ТА́МПЕРЭ.

Тамерфорс (фін. Tampere, швед. Tammerfors), горад на ПдЗ Фінляндыі, на пратоцы паміж азёрамі Нясіярві і Пюхяярві. Каля 190 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Азёрны порт. Аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, харчовая. ГЭС. Ун-ты. Музеі: маст. гар., сучаснага мастацтва, маст. галерэя.

Упершыню згадваецца ў 1405 (шведская назва Тамерфорс). У 1779 атрымаў гар. права. У 1809 далучаны да Рас. імперыі. З 1821 меў права бяспошліннага ўвозу сыравіны і абсталявання. Да сярэдзіны 19 ст. стаў буйным тэкстыльным цэнтрам. У 1896 у Т. 278 прамысл. прадпрыемстваў.

Я.​У.​Новікаў (гісторыя).

т. 15, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́САЎ Сцяпан Пятровіч (1803?—?),

дзекабрыст, прапаршчык Палтаўскага пях. палка. У 1824 прыняты ў Т-ва з’яднаных славян. 18.2.1826 у Бабруйску ў час агляду Палтаўскага палка заклікаў салдат узняцца на барацьбу супраць царызму. Арыштаваны і закаваным у кайданы дастаўлены ў Магілёў, але ваенна-судовая камісія вырашыла судзіць яго пры Палтаўскім палку. На следстве не прызнаўся ў прыналежнасці да тайнага т-ва і нікога не выдаў. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвай катаргай. Пакаранне адбываў у Бабруйскай крэпасці. У 1863 пераведзены ў разрад «тэрміновых вязняў». Далейшы лёс невядомы.

Літ.:

Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ (Tree) Герберт Дрэйпер Бірбам (17.12.1853, Лондан —2.7.1917),

англійскі акцёр, антрэпрэнёр, рэжысёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1876, з 1887 узначальваў т-р «Хеймаркет», у 1897—1915 — т-р «Хэр Маджэстыс». Паставіў 20 п’ес У.​Шэкспіра. Сярод інш. спектакляў: «Танцоўшчыца» Г.​Джонса (1891), «Жанчына, не вартая ўвагі» О.​Уайльда (1893), «Ірад» (1900), «Уліс» (1902), «Нерон» (1906) С.​Філіпса, «Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога (1903), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1914) і інш. Пастаноўкі вылучаліся відовішчнасцю, пышнасцю, знешнімі эфектамі. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, Рычард II (аднайм. п’есы Шэкспіра), Няхлюдаў («Уваскрэсенне»), У 1904 у Лондане заснаваў школу драм. мастацтва (пазней Каралеўская акадэмія драм. мастацтва).

т. 15, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭ́КА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Teka Wileńska» «Віленскі зборнік»),

часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1857—58 у Вільні на польскай мове раз у 2 месяцы. Рэдактар-выдавец А.Кіркор. Змяшчаў матэрыялы, тэматычна і праблемна звязаныя з Беларуссю, у т. л. паэт. творы А.​Адынца, пераклады з рус. і чэш. паэзіі В.​Каратынскага, аповесць А.​Плуга «Пястуха», апавяданні Г.​Пузыны «Што можа любасць», гісторыка-краязнаўчы нарыс У.​Сыракомлі «Мінск». Меліся быць апублікаваны бел. паэмы А.​Вярыгі-Дарэўскага. Выйшла 6 нумароў. Закрыты ўладамі. Матэрыялы, падрыхтаваныя да наступных нумароў, выдадзены пад назвай «Pismo zbiorowe Wilerískie» («Віленскі альманах», т. 1—2, 1859—60).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УАЙТ (White) Эдуард (1930, г. Сан-Антоніо, штат Тэхас, ЗША — 27.1.1967),

касманаўт ЗША. Магістр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952), Мічыганскі ун-т (1959). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 3—7.6.1965 з Дж.​Макдывітам здзейсніў (як 2-і пілот) палёт на касм. караблі «Джэміні-4» (першы з амер. касманаўтаў выйшаў у адкрыты космас). Загінуў з В.Грысамам і Р.​Чафі пры наземных выпрабаваннях першага касм. карабля «Апалон». У космасе правёў 4,08 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 23 мін. Залаты медаль НАСА «За выключныя заслугі». Яго імем названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́РКАШ (Farkas) Ферэнц (н. 15.12.1905, г. Надзьканіжа, Венгрыя),

венгерскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1970). Вучань А.Рэспігі. Выкладаў у муз. вучылішчы ў Будапешце, у кансерваторыі г. Клуж-Напока (з 1941 праф., з 1944 дырэктар) і інш., у 1949—75 праф. Вышэйшай муз. школы ў Будапешце. Муз. стыль сфарміраваўся пад уплывам венг. муз. фальклору, венг. і італьян. традыцый прафес. музыкі. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Чароўны куфар» (паст. 1942), аперэты, у т. л. «Чынам Палка» (паст. 1950), балеты, сімф. творы, камерна-інстр. музыка, канцэрціна для арфы з арк. (1937), музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕ́МІНГ (Fleming) Александэр (6.8.1881, Локфілд, Вялікабрытанія — 11.3.1955),

англійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1943). Чл. Парыжскай АН (1946). Скончыў мед. школу пры Лонданскім ун-це (1906). У 1908—14 і з 1918 у лонданскім Бактэрыял. ін-це (з 1928 праф., у 1946—54 дырэктар). З 1948 у Лонданскім ун-це (праф. бактэрыялогіі). У 1951—54 рэктар Эдынбургскага ун-та. Навук. працы па імуналогіі, агульнай бактэрыялогіі, хіміятэрапіі, антысептыках, антыбіятычных рэчывах. Адкрыў антыбіятычныя ўласцівасці лізацыму (1922) і пеніцылін (1929). Нобелеўская прэмія 1945 (з Х.У.Флоры і Э.Б.Чэйнам).

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Флемінг.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФОРД МО́ТАР»

(«Ford Motor»),

буйная аўтамабільная карпарацыя ў ЗША (г. Дэтройт). Засн. Г.Фордам у 1903. Выпускае легкавыя аўтамабілі марак «Форд», «Лінкальн», «Меркурый» і інш. Мае 75 філіялаў у ЗША. З яе канвеераў зыходзіць кожны трэці легкавы аўтамабіль у краіне. Кампанія размешчана ў Дэтройце і прыгарадах на тэр. 450 га. У вытв-сці заняты 359 тыс. чалавек (на канец 1980-х г.). Чысты прыбытак карпарацыі на гэты перыяд склаў 5,3 млрд. долараў. Свае аддзяленні карпарацыя мае ў Еўропе, Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Прымае ўдзел у аўтамаб. вытв-сці Аргенціны, Бразіліі, Малайзіі, Тайваня, Турцыі.

т. 16, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНДА́ЦЫЯ ІМЯ́ П.КРАЧЭ́ЎСКАГА,

бел. грамадская дабрачынная арг-цыя ў замежжы. Створана ў 1958 у Нью-Йорку, каб «утрымліваць у Злучаных Штатах Амерыкі беларускі культурны цэнтр, у якім будуць сабраны і захаваны гісторыя і традыцыя Беларусі». Старшыні: М.​Гарошка, В.​Тумаш, Ф.Бартуль (з 1982). У 1963 фундацыя набыла жылыя дамы ў Нью-Йорку, фін. прыбытак ад здачы ў арэнду якіх выкарыстоўваецца на падтрымку бел. культуры, устаноў, у т. л. Беларускага інстытута навукі і мастацтва, асобных даследчыкаў. Мае б-ку, захоўвае архівы вядомых бел. дзеячаў. Праводзіць навук. і літ. вечарыны, грамадскія сходы, сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́НДЗІ МО́ВА,

адна з індыйскіх моў. Афіц. і адна з асн. моў Індыі. Існуе 2 групы дыялектаў: зах. і ўсх., якія маюць значныя структурныя адрозненні. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — сэнсаадрознівальная працягласць і назалізацыя галосных; у марфалогіі — мноства аналіт. форм імя і дзеяслова; у сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя сказа з выказнікам у форме дзеяслова закончанага трывання залежнага стану. У адрозненне ад блізкароднаснай урду мовы Х.м. шырока выкарыстоўвае санскрыцкія лексічныя і словаўтваральныя сродкі. Сучасная літ. Х.м. пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. Пісьменнасць на аснове алфавіту дэвангары (гл. Індыйскае пісьмо).

Літ.:

Катенина Т.Е. Язык хинди. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 17, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)