ФРЭ́ЗЕРНЫ СТАНО́К,

1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі фрэзераваннем розных паверхняў (плоскасцей, фасонных канавак і інш.). Адрозніваюць Ф.с.: універсальныя — вертыкальна-Ф.с. (кансольныя і бескансольныя), гарызантальна-Ф.с., падоўжна-Ф.с.; спецыялізаваныя — карусельныя, капіравальна-Ф.с., разьба-, зубафрэзерныя (выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы аднатыпных дэталей); спец. (робяць адну ці некалькі пэўных фрэзерных аперацый). На Беларусі Ф.с. вырабляюцца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебскім заводзе заточных станкоў, Гомельскім станкабуд. з-дзе імя Кірава.

2) У дрэваапрацоўцы — станок для фрэзеравання дэталей крывалінейнай формы, зарэзкі пальцаў, контурнай апрацоўкі шчытоў ці вузлоў вырабаў і г.д.

Універсальны фрэзерны станок (Германія): 1 — папярочны супарт; 2 — паваротная фрэзерная галоўка; 3 — стол; 4 — кансоль; 5 — станіна.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРТЫ́,

пароды паляўнічых сабак. Каля 20 парод (рускія псовыя і стэпавыя, тазы, англійскі, афганскі, арабскі і інш.). Вядомы са старажытнасці. Выкарыстоўваюць у паляванні на зайцоў, лісоў, ваўкоў, дробных антылоп. Х. даганяюць, затрымліваюць ці душаць здабычу.

Канстытуцыя сухая, моцная. Выш. ў карку 65—82 см. Галава доўгая і вузкая, вушы невял., моцна адцягнутыя назад. Спіна і паясніца ўтвараюць выгнутую лінію (напружыну). Жывот моцна падцягнуты. Хвост шаблепадобны. Масць (аднатонная ці плямістая) палевая і шэрая розных адценняў, тыгровая, рыжая, чорная. Шэрсць мяккая. хвалістая або з буйнымі завіткамі. Тып паводзін ураўнаважаны з характэрнай рэзкай узбудлівасцю ў час палявання.

Харты: 1 — слугі (арабскі); 2 — рускі псовы; 3 — афганскі; 4 — грэйхаўнд (англійскі).

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕ́РНІЦА.

мялка, традыцыйная сялянская прылада для першаснай апрацоўкі (мяцця) ільняной ці канаплянай трасты. На Беларусі вядомы 2 асн. тыпы Ц.: нахільная (Пн, У) і гарыз. (ПнЗ, ПдУ), 1- і 2-рэбравыя. Выраблялі іх звычайна са ствала дрэва даўж. больш за 1,5 м, выкапанага з каранямі, якія з аднаго канца служылі ножкамі (другі канец ляжаў на зямлі). У ствале па даўжыні выдзёўбвалі жолаб, у які ўстаўлялася 1- ці 2-рэбравае біла. Гарыз. Ц. складалася з 2 або 3 гарызантальна ўмацаваных на стойках дошчачак (шчок), у адтуліну паміж якімі зверху заходзіла біла (язычок). У наш час выйшлі з ужытку.

Г.​М.​Курыловіч.

Церніца.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭАЛІ́ТЫ (ад грэч. zeō кіплю + lithos камень),

група мінералаў з класа сілікатаў, водныя алюмасілікаты кальцыю і натрыю, радзей інш. шчолачных і шчолачназямельных металаў. Бываюць сінт. і прыродныя (анальцым, натраліт, гейландыт, ламантыт, шабазіт і інш.).

Белыя ці бясколерныя, жаўтаватыя, ружаватыя крышталі розных крышталеграфічных сінганій. Шчыльнасць 1900—2800 кг/м³ Тэрма- і кіслотаўстойлівыя. Пры награванні ўспучваюцца (адсюль назва), лёгка аддаюць і зноў паглынаюць нязвязаную ваду, не мяняючы сваёй структуры. Радовішчы прыродных Ц. пашыраны ў свеце, у т. л. на Беларусі. Сінт. атрымліваюць крышталізацыяй пры 80—100 °C сумесі сілікатаў і алюмінату натрыю. Выкарыстоўваюць пры высушванні, ачыстцы і раздзяленні рэчываў, у якасці іонаабменнікаў, каталізатараў ці іх носьбітаў.

т. 17, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭМПІЁН (англ. Champion ад позналац. campio змагар),

1) званне, якое прысвойваецца пераможцу (спартсмену ці камандзе) у афіц. спарт. спаборніцтвах (напр., чэмпіянатах) па пэўных відах спорту, комплексных спарт. спаборніцтваў, у т. л. Алімп. гульняў, спартакіяд і інш. Абсалютны Ч. — пераможца спаборніцтваў сярод усіх удзельнікаў, незалежна ад узросту, масы цела і інш. Абс. чэмпіянаты праводзяць у боксе, барацьбе, культурызме і інш. У гімнастыцы званне абс. Ч. прысвойваецца за перамогу ў мнагабор’і. Званне алімп. Ч. захоўваецца за спартсменам навечна.

2) Жывёла (напр., сабака), якая па колькасці балаў (выстаўляюцца трыма і больш рознымі экспертамі) атрымлівае першае месца на выстаўцы ці ў спаборніцтвах.

Т.​У.​Люковіч.

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЛІТЫ́ЧНАЯ ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ,

поўны ці частковы распад растворанага рэчыва на іоны. Адбываецца ў выніку сальватацыі малекул растворанага рэчыва малекуламі растваральніку. Класічная тэорыя Э.д. створана С.А.Арэніусам і В.Ф.Оствальдам.

Мера Э.д. — ступень дысацыяцыі (доля малекул, якія распаліся на іоны). У растворах слабых электралітаў распадаецца на іоны нязначная ч. малекул рэчыва, а таксама малекул растваральніку. Дынамічная раўнавага паміж недысацыіраванымі малекуламі і іонамі апісваецца дзейных мас законам. У растворах моцных электралітаў амаль усе малекулы распадаюцца на іоны. Пры гэтым у выніку асацыяцыі іоны аб’ядноўваюцца ў пары ці больш складаныя агрэгаты, якія звычайна электранейтральныя і не ўдзельнічаюць у пераносе эл. зараду. Гл. таксама Растворы.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДАВІ́ТЫЯ РЫ́БЫ,

рыбы, якія маюць у арганізме рэчывы, таксічныя для інш. відаў жывёл. Каля 500 відаў. Маюць асобыя залозы, якія выпрацоўваюць яд, ці змяшчаюць ядавітыя рэчывы ў некат. тканках цела. Напр., у марскіх дракончыкаў, ці рыб-змеек, на жаберных накрыўках ёсць доўгія вострыя шыпы з раўчукамі, у аснове якіх знаходзяцца ядавітыя залозы. Пры ўколе шыпам залозістыя клеткі разрываюцца і па раўчуках яд трапляе ў рану. У скарпенавых рыб залозы злучаны з шыпамі на плаўніках. Ядавітай бывае ікра некат. рыб (вусача, марынкі), сываратка крыві (напр., вугра, мурэны, скатаў). Пры выдаленні з рыб частак, якія маюць ядавітыя рэчывы, іх мяса ядомае.

т. 18, кн. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯКО́МПАС,

аэранавігацыйная прылада, якая паказвае курс лятальнага апарата адносна магн. і геагр. мерыдыянаў, зададзенага напрамку ці напрамку на радыёмаяк. Бываюць магнітныя, гіраіндукцыйныя, астранамічныя. Гл. таксама Радыёкомпас.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬЕ́РА (франц. volière),

агароджаная пляцоўка з клеткамі ці домікамі для ўтрымання дробных жывёл і птушак. Бываюць закрытыя (з навесам) і адкрытыя. Робяць у заапарках, зверагаспадарках, запаведніках.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РКІ,

цёплыя боты з лямцу ці фетру, а таксама пашытыя з сукна (з ватовай пракладкай) на скураной падэшве. Насілі з бахіламі, галошамі ў халодную пару года.

т. 3, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)