адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАНА́ЎТЫКА (ад космас + грэч. nautikē майстэрства мараплавання, караблеваджэнне),
астранаўтыка, палёты ў касм. прастору; сукупнасць галін навукі і тэхнікі для даследавання і асваення космасу і пазаземных аб’ектаў для патрэб чалавецтва з выкарыстаннем розных касм. апаратаў. Уключае праблемы: тэорыі касм. палётаў — разлікі траекторый і інш.; навук.-тэхнічныя — стварэнне касмічных апаратаў, касмадромаў, ракет-носьбітаў, рухавікоў, бартавых сістэм кіравання, навук. прылад, наземных сістэм кантролю і кіравання палётамі; медыка-біялагічныя — стварэнне бартавых сістэм жыццезабеспячэння і інш.; юрыдычныя — міжнародна-прававое рэгуляванне пытанняў выкарыстання касм. прасторы, нябесных цел і інш.
Тэарэт. абгрунтаванне магчымасці палётаў у касм. прастору даў К.Э.Цыялкоўскі ў канцы 19 ст. У сваіх працах ён паказаў рэальнасць тэхн. ажыццяўлення касм. палётаў і даў прынцыповае рашэнне шэрагу асн. праблем К. Далейшае рашэнне тэарэт. і практычных пытанняў К. звязана з імёнамі Ф.А.Цандэра, Ю.В.Кандрацюка, М.І.Ціхамірава, М.К.Ціханравава, С.П.Каралёва, В.П.Глушко, С.А.Косберга, Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годарда, Г.Оберта, І.Вінклера (Германія), В. фон Браўна. Пачатак касм. эры звязаны з запускам у СССР 4.10.1957 першага штучнага спадарожніка Зямлі (ШСЗ). 12.4.1961 адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас, які ажыццявіў грамадзянін СССР Ю.А.Гагарын. Буйнейшым гіст. дасягненнем у галіне К. стаў першы палёт і высадка на Месяцы 21.7.1969 амер. экспедыцыі з касманаўтамі Н.Армстрангам, Э.Олдрынам і М.Колінзам. 12.4.1981 у ЗША пачала эксплуатавацца касм. сістэма шматразовага выкарыстання «Спейс шатл». У 1959 пачаліся касм. даследаванні Месяца, а з 1961 — планет Сонечнай сістэмы, іх спадарожнікаў, малых планет, камет і Сонца з выкарыстаннем аўтаматычных міжпланетных станцый (гл.табл.). Гэта дало магчымасць сфатаграфаваць адваротны бок Месяца, атрымаць здымкі паверхні Меркурыя, Венеры, Марса, спадарожнікаў Юпітэра, Сатурна, Урана, Нептуна, даследаваць атмасферы гэтых планет, а таксама камету Галея, некат. малыя планеты, атрымаць даныя пра будову і працэсы на Сонцы, даставіць на Зямлю ўзоры месяцовага грунту. Ракеты-носьбіты створаны і выкарыстоўваюцца ў Расіі (СССР) з 1957, ЗША з 1958, Францыі з 1965, Японіі і Кітаі з 1970, Вялікабрытаніі з 1971, Індыі з 1980, Ізраілі і Бразіліі. На 1.6.1998 каля 20 дзяржаў вывелі ў космас уласныя ШСЗ (самастойна або ракетамі-носьбітамі інш. краін); каля 380 касманаўтаў (прадстаўнікі 23 краін) здзейснілі касм. палёты на сав. (рас.) і амер.касм. апаратах, сярод іх ураджэнцы Беларусі П.І.Клімук і У.В.Кавалёнак. Акрамя Расіі (СССР) і ЗША К. інтэнсіўна развіваецца ў Францыі, Японіі, Кітаі, ФРГ, Індыі. Будучае К. — даследаванне і выкарыстанне ў мірных мэтах касм. прасторы, міжнар. супрацоўніцтва ў асваенні космасу: стварэнне буйной арбітальнай станцыі «Альфа», сонечных электрастанцый на калязямной арбіце, буд-ва базы на Месяцы, падрыхтоўка і палёт на Марс, глабальны экалагічны маніторынг, вынас зямной індустрыі ў космас і інш. (гл. таксама Інтэркосмас, «Каспас—сарсат»).
У Беларусівял. ўклад у вывучэнне тэарэт. праблем ракетабудавання зрабіў інжынер і мысліцель-гуманіст 17 ст. К.Семяновіч, які вынайшаў шматступеньчатую ракету (1650), прапанаваў ідэю стабілізатара тыпу «дэльта». У ажыццяўленні касм. праграм удзельнічаў канструктар авіяц. і касм. рухавікоў ураджэнец Беларусі Косберг. На тэр. рэспублікі размешчаны шэраг буйных касм. аб’ектаў. Даследаванні і распрацоўкі па касм. праграмах праводзяцца ў ін-тах Нац.АН, БДУ, Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш. Распрацаваны і створаны сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні, оптаэлектронныя сістэмы траекторных вымярэнняў і шэраг фотаастр. установак, апаратна-праграмныя комплексы апрацоўкі відарысаў, атрыманых з космасу, цеплаахова ракетна-касм. комплексаў, у т. л. «Бурана». Многія станцыі сачэння, цэнтры апрацоўкі касм. інфармацыі, ШСЗ і арбітальныя станцыі абсталяваны апаратурай, распрацаванай і зробленай у Беларусі. У 1993 створаны рэсп. Савет па космасе. Вял. значэнне для нар. гаспадаркі рэспублікі мае касмічная сувязь, касмічнае тэлебачанне, касмічнае землязнаўства, касмічная экалогія, касм. метэаралогія.
Літ.:
Идеи К.Э.Циолковского и современность. М., 1979;
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987;
Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;
Кубасов В.Н., Дашков А.А. Межпланетные полеты. М., 1979;
1-я аўтам. міжпланетная станцыя (АМС, запушчана да Месяца); дасягненне 2-й касм. скорасці.
12.9.1959
СССР
«Месяц-2»
Першае дасягненне інш. нябеснага цела — Месяца (14.9.1959).
4.10.1959
СССР
«Месяц-З»
Аблёт Месяца (6.10.1959), фатаграфаванне яго адваротнага боку і перадача адлюстравання на Зямлю.
12.2.1961
СССР
«Венера-1»
Першы старт да Венеры і пралёт каля яе.
12.4.1961
СССР
«Усход»
Першы палёт чалавека ў космас (Ю.А.Гагарын).
27.8.1962
ЗША
«Марынер-2»
Першае даследаванне Венеры з пралётнай траекторыі (14.12.1962).
16.6.1963
СССР
«Усход-6»
Першы палёт жанчыны-касманаўта (В.У.Церашкова).
18.3.1965
СССР
«Узыход-2»
Першы выхад чалавека ў адкрыты космас (А.А.Лявонаў).
28.11.1965
ЗША
«Марынер-4»
Першае фатаграфаванне паверхні Марса з пралётнай траекторыі.
31 1.1966
СССР
«Месяц-9»
Першая мяккая пасадка на Месяц АМС.
21.12.1968
ЗША
«Апалон-8»
Першы палёт чалавека да Месяца (Ф.Борман, У.Андэрс, Дж.Ловел).
16.7.1,969
ЗША
«Апалон-11»
Першая пілатуемая экспедыцыя на Месяц; першы выхад касманаўтаў на яе паверхню (Н.Армстранг, Э.Олдрын).
17.8.1970
СССР
«Венера-7»
Першая мяккая пасадка на паверхню Венеры.
12.9.1970
СССР
«Месяц-16»
Дастаўка на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
10.11.1970
СССР
«Месяц-17»—«Месяцаход-1»
Першы самаходны апарат на Месяцы.
19 4.1971
СССР
«Салют-1»
Першая даўгачасная пілатуемая арбітальная станцыя.
2.12.1971
СССР
«Марс-З»
Першая мяккая пасадка на паверхню Марса.
3.3.1972
ЗША
«Піянер-10»
Першы пралёт АМС пояса астэроідаў і Юпітэра (1973) з далейшым выхадам за межы Сонечнай сістэмы.
6.4.1973
ЗША
«Піянер-11»
Пралёт АМС паблізу Юпітэра і ўпершыню Сатурна (1979).
3.11.1973
ЗША
«Марынер-10»
Першы пралёт АМС паблізу Меркурыя (1974—75); перадача фотаздымкаў паверхні планеты на Зямлю.
15.7.1975
СССР—ЗША
«Саюз-19»—«Апалон»
Першы міжнародны сумесны касм. палёт з удзелам 5 касманаўтаў.
20.8.1977
ЗША
«Вояджэр-2»
Першы пралёт паблізу Урана (1986) і Нептуна (1989).
12.4.1981
ЗША
«Калумбія»
Вывад на арбіту ШСЗ першага касм. карабля (КК) шматразовага выкарыстання «Спейс шатл».
20.2.1986
СССР
«Мір»
Вывядзенне на арбіту ШСЗ базавага блоку арбітальнага комплексу.
3.1986
СССР, краіны Зах. Еўропы, Японія
«Вега-1», -2», «Джота», «Суйсей», «Сакічаке»
Даследаванне каметы Галея.
21.12.1987
СССР
«Саюз ТМ-4»—«Мір»
Работа касманаўтаў на борце арбітальнага комплексу «Мір» (366 сутак; У.Г.Цітоў. М.Х.Манараў).
1988—95
СССР (Расія)
«Мір»
Сусветны рэкорд знаходжання ў космасе — 678 сутак (В.У.Палякоў).
29.6.1995
Расія—ЗША
«Мір»—«Атлантыс»
Першая стыкоўка арбітальнага комплексу «Мір» і КК «Спейс шатл»; сумесная работа рас. і амер. касманаўтаў.
20.2.1998
СССР (Расія)
«Мір»
За 12 гадоў на арбітальным комплексе «Мір» працавалі больш за 100 касманаўтаў.
4.7.1998
ЗША
Работа на Марсе самаходнага апарата «Соджэнер».
Да арт.Касманаўтыка: 1 — запуск касмічнага карабля «Саюз»; 2 — амерыканскі касманаўт Б.Мак-Кандлес у скафандры з аўтаномнай сістэмай перамяшчэння ў адкрытым космасе; 3 — макет арбітальнай станцыі ў басейне (Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына); 4 — першы ў свеце савецкі касманаўт Ю.А.Гагарын; 5, 6 — касманаўты з Беларусі П.І.Клімук і У.І.Кавалёнак; 7 — трэніроўка ў стане бязважкасці (экіпаж: Л.Папоў, А.Сераброў, С.Савіцкая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусінайб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах.Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр.Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр.Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр.Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах.Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр.Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусівял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр.Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр.Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд.Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне здароўя кожнага грамадзяніна і насельніцтва ў цэлым. Арыентуецца на забеспячэнне належнага стану асяроддзя, у якім жыве чалавек, стварэнне спрыяльных умоў працы, быту і адпачынку для яго актыўнага даўгалецця, своечасовае аказанне паўнацэннай мед. дапамогі хворым, папярэджанне ўзнікнення і пашырэння хвароб сярод насельніцтва. Аб’ядноўвае меры заканад., паліт., сац.-эканам., культ.-асветнага, навук., мед., сан.-гігіенічнага, прафілакт.-нарматыўнага, кадравага і інш. характару. Робіць уплыў на сац. і эканам. дабрабыт насельніцтва, на вынікі вытв. дзейнасці, дэмаграфічную сітуацыю і якасць народанасельніцтва. Узровень развіцця аховы здароўя залежыць ад сац.-эканам. працэсаў у грамадстве, яго дзярж. будовы і палітыкі.
Сістэма аховы здароўя ў эканам. развітых краінах уключае 3 асн. блокі: дзярж.мед. забеспячэнне, кантроль і дапамога; грамадскія формы забеспячэння аховы здароўя; мед. страхаванне. Адпаведна фарміруюцца і крыніцы фінансавання аховы здароўя: з дзярж. бюджэту, адлічэнняў ад даходаў прадпрымальнікаў, страхавых узносаў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў. Арганізацыйную структуру аховы здароўя складаюць службы: кіравання, падрыхтоўкі кадраў (гл.Медыцынская адукацыя) і навук. забеспячэння (гл.Медыцына), аказання лячэбна-прафілакт. дапамогі насельніцтву, сан.-эпідэміял. абслугоўвання, фармацэўтычнай вытв-сці і забеспячэння насельніцтва лек. прэпаратамі, прафілакт. і дапаможнымі вырабамі мед. прызначэння (гл.Аптэка), буд-ва і аснашчэння мед. устаноў матэрыяламі, абсталяваннем, тэхн. сродкамі і інш.
На Беларусізаканад. базу аховы здароўя складаюць палажэнні Канстытуцыі і законы (гл.Заканадаўства аб ахове здароўя). Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя; адказнасць, эканам. зацікаўленасць і роўныя магчымасці ў забеспячэнні належнага стану здароўя грамадзян; удзел грамадскасці і кожнага грамадзяніна ў ахове здароўя. Да функцый аховы здароўя адносяцца таксама: аказанне хуткай медыцынскай дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, мед.-сан. абслугоўванне і рэабілітацыя сацыяльна небяспечных хворых, донарства і трансплантацыя органаў і тканак, санітарна-курортнае лячэнне санаторна-курортнае лячэнне, мед. экспертыза, кансультаванне і інш. На пач. 1994 на Беларусі 5,8 тыс. амбулаторна-паліклінічных устаноў, больш за 200 станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, каля 840 бальнічных устаноў, больш за 230 зубапратэзных майстэрняў, 4 мед. ін-ты, 18 мед. вучылішчаў, ін-т удасканалення ўрачоў, ін-т павышэння кваліфікацыі фармацэўтычных і мед. работнікаў сярэдняга звяна, каля 150 цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, 1200 аптэк, 60 санаторыяў, больш за 40 тыс. урачоў і каля 110 тыс.мед. работнікаў сярэдняга звяна. Асобны кірунак у ахове здароўя — Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў.
Э.А.Вальчук.
Да арт.Ахова здароўя. Санаторый «Радон» (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобл.).Да арт.Ахова здароўя. У лячэбных установах г. Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА РАСЛІ́Н,
1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый ў месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.
На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.
2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл.Каранцін). Ахову тэр.Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел.дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж. служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд.ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял.кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жыліберзасн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт.Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук.мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.Дэмбоўскі, Л.Калянкоўскі, В.Камарніцкі, Г.Лаўмянскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням.акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).
В.Ф.Шалькевіч.
Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.
Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.
Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.
Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.
В.М.Логвінка.
Да арт.Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),
славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж.бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав.нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.
Тв.:
O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;
Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;
Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
Літ.:
Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;
Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;
Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.