МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),
пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел.нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІў Мінску,
помнік у гонар перамогі сав. народа надфаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.Заборскі, У.Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс.чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс.чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч.фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т.Т. 1. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫТАТЫ́ЎНАЯ ЛІ́РЫКА,
жанр лірычнай паэзіі, у якім перадаецца роздум над праблемамі жыцця і смерці, дружбы і кахання, чалавека і прыроды і інш. Асаблівае пашырэнне атрымала ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў. Да М.л. звярталіся А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Блок, М.Рыльскі, Т.С.Эліят, Р.М.Рыльке і інш. У бел. л-ры заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча («... Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», «...Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы»), які разважаў пра сутнасць жыцця і смерці, класавы падзел грамадства, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Творы М.л. ёсць у Я.Купалы («...Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Мая навука»), А.Куляшова (цыкл «Маналог»), М.Танка («Мне здаецца», «...Божа паэзіі»), С.Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), А.Вярцінскага («Дзівак чалавек», «...Абрастаем»), П.Макаля («...Век з рэактыўнай хуткасцю імкне»). Жанравую актуальнасць сучаснай М.л. вызначае спалучэнне філас. і грамадз. аспектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДАкачак,
мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).
Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.
Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1586—1758 пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Найб. вядома яго дзейнасць у 18 ст. У 1750-я г. т-рам кіраваў Ю.Катэнбрынг. На лац. і польск. мовах ставіліся п’есы, якія звычайна змяшчалі пралог, асн. сюжэт (да 3 актаў), хоры, інтэрлюдыі, балеты і эпілог. Сярод пастановак панегірык «Відовішчы свету» (1723), драмы «Дух бураў, які выкліканы з віннага склепа сярод пенных чашаў лютасцю тырана» (1730), «Залатая свабода без свабоднай улады царства мудрых» (1732), «Шчаслівыя выгнаннікі Эрэзій і Фруменцый» (1748), трагедыі «Смерць Менсея — вакханалія» (1737), «Сіроэс» (1758) і трагедыя-балет «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1755, абедзве Катэнбрынга), камедыя «Дзікі амерыканец, альбо Прастата, якая кіруецца светам прыроджанага розуму» (1758) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларуская тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 мнад далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1796 з дрэва ва ўсх.-палескай традыцыі палескіх школ дойлідства. 3-зрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтр. і 5-граннага алтарнага (з рызніцай з Пн) зрубаў. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтр. аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтр. аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Алтарная частка аддзелена ярусным разным іканастасам. Побач з царквой 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) пад гранёным купальным дахам.