МАСЛАКО́Ў (Дзмітрый Андрэевіч) (н. 8.2.1927, в. Леснікі Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі. Д-р мед, н. (1974), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1951). З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це (рэктар да 1998, заг. кафедры). Навук. працы па біял. актыўнасці поліцукрыдных прэпаратаў і амінакіслот.
Тв.:
Биологическая активность некоторых полисахаридов и их клиническое применение. Мн., 1977 (разам з К.А.Эйсмантам);
Последствия использования гепарина в условиях надпочечниковой недостаточности: роль оксида азота (разам з Н.Я.Максімовіч) // Роль нейромедиаторов и регуляторных пептидов в процессах жизнедеятельности. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛАЎ (Мікалай Фёдаравіч) (12.12. 1912, с. Малая Валчанка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 5.2.1992),
бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1939, клас П.Часнакова). У 1940—41 працаваў з хорам Бел. радыёкамітэта, з 1944 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у 1947—67 кіраваў дзіцячым хорам Сярэдняй спец.муз. школы пры Бел. кансерваторыі. Адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (1940—76, з 1963 дацэнт), Мінскім муз. вучылішчы (1945—49), Мінскім ін-це культуры (1977—87). Сярод яго вучняў В.Варатнікоў, К.Паплаўскі, А.Чопчыц, Я.Яравой і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕР ((Meer) Сімон ван дэр) (н. 24.11.1925, г. Гаага, Нідэрланды),
галандскі фізік і інжынер. Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл.АН (1984). Замежны чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984). Скончыў Тэхнал.ун-т у Дэлфце (1952). З 1952 у н.-д. лабараторыі фірмы «Філіпс», у 1956—90 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе. Навук. працы па фізіцы паскаральнікаў і электронных мікраскопах. Прапанаваў метад стахастычнага ахаладжэння антыпратонаў, з дапамогай якога былі адкрытыя прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца пераносчыкамі слабых узаемадзеянняў (1983). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з К.Рубія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІДА́С (Midas),
цар Фрыгіі (736—696 да н.э.]. Удзельнічаў у кааліцыі супраць цара Асірыі Саргана II, але ў 707 да н.э. прызнаў яго ўладу. З яго імем звязаны шматлікія стараж.-грэч. міфы. Паводле аднаго з іх, Дыяніс надаў М. здольнасць ператвараць у золата ўсё, да чаго ён дакранаўся, паводле другога — самаўпэўнены невук М. прысудзіў перамогу Пану ў яго муз. спаборніцтве зАпалонам. У пакаранне за гэта Апалон надзяліў М. аслінымі вушамі, якія той дарэмна хаваў пад шапкай. Ад гэтага міфа пайшлі выразы «мідасаў суд» — суд невука і «вушы Мідаса» — невуцтва, якое не схаваеш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫІ (Mytilus),
род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн. гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату з дапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.
Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),
англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд.Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
горад ў Стаўрапольскім краі Расіі, цэнтр Мінералаводскага р-на, за 170 км на ПдУ ад Стаўрапаля. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на паўд.-ўсх. ускраіне Стаўрапольскага ўзв., у даліне р. Кума. Засн. ў 1878 у сувязі з буд-вам Растова-Уладзікаўказскай чыгункі як пас. Султанаўскі. З 1920 горад. Нас. 75,1 тыс.ж. (1996). Трансп. вузел. Чыг. станцыя (электрыфікаваныя чыгункі на курорты Пяцігорск, Есентукі, Кіславодск, Жалезнаводск). Аэрапорт, які абслугоўвае курорты Каўказскіх Мінеральных Вод. Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. транспарту, грамадз. авіяцыі, быт. абслугоўванні насельніцтва. Харч.прам-сць (маслазавод, з-д па вытв-сці жэлаціну, спіртзавод, мясакамбінат); вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (італьян. minore ад лац. minor меншы; таксама moll ад лац. mollis мяккі),
музычны лад, у аснове якога ляжыць малое (мінорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае цёмную афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мажору (выяўляецца паняццем мінорнасці), што складае адзін знайб. важных эстэт. кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны і меладычны. Ускладненне 7-ступеннага гукарада М. звязана з вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна знайб. пашыраных ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ САВЕ́Т 1905,
орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Мінска ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 і Снежаньскага узбр. паўстання 1905. Утвораны пасля курлоўскага расстрэлу 1905з прадстаўнікоў Мінскай групы РСДРП, Лібава-Роменскага к-та Усер. чыг. саюза, мясц. к-таў ПСР і Бунда. У час Кастр. стачкі савет 12 дзён трымаў пад сваім кантролем чыг. вузел, стварыў камісію ўзаемадапамогі, суд гонару. 21 снеж. М.к.с. заклікаў да ўсеаг. забастоўкі і пачаў дзейнічаць як орган улады. З прычыны масавых арыштаў савет прыняў рашэнне прыпыніць з 25 снеж.гар. забастоўку, але працягваць забастоўку чыгуначнікаў. 28 снеж. члены М.к.с. арыштаваны.