Асобныя даследаванні па гэтай галіне матэматыкі на Беларусі да 1956 вяліся ў БДУ і Мінскім пед. ін-це (М.І.Брыш, А.Дз.Мышкіс). Сістэматычныя даследаванні па тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў пачаліся ў 1950-я г. Ю.С.Багданавым і М.П.Яругіным, па тэорыі ўстойлівасці — крыху пазней Я.А.Барбашыным. Да 1970-х г. даследаванні былі сканцэнтраваны ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі і БДУ, у наш час вядуцца таксама ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Магілёўскім ун-тах. Стымулюючы ўплыў на развіццё даследаванняў зрабіў арганізаваны М.П.Яругіным у 1956 у Мінску ўсесаюзны (з 1992 Рас.АН) часопіс «Дифференциальные уравнения».
У апошнія тры дзесяцігоддзі актыўна развіваюцца аналітычная, асімптатычная і якасная тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыя ўстойлівасці і матэматычная тэорыя сістэм, тэорыя сістэм Пфафа. У аналітычнай тэорыі вырашана праблема Рымана ў фармулёўцы Лапо-Данілеўскага для двухмернай лінейнай сістэмы фуксава тыпу з 4 асаблівымі пунктамі яе матрыцы каэфіцыентаў; вылучаны класы нелінейных ураўненняў і сістэм з адназначнымі рухомымі асаблівасцямі; для нелінейных сістэм з мераморфнымі правымі часткамі знойдзены ўмовы існавання і метады пабудовы рашэнняў з вызначаным характарам паводзін у наваколлі асаблівых пунктаў; вывучаны аналітычныя ўласцівасці рашэнняў ураўненняў Пенлеве і ўраўненняў вышэйшых парадкаў з уласцівасцю Пенлеве (В.І.Громак, С.Р.Кандраценя, М.А.Лукашэвіч, І.П.Мартынаў, У.У.Цагельнік, А.І.Яблонскі, М.П.Яругін). У асімптатычнай тэорыі атрымалі развіццё ўсе асн. раздзелы тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова, у прыватнасці, вырашана праблема ўстойлівасці характарыстычных паказчыкаў, апісаны мноствы ніжніх Перана і раўнамерных Боля паказчыкаў; у метадзе замарожвання даказана дасягальнасць яго ацэнак, атрыманы розныя крытэрыі кіравальнасці характарыстычных паказчыкаў, уведзены паняцці, даследаваны ўласцівасці і прапанаваны алгарытмы вылічэння розных граніц паказчыкаў Ляпунова ўзбураных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў тэорыі ўстойлівасці па лінейным прыбліжэнні; даследаваны асімптатычна эквівалентныя сістэмы, сістэмы Копеля-Конты і Лапо-Данілеўскага, ураўненні Эмдэна—Фаўлера (Ю.С.Багданаў, Я.А.Барабанаў, І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, А.А.Левакоў, С.А.Мазанік, Я.К.Макараў, Р.А.
Прохарава, В.А.Рабцэвіч). У якаснай тэорыі атрымалі далейшае развіццё метады біфуркацыйнага аналізу, дакладнай ацэнкі колькасці лімітавых цыклаў, вылічэння фокусных велічынь і знаходжання ўмоў цэнтра, а таксама ізахроннасці цэнтра аўтаномных сістэм (У.В.Амелькін, А.П.Вараб’ёў, М.А.Лукашэвіч, В.Г.Раманоўскі, А.П.Садоўскі, Л.А.Чэркас, А.І.Яблонскі). Распрацаваны канструктыўныя метады пабудовы і даследавання перыядычных і амаль перыядычных рашэнняў лінейных і нелінейных неаўтаномных сістэм (А.К.Дземянчук, В.М.Лапцінскі, У.І.Міроненка). У тэорыі ўстойлівасці распрацаваны метады пабудовы функцый і функцыяналаў Ляпунова для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў з паслядзеяннем; вырашана частковая і ў некрытычным выпадку агульная задачы Ляпунова пра экспаненцыяльную ўстойлівасць па лінейным прыбліжэнні (Я.А.Барбашын, І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Л.Б.Княжышча). У тэорыі сістэм Пфафа вывучаны асімптатычныя ўласцівасці рашэнняў, будова характарыстычных і ніжніх характарыстычных мностваў лінейных сістэм Пфафа і іх рашэнняў; даказана поўная інтэгравальнасць сістэм Пфафа ў варыяцыях (У.В.Амелькін, І.В.Гайшун, Э.І.Груда, М.А.Ізобаў, М.В.Кажэра, Я.К.Макараў).
Літ.:
Гайшун И.В. Введение в теорию линейных нестационарных систем. Мн., 1999;
Яго ж. Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;
Gromak V.I., Laine I., Simomura S. Painleve Differential Equations in the Complex Plane. Berlin; New York, 2002; Изобов Н.А. Исследования в Беларуси по теории характеристических показателей Ляпунова и ее приложениям // Дифференциальные уравнения. 1993. Т. 29, № 12; Черкас Л.А. Функция Дюлака полиномиальных автономных систем на плоскости // Там жа. 1997. Т 33, №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІЯ ГЛЕБ
Першыя абагульненыя звесткі пра геаграфію глеб Беларусі вядомы з пач. 19 ст. (працы М.М.Ачапоўскага). Геаграфія глеб у асноўным вызначаецца характарам рэльефу і клімату. Яе пытанні з 1840 вывучалі супрацоўнікі (А.В.Саветаў, І.А.Сцебут і інш.) Горы-Горацкай земляробчай школы (у 1848 пераўтворана ў земляробчы ін-т). Вывучэнне геаграфіі глеб Бел. Палесся актывізавалася ў час работы Зах. экспедыцыі І.І.Жылінскага (1873—98).
У пач. 20 ст. цэнтрам вывучэння геаграфіі глеб Беларусі стаў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у якім у 1921 адкрыта кафедра глебазнаўства. У 1922—23 супрацоўнікі гэтай кафедры Я.М.Афанасьеў, П.А.Кучынскі, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, Г.У.Пратасеня вывучалі глебы асобных раёнаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. У 1923—24 даследаванні глеб Беларусі праводзілі супрацоўнікі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (Мінск): Г.М.Высоцкі, В.Г.Касаткін, П.П.Рагавой, С.І.Сакалоў і студэнты І.С.Лупіновіч, У.М.Пілько, І.К.Ярашэвіч. Па выніках іх працы В.Г.Касаткін склаў першую глебавую карту Мінскай губ. (6 паветаў) і напісаў нарыс «Пра глебы Беларусі». У 1927—28 вывучаліся глебы Віцебскай і Бабруйскай акруг (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў), Магілёўскай (П.А.Кучынскі), Мазырскай і Слуцкай (П.П.Рагавой) і інш.
У 1930-я г. геаграфію глеб Беларусі даследавалі М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, В.Н.Чацверыкоў і інш. Абагульняльнай з’явілася навук. праца А.Р.Мядзведзева «Характарыстыка прыродна-гістарычных умоў Палескай глебавай правінцыі і Віцебска-Пскоўскай акругі Заходняй глебавай правінцыі» (1940). Цэнтрамі геагр. глебавых даследаванняў былі Ін-т аграглебазнаўства АН Беларусі (адкрыты ў 1931) і кафедра глебазнаўства БДУ (заснавана ў 1933). Вынікам глебава-геагр. даследаванняў 1930—40-х г. стала глебавая карта маштабу 1:1 200 000 (1949, пад рэд. І.С.Лупіновіча) і манаграфія «Глебы БССР» (1952, пад рэд. І.С.Лупіновіча і П.П.Рагавога).
У 1957 пачаліся буйнамаштабныя глебавыя даследаванні тэр. Беларусі. Кіравалі гэтымі работамі: М.П.Булгакаў, С.К.Вайцяховіч, В.Ф.Клебановіч, Г.Ф.Кулеш, Т.А.Раманава, І.М.Салавей, М.І.Смяян. Да 1964 завершаны першы тур буйнамаштабнага картаграфавання глеб, усе калгасы і саўгасы атрымалі глебавыя карты (1:10 000), пачалі складаць глебавыя карты раёнаў (1:50 000) і абласцей (1:200 000). Акрамя супрацоўнікаў Ін-та глебазнаўства і аграхіміі вывучэннем геаграфіі глеб Беларусі займаліся работнікі «Белдзіпралеса» (В.І.Блінцова, В.І.Герлах, А.С.Пухоўскі, Ф.В.Тарасевіч, А.Р.Штэйнбок і інш.).
Вынікам шматгадовых даследаванняў геаграфіі глеб сталі буйнамаштабныя глебавыя карты ўсіх гаспадарак і абагульняльная глебавая карта тэр. Беларусі (1:600 000, пад рэд. Т.Н.Кулакоўскай і П.П.Рагавога, 1974). Праведзена глебава-геагр. раянаванне тэр. Беларусі (Н.І.Салавей, М.І.Смяян), напісаны манаграфіі і падручнікі. У цяперашні час Беларусь мае найбольш поўную сярод краін СНД вывучанасць геаграфіі глеб як с.-г., так і лясных тэрыторый.
Каардынатарам работ па вывучэнні геаграфіі глеб Беларусі з’яўляецца НДІ глебазнаўства і аграхіміі АН Беларусі (Т.А.Раманава, М.І.Смяян і інш.). Вывучэннем глебавага покрыва займаюцца «Белдзіпразем» і яго абласныя філіялы, БСГА, кафедра глебазнаўства і н.-д. лабараторыя экалогіі ландшафтаў БДУ, «Белдзіпралес», «Белдзіправадгас».
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛОГІЯ ЧАЛАВЕКА І ЖЫВЁЛ
Развіццё комплексу навук па марфалогіі чалавека і жывёл на Беларусі (анатомія, гісталогія, цыталогія, эмбрыялогія і інш.) звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі (П.І.Карузін) і ў 1922 кафедры біялогіі і гісталогіі ў БДУ, а ў 1930 кафедры гісталогіі ў Мінскім мед. ін-це. Значную ролю ў станаўленні анатоміі і эмбрыялогіі адыгралі працы Д.М.Голуба і С.І.Лябёдкіна, у параўнальнай марфалогіі — П.Я.Герке, Д.М.Голуба, С.І.Лябёдкіна, М.Е.Макушка, П.А.Маўрадыядзі, М.Ф.Нікіценкі, М.І.Сяржаніна, у гісталогіі — П.Я.Герке, П.А.Маўрадыядзі, С.М.Мілянкова, у цыталогіі — Г.В.Краскоўскага, П.А.Маўрадыядзі, А.У.Канстанцінава, Т.А.Салодкінай, М.В.Турбіна, у эмбрыялогіі чалавека і жывёл — П.Я.Герке, Д.М.Голуба, С.І.Лябёдкіна, А.Р.Плісана, З.Г.Слабодзіна, І.М.Турэцкага, у паталагічнай анатоміі — Ю.В.Гулькевіча, І.Т.Цітова, іх вучняў і супрацоўнікаў.
У Ін-це фізіялогіі і Ін-це радыебіялогіі Нац.АН Беларусі вядуцца даследаванні па гісталогіі нервовай сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.І.Арчакова, У.М.Калюноў, Л.А.Леанцюк, І.І.Новікаў, Ф.Б.Хейман і інш.). У Мінскім мед. ун-це вывучаецца эмбрыянальны марфагенез органаў нервовай, эндакрыннай, імуннай, дыхальнай, стрававальнай, выдзяляльнай сістэм, аргана- і гістагенез, ультраструктура і гістахімія органаў чалавека і некаторых жывёл у норме, пры паталогіі і эксперыменце на жывёлах (А.А.Арцішэўскі, Ж.С.Асіповіч, Я.І.Бальшова, І.У.Бубнова, В.С.Гайдук, С.Дз.Дзянісаў, Н.А.Жарыкава, І.А.Мельнікаў, С.Л.Кабак, І.Л.Краўцова, А.С.Леанцюк, П.І.Лабко, Р.М.Пятрова, П.Р.Піўчанка, А.В.Пішчынскі, В.В.Рудзянок, Б.А.Слука, Т.М.Студзянікіна, А.М.Чайка і інш.). Вывучаюцца праблемы паталагічнай анатоміі і эмбрыялогіі: марфалогія пухлін шчытападобнай залозы, запаволеных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы (Ю.Р.Бойка, Г.І.Краўцова, Ю.В.Крылоў, М.К.Недзьведзь, Н.Ф.Сіляева, Я.Д.Чарствой), узаемасувязь парушэнняў эмбрыянальнага развіцця з генетычнымі фактарамі (І.А.Кірылава, В.П.Кулажанка, Г.І.Лазюк і інш.). У Віцебскім мед. ін-це даследаваліся інервацыі серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.Н.Блюмкін), фарміраванне і будова нервова-мышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.Я.Карытны), органаў імуннай сістэмы (А.Ф.Суханаў), скуры (А.Д.Мядзелец). У Гродзенскім мед. ун-це праведзены даследаванні нейратрансмітэрных сістэм мозга (С.М.Зіматкін), нейрагарманальнай рэгуляцыі структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз, гістафізіялогіі жоўцеўтварэння і біялагічнай ролі жоўці (Я.Р.Мацюк, А.А.Турэўскі). У Гомельскім мед. ін-це вывучаецца структура мышцаў, клетак крыві (Т.Г.Мацюхіна). У віцебскіх ВНУ анатамічныя даследаванні вялі і вядуць Ж.С.Асіповіч, В.І.Ашкадзёраў, А.К.Вусовіч, З.І.Ібрагімава, Л.П.Коўшыкава, Л.М.Луцэвіч, І.М.Прышчэпа, З.Г.Слабодзін, П.М.Трасучаў, А.К.Усовіч; у гродзенскіх — узроставыя асаблівасці галаўнога мозга і яго крывяносных сасудаў, пытанні спарт. анатоміі і інш. (А.А.Акулінін, М.М.Быкаў, А.М.Габузаў, А.І.Герус, А.Дз.Геўліч, І.Г.Жук, В.В.Малашка, І.П.Пратасевіч, М.І.Сімарот, В.П.Стрэльнікаў, І.М.Турэцкі, С.С.Усоеў, В.П.Юрчанка).
Літ.:
Лябёдкін С.І. Біягенетычны закон і тэорыя рэкапітуляцый. Мн., 1936;
Голуб Д.М. Строение периферической нервной системы в эмбриогенезе человека. Мн., 1962;
Заварзин А.А. Основы сравнительной гистологии. Л., 1985;
Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІРУРГІЯ
Хірургія як форма арганізаванай мед. дапамогі на Беларусі вядома з 1797, калі ва ўрачэбных управах губерняў уведзена пасада ўрача-аператара (правобраз сучаснага гал. хірурга). У 19 — пач. 20 ст. арганізацыяй хірургічнай службы займаліся К.І.Гібенталь, К.І.Грум-Гржымайла, А.М.Долгаў, Л.А.Маліноўскі, С.К.Свянціцкі. Ураджэнец Магілёўскай губ. Я.І.Багданоўскі стаў прафесарам Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Развіццё навук. хірургіі ў БССР пачалося ў 1920-я г. з адкрыццём кафедраў хірургіі ў Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, ін-це ўдасканалення ўрачоў (цяпер Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі). На іх базе адкрываліся НДІ хірургічнага профілю. У даваенны час бел. хірургі распрацоўвалі і ўкаранялі ў практыку метады лячэння захворванняў органаў брушной і грудной поласцей, траўматалагічных пашкоджанняў апорна-рухальнага апарату, пытанні арганізацыі пералівання крыві. У гады Вял.Айч. вайны хірургі аказвалі дапамогу ў ваенных і партызанскіх шпіталях. З 1950-х г. укараняліся перадавыя метады лячэння органаў грудной поласці, страўнікава-кішачнага тракту, апёкаў, хірургічнай дапамогі пры вострай страце крыві, уралагічных і анкалагічных захворваннях (Ф.А.Андрэеў, У.В.Бабук, А.М.Болдзін, Ю.М.Іргер, Я.В.Корчыц, У.В.Марзон, С.М.Рубашоў, М.П.Сакалоўскі). З пач. 1960 г. з хірургіі пачалі вылучацца асобныя яе кірункі (гэты працэс працягваецца і ў наш час), у т. л. анестэзіялогія і рэаніматалогія (І.І.Канус, І.З.Кляўзунік, У.У.Спас), кардыяхірургія (Ю.П.Астроўскі, А.У.Шот, В.А.Янушка). Даследаванні па хірургіі праводзяцца ў мед. ун-тах краіны, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел. акадэміі мед.навук. У ліку заснавальнікаў дзіцячай хірургіі У.А.Кацько, А.С.Мішараў, А.Н.Нікіфараў, Б.І.Мацкевіч, І.М.Стальмашонак; сучаснай хірургіі лёгкіх — У.У.Анічкін, П.М.Кузюковіч, С.У.Панько, М.Р.Сачак. З часам вылучыліся хірургія стрававода — Стальмашонак і інш.; язвавай хваробы і дванаццаціперснай кішкі — І.Б.Аляшкевіч, М.І.Батвінкоў, Ю.Б.Мартаў, М.Ц.Пятроў, Р.П.Рычагоў, М.М.Янчур; трансплантацыя органаў і тканак — Ц.Е.Гніларыбаў, В.С.Пілатовіч, Я.В.Саўчанка, С.І.Траццяк; хірургічная эндакрыналогія — В.Р.Астапенка, А.А.Грэйман, Я.П.Дзямідчык; ангіяхірургія і флебалогія — І.М.Грышын, А.М.Саўчанка, І.Я.Макшанаў; колапракталогія — А.У.Варабей; хірургічная панкрэаталогія, хірургія печані і жоўцевывадных шляхоў — Л.В.Аўдзей, П.В.Гарэлік, Грышын, М.В.Завада, С.І.Леановіч, Р.П.Шорах; гнойная хірургія — А.М.Косінец, Рычагоў, М.М.Чур; апёкаў, артапедыі і траўматалогіі — Я.Д.Белаенка, І.Р.Варановіч, А.С.Крук, В.А.Маркс, Р.Х.Мініна, А.У.Руцкі, Б.Н.Цыпкін, М.Н.Шапіра. Значнае развіццё атрымала нейрахірургія (Ф.В.Аляшкевіч, Ж.І.Злотнік, А.Ф.Смеяновіч і інш.). У сучасную хірургію ўкаранёны тэлескапічныя аперацыі на органах брушной і грудной поласцей (Завада, А.М.Лызікаў, С.С.Сцебуноў, Шорах). Праводзіцца рэплантацыя канечнасцей і тканак з дапамогай хірургічных мікраскопаў, пашыраецца хірургічная дапамога ва ўмовах паліклінік. Укараненне новых метадаў лячэння ў хірургіі ажыццяўляецца ў асацыяцыі хірургаў. Многія вядомыя хірургі Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі (Грышын, А.У.Руцкі, М.Я.Саўчанка, Смеяновіч і інш.).
Літ.:
Стельмашонок И.М. Очерки развития хирургии в Белоруссии. Мн., 1973;
Гришин И.Н., Савченко А.Н. Клиническая ангиология и ангиохирургия. Мн., 1981;
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНАЎСТВА
Адну з першых характарыстык глеб Беларусі даў В.М.Севяргін (1820—21). Звесткі пра глебы Беларусі ёсць на глебавых картах Еўрап. Расіі, складзеных К.С.Весялоўскім (1851) і В.І.Часлаўскім (1879). У 1921 створана кафедра глебазнаўства ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (з 1925 БСГА), дзе ў 1922—30 пад кіраўніцтвам Я.М.Афанасьева праведзены даследаванні глеб Беларусі, пазней складзена карта глеб Беларусі маштабу 1:26 000 (А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, П.П.Рагавой, В.Н.Чацверыкоў, М.П.Булгакаў). У 1931 створаны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў, дзе вывучалі пераважна выкарыстанне ўгнаенняў для павышэння ўрадлівасці глеб. На кафедры глебазнаўства, створанай у 1933 на геаграфічным факультэце БДУ, асноўным кірункам сталі глебава-геаграфічныя даследаванні. На аснове буйнамаштабнага картаграфавання глеб Беларусі ў 1952 падрыхтавана манаграфія «Глебы БССР» і складзена глебавая карта краіны ў маштабе 1:800 000 (М.П.Булгакаў, І.С.Лупіновіч, А.С.Мядзведзеў і інш.). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 — БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі). У 1960-я г. ўзніклі новыя кірункі глебазнаўства — меліярацыйная геаграфія (В.С.Аношка, С.М.Зайко, М.К.Чартко, В.І.Шабанава), глебавая біягеахімія (В.С.Аношка, У.П.Дубікоўскі, С.М.Зайко, В.М.Яцухно). З 1964 развіваецца канцэпцыя пашыранага аднаўлення ўрадлівасці глеб. У выніку ў 1964—2004 у БГСА распрацаваны характарыстыка гумусавага стану разнагумусавых дзярнова-падзолістых лёгкасугліністых глеб у залежнасці ад сістэмы ўгнаенняў, тэхналогіі іх унясення і спосабаў апрацоўкі глебы; вызначаны нарматывы для дасягнення бездэфіцытнага балансу гумусу і аптымальнага ўзроўню змяшчэння гумусу для розных с.-г. культур (А.М.Брагін, В.Б.Вараб’ёў, Г.І.Гарбылёва, А.У.Каліноўскі, Г.Дз.Кротаў, І.У.Цыцкоўская); вызначаны аптымальныя значэнні катыённага складу і структурнага стану глебы для розных культур (Г.І.Гарбылёва, М.І.Іванова, М.М.Камароў); даказана значэнне тэрмадынамічных паказчыкаў для дыягностыкі калійнага і фасфатнага рэжыму ў глебе (А.А.Паддубны, Г.А.Чарнуха); вывучаны асаблівасці біялагічных якасцей глебы пад антрапагенным уздзеяннем (А.В.Красікава, Т.Э.Мінчанка); вывучаецца роля арганамінеральных калоідаў як фактару, што вызначае якасці глебы (В.Б.Вараб’ёў, Т.В.Лаломава, Г.В.Седукова) і інш.
У НДІ глебазнаўства і аграхіміі паспяхова развіваюцца ідэі І.С.Лупіновіча і А.Р.Мядзведзева аб аптымізацыі якасцей глеб. Вызначана ўзаемасувязь ураджайнасці с.-г. культур з аграхімічнымі якасцямі глеб (І.М.Багдзевіч, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.М.Семяненка і інш.), праведзены баніціровачныя работы, распрацавана класіфікацыя антрапагенна-парушаных глеб, вывучаюцца радыяцыйна забруджаныя землі (А.І.Зінковіч, М.І.Смяян, Г.С.Цытрон, Л.І.Шыбут і інш.). Вывучаны глебавыя працэсы ў мінеральных балотных і забалочаных глебах (М.І.Афанасьеў, Т.Ф.Голуб, С.Н.Іваноў, С.М.Касьянчык, І.С.Лупіновіч, А.С.Меяроўскі, Т.А.Раманава); мінерала-спектраграфічны склад глеб (У.Д.Лісіца, П.С.Самадураў); біялагічная актыўнасць і глебавыя мікраарганізмы (Ф.П.Вавула, Л.А.Карагіна, Н.А.Міхайлоўская) і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вывучаюцца пытанні генезісу, трансфармацыі і аховы тарфяных глеб, аблогаў сапрапеляў і атымізацыі экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.Б.Кадацкі, Б.В.Курзо, Г.А.Сакалоў, В.С.Хоміч і інш.).
Літ.:
Бамбалов Н.Н. Балане органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989;
Афанасьев А.Н. Генезис, проблемы, классификация и плодородие почв. Мн., 1997;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Яцухно В.М., Черныш А.Ф. Проблема деградации земель Беларуси. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.
Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.
Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.Грынблат, В.Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.Малаш, З.Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.Васілевіч, Т.Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.Мажэйка, Т.Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.Пятроўская, Т.Кухаронак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРНЫЯ ШКОЛЫ.
Творчае пераасэнсаванне візантыйскай буд. традыцыі паспрыяла стварэнню ў 11 ст. Полацкай школы дойлідства. Росквіт школы прыпадае на 12 ст. Яна сфарміравалася пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Сафійскага сабора ў Полацку. Храм быў 5-нефавы крыжова-купальны (меў 7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з гранёнымі апсідамі. Яго сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў характэрнай для школы тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам»). На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтральны купал на барабане. У 15—16 ст. сабор перабудаваны ў 5-вежавы абарончы храм; пазней разбураны, спалены, пашкоджаны выбухам. У 18 ст. перабудаваны ў стылі позняга барока. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды першапачатковага храма 11 ст. У стараж. частцы сабора (усх. апсіда) захаваліся фрагменты фрэсак 11 ст. Радзей выкарыстоўвалі тэхніку муроўкі з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа развіла адзін з кірункаў візантыйскай царкоўна-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда. Асноўныя тыпы збудаванняў гэтай школы: 1-нефавыя бесслуповыя храмы з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Барысаглебскага манастыра ў Бельчыцах, б. прадмесці Полацка); 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага манастыра); 3-нефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, цэрквы Дабравешчанская ў Віцебску, Барысаглебская Бельчыцкага манастыра). У многіх храмах меліся абыходныя галерэі. У некаторых з іх падкупальны квадрат размяшчаўся не над усходнімі, а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла канструкцыйна-дэкаратыўная сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік школы дойлід Іаан пабудаваў Спаса-Праабражэнскую царкву Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Полацкая школа дойлідства паўплывала на далейшае развіццё бел. архітэктуры, Смаленскай школы дойлідства, а таксама на Маскоўскую і Пскоўскую школы. У 12 ст. склалася самабытная школа дойлідства ў Гродне. Пабудовы гэтай школы вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці: выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкаратыўнага прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геаметрычных кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных форм. Аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі вызначаюцца адносна невялікай таўшчынёй апорных канструкцый, круглай і гранёнай формай унутраных слупоў. Для лепшай акустыкі ў сцены ўмуроўвалі керамічныя збаны (галаснікі). Сярод узораў школы: у Гродне — цэрквы Барысаглебская (Каложа), Ніжняя і Прачысценская, княжацкі церам; царква ў Ваўкавыску. Кожная архітэктурная школа адметная ўласцівымі толькі ёй прыёмамі арганізацыі прасторы і арыгінальным статычным разлікам канструкцый. У 17—18 ст. у Віцебску ў грамадзянскім і культавым дойлідстве склалася школа дойлідства са спецыфічнымі рысамі. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока. Галоўная адметнасць школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самастойнай арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым дойлідстве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабудаўнічую сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. (дамы Горскага, Шапкіна, палац Агінскага). Сярод грамадзянскіх пабудоў ратуша з гасціным дваром, будынак прыказа і інш. Культавыя будынкі мелі ярусную кампазіцыю, якая аб’ядноўвала некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, званіцу на гал. фасадзе (Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі (Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі школы не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),
дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на З з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс.км². Нас. 4,6 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх.суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.
Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты Тэрскей-Ала-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-Тоо, якія на З прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн. схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іхПаўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км². Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.
Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас.р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іхнайб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст.н.э.). У 6—7 ст.тэр. К. ўваходзіла у склад Зах.-Цюркскага каганата (гл.Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст.кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт.сав.сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм.парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзел кірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг.аўт.сав.сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя К. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач.перабудовы 1-м сакратаром ЦККПК выбраны А.Масаліеў (у крас.—снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв.гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг.камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд.дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн.га, у т. л. ворныя землі 1,3 млн.га, сенажаці і пашы 5,5 млн.га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс.т, малака 882 тыс.т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс.т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс.га, 1996) 1193,6, у т. л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс.т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сцьс.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс.т вугалю, 84 тыс.т нафты, 25,6 млн.м³ прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд.кВтгадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр.прам-сць, у т. л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар.маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс.км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн.дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн.дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс.чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс.чал. У нац. гвардыі 1 тыс.чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст.газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж.нац.ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн.ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац.АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац.б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж.гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.Айтыева.
Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш.Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.Баканбаеў, Дж.Турусбекаў, М.Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял.Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.Абдумамунаў, М.Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.Джангазіеў, С.Джусуеў, С.Эраліеў і інш.). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.
Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.Абакірава, Джусуева, Н.Джундубаевай, А.Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.Барадулін, В.Вольскі, В.Іпатава, С. Законнікаў, С.Міхальчук, М.Стральцоў, У.Шахавец, Я.Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).
Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.А.Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.Бялінскі, А.Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка, з удзелам П.П.Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес.выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.Абразцову, Г.Айтыеву, С.Акылбекаву, І.Гальчанку, А.Ігнацьеву, скульпт. В.Мануілавай, графікам Л.Ільіной, А.Міхалёву, А.Згібневу. У Вял.Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. А. і В.Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.Кажахметаў, К.Керымбекаў, Дж.Джумабаеў, А.Асмонаў, графік М.Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.Садыкаў, А.Мухутдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.В.Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.Варонін, А.Каменскі, С.Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.Арэф’еў, А.Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж.Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.Акынбекаў, Бакашоў, М.Бекджанаў, Т.Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц.нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар.муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ (1939) і «Тактагул» А.Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.Абдраеў, Малдабасанаў, Г.Окунеў, М.Ракаў, С.Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.Аманбаеў, Н.Даўлесаў, А.Джаныбекаў, Ч.Джумаканаў, Ж.Малдыбаева, С.Медзетаў, А.Мурзабаеў, А.Тулееў, Т.Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.Мухтараў, А.Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.Мадземілава, У.Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм.т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.
Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес.драм.т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.Абдумамунава, Б.Амураліева, М.Байджыева, Ш.Бейшэналіева, Б.Джакіева, К.Джантошава, А.Кутубаева, К.Малікава, А.Такамбаева, Р.Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэпертуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.Куюкава, Б.Кыдыкеева, М.Рыскулаў, А.Баталіеў, С.Джаманаў, А.Джанкарозава, Н.Кітаеў, А.Кабегенаў, С.Кумушаліева, А.Кутубаева, Л.Маідава, Р.Мумінава, Т.Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.Макаёнка, А.Маўзона і інш.бел. драматургаў.
Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.Апылаў, А.Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.Герштэйн, Б.Абдылдаеў, Б.Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж. В.Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст.маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.Такамбаева (1958, рэж. І.Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.Ішэнаў, В.Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.Убукееў, Л.Турусбекава, Ш.Апылаў, К.Акматаліеў; сцэнарысты К.Амуркулаў, Б.Джакіеў, Э.Барбіеў, М.Байджыеў; аператары М.Мусаеў, К.Абдыкулаў, С.Давыдаў; мастакі Дж.Джумабаеў, Б.Джумаліеў; акцёры Б.Кадыкеева, М.Раскулаў, Д.Куюкава, Т.Турсунбаева, Ч.Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Літ.:
Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;
Яго ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;
Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;
Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;
История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т.Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;
Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;
История киргизской советской литературы. М., 1970;
Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;
Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;
Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;
История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;
Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;
Кино Киргизии. М., 1981;
Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.Дз.Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Герб і сцяг Кыргызстана.Да арт.Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.Да арт.Кыргызстан. На горнай пашы.Да арт.Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.Да арт.Кыргызстан. Горная рэчка.Да арт.Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.Да арт.Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.Да арт.Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.Да арт.Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.Да арт.Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.Да арт.Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.Да арт.Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.Да арт.Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.Да арт.Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.Да арт.Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іхвоз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙЛА́НД, Каралеўства Тайланд (на мове таі Пратэт-Таі),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індакітай і паўн.ч. п-ва Малака. Мяжуе на ПнЗ М’янмай, на ПнУ і У з Лаосам, на ПдУ з Камбоджай, на Пд з Малайзіяй; абмываецца Андаманскім м. і Сіямскім зал, Паўд.-Кіт. мора. Пл. 514 тыс.км². Нас. 61,2 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — таі (тайская, сіямская); выкарыстоўваюцца англ. і кіт. мовы. Дзярж. рэлігія — будызм. Сталіца — г.Бангкок. Падзяляецца на 76 чангватаў (правінцый). Нац. свята — Дзень нараджэння караля (5 снеж.).
Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Пры каралю маецца Тайны савет. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатная Нац. асамблея, якая складаецца з палаты прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і сената (200 дэпутатаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога зацвярджае кароль па прадстаўленні Нац. асамблеі. Як правіла, урад фарміруецца на аснове шматпартыйнай кааліцыі, што мае большасць у парламенце.
Прырода. Больш за палавіну тэр. Т. займаюць нізінныя раўніны, у т. л.Менамская нізіна. У паўд., звужанай ч. Т. — раўніны з астраўнымі гарамі і кражамі. На У плато Карат. На Пн і З горы Кхунтхан, Танентаўнджы. і інш.Найб.выш. 2576 м (г. Інтханон). Карысныя выкапні: алавяныя, вальфрамавыя, свінцовыя, цынкавыя, магніевыя, жал. руды, нафта, прыродны газ, буры вугаль, калійныя солі, каштоўныя камяні. Клімат трапічны мусонны. Сярэднія т-ры на раўнінах 22—29 °C, на п-ве Малака 27—29 °C, у гарах на Пн зімой да 10—15 °C. Ападкаў ад 1000—2000 мм на раўнінах да 5000 мм у гарах за год; сухі сезон з ліст. да красавіка. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя, бываюць паводкі. Гал. рэкі Менам-Чао-Прая і Меконг (на мяжы з Лаосам). Пад лесам каля 26% тэр. Пераважаюць лістападныя трапічныя лясы, у больш вільготных раёнах — вечназялёныя трапічныя лясы, на плато Карат — саванны, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. У складзе жывёльнага свету слон, насарог, тыгр, тапір, малпы (гібоны, макакі), дзікія быкі і інш., шмат паўзуноў. Нац. паркі Тхунгсалэнглуанг (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Кхаўяй і інш.; запаведнікі.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва складаюць тайскія народы — тайцы (75%) і лао (5%), жывуць таксама кітайцы (14%), малайцы, тын, мео, яо і інш. плямёны і народнасці. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (95%), ёсць мусульмане (3,8%), хрысціяне (0,5%) і інш. Горныя народы (карэны, семангі і інш.) — анімісты. З сярэдзіны 1980-х г. у Т. жыве каля 380 тыс. бежанцаў з Камбоджы, М’янмы, В’етнама і Лаоса. Сярэднегадавы прырост 0,93%. Сярэдняя шчыльн. 119 чал. на 1 км. Насельніцтва сканцэнтравана ў дэльце р. Менам-Чао-Прая (пераважна ў Бангкоку), уздоўж рэк і па зах. узбярэжжы, дзе размешчаны волаваздабыўныя прадпрыемствы. У гарадах жыве 24% насельніцтва (1998). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Бангкок (7200), Тханбуры (261,3), Чыянгмай (170,4). У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%; у абслуговых галінах — 31%.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Першыя дзярж. ўтварэнні ўзніклі ў 4—8 ст. у плямён мон-кхмераў. З канца 1-га тыс.н.э. пачалася міграцыя на тэр. Т. з Паўд. Кітая тайскіх плямён, якія да 11—12 ст. сталі Тут найбуйнейшым этнасам і стварылі некалькі княстваў, што былі ў васальнай залежнасці ад кхмераў. У 1238 тайскія княствы нанеслі паражэнне кхмерам і аб’ядналіся ў дзяржаву Сукатаі. У 14 ст. Сукатаі распалася і пачалося ўзвышэнне дзяржавы Сіям (Аютыя). У 15—17 ст. у выніку войнаў з суседзямі Сіям павялічыў сваю тэрыторыю і да канца 18 ст. стаў найбуйнейшай дзяржавай Індакітая, якая побач з уласна тайскімі землямі ўключала ч.тэр. Лаоса і Камбоджы. З 16 ст. Т. — аб’ект калан. экспансіі еўрапейцаў, асабліва французаў. У 1688 нар. рух прывёў да выгнання еўрапейцаў і «закрыцця» для іх краіны. У 1782 да ўлады прыйшла дынастыя Чакры, прадстаўнікі якой і сёння кіруюць Т. У 19 ст. Сіям стаў «буферам» паміж калан. ўладаннямі Вялікабрытаніі і Францыі, якія навязвалі яму нераўнапраўныя дагаворы. Але Сіям захаваў незалежнасць дзякуючы палітыцы караля Чулалангкорна [Рамы V, 1868—1910], які мадэрнізаваў краіну на еўрап. ўзор і выкарыстоўваў супярэчнасці паміж калан. дзяржавамі. У 1904—36 Сіям дамогся скасавання нераўнапраўных дагавораў.
У выніку дзярж. перавароту 24.6.1932 у краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія, у 1939 перайменавана ў Т. У снеж. 1941 на тэр. Т. ўвайшлі яп. войскі, і ён уступіў у 2-ю сусв. вайну на баку Японіі і Германіі. Уздым вызв. руху ў 1944 прывёў да змены ўрада Т. і пераходу яго на бок саюзных дзяржаў. У 1946 каралём Т. стаў Пуміпон Адумядэт (Рама IX), з імем якога звязаны пасляваен. пераўтварэнні. Да сярэдзіны 1970-х г. у знешняй палітыцы Т. арыентаваўся на ЗША; далучыўся да ваен. блока СЕАТО, удзельнічаў у агрэсіі ЗША у Індакітаі, дазволіўшы ім размясціць ваен. базы на сваёй тэрыторыі. У 1976 Т. дамогся вываду амер.ваен. баз, у 1977 выйшаў з СЕАТО. Выкарыстоўваючы значны прыток інвестыцый з ЗША, улады Т. ў 1950—70-я г. ажыццяўлялі палітыку індустрыялізацыі пры моцным дзярж. кантролі. У 1980—90-я г. праведзены структурныя рэформы: лібералізацыя эканомікі, прыярытэтнае развіццё дробнай і сярэдняй прам-сці, інтэнсіфікацыя агр. вытв-сці, пераарыентацыя краіны на экспартную вытв-сць, што прывяло да паскарэння эканам. развіцця і ўваходжання Т. ў кола новых індустр. краін. Паліт. развіццё краіны да 1970-х г. характарызавалася частымі ваен. пераваротамі, рэальная ўлада была ў руках ваенных. З 1980-х г. у Т. дзейнічае грамадз. рэжым, адбываецца фарміраванне дэмакр. інстытутаў. Т. — член ААН (з 1946), АСЕАН (з 1967), Руху недалучэння (з 1993). У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя новай надзеі, Дэмакр. партыя, Нац. партыя і інш.Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1992.
Гаспадарка. Т. — аграрная краіна з прам-сцю, якая інтэнсіўна развіваецца. Рост валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у апошняе дзесяцігоддзе перавышае рост колькасці насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. (каля 6,1 тыс.дол. ЗША, 1998) адносна высокі для рэгіёна Паўд.-Усх. Азіі. Доля ў ВУП сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам 11,3%, прам-сці 38%, сферы паслуг 50,7%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 21,5 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 17,4 млн.га (каля 20% арашаецца). Пераважаюць невял. сялянскія гаспадаркі на арандаванай памешчыцкай зямлі. Гал.харч. і экспартная культура — рыс. У перадгорных раёнах і на цэнтр. раўніне сеюць кукурузу, сою, сорга. На экспарт вырошчваюць касаву, каўчуканосы, цукр. трыснёг, джут, тапіёку, кенаф, тытунь, бананы, ананасы, арахіс, каву, чай. Вял. плошчы пад пасевамі бавоўніку. Агародніцтва. Кветкаводства. Гал. раён трапічнага земляробства — п-аў Малака. Збор (млн.т, 1999): рысу 23,5, кукурузы 4,5; кавы 75 тыс.т, пальмавых ядраў 62 тыс.т, натуральнага каўчуку 2 млн.т. Нарыхтоўка дзелавой драўніны скарачаецца (24 тыс.м³). Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу 5,7, буйвалаў 3,5, свіней 7,2, курэй 172. Вытв-сць мяса птушкі (538 тыс.т) і свініны вядзецца на прамысл. узроўні. Асн. крыніца бялку для тайландцаў — рыба. З 1960-х г. (пач. траўлернага лову рыбы — 0,4 млн.т) рэзка павялічыўся ўлоў рыбы і інш. морапрадуктаў (3,5 млн.т, 1999). Сярод галін прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і лёгкая. У Т. здабываюць 39 відаў карысных выкапняў, з якіх 17 экспартуецца. Здабыча і вытв-сць (тыс.т, 1998): волава 15 і алавянага канцэнтрату 2, руд цынкавай 195,1, свінцовай 15,3, магніевай 0,1, жал. 90,7, вальфрамавых 0,1. Т. — адзін з найб. у свеце пастаўшчыкоў волава. Здабыча алавянай руды на в-ве Пхукет і шэльфе Андаманскага м., свінцова-цынкавых — у цэнтры і на З краіны, прыроднага газу (621 млн.м³) на шэльфе Сіямскага зал., нафты (1,7 млн.т) на Пн Менамскай нізіны. бурага вугалю (17 млн.т) каля г. Лампанг. Вытв-сць электраэнергіі 85 млрд.кВт∙гадз (1999), на ЦЭС (91%), якія працуюць на прывазной нафце і ўласным бурым вугалі, і ГЭС (9%). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць невял. прадпрыемствы лёгкай прам-сці, сканцэнтраваныя ў Бангкоку і яго прыгарадах, Чыянгмаі, Накхонратчасіме і інш.Вытв-сць баваўняных і шаўковых тканін, адзення, абутку, джутавых мяшкоў і інш. Хуткімі тэмпамі развіваецца эл.-тэхн. і маш.-буд.прам-сць. Пераважна на экспарт вядзецца зборка камп’ютэраў і частак да іх, інтэгральных схем, эл. трансфарматараў, легкавых (126 тыс.шт.) і грузавых (325 тыс.шт.) аўтамабіляў, матацыклаў; суднарамонт. Развіта хім., нафтахім. і фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць натуральнага каўчуку, сінт. валакна (97,4 тыс.т), нафтапрадуктаў у Бангкоку, Накхонсітхамараце, Сірачы і інш.Харч. і харчасмакавая (рысаачышчальная, цукр., алейная, кансервавая, рыбная, піваварная, тытунёвая), лясная, дрэваапр. і папяровая прам-сць. Вытв-сць цукру — 3,9 млн.т, какосавага алею — 320 тыс.т, піва — каля 400 млн.л, паперы — 2,7 млн.т. Выраб цэменту (22,7 млн.т), керамікі, шкла. Бангкок — адзін з найб. у свеце цэнтраў па апрацоўцы самацветаў (сапфіры, ізумруды, гранаты і інш.). Маст. рамёствы (разьба па серабры і дрэве). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгунак 3940 км, аўтадарог 64,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 63 тыс.км. У краіне 1,6 млн. легкавых аўтамабіляў, 4,2 млн. грузавых і аўтобусаў. У знешніх сувязях вял. роля марскога транспарту. Гал. парты: Бангкок, Сатахіп, Сірача, Пхукет. У краіне 25 аэрапортаў. У 1999 экспарт склаў 58,5 млрд.дол., імпарт — 45 млрд. долараў. Т. экспартуе камп’ютэры і камплектуючыя часткі, тэкстыль, руды волава і інш. металаў, каштоўныя камяні, каўчук, рыс, кансерваваныя морапрадукты; імпартуе машыны і абсталяванне, паліва, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (22% экспарту, 14% імпарту), Японія (14% і 24%), Сінгапур (9% і 5%), Малайзія (3% і 5%), Германія, Кітай, Нідэрланды і інш. Т. — краіна развітога міжнар. турызму (штогадовы даход 7 млрд.дол.). Грашовая адзінка — бат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Вярх. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт.
Камплектаванне па прызыве. Тэрмін службы 2 гады. У рэгулярных узбр. сілах 306 тыс.чал., у ваенізаваных фарміраваннях 104 тыс.чал., у т. л. сілы самаабароны — 50 тыс.чал., патрульная пагран. паліцыя — 40 тыс.чал., марская паліцыя — 2,5 тыс.чал. (2002). У сухап. войсках 190 тыс.чал., каля 800 танкаў, больш за 800 бронетранспарцёраў, 560 буксіравальных гармат, больш за 330 гармат зенітнай артылерыі, а таксама 77 самалётаў, 184 верталёты і інш. У ВПС 48 тыс.чал., больш за 150 самалётаў. У ВМС каля 70 тыс.чал., у т. л. 18 тыс. у марской пяхоце, 1,7 тыс. ў марской авіяцыі, 20 баявых караблёў, у т. л. 1 лёгкі авіяносец, 11 фрэгатаў, 8 карветаў і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Т. выяўлены помнікі маст. культуры неаліту і бронз. веку (кераміка з пахаванняў, наскальныя размалёўкі). У 1—6 ст.н.э. развівалася монскае і кхмерскае мастацтва (храмы ў Лампхуне і Чыянгмаі, статуі Буды), якое стала асновай тайскай маст. культуры. З 13 ст. пад уплывамі будызму пачалося фарміраванне нац. мастацтва Т. У перыяд дзяржавы Сукатаі (з 13 ст.) склаўся тып тайскага храмавага комплексу (ват), які спалучаў свяцілішча пранг (пра-пранг) з вежападобнай закругленай вяршыняй і ступай тыпу чэдзі (пра-чэдзі) са звонападобным пакрыццём і шпілем з храмамі-веханамі (ваты Чанг Лом у Саванкхалоку, 13 ст.; Махатат у Сукатаі, 1345). Скульптура прадстаўлена шматлікімі статуямі Буды (манум. сядзячыя каменныя фігуры; бронз. выявы Буды, які ідзе, адметныя асаблівай вытанчанасцю ліній). Паставы статуй (саны) і становішчы іх рук (мудры) строга кананічныя і абазначаюць пэўныя эпізоды з жыцця Буды Гаўтамы; твары з мясц. этнічнымі рысамі. Фрагменты жывапісу сведчаць пра сувязі з М’янмай. У перыяд росквіту Сіямскай дзяржавы (14—19 ст.) традыцыі Сукатаі набылі развіццё. З 14 ст. складваліся асн. прынцыпы горадабудаўніцтва Т. Гарады (Аютхая, Бангкок) мелі прамавугольную планіроўку, абносілі цаглянымі сценамі з лістападобнымі зубцамі. У іх цэнтры размяшчалі грандыёзныя палацы ці складаныя па формах вял. храмавыя комплексы, багата аздобленыя разьбой, шматколернай мазаікай і размалёўкамі. У храмах ставілі шматлікія статуі Буды, будынкі апяразвалі дынамічныя фрызы з выявамі малпаў, дэманаў, птушак, птушкалюдзей (кінар). Характэрныя шмат’ярусныя і шматсхільныя дахі, аркі і скляпенні якіх рабілі з дрэва. Маляўнічасць пабудовам надавалі лакавая афарбоўка з пазалотай, чырвоная і зялёная паліваная дахоўка (летні палац сіямскага караля ў г. Сукатаі, 1630). У Бангкоку захавалася. некалькі дзесяткаў ватаў з групамі храмаў-ботаў, веханаў, чэдзі, прангаў і інш. пабудоў, абкружаных галерэямі са статуй Буды (ват Сутат, пач. 19 ст.; Бенчамабапіт, «Мармуровы храм», 1900). З 14 ст. вядомы насценны жывапіс тэмперай — размалёўкі на тэмы жыцця Буды ў храмах Аютхаі (15 ст.), сцэны з «Тасачаты» і «Рамаяны» ў храмах Бангкока (18—19 ст.). З канца 19 ст. ў свецкай гар. архітэктуры з’явіліся рысы еўрап. эклектызму (атэлі, фірмы, банкі, шматпавярховыя жылыя дамы). Нар. жыллё захавала традыц. формы: прамавугольныя ў плане дамы на каркаснай аснове, 4-схільныя дахі, драўляныя будынкі на высокіх падмурках; каля рэк і каналаў — жытлы на палях. Пашырыўся жывапіс тэмперай на драўляных дошках, акварэльная мініяцюра ў рукапісных кнігах. У дэкар. мастацтве высокага ўзроўню дасягнуў лакавы жывапіс, якім аздаблялі калоны, панэлі сцен, ліштвы аконных і дзвярных праёмаў, драўляныя статуі, кніжныя пераплёты і інш. Са скуры буйвалаў рабілі плоскія сілуэтна-праразныя фігуры для тэатра ценяў «нанг». Развіваліся разьба па дрэве. чаканка па серабры. Усе элементы аздобы (фігуры, птушкі і інш.) упляталіся ў вытанчаны тайскі арнамент. З 2-й пал. 20 ст. вядзецца буд-ва на зах.-еўрап. і амер. ўзор. У выяўл. мастацтве вядуцца мадэрнісцкія пошукі сучаснай маст. формы. Традыцыі еўрап. рэалізму звязаны з нац. тайскай тэматыкай (Фуа Харабітак. Таві Нандакван, скульпт. Х’ен Йімсары, графік Маніта Пу Ары). У дэкар.-прыкладным мастацтве асн. месца займаюць лакавы жывапіс, вырабы са скуры буйвала, разьба па дрэве, чаканка. ткацтва, цісненне. Гіст. гарады Аютхая і Сукатаі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка Т. з’яўляецца састаўной часткай муз. традыцыі народаў Паўд.-Усх. Азіі. Для яе характэрна адсутнасць паўтонаў, муз. творы звычайна маюць просты рытм (з невял. варыяцыямі), выконваюцца пераважна ў хуткім тэмпе, з імправізацыяй асн. мелодыі. Характэрны ўплывы інд. (з пач.н.э.), кіт. (з 17 ст.), еўрап. (з 16 ст.) муз. традыцый. У інструментарыі струнныя ку сау сам сам (са шкарлупін какосавага арэха з грыфам са слановай косці і 3 шаўковымі струнамі), цьакау (падобны на вял. гітару). З канца 19 ст. выкарыстоўваюцца еўрап.муз. інструменты. Пераважае вак. музыка, непарыўная з паэт. творчасцю, звязаная са спецыфікай інстр. суправаджэння. Да архаічных узораў адносяцца песні-загадкі (выконваюцца антыфонна). Сярод інш. песень: песні магічных рытуалаў (лакхон джатры), цырыманіяльныя (13—18 ст.), эпічныя (фонг сы і сепха), песні-спаборніцтвы (кіоу кау, выконваюцца антыфонна). Музыка — важная частка тэатралізаваных прадстаўленняў (13—18 ст.), у межах якіх сфарміраваліся вак., інстр. і танц. стылі. Класічныя жанры вак. творчасці абапіраліся на літ. традыцыю, выкарыстоўваліся ў культавай практыцы, прыдворным муз. мастацтве, у 17—19 ст. сярод гар. знаці. На мяжы 19—20 ст. сфарміраваўся гар. тэатр папулярнага тыпу (пазней т. зв. ліке), які ў 1920—30-я г. выцесніў інш. віды тэатр. прадстаўленняў. З канца 1940-х г. пачаўся ўздым муз. творчасці пад уздзеяннем зах.-еўрап. мастацтва. На развіццё муз. мастацтва 20 ст. паўплывалі кампазітары Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, выканаўцы Тыява Канглайтонг, Чэмчой Дур’ябханда, музыказнаўцы Кром Сінлапакон, Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, Пхрая Ануманрачанхон. У Т. дзейнічаюць Нац.т-р Сінпакорн. Пры дэпартаменце прыгожых мастацтваў ансамблі тыпу піпхат, жаночы хор, аркестр сімф. тыпу. Нац.танц. ансамбль і інш. З 1976 праводзіцца міжнар. фестываль музыкі і танца Азіі (Бангкок).
Літ.:
Ребрикова Н.В. Очерки новейшей истории Таиланда (1918—1959). М., 1960: Яе ж. Очерки новой истории Таиланда (1768—1917). М., 1966;
Берзин Э.О. История Таиланда: (Краткий очерк). М., 1973;
Кочетков Л.В. Таиланд. М., 1973.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва. гаспадарка). Я.Г.Колб (гісторыя). Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Тайланда.Да арт.Тайланд. Панарама Бангкока.Да арт.Тайланд. Рысавыя палі.Тайланд. Статуя Буды з Сукатаі.Тайланд. Летні каралеўскі палац у Сукатаі.Тайланд. Будыйскія ступы ў Аютхаі.Тайланд. Храм ват Сры Савай у Сукатаі.