У́СЯ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 680 м, найб. шыр. 450 м, глыб. 17,3 м, даўж. берагавой лініі 1,9 км, пл. вадазбору 18 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 18 м, на Пд і З разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя, аддзелены ад схілаў шырокай (100—150 м) поймай. Утвараюць некалькі заліваў. Востраў пл. 0,25 га, парослы хмызняком. Дно да 3 м выслана пяском, ніжэй гліністым ілам. Зарастае ў прыбярэжнай ч. на шыр. 35 м, да глыб. 3,5 м. Упадаюць 2 ручаі (у т. л. з воз. Рэйспа), злучана пратокай з воз. Бірутэ.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́СТ (West) Бенджамін (10.10.1738, г. Спрынгфілд, штат Пенсільванія, ЗША — 11.3.1820),

амерыканскі мастак. Першапачаткова працаваў у Філадэльфіі і Нью-Йорку як акварэліст, рысавальшчык і жывапісец-пейзажыст. У 1760—63 падарожнічаў па Італіі. З 1763 пастаянна працаваў у Лондане, з 1792 — прэзідэнт Каралеўскай АМ. У партрэтах парадная прадстаўнічасць нярэдка спалучаецца з рэаліст. дакладнасцю вобразаў: партрэт палкоўніка Г.​Джонсана (каля 1775—76). Яго гіст. кампазіцыям («Смерць генерала Вулфа», каля 1770; «Дамова У.​Пэна з індзейцамі», 1772; «Смерць на белым кані», 1796), пабудаваным па тыповых для класіцызму 18 ст. кампазіцыйных схемах, уласцівы імкненне да верагоднасці ў перадачы падзеі і адначасова да этнагр. дакладнасці дэталей. Творчасць У. адыграла значную ролю ў станаўленні прафес. выяўл. мастацтва ў ЗША.

Б.Уэст. Смерць на белым кані. 1796.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.

Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл. Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл. Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл. Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЎР (Febvre) Люсьен (22.7.1878, г. Нансі, Францыя — 27.9.1956),

французскі гісторык. Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1951). Праф. ун-таў Дыжона (1912—14), Страсбура (1919—33), Калеж дэ Франс (з 1933). Разам з М.​Блокам заснаваў у 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі») і -кірунак у гістарыяграфіі — «Аналаў» школу. З 1935 кіраваў выданнем «Французскай энцыклапедыі». З 1948 узначальваў у Практычнай школе вышэйшых ведаў секцыю эканамічных і сацыяльных навук. Лічыў, што шлях да пазнання гісторыі ляжыць праз усебаковае асэнсаванне пэўнага грамадства, у т. л. яго геаграфіі, агр. адносін, гандлю, рэлігіі, культуры, гіст. псіхалогіі і інш. Працы па метадалогіі гісторыі, праблемах эпохі Адраджэння і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Бои за историю. М., 1991.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАВА Ірына Анатолеўна (17.1.1920, чыг. ст. Хілкава Самаркандскага вілаета, Узбекістан — 13.8.1988),

бел. вучоны ў галіне электратэхнікі і энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1971), праф. (1973). Скончыла Сярэднеазіяцкі індустр. ін-т (1943). З 1963 у БПІ. З 1966 у Мінскім філіяле Усесаюзнага завочнага электратэхн. ін-та. З 1972 заг. кафедры Мінскага радыётэхн. ін-та. Навук. працы па пытаннях перадачы электраэнергіі, тэорыі нелінейных эл. ланцугоў і тэорыі кіравання складанымі эл. сістэмамі, па праблемах удасканалення інж. адукацыі.

Тв.:

Общая электротехника. Мн., 1968 (у сааўт.);

Электротехника. 2 изд. Мн., 1977 (у сааўт.);

Познавательные действия в современной науке. Мн., 1987 (у сааўт);

Эффективность средств повышения динамической устойчивости систем электропередач (разам з Р.​Я.​Паспелавым) // Изв. вузов. Энергетика. 1990. № 7.

А.​І.​Балсун.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАКСЕ́РЫ (Phylloxeridae),

сямейства насякомых падатр. тлей атр. раўнакрылых. 12 родаў, каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, вінаграднай лазе. Найб. вядомыя віды Ф.: вінаградная (Viteus vitifolii), грушавая (Phylloxera piri), лісцевая дубовая (Ph. coceinea).

Даўж. да 7 мм. Афарбоўка бурая, жаўтаватая, зеленаватая. Цела ўкрыта кароткімі валаскамі. Вусікі кароткія, 3—4-членікавыя. У крылатых форм 2 пары крылаў са спрошчаным жылкаваннем. Ротавы апарат колюча-сысучы. Кормяцца сокамі з лісця і каранёў. Адна- і двухдомныя формы. Самка адкладвае 1 яйцо. Развіццё няпоўнае, з чаргаваннем крылатых і бяскрылых пакаленняў. Ф. вінаградная — шкоднік вінаграднай лазы.

С.​Л.​Максімава.

Філаксера вінаградная: 1 — крылатая палаваспелая самка; 2 — бяскрылая самка з яйцамі; 3 — самка-заснавальніца партэнагенетычных (бяскрылых) пакаленняў з яйцамі; 4 — лічынка (німфа).

т. 16, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАРЭ́ТЭ [Filarete; уласнае Аверліна

(Averlino)] Антоніо (каля 1400, г. Фларэнцыя, Італія — каля 1469),

італьянскі архітэктар, скульптар, тэарэтык архітэктуры эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Фларэнцыі. Стварыў бронз. браму сабора св. Пятра ў Рыме (1433—45). З 1447 ці 1448 працаваў у Мілане: гал. вежа замка Кастэла Сфарцэска (1451—54), гіганцкі бальнічны комплекс Аспедале Маджорэ (з 1456). Яго гуманістычныя прынцыпы мастацтва (у буд. і скульпт. практыцы спалучаліся з прыёмамі позняй готыкі) найб. ярка выявіліся ў «Трактаце пра архітэктуру» (1460—64), прысвечаным пераважна апісанню «Сфарцынды» — «ідэальнага горада», упісанага ў круг, з рэгулярнымі кварталамі, абкружанымі шматвугольнымі ўмацаваннямі, і гал. плошчай у цэнтры. У трактаце прыведзены таксама звесткі па геаметрыі, перспектыве, оптыцы, механіцы, нататкі пра рэканструкцыю ант. будынкаў.

А.Філарэтэ. План «ідэальнага горада» («Сфарцынды»).

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ШЭР (Fischer) Эміль Герман (9.10.1852, г. Эйскірхен, Германія — 15.7.1919),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік, стваральнік навук. школы, заснавальнік хіміі прыродных злучэнняў. Замежны ганаровы чл. С.-Пецярбургскай АН (1913). Скончыў Страсбургскі ун-т (1874). З 1879 у Мюнхенскім, з 1882 у Эрлангенскім, з 1885 у Вюрцбургскім, з 1892 у Берлінскім ун-тах. Прэзідэнт Ням. хім. т-ва (1894—95, 1902, 1906). Навук. працы па хіміі вугляводаў, бялкоў, пурынавых злучэнняў. Даследаваў амінакіслотны састаў бялкоў. Прапанаваў простую наменклатуру для вугляводаў (1890), распрацаваў іх класіфікацыю. Упершыню выкарыстаў для сінтэзу хім. злучэнняў ферменты (1894). Даказаў, што амінакіслоты звязваюцца паміж сабою пры дапамозе карбаксільнай групы і амінагрупы і ўтвараюць пептыды (1902). Нобелеўская прэмія 1902.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М., 1979.

Э.Г.Фішэр.

т. 16, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІ́НГА (Phoenicopteriformes),

атрад птушак. 4 сям. (1 сучаснае), 3 роды, 6 відаў. Пашыраны ў субтропіках і тропіках, акрамя Аўстраліі. Жывуць на мелкаводдзях марскіх узбярэжжаў, салёных азёр. Утвараюць калоніі (да 25 тыс. пар). Найб. вядомы Ф. звычайны, або чырванакрыл (Phoenicopterus ruber, або Ph. roseus). Як залётныя асобныя птушкі адзначаны на Беларусі.

Даўж. да 150 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне рыхлае, мяккае, у дарослых белае з ружовымі адценнямі да чырв., канцы крылаў чорныя. Дзюба вял., сагнутая пад вуглом. На языку і краях над- і паддзюб’я рагавыя пласцінкі, з дапамогай якіх Ф. адцэджваюць з вады і мулу корм (малюскаў, рачкоў, чарвей, насенне і інш.). Шыя і ногі доўгія, пярэднія пальцы з плавальнай перапонкай. Манагамы. Адкладваюць 1—3 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Фламінга звычайны.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІНАСТЭ́РА (Ginastera) Альберта Эварыста (11.4.1916, Буэнас-Айрэс — 25.6.1983),

аргенцінскі кампазітар, педагог. Чл. Нац. акадэміі выяўл. мастацтва і музыкі (1957), Браз. акадэміі музыкі (1958), Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры (1968). Скончыў Нац. кансерваторыю ў Буэнас-Айрэсе (1938). У 1948—58 дырэктар засн. ім кансерваторыі ў г. Ла-Плата, з 1965 адзін з арганізатараў і дырэктар Лац.-амер. цэнтра муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья». Творчасці характэрны сувязь з нар. арг. музыкай, сінтэз лац.-амер. спецыфікі, сучаснай кампазіцыйнай тэхнікі і нац. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дон Радрыга» (паст. 1964), «Беатрыс Чэнчы» (паст. 1971) і інш.; балеты, у т. л. «Панамбі» (паст. 1952); кантаты; канцэрт для стр. (1965); канцэрты для фп., скрыпкі, віяланчэлі і арфы з арк.; камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы; рамансы.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)