КУТУ́ЗАЎ, Галянішчаў-Кутузаў Міхаіл Іларыёнавіч (16.9 1745, С.-Пецярбург — 28.4.1813), расійскі палкаводзец, дыпламат.Ген.-фельдмаршал (1812), святлейшы князь Смаленскі (1812). Вучань А.В.Суворава. Скончыў артыл.-інж. школу ў Пецярбургу (1759). Удзельнік экспедыцый рас. войск у Рэч Паспалітую 1764—65, 1769 і 1792, рус.-тур. войнаў 1768—74 (у выніку ранення страціў правае вока) і 1787—91. У 1776—79 памочнік Суворава ў Крыме. У 1792—94 пасол у Канстанцінопалі (Стамбуле). З 1795 камандуючы рас.сухап. войскамі, флотам і крэпасцямі ў Фінляндыі. У 1799—1801 і 1809—11 літоўскі, у 1801—02 пецярбургскі ваен. губернатар, потым да жн. 1805 у адстаўцы. Галоўнакамандуючы рас. войскамі ў руска-аўстра-французскую вайну 1805 (гл. таксама Аўстэрліцкая бітва), рус.-тур. вайну 1806—12 (з сак. 1811 дамогся заключэння Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812) і вайну 1812 (са жн., у т. л. правёў Барадзінскую бітву 1812). У час Бярэзінскай аперацыі 1812 быў у Копысі, потым у мяст. Круглае, Жукавец, Радашковічы і інш. месцах. У звароце да жыхароў ВКЛ (8 снеж. 1812), а таксама ў лістах П.В.Чычагаву (9 снеж.) і А.Л.Гарчакову (28 снеж.) патрабаваў, каб рас. войскі не пакідалі жыхароў бел. губерняў без харчавання, не чынілі ім крыўды. З лют. 1813 галоўнакаманд. саюзнымі рас. і прускімі войскамі (гл.Замежныя паходы рускай арміі 1813—14); памёр у г. Бунцлаў (цяпер Баляславец, Польшча). Пахаваны ў Казанскім саборы ў Пецярбургу, каля якога яму пастаўлены помнік. З 1942 вышэйшыя камандзіры Сав. Арміі ўзнагароджваліся ордэнамі К. трох ступеней (захаваўся ў арміі Рас. Федэрацыі).
Тв.:
Письма, записки. М., 1989.
Літ.:
Жилин П.А. Фельдмаршал М.И.Кутузов: Жизнь и полководческая деятельность. 3 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.
Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл.Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),
расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв.ВКЛ у канцы 16 ст.Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус.геагр.т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс.км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр.т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр.т-ваСССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.
Тв.:
Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;
От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;
От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр.Ільін) Фёдар Фёдаравіч
(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн.ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав.ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс.ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л.ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац.тэатр.Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац.т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
Горад Браціслава.Мост цераз Дунай у Браціславе.Да арт.Браціслава. Замак. 9—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл.Рэв.укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр.с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр.с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр.камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.
Тв.:
Рус.пер.: — Собр. соч.Т. 1—9. М., 1911—17;
Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киев, 1990);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т СССР,
вышэйшы пастаянна дзеючы орган дзярж. улады ў СССР у 1936—91. Да 1989 выбіраўся грамадзянамі СССР на 4 гады на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем. Складаўся з 2 раўнапраўных палат: Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей. Кожная палата стварала пастаянныя камісіі.
Сесіі склікаліся не радзей чым 2 разы на год. Са складу Вярхоўнага Савета СССР выбіраўся Прэзідыум. Вярхоўны Савет СССР ствараў урад Савета Міністраў СССР, выбіраў Вярх. суд СССР, прызначаў Ген. пракурора СССР, зацвярджаў 5-гадовыя планы развіцця краіны. Скліканні Вярхоўнага Савета СССР: 1-е (1937), 2-е (1946), 3-е (1950), 4-е (1954), 5-е (1958), 6-е (1962), 7-е (1966), 8-е (1970), 9-е (1974), 10-е (1979), 11-е (1984). З 1989 склад Вярхоўнага Савета СССР фарміраваўся на з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Паводле Закона СССР ад 5.9.1991 «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» Вярхоўны Савет СССР складаўся з 2 самаст. палат: Савета Рэспублік і Савета Саюза. Прадугледжвалася, што ў Савет Рэспублік павінна ўваходзіць па 20 дэпутатаў ад кожнай суверэннай рэспублікі з нар. дэпутатаў СССР і рэспублік. Іх дэлегавалі вышэйшыя органы дзярж. улады гэтых рэспублік. У адпаведнасці з пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 18.9.1991 у склад Савета Рэспублік было дэлегавана 9 нар. дэпутатаў СССР і 11 нар. дэпутатаў Беларусі. Савет Саюза фарміраваўся дэпутацыямі суверэнных рэспублік толькі з нар. дэпутатаў СССР па ўзгадненні з вышэйшымі органамі дзярж. улады рэспублік. Ад Рэспублікі Беларусь у Савет Саюза ўваходзіла 10 дэпутатаў. Вярхоўны Савет СССР сумеснымі рашэннямі абедзвюх палат мог уносіць змены ў Канстытуцыю СССР, прымаць у склад Саюза ССР новыя дзяржавы, заслухоўваць Прэзідэнта СССР па найб. важных пытаннях і інш. У снеж. 1991 у сувязі са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансацыяй Дагавора 1922 аб стварэнні СССР Вярхоўны Савет СССР спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ІСП; Partito Socialista Italiano — PSI),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Італіі. Засн. ў 1892 на ўстаноўчым з’ездзе ў г. Генуя пад назвай Партыя італьян. працоўных у выніку аб’яднання анархісцкай Рэв.сацыяліст. партыі і Рабочай партыі (абедзве засн. ў 1881). Паводле праграмы, прынятай на 2-м з’ездзе (1893; у 1919, 1934, 1956, 1976 уносіліся змены), мэтамі партыі абвешчаны кааперацыя з бурж. ін-тамі, аграмаджванне сродкаў вытв-сці і інш. У 1893—95 наз.Сацыяліст. партыя італьян. працоўных, у 1930—47 — Італьян.сацыяліст. партыя пралетарскага адзінства, з 1966 Аб’яднаная італьян.сацыяліст. партыя — Італьян.с.-д. партыя, з 1968 — Італьян.сацыяліст. партыя — секцыя Сацыяліст. інтэрнацыянала. У 1894 — пач. 20 ст. забаронена ўладамі, у 1920 стала масавай партыяй (216 тыс.чл.). У 1921 ад партыі аддзялілася яе рэв. крыло, якое ўтварыла Італьян.камуніст. партыю (ІКП). У 1926—43 забаронена разам з інш. антыфаш. партыямі. У 1934 заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з камуністамі. У 1944—47 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў. У 1947 правае крыло на чале з Дж.Сарагатам утварыла Італьян.с.-д. партыю. У час «халоднай вайны» выступала з нейтральных і пацыфісцкіх пазіцый. Пасля XX з’езда КПСС і венг. падзей 1956 разарвала супрацоўніцтва з ІКП. З 1963 удзельнічала ў левацэнтрысцкіх кааліцыях, што прывяло да расколу (у 1964 створана Італьян.сацыяліст. партыя пралет. адзінства, распушчана ў 1972, увайшла ў ІКП). Пасля паражэння на выбарах 1968 страціла папулярнасць, вярнула яе ў 1978, выступіўшы з праграмай шырокага саюзу дэмакр. сіл. У 1983—87 суправячая партыя (прэм’ер-міністр Б.Краксі, ген. сакратар ІСП у 1976—93). Выяўленне ў 1993 карупцыйнай аферы з удзелам вядучых палітыкаў ІСП выклікала ў партыі ўнутр. крызіс. Пасля выбараў 1994 увайшла ў парламенцкую кааліцыю левых сіл. Друкаваны орган — газ. «Avanti!» («Наперад!», з 1896). Кіруючы орган — з’езд.