забруджванне навакольнага асяроддзя, якое выяўляецца на значнай тэрыторыі (у адрозненне ад лакальнага забруджвання). Пры пэўных умовах можа перарастаць у глабальнае забруджванне. Бывае фіз., хім., біял. і інш.Напр., забруджванне марскіх вод нафтапрадуктамі; унутр. вод у раёнах інтэнсіўнага земляробства — злучэннямі фосфару, азоту; прамысл. высокаразвітых рэгіёнаў — сярністым газам, аксідам азоту, пылам і інш. Р.з. не абмяжоўваецца дзярж. граніцамі: напр., пэўная доза забруджвальнікаў, якія выкідваюцца ў атмасферу прамысл. прадпрыемствамі краін Зах. Еўропы, з паветр. плынямі дасягае тэр. Беларусі; забруджвальнікі, якія трапілі ў рэкі бас. Нёмана і Зах. Дзвіны, аказваюць шкодны экалагічны ўплыў на акваторыю Балтыйскага, а з рэк бас. Прыпяці і Дняпра — Чорнага мора. На Беларусі найб. актуальныя праблемы Р.з. паветра гарадоў, вод, радыеактыўнага забруджвання. У 1990-янайб. высокія ўзроўні Р.з. паветра былі ў гарадах Магілёў, Мазыр, Гродна. У рэках рэгулярна выяўляюцца канцэнтрацыі асобных элементаў, якія перавышаюць гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі. Паводле індэксу забруджанасці вод большая ч. рэк Беларусі належыць да класа «ўмерана забруджаных», меншая — да «чыстых»; рачны створ р. Свіслач ніжэй Мінска аднесены да «забруджаных». Радыеактыўнае Р.з. мясцовасці ахоплівае больш за 22% тэр.Найб. плошчы забруджання радыеактыўнага і паветраных басейнаў гарадоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ За 10 км на ПдЗ ад г.Рэчыца Гомельскай вобл. Першае нафтавае радовішча, адкрытае на Беларусі (1964). Распрацоўваецца з 1965. 6 пакладаў нафты прымеркаваны да міжсалявых (ялецкі, задонскі гарызонты), падсалявых карбанатных (варонежскі, сямілуцкі) і падсалявых тэрыгенных (ланскі і верхнепратэразойскі) адкладаў. Асн.ч. разрэзу (да 80%) складаюць верхне- і сярэднедэвонскія адклады. Рэчыцкая структура на паверхні падсалявых адкладаў уяўляе сабой паўантыклінальную складку памерамі 16 4 км, на паверхні міжсалявых адкладаў — антыклінальную складку памерамі 12 4 км. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, разам з Асташкавіцкім, Цішкаўскім, Паўд.-Асташкавіцкім, Чырванасельскім і Дняпроўскім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1900—2800 м. Пароды-калектары — трэшчынава-каверна-поравыя даламіты і вапнякі і кварцава-палевашпатавыя розназярністыя пясчанікі, алеўраліты. Шчыльн. нафты павялічваецца знізу ўверх ад 805 кг/м³ у верхнепратэразойскім пакладзе да 890 кг/м³ у міжсалявым. Адпаведна павялічваецца колькасць серы (ад 0,2 да 1%), парафіну (ад 2,8 да 10%) і смол (ад 6 да 24,5%). Спадарожны газ выкарыстоўваецца прамысл. прадпрыемствамі Рэчыцкага і Светлагорскага р-наў. Здабыта 25 млн.т нафты (каля 80% пач. запасаў, якія здабываюцца, 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ Алесь (Аляксандр Ануфрыевіч; н. 8.1.1924, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Працаваў у полацкай газ. «Бальшавіцкі сцяг» («Сцяг камунізму»), Літ. музеі Я.Коласа, ЦККПБ. Друкуецца з 1943. Аповесць «Кедры глядзяць на мора» (1960) пра будаўнікоў Брацкай ГЭС, раман «Жанчына» (1963) пра побыт і работу працаўнікоў полацкага з-да шкловалакна. У рамане «Палын — зелле горкае» (1967) малюнкі пасляваен. калгаснай вёскі. Гал. героі аповесці «Самы высокі паверх» (1965—67, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972) — маладыя рабочыя. Вобразы сучаснікаў у аповесці «І нічога ўзамен» (1971) і рамане «Толькі аднойчы» (1979). Трылогія «Верай і праўдай» («Верай і праўдай», 1976; «Літасці не чакай», 1982; «Памерці заўсёды паспееш», 1983) пра партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Для дзяцей і юнацтва кн. «Шкляная нітка» (1970), «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» (1993), «Прыгоды Муркі» (1997), «Дзівосы Лысай гары...» (1999), аповесці «Скажы мне праўду» (1978), «Белая знічка» (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНЫ ДЫЯЛЕ́КТ, сацыялект,
мова пэўнай сац. групы, што існуе ў межах агульнанар. мовы. С.д. былі мовай працоўна-прафес. груп (ганчароў, шаўцоў, рыбакоў, паляўнічых, шапавалаў і інш.), што калісьці адыгрывалі значную ролю ў гасп. укладзе грамадства. У наш час С.д. прадстаўлены мовамі прафес. карпарацый, часам арганізаваных фармальна (праз сімволіку, форму адзення і інш.): маракоў, чыгуначнікаў, ваенных, мастакоў, журналістаў, палітыкаў і інш. Узнікаюць і функцыянуюць як адметная рыса паводзін і зносін самых розных больш-менш акрэсленых сац. груп (секты, касты, аб’яднанні дэкласаваных элементаў, групоўкі фанатычных аматараў пэўнага віду спорту, жанру музыкі, занятку). У С.д. замацоўваюцца асаблівасці дачыненняў і камунікавання такіх калектыўных соцыумаў, як спартсмены, навучэнцы, студэнты. Істотныя ўласцівасці С.д. (прадстаўлены ў кожным з іх не абавязкова з найб. паўнатой); адсутнасць, пераважна, сваёй граматыкі і фанетыкі (гэтым адрозніваюцца ад тэр. дыялектаў), спец. тэрміналагічная сістэма, якая выконвае жаргонаўтваральную функцыю. Лексічны склад С.д. і ўся сістэма жаргоннага камунікавання — сведчанне існавання і адноснай сац. значнасці пэўнага тыпу субкультуры. Узнікненне і функцыянаванне С.д. — адна з праяў працэсу бесперапыннага вар’іравання мовы ў сац. прасторы і гіст. часе (параўн.арго, дыялект, ідыялект, нацыялект, храналект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ЮДЗІС»
(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),
масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт.Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у бок кансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», з чэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел.нар. фронту.
Літ.:
Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),
міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах. Еўропа, Усх. Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-яг. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЯ́ТЫЧЫ,
вёска ў Жарабковіцкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Ведзьма. За 16 км на ПнУ ад г. Ляхавічы, 236 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 342 ж., 148 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — парк (2-япал. 18 ст.).
Вядомы з 1506 як мястэчка ў ВКЛ, уласнасць Петкавічаў; у 16—18 ст. у Новагародскім пав. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай, у 1842—1920 — Мінскай губ. (у 1919—20 у Баранавіцкім пав.). У 1886—705 ж., 75 двароў, царква. У 1-й чвэрці 19 ст. М.Абуховіч пабудаваў у С. палац у стылі позняга класіцызму, дзе размяшчаліся карцінная галерэя (творы Ю.Пешкі, Ф.Рушчыца і інш.), габелены, архіў уладальніка маёнтка, б-ка (5 тыс. тамоў). Зборы загінулі ў 1-ю сусв. вайну. У 1920—39 С. ў складзе Польшчы, мястэчка ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 715 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 вёска ў Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай, з 1954 — Брэсцкай абл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕАБО́РГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1906,
узброенае выступленне 31 ліп. —2 жн. салдат і матросаў крэпасці Свеаборг у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Рыхтавалася фінл.ваен. арг-цыяй РСДРП як ч. агульнага паўстання Балт. флоту, але пачалося стыхійна і заўчасна. Адбывалася пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя, свабоды народа, перадачы зямлі сялянам. Салдаты і матросы (каля 2 тыс.чал.), якіх узначалілі афіцэры-бальшавікі падпаручнікі А.П.Емяльянаў і Я.Л.Каханскі, авалодалі шэрагам умацаваных астравоў і пачалі артыл. абстрэл цэнтр. часткі крэпасці, дзе знаходзіліся камендант і верная ўраду ч. гарнізона (3 роты з 10). Да паўстанцаў далучыліся атрады фін.Чырв. гвардыі (каля 200 чал.). Разлікі кіраўнікоў С.п., што на дапамогу яму хутка прыйдуць рэв. караблі Балт. флоту з Кранштата, дзе таксама мела адбыцца паўстанне, не спраўдзіліся. Кранштацкае паўстанне пачалося са спазненнем (у ноч на 2 жн.) і было адразу задушана, флот застаўся пад кантролем урада. 1 жн. браняносец «Цэсарэвіч» і крэйсер «Багатыр» пачалі жорсткую бамбардзіроўку пазіцый паўстанцаў, якія 2 жн. спынілі супраціўленне. З удзельнікаў С.п. 43 чал., у т. л. Емяльянаў і Каханскі, расстраляны, каля 1 тыс.чал. прыгавораны да катаргі, турмы і дысцыплінарных рот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,
расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час.«Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.Бенуа і С.Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.Астравумава-Лебедзева, Л.Бакст, І.Білібін, М.Дабужынскі, А.Галавін, І.Грабар, К.Каровін, Б.Кустодзіеў, М.Рэрых (старшыня), Я.Лансерэ, К.Сомаў, В.Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус.рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выходзіла з 15(27). 11.1898 да 29.11(12.12). 1905 у Вільні на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася кансерватыўна-асв., у 1905 памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нац. і рэліг. прымірэння. Беларусь лічыла «рускім краем», не прызнавала існавання бел. нацыі. Пад уплывам рэв. руху крытыкавала непаслядоўнасць дэмакр. рэформ у Расіі. Друкавала навук.-папулярныя нарысы пра дасягненні навукі, артыкулы па краязнаўстве, этнаграфіі, геаграфіі, медыцыне, літ.-крытычныя агляды, рэцэнзіі, інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў краі. У перакладзе на рус. мову змяшчала творы польскіх, франц., ням. пісьменнікаў, нарысы пра творчасць М.Гогаля, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, М.Някрасава і інш., адзначала папулярнасць і талент М.Горкага, у ліберальна-бурж. адаптацыі падавала думкі В.Бялінскага, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага. Друкавала агляды віленскіх маст. выставак, падрыхтаваныя прапагандыстам сімвалізму Г.Каспяровічам. Публікавала творы Д.Бохана, у т. л. пераклад польскага верша Я.Лучыны «На могілках», нарыс пра творчасць У.Сыракомлі. Змясціла некралог «Ф.К.Багушэвіч» і арт. М.Радзіна «Памяці Ф.К.Багушэвіча», характарызавала яго як адваката і гуманнага чалавека.