БАРЫ́С I (?—2.5.907),

князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг. князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,

часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.—снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ КЛУБ.

Існаваў у 1920 у Мінску. Праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў тэатр. мастацтва. Пры клубе працавалі драм., муз. і харавая секцыі, бібліятэка, курсы беларусазнаўства. Рэжысёры драм. секцыі У.​Галубок, Ф.​Ждановіч, В.​Сташэўскі паставілі спектаклі «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Суд» і «За мураванай сцяной» Галубка, «Міхалка» Далецкіх і інш. 10.8.1920 у клубе спектаклем «Суд» пачала сваю дзейнасць трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр).

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЮ́РЦБУРГ (Würzburg),

горад у цэнтр. частцы ФРГ, зямля Баварыя. 128,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Майн. Машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне, вытв-сць друкарскіх машын, эл.-тэхн. вырабаў); хім., харч., паліграф., прам-сць. Цэнтр вінаградарства і вінаробства. Ун-т (з 1582). Музеі. Арх. помнікі 8—18 ст., у т. л. будынак епіскапскай рэзідэнцыі (1719—53), які ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ЎСКАЯ Петранела Аляксандра (1761 ці 1767—4.11.1812),

драматычная актрыса і спявачка. Працавала ў прыдворным т-ры М.​К.​Агінскага ў Слоніме (у 1780 выступала ў оперы «Тэлемак»), са студз. 1783 у прыдворным т-ры К.​Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы. У 1784 у п’есе «Святкі» дэбютавала трупе В.​Багуслаўскага ў Гродне, пазней працавала з яго тэатрам і ў інш. антрэпрызах (Варшава, Гродна, Львоў і інш.).

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮРО́ (Deburau) Жан Батыст Гаспар (31.7.1796, г. Колін, Чэхія — 17.6.1846),

французскі акцёр-мім. З сям’і вандроўных акцёраў-акрабатаў. З 1816 у трупе т-ра «Фюнамбюль» («Канатныя танцоры»). Стварыў у розных пантамімах вобраз П’еро, які стаў папулярным нар. камічным героем і атрымаў сусв. вядомасць. Захаваўшы старадаўні фарсавы грым П’еро, Д. змяніў яго аблічча і касцюм. У сучаснай пантаміме традыцыі Д. знайшлі працяг у творчасці Ж.Л.Баро і М.Марсо.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЭМАГРАФІ́ЧНЫ ВЫ́БУХ»,

рэзкае паскарэнне тэмпаў росту насельніцтва ў 1950—60-х г. у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, якія пачалі хутка развівацца. Абумоўлены зніжэннем смяротнасці, асабліва дзіцячай, пры захаванні высокай нараджальнасці. Апераджальны рост насельніцтва краін, якія развіваюцца (у іх пражывае больш за 50% насельніцтва свету), ператварыла «Д.в.» у гэтых краінах у фактар сусветнага значэння, а сац.-эканам. праблемы іх развіцця прынялі характар глабальных праблем чалавецтва.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВА́ДСКІ Уладзімір Георгіевіч (13.1.1919, г. Орша Віцебскай вобл. — 20.6.1992),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Энгельскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), Харкаўскі інж.-эканам. ін-т (1976). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Сцяпным, 2-м Укр. франтах у бамбардзіровачнай і разведвальнай авіяцыі. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Зрабіў 152 баявыя вылеты. Да 1956 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БАНК,

расійскі банк у 1909—17 у Маскве. Узнік у выніку санацыі і зліцця Маскоўскага міжнар. гандлёвага, Арлоўскага камерцыйнага і Паўднёва-Рускага прамысл. банкаў. У 1914 яму належалі філіялы ў Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзвінску, Магілёве, Оршы, Полацку. Па колькасці філіялаў З.б. займаў 1-е месца ў Беларусі, аднак па аб’ёме банкаўскіх аперацый уступаў Азоўска-Данскому і Руска-Азіяцкаму банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ ЛІК,

1) у крышталяхіміі — колькасць найбліжэйшых да дадзенага атама (іона) суседніх атамаў (іонаў) у крышталі. Для металаў характэрны К.л. 8 і 12, у структурах тыпу хларыду натрыю К.л. роўны 6.

2) Лік, які паказвае, колькі лігандаў можа каардынаваць каля сябе цэнтр. атам (комплексаўтваральнік) у комплексных злучэннях. Найб. пашыраны К.л. — 4 і 6, але вядома шмат комплексаў з К.л. 2, 3, 5, 7, 8 і больш.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)