ТЫМО́Л, 2-ізапрапіл-5-метылфенол, 3-гідраксі-4-ізапрапілталуол,

араматычнае злучэнне, CH3C6H3 (C3H7)OH.

Бясколерныя крышталі, tпл 50—51,5 °C, шчыльн. 925,7 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле, воцатнай к-це, мала — у вадзе. Мае хім. ўласцівасці фенолаў. Пры гідрыраванні ў прысутнасці плаціны ператвараецца ў ментол. Ёсць у некат. эфірных алеях, напр., з чабару звычайнага (адсюль назва «Т.»). У прам-сці атрымліваюць алкіліраваннем м-крэзолу прапіленам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ментолу і некат. хім. індыкатараў (напр., тымолфталеіну і тымолавага сіняга), у медыцыне як процігліставы сродак і антысептык.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЯМІ́Н, вітамін B1,

водарастваральны вітамін. Вылучаны ням. хімікам В.​Віндаўсам (1931), сінтэзаваны амер. хімікам Р.​Уільямсам (1936). Ёсць у збожжавых, бабовых, дражджах. Сінтэзуецца раслінамі і некат. мікраарганізмамі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць Т. з ежай.

Тыямін.

Адыгрывае важную ролю ў вугляводным абмене: у форме кокарбаксілазы ўваходзіць у састаў ферментаў, якія каталізуюць дэкарбаксіліраванне α-кетакіслот (напр., піравінаграднай к-ты). Нястача Т. выклікае паталаг. змены нерв., сардэчна-сасудзістай сістэм, хваробу беры-беры. Чалавеку неабходна 1,5—2 мг Т. ў суткі. Т., яго фосфарныя эфіры і дысульфідныя вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭА́ТР ПО́ЛЬСКІ» ў Варшаве.

Адкрыты ў 1913 па ініцыятыве А.​Шыфмана (дырэктар у 1913—57 з перапынкам). У 1918—39 меў яшчэ адну сцэн. пляцоўку — «Малы т-р»; з 1949 «Камерны т-р». Пасля 2-й сусв. вайны т-р узначальвалі Л.​Шылер, Е.​Крэчмар, А.​Кавальчык, К.​Дэймек, А.​Лапіцкі, Я.​Кілян і інш. У рэпертуары пераважаюць творы польскай (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, З.​Красінскі, С.​Выспянскі, А.​Фрэдра) і сусв. (У.​Шэкспір, Мальер, Б.​Шоу) класічнай драматургіі, а таксама сучасныя п’есы (С.​Мрожак, М.​Гласка).

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯДЗЕ́НСКІ Усевалад Міхайлавіч (17.10.1920, г. Днепрапятроўск, Украіна — 29.1 1979),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р фармацэўтычных н. (1972), праф. (1973). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1944). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па сінтэзе новых вытворных барбітуравай к-ты. Атрымаў 5 новых прэпаратаў.

Тв.:

Фармакологические свойства натриевой соли 5-салицилиден-бисбарбитуровой кислоты (разам з П.​І.​Лукіенкам) // Фармакология и токсикология. 1964. Т. 27, № 6;

Лейкопеническая активность этилового эфира диметилдитиокарбаминовой кислоты (разам з М.​В.​Караблёвым, М.​П.​Макухам) // Здравоохранение Белоруссии. 1964. № 10.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ І ПАЭ́ТАЎ Існавала з сакавіка 1927 да 1928 як спроба ажыццявіць сфармуляваную ў крас. 1926 М.​Чаротам і М.​Зарэцкім ідэю стварэння ў БССР адзінай творчай арганізацыі. Ініцыятар стварэння — Ц.​Гартны. На агульным сходзе пісьменнікаў выбрана арганізац. бюро з прадстаўнікоў усіх літ. аб’яднанняў і груповак для выпрацоўкі праграмы і статута. У бюро ўвайшлі Ц.​Гартны, М.​Чарот, З.​Бядуля, А.​Сянкевіч, М.​Гольдберг, В.​Аршанскі, Вансоўскі. Яно склікала сходы пісьменнікаў, наладжвала інтэрнац. літ. вечары. Аднак стварыць Усебел. пісьменніцкі саюз не ўдалося, і федэрацыя спыніла дзейнасць.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦЬ-КАМЕНАГО́РСК,

горад, цэнтр Усх.-Казахстанскай вобл. Казахстана, на правым беразе р. Іртыш, у перадгор’ях Руднага Алтая. Засн. ў 1720 як крэпасць Усць-Каменная, з 1868 горад. 335 тыс. ж. (2000). Рачны порт. Чыг. вузел. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: каляровая металургія (свінцова-цынкавы і тытана-магніевы камбінаты, медзеплавільны і медзеэлектралітны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (горнашахтавае абсталяванне, кандэнсатары, прылады і эл.-тэхн. вырабы), прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 2 ін-ты. Тэатр. Краязнаўчы і этнагр. музеі. Каля У.-К. — Усць-Каменагорская ГЭС.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНБАГАДО́ЦІР (Finnbogadottir) Вігдзіс (н. 15.4.1930, Рэйк’явік),

ісландскі дзярж. дзеяч, філолаг. Скончыла Ісландскі ун-т у Рэйк’явіку, вывучала мовы і л-ры ва ун-тах Францыі, Даніі і Швецыі. Выкладала ў Рэйк’явікскіх гімназіі і ў каледжы, працавала ў турыстычным бюро і ўзначальвала курсы гідаў-перакладчыкаў. З 1972 дырэктар Нац. т-ра ў Рэйк’явіку, адначасова з 1978 старшыня К-та па культ. супрацоўніцтве Паўночнага савета. У 1980—96 прэзідэнт Ісландыі; першая ў Еўропе жанчына — кіраўнік дзяржавы з рэсп. ладам. Аўтар п’ес, кнігі «Адна на прэзідэнцкай вахце» (1988). Прэмія імя Д.Я.Хамаршэльда за мір (1980).

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІСЕ́НКА Сяргей Паўлавіч (н. 5.12.1951, г. Краснадар, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1973). З 1973 у НДІ ЭВМ. З 1975 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепламасаабмену» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па матэм. мадэліраванні працэсаў цепла- і масаабмену, стат. тэорыі кінетыкі нуклеацыі.

Тв.:

Вывод уравнений теории неизотермической нуклеации (разам з А.​Р.​Башкіравым) // Теорет. и мат. физика. 1981. Т. 48, №1;

К анализу экспериментальных данных о тепловой эффективности башенной испарительной градирни (у сааўт.) // Изв. РАН. Энергетика. 2000. № 6.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫДЭ́ЛЬ (Friedel) Шарль (12.3.1832, г. Страсбур, Францыя — 20.4.1899),

французскі вучоны ў галіне хіміі і мінералогіі. Чл. Парыжскай АН (1878). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Страсбурскі ун-т (1852). З 1876 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па пытаннях каталітычнага арган. сінтэзу. Упершыню сінтэзаваў шэраг арган. злучэнняў, у т. л. малочную, мелесінавую і мезакамфарную к-ты, другасны прапілавы спірт, ацэтафенон, гліцэрыну. Сумесна з амер. хімікам Дж.​Крафтсам адкрыў метад алкіліравання і ацыліравання араматычных злучэнняў (1877; рэакцыя Ф. — Крафтса). Штучна атрымаў кварц, рутыл, тапаз.

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫШ (Frisch) Карл фон (20.11.1886, Вена — 12.6.1982),

нямецкі вучоны ў галіне фізіялогіі і эталогіі. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Венскі ун-т (1910). З 1919 і з 1925 у Заал. ін-це г. Мюнхен, з 1921 у Ростакскім, з 1923 у Брэслаўскім ун-тах (цяпер г. Вроцлаў, Польшча). З 1950 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні органаў пачуццяў рыб і насякомых, інстынктыўных паводзінах жывёл. Расшыфраваў механізм перадачы інфармацыі пчоламі («ганцы пчол»). Прэмія ЮНЕСКА 1959. Нобелеўская прэмія 1973 (з К.Лорэнцам і Н.Тынбергенам).

В.​Ф.​Ермакоў.

К. фон Фрыш.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)