МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр.Ільін) Фёдар Фёдаравіч
(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн.ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав.ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІ ЎСКРА́ІННЫ САЮ́З»,
«РУС», «Русский окраинный союз», арганізацыя, утвораная ў кастр. 1906 у Вільні ў выніку аб’яднання «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Актыўнымі яго дзеячамі былі чыноўнікі Г.Шмід, Д.Скрынчанка, П.Бывалькевіч, П.Каранкевіч, А.Уруцэвіч і інш.; друкаваныя органы — газ. «Окраины России», «Минское слово» і «Виленский вестник». Дзейнасць вялася пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Ставіў задачу ліквідаваць эканам. панаванне і паліт. ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўр. буржуазіі. Стаўка рабілася на падтрымку з боку бел.правасл. сялянства. Каб павесці яго за сабой, «РУС» патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казною ў польскіх памешчыкаў «усіх маёнткаў, што перавышалі земскі цэнз, і перадачы іх рускім земляробчым правасл. элементам», да якіх адносіў і правасл. беларусаў. Таксама прапаноўваліся надзяленне малазямельных сялян на выгадных умовах за кошт часткі дзярж. зямель, паляпшэнне перасяленчай палітыкі. «РУС» адмаўляў існаванне бел. нацыі, а бел.нац. рух характарызаваў як «інтрыгу» польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць адзінства Рас. імперыі. Выступаў таксама супраць кадэтаў і трудавікоў, на якіх ускладаў гал. віну за распальванне падзей 1905—06. У час выбараў ў II Дзярж. думу (1906) ад Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. акцябрысцкі блок правёў 15 дэпутатаў з 36; пры выбарах у III Думу (1907) ад 5 зах. губерняў заваяваў 29 дэпутацкіх месц; пры выбарах у IV Думу (1912) — 27 мандатаў. У перыяд дзейнасці рас.дарэв. «парламента» гал. аб’ектам нападкаў з боку дэпутатаў «РУС» заставаліся польска-бел. памешчыкі (аўтанамісты), кадэты, каталіцкая царква, трудавікі, бел.нац. рух і газ. «Наша ніва». Напярэдадні 1-й сусв. вайны «РУС» практычна спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́ЙЛА (Уладзімір Іванавіч) (29.1.1878, Мінск — 1941),
бел. публіцыст, літ. крытык, філосаф. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнічаў у бел.літ.-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук» (1906). Пры садзейнічанні С. ў газ. «Северо-Западный край» (28.5.1905) надрукаваны на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык» — першае выступленне паэта ў друку. У газ. «Минский курьер» (1908) актуалізаваў пытанні асветы нар. мас, неабходнасць бел. школы. Выступаў з арт. пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэева. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1923—27 адзін з вядучых публіцыстаў зах.-бел.перыяд. друку вызв. кірунку. Выступаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця і вызв. руху: філас. эсэ «Гэтым пераможаш!» (1923), «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка?» (1924), «Новы» і «найноўшы» курс польскай палітыкі ў беларускай справе» (1932) і інш. У рэцэнзіях і артыкулах пра зах.-бел. л-ру вітаў ідэйныя, маст., жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі л-ры ў святле росту гіст. і паліт. свядомасці народа. Асн. публікацыі 1930-х г. (пад псеўд. Ул.Чэмер, Ул.С., С.) датычылі помнікаў стараж. л-ры, пытанняў гісторыі бел. мастацтва, музыкі. Для лепшых публікацый С. характэрны шырокі праблемны падыход да з’яў, глыбокая, дасведчаная трактоўка пытання, ярка выражаны публіцыст. стыль.
Тв.:
У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
У кн.: Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Нёман. 1979. № 11.
бел. гісторык і філосаф. Акад.АН Беларусі (1931), праф. (1930), д-ргіст.н. (1934). Скончыў гіст.-філал. (1920) і мед. (1922) ф-ты Харкаўскага ун-та, Ін-тчырв. прафесуры(1924). Удзельнік рэв. руху, рэдактар падп. і легальных выданняў у Літве, Маскве, Варонежы, Харкаве. З 1917 чл. Харкаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1920 заг. аддзела друку Харкаўскага губкома КП(б)У, сакратар ЦБ Літоўскіх секцый пры ЦК КП(б)У; рэдактар літ.газ. «Darbininkn balsas» («Голас рабочага»), час. «Raudonóju Dirva» («Чырвоная ніва»), газ. «Красные резервы», «Красноармейская страница», «Коммунист» [орган ЦК КП(б)У]. Ў 1922—23 выкладаў у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (Масква). У 1924—25 заг. Віцебскай губсаўпартшколы. У 1924—34 дацэнт, потым праф.БДУ і Камуніст. ун-та. У 1925—27 нам.заг. аддзела друку ЦККП(б)Б. У 1929—32 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККП(б)Б. У 1931—37 чл. Прэзідыума, у 1932—37 заг. сектара Ін-та гісторыі АН Беларусі. Абвінавачаны ў патуранні антыпартыйным групам у бел.гіст. навуцы, 22.5.1937 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. У 1956 рэабілітаваны. З 1957 заг. сектара, з 1967 ст.навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АН Беларусі. Працы па філасофіі і сац. думцы на Беларусі і Літве. Адзін з рэдактараў перакладу збораў твораў У.І.Леніна ў 12 т. на бел. мову (1925—33). Сааўтар кніг «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі, 1919—1968» (1968).