КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОХ (Koch) Іозеф Антон (27.7.1768, Эльбігенальп, Аўстрыя — 12.1.1839),

аўстрыйскі жывапісец і афартыст. Вучыўся ў г. Штутгарт (Германія; 1785—91). З 1795 працаваў у Рыме (у 1812—15 у Вене). Пісаў жывыя, напоўненыя экспрэсіяй пейзажы ў духу класіцызму. Значна паўплываў на развіццё пейзажнага жывапісу ў Германіі. Больш познім творам уласцівы рысы рамантызму. Сярод работ: «Ахвярапрынашэнне Ноя» (1813), «Бернскі Оберланд» (1815), «Вадаспад у Шмадрыбаху» (1821—22), «Пейзаж з Макбетам і вядзьмаркамі» (1829). Аўтар фрэсак для адной з залаў вілы Масімі ў Рыме (1827—29), ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ і інш.

І.Кох. Вадаспад у Шмадрыбаху. 1821—22.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕРА (Kotěra) Ян (18.12.1871, г. Брно, Чэхія — 17.4.1923),

чэшскі архітэктар; заснавальнік чэш. арх. школы 20 ст. Вучыўся ў Прамысл. школе ў г. Пльзень (1887—90) і АМ у Вене (1894—97) у О.​Вагнера. Выкладаў у Празе ў Маст.-прамысл. школе (з 1898) і АМ (з 1911). Раннія работы ў стылі мадэрн, пасля 1906 імкнуўся да функцыян. мэтазгоднасці, прастаты і тэктанічнай выразнасці форм: адм. будынак (1903—04) і музей (1908—12) у Градзец-Кралаве, Нар. дом у Просцеёве (1905—07), будынкі юрыд. ф-та ун-та ў Празе (1907—20), банка «Славія» ў Сараеве (1911—12).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР (Kruger) Паўлус (10.10.1825, Ваалбанк каля г. Колсберг, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 14.7.1904),

паўднёваафрыканскі дзярж. дзеяч. З 1864 ген. камендант рэспублікі Трансвааль. Пад яго кіраўніцтвам у 1880 паўсталі афрыканеры (буры) Трансвааля і Аранжавай рэспублікі, якія ў 1881 дамагліся ад англічан прызнання сваёй незалежнасці. У 1883—1902 прэзідэнт Трансвааля. Імкнуўся абараніць бурскую рэспубліку ад калан. экспансіі Вялікабрытаніі. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 пасля акупацыі англічанамі сталіцы Трансвааля г. Прэторыя (чэрв. 1900), намагаўся знайсці падтрымку нац.-вызв. барацьбы бураў у краінах Еўропы. Ініцыятар стварэння нац. парку на У Трансвааля (1898). Аўтар мемуараў (1902).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЕ́НКА Сяргей Мікалаевіч (1.2.1847, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.6.1906),

расійскі публіцыст, рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1867). У 1873—83 на старонках час. «Отечественные записки» распрацоўваў праграму і тактыку народніцтва, адстойваў прынцып вярх. права народа на зямлю, прапагандаваў кааператыўныя прадпрыемствы, здольныя канкурыраваць з капіталіст. вытв-сцю. З 1876 чл. «Народнай волі». У 1884—90 у ссылцы ў Вяцкай і Табольскай губ. У 1891—95 рэдактар час. «Русское богатство», у 1896—97 — «Новое слово», дзе прапагандаваў «малых спраў тэорыю». Аўтар успамінаў пра І.​С.​Тургенева і М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ Фёдар Андрэевіч (23.3.1916, Мінск — 7.11.1959),

адзін з арганізатараў Асіповіцкага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік баёў каля воз. Хасан (1938), на р. Халхін-Гол (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну стварыў у Асіповічах некалькі падп. груп, адну з якіх узначальваў. 30.7.1943 на чыг. ст. Асіповічы правёў буйную дыверсію, у выніку якой знішчаны 4 варожыя эшалоны, у т. л. 1 з новымі танкамі «Тыгр» і бронемашынамі. Са жн. 1943 кіраўнік дыверсійнай групы ў атрадзе 1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У лютым—ліп. 1944 упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Асіповічах. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.

Ф.А.Крыловіч.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТУА́ЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

прыдворна-рыцарскі кірунак у еўрап. л-ры 12—14 ст.; прадстаўлена лірыкай трубадураў і трувераў у Францыі, мінезінгераў у Германіі і рыцарскімі раманамі. Пафас К.л. — ідэалы саслоўнага гонару і доблесці не ў імя роду ці краіны, як у гераічным эпасе, а асабістай славы і маральнага ўдасканалення. Куртуазная лірыка ўзбагаціла паэзію новымі тэмамі, жанравымі формамі, вершаванымі памерамі, рыфмай; рыцарскі раман і навела распрацоўвалі ант. і візант. сюжэты, тэматыку кельцкіх сказанняў аб легендарным каралю Артуру. У К.л. вылучаецца фігура творцы, з чым звязана ўслаўленне індывід. якасцей, паглыбленне псіхал. характарыстык, больш тонкае ўспрыняцце прыроды, устаноўка на займальнасць, авантурнасць.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЯНКО́Ў Мікола (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.​Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.

М.Кусянкоў.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НАЎ Яўген Міхайлавіч (20.11.1913, с. Храшчоўка Самарскай вобл., Расія — 6.11.1976),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1938). З 1958 у Ін-це ядз. фізікі АН Узбекістана, у 1969—76 у Ін-це цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, адначасова ў 1969—74 праф. Мінскага пед. ін-та. Навук. працы па ўздзеянні ядз. выпрамяненняў на паўправадніковыя прылады, метадах нейтронна-актывацыйнага аналізу для вызначэння мікрадамешкаў у чыстых і звышчыстых матэрыялах, стварэнні радыеізатопных прылад.

Тв.:

Радиоизотопные приборы в промышленности строительных материалов. М., 1973 (у сааўт.).

Я.М.Лабанаў.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)