1) у стараж.-грэч. мове адзін з відаў танічнага націску з узыходна-сыходным характарам.
2) Асаблівы тып складовай інтанацыі з узыходным характарам, які ўласцівы праслав. мове, некат. гаворкам шведскай мовы, сучаснай літ. мове.
3) У некат. мовах надрадковыя знакі для пазначэння даўжыні галосных (напр., франц. pale «закрыццё», pâle «бледны»).
Літ.:
Тронский И.М. Древнегреческое ударение. М.; Л., 1962;
Иллич-Свитыч В.М. Именная акцентуация в балтийском и славянском: Судьба акцентуационных парадигм. М., 1963;
Зализняк А.А. От праславянской акцентуации к русской. М., 1985.
А.Я.Міхневіч.
т. 17, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́ТРУСАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
група вечназялёных раслін роду цытрус сям. рутавых, якія вырошчваюць для атрымання пладоў. Каля 28 відаў: апельсін, грэйпфрут, мандарын, лімон, цытрон, бергамот, лайм, шэдак і інш. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, Паўд. Азіі і Амерыкі, у т. л. ЗША, Кітаі, Японіі, Індыі, Пакістане, Аўстраліі. Плады Ц.к. вызначаюцца высокімі смакавымі якасцямі, маюць лімонную к-ту, цукры, вітаміны C, P, групы B, карацін. Іх выкарыстоўваюць у свежым і перапрацаваным выглядзе (сок, варэнне, цукаты), у кулінарыі (цэдра). З кветак, лісця і лупін атрымліваюць эфірныя алеі для парфумернай і харч. прам-сці.
т. 17, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭРЭБРАЗІ́ДЫ (ад лац. cerebrum мозг + грэч. eidos выгляд),
прыродныя арган. злучэнні з групы глікаліпідаў. Вугляводная ч. малекулы Ц. складзена з глюкозы або галактозы, ліпідная — з N-ацыліраванай насычанай або ненасычанай тлустай к-ты, сфінгазіну (або яго гамолага).
Белыя аморфныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў арган. растваральніках. Маюцца ў большасці клетачных мембран чалавека і жывёл, найб. колькасць у белым рэчыве мозга і ў міэлінавых абалонках нерваў. Біясінтэз шляхам перанясення астаткаў цукру ад урыдзіндыфосфагексозы на сфінгазін. Адзначана назапашванне Ц. у мозгу, селязёнцы, печані пры некат. цяжкіх псіхічных захворваннях.
т. 17, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЛІСАЎ Міхаіл Аляксандравіч (14.3.1898, г. Таганрог, Расія — 26.7.1973),
бел. і рас. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1941), праф. (1945). Скончыў Растоўскі ун-т (1923). З 1923 працаваў у розных гарадах Расіі. З 1951 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова (1952—68) гал. псіхіятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па пытаннях клінічнай псіхіятрыі.
Тв.:
Некоторые данные к патогенезу шизофрении // Шизофрения: (Вопр. нозологии, патогенеза, клиники и анатомии). М., 1962;
Состояние печени у лиц, страдающих хроническим алкоголизмом // Актуальные вопросы психиатрии и невропатологии. М., 1963.
т. 17, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРВАНЁЎ Юрый Мікалаевіч (н. 15.1.1958, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. спартсмен (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1979). З 1979 інструктар мінскага аблсавета т-ва «Дынама», у 1984—96 трэнер каманды Белпалка т-ва «Дынама». З 2001 старшыня судзейскай калегіі міжнар. к-та па «Пірамідзе» (більярдны спорт). Чэмпіён Еўропы ў закрытых памяшканнях (1980, г. Зіндэльфінген, Германія) і СССР (1980) у бегу на 60 м з бар’ерамі. Чэмпіён СССР (1981) у бегу на 110 м з бар’ерамі. Рэкардсмен Еўропы, свету (1977, 1980).
т. 17, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧХЕІ́ДЗЕ Ушангі Віктаравіч (27.11.1898—1.12.1953),
грузінскі акцёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1935). Скончыў тэатр. студыю Г.Джабадары. З 1921 акцёр Т-ра імя Ш.Руставелі. У 1928 удзельнічаў у стварэнні т-ра ў Кутаісі (цяпер Т-р імя К.Марджанішвілі ў Тбілісі), працаваў у ім да 1935. Сярод роляў: Кваркварэ Тутаберы («Кваркварэ Тутаберы» П.Какабадзе), Чаліяні («Учарашнія» Ш.Дадыяні), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.Шэкспіра), Гадун («Разлом» Б.Лаўранёва). Здымаўся ў кіно. Аўтар гіст. драмы «Георгій Саакадзе» (паст. 1940), кніг «Катэ Марджанішвілі — рэжысёр і настаўнік» (1949), «Успаміны і пісьмы» (1956).
т. 17, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́НСЛЕР, Чэнслар (Chancellor),
Рычард (?—10.11.1556), англійскі мараплавец. У 1553 камандаваў адным з трох караблёў экспедыцыі, адпраўленай англ. гандл. кампаніяй на пошукі Паўн.-Усх. праходу (гл. Паўночны марскі шлях) пад кіраўніцтвам Х.Уілабі. Абагнуўшы з Пн Скандынаўскі і Кольскі п-авы, дасягнуў вусця Паўн. Дзвіны. Быў прыняты ў Маскве Іванам IV і ў сак. 1554 атрымаў грамату на права свабоднага гандлю з Маскоўскай дзяржавай. Справаздачу Ч. апрацаваў яго спадарожнік К.Адамс. У 1555 Ч. 2-і раз пабываў у Маскве, на зваротным шляху загінуў у час шторму.
т. 17, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭРКЕ́ЗАЎ Мухамед (1.1.1911, Ашгабат — 23.7.1993),
туркменскі акцёр. Нар. арт. Туркменістана (1955). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Туркм. маст. тэхнікум. З 1932 працаваў у Туркм. т-ры драмы імя К.Маланепеса. Сярод роляў: Байрам («Сям’я Алана» Г.Мухтарава), Саліхбай («Бай і батрак» Х.Хамзы), Атэла, Глостэр («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Дудукін, Вышнеўскі («Без віны вінаватыя», «Даходнае месца» А.Астроўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Войніч). Здымаўся ў кіно: «Сын джыгіта», «Крушэнне эмірата», «Махтумкулі», «Чалавек за бортам», «Дрэва Джамал», «Кароткія рукавы». Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Туркменістана 1970.
т. 17, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)