ША́РКАЎШЧЫНСКІ РАЁН Размешчаны на З Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 17.4.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 22,2 тыс.чал. (2003), гарадскога 33,8%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Шаркаўшчына. Раён уключае 272 сельскія нас. пункты, 8 сельсаветаў: Більдзюжскі, Валожынскі, Германавіцкі, Ёдскі, Лужкоўскі, Радзюкоўскі, Ручайскі, Станіславоўскі.
Тэр. раёна ў межах Дзісенскай нізіны. Паверхня плоскаўвагнутая, значная ч. забалочаная, участкамі вылучаюцца марэнныя ўзгоркі; 80% яе ніжэй за 140 м, 20% на выш. 140—160 м. Найвыш. пункт 172 м (на Пнв. Гарбачэнкі). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 564 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р. Дзісна з прытокамі Янка, Маціца, Бярэжа, Бярозаўка, Паловіца, Мнюта. Найб. азёры: Ілава, Карцэя і Княж. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (93,9%). Пад лесам 23,7% плошчы. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя і чорнаальховыя лясы; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 7%) пераважна хваёвыя. Найб. лясныя масівы на Пн і ПдЗ, вылучаюцца масівы Асвята, Ілава, Журавоўшчына. Пад балотамі 6,5% тэр.Найб. балотныя масівы Даўбенішкі, Лясное. На тэр. раёна заказнікі: рэсп. значэння — гідралагічны Ельня (частка), біял.Забалацце (частка); мясц. значэння — гідралагічны Стрэчна (частка). Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі — «Ганова» ў в. Варонка, «Гарадзец» у в. Дзіўнае, «Юзафова» ў в. Юзафова, «Падоршчына» ў в. Падоршчына, геал. — гара Фядотава (в. Красная), града Зянкевіча (в. Парэчча), даліны — Быстрыцкая (в. Мельніца) і Местачковая (в. Лужкі); валуны — Вял. камень (в. Жукі-Ложныя, Лапунова) і Дубоўкаўскі (в. Дубоўка).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 71 тыс.га, з іх асушаных 36,6 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 18 калгасаў, 4 саўгасы, 35 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (мясныя, мяса-расл., агароднінныя кансервы, сокі, віно), буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), каап. (хлебабулачныя, макаронныя, кандытарскія, абараначныя вырабы, швейная прадукцыя), каап.-нарыхтоўчай (мясныя і каўбасныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Крулеўшчызна—Друя і аўтадарогі з Шаркаўшчыны на Браслаў, Міёры, Глыбокае, Дзісну. У раёне 9 сярэдніх, 15 базавых, 9 пач. школ, 11 дзіцячых садкоў, 24 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 19 фельч.-ак. пунктаў. Музеі: імя Язэпа Драздовіча ў в. Германавічы і імя І.П.Сікоры ў в. Алашкі. Помнікі архітэктуры: царква (пач. 20 ст.) у в. Варонка; Благавешчанскі касцёл (1787), царква (пач. 20 ст.) і сядзіба (канец 18 ст.) у в. Германавічы; сядзіба (18—19 ст.) і капліца (канец 18 ст.) у в. Дзіўная; вадзяны млын (19—пач. 20 ст.), Міхайлаўскі касцёл (1744—56, часткова перабудаваны ў 1843) і царква Раства Багародзіцы (1794) у в. Лужкі, Ільінская царква (пабудавана ў 1825 як касцёл, з 2-й пал. 19 ст. царква) у в. Шкунцікі. Выдаецца газ. «Кліч Радзімы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУМІ́ЛІНСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Сіроцінскі р-н, перайменаваны ў Ш.р. 23.11.1961 (скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966), у сучасных межах з 2.8.1966. Пл. 1,7 тыс.км², Нас. 24, 5 тыс.чал. (2003), гарадскога 44,5%. Сярэдняя шчыльн. 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Шуміліна. Раён уключае г.п.Обаль, 262 сельскія нас. пункты, 9 сельсаветаў: Дабейскі, Каўлякоўскі, Лаўжанскі, Мікалаеўскі, Мішневіцкі, Обальскі, Светласельскі, Сіроцінскі, Язвінскі.
Тэр. раёна пераважна ў межах Полацкай нізіны, усх. і паўд.-ўсх. часткі ў межах Гарадоцкага ўзвышша. Паверхня пераважна раўнінная, 85% яе на выш. 130—150 м, 13% на выш. 150—170 м. Найвыш. пункт 177 м (за 2 км на Пн ад в. Лескавічы). Агульны нахіл паверхні з У на 3. Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб.р.Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль (з Усысай і Чарняўкай) і Сечна. Найб. азёры: Будавесць, Дабееўскае, Мошня, Лескавічы, Сосна, Расалай, Мошна, Заронава (на мяжы з Віцебскім р-нам). Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (79%), дзярнова-падзолістыя (14,1%) і інш. Пад лесам 47,8% тэр. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэра- і чорнаальховыя, асінавыя лясы; трапляюцца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя; штучныя насаджэнні (каля 3%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 10,2% плошчы. Найб. балотныя масівы: Обаль-2, Дабееўскі Мох, Обаль-1, Ямішча, Чарніцкае балота, Чорны Мох. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (частка), гідралагічны Сосна. Ахоўны тарфянік Малахаў Мох Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун «Вялікі камень» у в. Горкі і валуны ў вёсках Гараватка і Шавекі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 58,7 тыс.га, з іх асушаных 24,5 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 12 калгасаў, 5 калект. унітарных с.-г. прадпрыемстваў, племптушкарэпрадуктар, 24 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (сыры, масла, цэльнамалочныя прадукты і інш.), каап. (хлебабулачныя вырабы), буд. матэрыялаў (цэгла), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно); лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Віцебск—Полацк, аўтадарогі Віцебск—Полацк, Гарадок—Лепель. У раёне 13 сярэдніх, у т. л. 3 школы-сады; 6 базавых, у т. л. 2 школы-сады; 5 пач. школ, у т. л. 3 школы-сады; школа-інтэрнат, 16 дашкольных устаноў, 24 клубныя ўстановы, 28 б-к, 4 бальніцы, амбулаторыя, 16 фельч.-ак. пунктаў. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: цэрквы — Сергіеўская (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Лескавічы, Успенская (канец 19 ст.) у в. Пабеда. Выдаецца газ. «Герой працы».
Літ.:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Віцебская вобл.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н НДІМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
навукова-даследчае рэсп. унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1958 на базе Мінскага праектнага бюро, створанага на аснове СКБ Мінскага з-да ЭВМ; у 1969 пераўтвораны ў Мінскі філіял Н.-д. цэнтра ЭВТ (Масква), з 1972 сучасная назва. У структуру ін-та ўваходзяць аддзяленні: навук.-тэхн. ЭВМ, ПЭВМ і выліч. комплексаў; н.-д. матэматычнае; н.-д. электроннае; інж.навук.-вытв.; навук.-вытв. мікраэлектронікі; а таксама цэнтр камп’ютэрнай бяспекі і сертыфікацыі сродкаў вылічальнай тэхнікі (СВТ); цэнтр стандартызацыі і менеджменту якасці; доследная вытв-сць.
Асн. кірункі навук. даследаванняў і дзейнасці: стварэнне сучасных ЭВМ, у т. л. суперЭВМ з кластэрнай арганізацыяй, ЭВМ універсальных шырокага выкарыстання, ахаваных, персанальных і інш., вылічальных комплексаў і ўстройстваў спец. прызначэння, мікраэлектронных устройстваў, сістэмных і прыкладных праграмных сродкаў, прыкладных сістэм апрацоўкі даных, сістэм кантролю доступу і шматузроўневай аховы аб’ектаў; распрацоўка метадаў і сродкаў аховы інфармацыі; удасканаленне метадаў і сістэм праектавання і кіравання стварэннем СВТ. Вынікам н.-д. і доследна-канструктарскіх работ стала стварэнне і ўкараненне ў вытв-сць: шэрагу ЭВМ серыі «Мінск» («Мінск-1», «Мінск-2», ... «Мінск-32»), у 1960—75 выраблена больш за 4 тыс.ЭВМ; больш за 10 мадэлей адзінай сістэмы і комплексаў на іх базе (ЕС-1020, ЕС-1021, ЕС-1130 і інш.), у 1971—84 — больш за 9 тыс. машын і комплексаў, або 70% камп’ютэрнага парка СССР; шэрагу персанальных ЭВМ (ЕС 1840, ЕС 1841 ... ВМ 2002 і інш.), з 1984 больш як 30 мадэлей забяспечвалі поўную праграмную сумяшчальнасць з персанальнымі камп’ютэрамі лініі Intel і былі найб. масавымі ў СССР (да 1991 выраблена 150 тыс. машын). Яны падрыхтавалі аснову для шырокага і хуткага авалодання сучаснымі СВТ карыстальнікамі розных прафес. груп. Створаны: знешнія ўстройствы і сістэмы, устройствы тэхн. дыягностыкі, камп’ютэрныя сістэмныя і партатыўныя касавыя апараты і інш. За апошняе дзесяцігоддзе ў ін-це распрацаваны: ахаваныя СВТ для апрацоўкі сакрэтнай інфармацыі для выкарыстання ў дзярж. установах і арг-цыях, ва ўзбр. сілах і сілавых ведамствах; ЭВМ рознага базіравання (стацыянарныя, аўтамаб., пераносныя); універсальныя ЭВМЕС 1230 і інш.; тры пакаленні ўстройстваў пасаж. аўтаматыкі для Мінскага метрапалітэна; першы рад суперкамп’ютэраў у адпаведнасці з рас.-бел. праграмай «СКІФ»; аўтаматызаваная сістэма пагранічнага кантролю АСПК-Дазор і інш.
У ін-це працуюць (працавалі) Ю.Р.Бастанджан (гл. Дадатак), Э.В.Кавалевіч, Г.П.Лапато, М.А.Мальцаў, В.У.Пржыялкоўскі, А.Я.Пыхцін, В.Я.Пыхцін, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, М.Ф.Чалайдзюк, Л.Т.Чупрыгіна, Л.І.Шунякоў і інш. Выдадзены творы ў галіне ЭВМ, праграмных сістэм і сістэм апрацоўкі інфармацыі: «Электронная вылічальная машына «Мінск-32» (1972), «Арыфметычныя і лагічныя асновы лічбавых аўтаматаў» (2-е выд. 1980), «Лагічнае праектаванне ВІС» (1984), «МікраЭВМ. Кн. 5. Персанальныя ЭВМ» (1988), «Паралельная апрацоўка інфармацыі. Т. 4» (1988), «Фартран 77 для ПЭВМ АС» (1991) і інш. На камп’ютэрных сайтах размешчаны 2 гіст. даведкі пра ін-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМЫЯ.
Фауну насякомых Беларусі вызначае рознахарактарнасць ландшафтаў краіны, спрыяльныя ўмовы асяроддзя. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атрадаў. Найбольшыя атрады: двухкрылыя; жукі, або цвердакрылыя; матылі, або лускакрылыя; перапончатакрылыя. Сярод інш. найбольш відаў з атрадаў блох, клапоў, або паўцвердакрылых, раўнакрылых, стракоз, трыпсаў, шыцікаў (ручайнікаў). У атрадзе жукоў найбольш шматлікія сямействы божых каровак, вусачоў, даўганосікаў, жужаляў, караедаў, лістаедаў, пласцініставусых, плывунцоў, стафілінід, трубкакрутаў, шчаўкуноў. Сярод матылёў найбольш трапляюцца агнёўкі, блакітніцы, бялянкі, выемчатакрылыя молі, ліставёрткі, німфаліды, пядзеніцы, соўкі. З атрада перапончатакрылых найлепш вывучаны іхнеўманіды, мурашкі, наезнікі-браканіды, пільшчыкі, хальцыды, чмялі. З двухкрылых найбольш пашыраны галіцы, даўганожкі, журчалкі, званцы, злакавыя мушкі, камары, макрацы, мошкі, тахіны. Жывуць на палях, лугах, у лясах, садах, агародах, вадаёмах і інш. Фауна насякомых Беларусі мае мяшаны характар. Аснову яе складаюць палеарктычныя і заходнепалеарктычныя віды, звязаныя з лясной зонай. Ёсць віды еўрапейскія, еўрапейска-сібірскія, старажытнаўсходне-міжземнаморскія і міжземнаморскія. Блохі, вошы, камары, мухі, пухаеды, сляпні і інш. — насякомыя-паразіты чалавека, дзікай і свойскай жывёлы, крывасмокі і пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб. Асноўныя шкоднікі с.-г. культур: азімая соўка, даўганожка балотная, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, каларадскі жук, канюшынны насенняед, моль капусная, мухі бураковая і шведская, паласаты шчаўкун, соўкагама, лубінавы слонік. Шкодзяць садам: медзяніца, кветкаед яблыневы, пільшчык вішнёвы слізісты, пладажэркі слівавая і яблыневая, тлі; шкоднікі лясоў: вусачы, караеды, пільшчыкі хваёвыя, пядзенік зімовы, шаўкапрад хваёвы. Псуюць зерне і прадукты яго перапрацоўкі: агнёўка мучная, даўганосік свірнавы, хрушчакі малы, мучны і інш. Вялікую карысць прыносяць насякомыя-апыляльнікі і энтамафагі — некаторыя жукі, пчолы, чмялі. Насякомыя і іх лічынкі, якія жывуць у глебе, адыгрываюць значную ролю ў глебаўтваральных працэсах. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі палёў і садоў выкарыстоўваюць яйцаеда-трыхаграму, агратэхнічныя, біялагічныя, хімічныя метады. Рассяляюць рыжых лясных мурашак, якія знішчаюць шкоднікаў лесу.
У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 79 відаў насякомых.
Літ.:
Фауна и экология насекомых Белоруссии. Мн., 1979;
Влияние хозяйственной деятельности человека на беспозвоночных. Мн., 1980;
Панкевич Т.П. Пилильщики — вредители сельского и лесного хозяйства Белоруссии: (Эколого-фаунист. характеристика основных комплексов вредителей). Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТОРЫЯ.
Са старажытных часоў з мэтай фізічнай загартоўкі моладзі, падрыхтоўкі да працоўнай і ваеннай дзейнасці бел. народ выкарыстоўваў розныя практыкаванні і гульні, якія адлюстроўвалі пэўныя віды яго дзейнасці і дапаўнялі самабытную нацыянальную культуру. Паступова фіз. практыкаванні і гульні складваліся ў своеасаблівую сістэму — ігрышчы.
Шырока вядомы купальскія і калядныя святкаванні-ігрышчы, скокі праз вогнішча, карагоды, бег навыперадкі, барацьба, кулачныя баі, баі на палках, скачкі, плаванне і інш. Стагоддзямі ўдасканальваліся спосабы барацьбы: у абхват, да крыжа, на крыжы. Вядомы бел.нар. гульні азярод (перакідванне дугі праз збудаванне для прасушвання сена), апука, бабкі, була, гуські, гула (кіданне прадмета ў бок праціўніка), пікар, свінка, чыжык, ямкі (точкі), штандар, клянні, пацяг (перацягванне), зубар і інш. Зімой моладзь каталася на касцяных і драўляных каньках, наладжвала калаўроты. Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі сталі папулярнымі і гульні іншых народаў Расіі, у т. л. гарадкі, лапта, чахарда і інш., пашыраліся віды бытавых, вытворчых і спартыўных гульняў. У пратаколах Усерасійскіх спаборніцтваў упамінаюцца імёны найб. вядомых спартсменаў Беларусі, сярод якіх у 1890-я г. шырокую вядомасць набыў велагоншчык М.Ф.Дзявочка — пераможца гонак паміж Масквой і Ніжнім Ноўгарадам, С.-Пецярбургам і Масквой; віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спартыўных т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10) І.Л.Саланевіч. У 1913 атлет і барэц Я.А.Чахаўской атрымаў міжнародны прыз (ганаровы залаты пояс) за рэкордны нумар — перанос на адной руцэ 6 чал. (больш за 400 кг). У 1914 мінскі атлет У.С.Сакалдзінскі ўстанавіў усерасійскі рэкорд у жыме штангі для атлетаў лёгкай вагі (214 фунтаў — 85,6 кг).
У 1909—10 пад уплывам прагрэсіўнай грамадскасці на Беларусі створаны арг-цыі спартыўнага т-ва «Сокал» (назва ад чэшскай «сокальнай» гімнастыкі, што ўзнікла ў 1860-я г. і была больш цікавай і змястоўнай, чым раней вядомыя нямецкая і шведская). Аддзяленні «Сокала» існавалі пры гімназіях у Магілёве, Мінску, Гродне, Віцебску, Оршы і інш. У іх праводзілі гульні, заняткі па гімнастыцы, развучвалі пабудовы пірамід, арганізоўвалі паказальныя гімнастычныя святы. У 1911—12 створаны т-вы садзейнічання фізічнаму развіццю ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, аддзяленні яўрэйскага спартыўнага т-ва «Макабі» ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку і інш. гарадах. У 1911 у Магілёве адбыўся першы розыгрыш Кубка горада па футболе; у ім удзельнічалі каманды гімназіі, камерцыйнага і рэальнага вучылішчаў. У 1913 у Мінску заснавана аддзяленне спартыўнага т-ва «Санітас» («Здароўе»), у якім займаліся пераважна барацьбой і цяжкай атлетыкай. Ініцыятарам стварэння т-ва быў служачы банкаўскай канторы А.У.Александровіч, які на II Усерасійскай алімпіядзе (1914, Рыга) заваяваў залаты медаль па гіравым спорце ў паўцяжкай вазе. У Мінску праведзены першы чэмпіянат т-ва па падыманні цяжару і барацьбе; у Гомелі — спаборніцтвы па скачках у вышыню, кіданні дыска і кап’я, бегу на 800, 1000 і 1500 м. Аднак арганізаваны спартыўны рух на Беларусі да абвяшчэння БССР (студзень 1919) быў развіты даволі слаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІЯ
Біяхімічныя даследаванні на Беларусі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры біяхіміі на медыцынскім факультэце БДУ (з 1930 у складзе Мінскага мед. ін-та). Найбольш актыўна даследаваліся прыкладныя кірункі біяхіміі ў сельскагаспадарчых навуках, у т. л. ў Бел. сельскагаспадарчай акадэміі, дзе сфармулявана палажэнне аб паступовым утварэнні малекулы хларафілу ў расліннай клетцы (Ц.М.Годнеў). У пасляваенны час біяхімічныя працэсы вывучаліся ў АН Беларусі, у галіновых НДІ і ВНУ. Вывучаліся фізіялогія і біяхімія бульбы (А.С.Вечар, М.М.Ганчарык), лубіну (А.В.Міраненка), рэгулятары росту раслін (С.М.Маштакоў), уплыў грыбной і віруснай інфекцыі на біяхімічныя паказчыкі расліны-гаспадара (В.Ф.Купрэвіч); распрацоўваліся бесперапынны спосаб вырабу яблычных пеністых він (А.С.Вечар, Л.А.Юрчанка), біяхімія клетачных ядраў і пластыд раслін пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному (У.М.Рашэтнікаў), уплыў малых доз радыяцыі на абмен рэчываў у арганізме (Л.С.Чаркасава), абмен мікраэлементаў пры паталагічных працэсах (В.А.Лявонаў), біяхімічныя працэсы пры старэнні (А.Н.Разумовіч, Г.Р.Гацко). У БДУ даследуецца ўплыў гармонаў наднырачнікаў на абмен глутамінавай кіслаты і паказчыкі вугляводна-энергетычнага абмену (А.Ц.Пікулеў). У Ін-це біяхіміі Нац.АН Беларусі вывучаліся малекулярныя механізмы рэгуляцыі абмену рэчываў, міжвітамінныя і вітамінна-гарманальныя ўзаемаадносіны (Ю.М.Астроўскі і яго вучні — У.У.Буко, У.В.Вінаградаў, Ф.С.Ларын, У.В.Лялевіч, М.К.Лукашык, А.Г.Майсяёнак, Л.І.Няфёдаў і інш.). У Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі вывучаюцца розныя пытанні клінічнай біяхіміі (У.Г.Колб, У.С.Камышнікаў). Роля мікраэлементаў у павышэнні прадукцыйнасці жывёлагадоўлі даследуецца ў Віцебскім ветэрынарным ін-це (Ф.Я.Беранштэйн) і НДІ жывёлагадоўлі (К.М.Сонцаў). У Віцебскім мед. ун-це вырашаюцца пытанні бактэрыяхіміі (А.П.Яфімцава), абмену ліпідаў пры рознай паталогіі (А.А.Чыркін). У Бел.мед. ун-це праводзяцца даследаванні абмену рэчываў пры рознай паталогіі (М.Ф.Меражынскі) па ўдасканаленні фізіка-хімічных метадаў біяхімічных даследаванняў (В.А.Бандарын). Вучні Бандарына ўносяць значны ўклад у вывучэнне абмену рэчываў пры сардэчнай недастатковасці (В.К.Кухта), уздзеянні радыяцыі (Я.Ф.Канапля), злаякасным росце (Т.С.Марозкіна). Вывучаюцца структурныя асновы спецыфічнасці трамбіну і механізмы яго лімфацытапасродкаваных эфектаў (Я.В.Баркоўскі), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння сурфактанту з макрафагамі лёгкіх і іх роля ў развіцці інтэрстыцыяльнага пнеўмафіброзу (А.Д.Тагановіч), антыаксідантная ахова тканак жывёл пры асобным і спалучаным дзеянні гама-апрамянення і кадмію ў розных дозах (В.К.Кухта, Т.С.Марозкіна).
Літ.:
Вечер А.С., Гончарик М.Н. Физиология и биохимия картофеля. Мн., 1973;
Решетников В.Н. Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992;
Пантюк И.В. Становление и развитие медицинской биохимии в Беларуси. Мн., 1999;
Антиоксидантная защита тканей животных при раздельном и сочетанном действии γ-облучения и кадмия в различных дозах // Мед. радиология и радиац. безопасность. 2000. Т. 45, №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫТНАЯ МУЗЫКА.
Развіццё стараж.прафес.муз. мастацтва на тэрыторыі Беларусі звязана з працэсамі хрысціянізацыі, якія садзейнічалі асіміляцыі візант. духоўнай музыкі, паўплывалі на жанры царк. спеваў (антыфон, ірмас, трапар, канон, стыхіра і інш.), на аднагалосую акапэльную манеру выканання, муз. тэрміналогію. На царк. харавую культуру апасродкавана ўплывалі фалькл. традыцыі, асаблівасці моўнай прасодыі (пазней быт. свецкай музыкі). Паступова фарміраваліся асновы муз. прафесіяналізму. Арыгінальныя старабел. знаменныя спевы фіксаваліся неўменнай сярэдневяковай натацыяй у рукапісных зборніках (пераважна манастырскіх). Блізкасць да агульнаеўрап. нар. традыцый у сярэдневякоўі праяўлялася ў дзейнасці скамарохаў — вандроўных акцёраў-прафесіяналаў, творчасць якіх уяўляла сабой сінтэз мастацтваў. Яны былі музыкамі (гусляры, дудары, выканаўцы на сапелях, бубнах, жалейцы, суры, пазней — на скрыпцы і цымбалах) і спевакамі, акрабатамі, гімнастамі, ілюзіяністамі, дрэсіроўшчыкамі звяроў, якія выступалі на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах і інш. Сярод іх вядомы скамарохі-дамрачэі (выканаўцы гіст. песень, былін пад акампанемент домры), скамарохі-пацешнікі (выконвалі драм., жартоўныя і сатыр. сцэнкі, пантамімы, танцы і інш.). Як носьбіты вуснапаэт. і муз.нар. традыцый, яны ўдзельнічалі ў разнастайных нар. абрадах і святах.
Вытокі праваслаўнай музыкі ўсх. славян — візант. і балг. царкоўная музыка, якая прыйшла на Беларусь разам з хрысціянствам. 10—14 ст. характарызуюцца прыстасаваннем візант. пеўчай гімнаграфіі да мясцовых умоў. Значная роля ў стараж.ўсх.-хрысціянскім богаслужэнні на Беларусі належала грэч. мове, засвойвалася візант.царк. музыка, выпрацоўваліся арыгінальныя знакі неўменнай натацыі, сістэма асмагласся з уласцівым комплексам папевак, усталяваўся радок як норма ўсяго стараж.-рус. знаменнага спеву. Засвойваўся аднагалосы богаслужэбны праваслаўны спеў. Дамінуючая роля належала тэксту песнапенняў. З канца 10 ст. сярод пеўчых школ на Беларусі вылучыліся Полацкая і Віцебская (з 992), Смаленская (з 1001), Тураўская (з 1005). Першапачаткова практычнай тэорыяй пеўчага мастацтва і яго семіяграфіі былі абрыс знакаў безлінейнай натацыі, царк. ўставы, служэбнікі і «падобнікі» (першыя практычныя дапаможнікі па спевах). Аформілася сістэма знамёнаў, якая склалася ў 14 ст. У ВКЛ першапачаткова захоўваліся традыцыі стараж.-рус. знаменнага спеву. На 15 ст. прыпадае росквіт пеўчай праваслаўнай культуры Беларусі: пачалі фіксавацца аўтары песнапенняў і складальнікі рукапісных нотных зборнікаў (палеаграфічная прыкмета бел. пеўчых рукапісаў — ірмалояў); з’явіліся першыя пеўчыя азбукі, павялічылася колькасць знамёнаў, пашырыўся гукарад у бок высокіх гукаў, развіваліся разнастайныя напевы, муз.-пеўчая тэрміналогія. Паглыбляліся мясц. адрозненні напеваў, цесная сувязь бел. пеўчай гімнаграфіі з нар.-песеннай творчасцю і побытавай культурай. Зараджаліся і развіваліся арыгінальныя знаменныя спевы, якія былі ў шырокім побыце пеўчай практыкі 15—16 ст. і зафіксаваны ў рукапісных зборніках («Супрасльскі ірмалой», 1598—1601). Шырока выкарыстоўваліся грэч., балг., сербскі спевы. Пераасэнсоўвалася семантыка неўменнай натацыі. Зарадзілася квадратная лінейная натацыя ў сувязі з пераходам стараж.-рус. спеву на новы зах.-еўрап. ўзровень і шматгалосую сістэму запісу. У гэты час адбыўся паступовы адыход бел.муз. гімнаграфіі ад норм асмагласся. Зарадзіліся і развіваліся духоўныя канты (псальмы), якія фіксаваліся ў ранніх рукапісных канцыяналах, багагласніках, катэхізісах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1950 — пач. 2000-х гадоў
Паэзія. У паэзіі пасляваен. дзесяцігоддзя (1945—55) як адным з найб. аператыўных відаў эстэт. ўспрымання, рэалізаванага ў малых жанравых формах, адчувальна акрэсліваліся нават нязначныя зрухі маст. мыслення, характэрныя для літаратуры ў цэлым. Вайна на многія дзесяцігоддзі прадвызначыла тэматыку і праблематыку, пэўныя асаблівасці маст. характараў, пафас твораў бел. пісьменнікаў: вершы і паэмы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Танка і інш. З тэмай вайны прыйшлі ў літаратуру паэты, якія вярталіся з фронту, партызан, падполля. Некат. з іх былі ўжо добра вядомыя ў 1930-я г., іншыя толькі пачыналі свой творчы шлях: М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Дзяргай, К.Кірэенка, П.Панчанка, П.Прануза, П.Прыходзька, А.Пысін, А.Русецкі і інш. У літаратуру прыйшлі зах.-бел. паэты М.Васілёк, М.Засім, М.Машара, В.Таўлай. Жыццёвы і творчы вопыт, набыты ў экстрэмальных умовах ваен. выпрабаванняў, фарміраваў непаўторнасць творчай індывідуальнасці, грамадз. і мастакоўскую зарыентаванасць светапогляду. У шматлікіх паэт. зборніках асн. матывы — радасць перамогі і вяртання да мірнага жыцця, услаўленне гераізму, велічы нар. подзвігу ў гады вайны і працоўнага энтузіязму, тэма радзімы, дружбы, кахання, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны: зб-кі «Ранак ідзе» (1945) і «Пасля навальніцы» (1947) К.Кірэенкі, «На сотай вярсце» (1945) і «Камуністы» (1949, 1951) А.Куляшова, «Шырокае поле вайны (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955) М.Лужаніна, «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «За шчасце, за мір» (1950) і «Шырокі свет» (1955) П.Панчанкі, «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954) П.Броўкі, «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл» (абодва 1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954) М.Танка, «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954) А.Бачылы, «Нашай славы зара» (1947) і «Размова аб шчасці» (1948) П.Глебкі, «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951) і «Ранак над Эльбай» (1952) П.Прыходзькі, «Добры дзень» (1948) і «Зямля мая» (1952) А.Астрэйкі, «Пярэдні край» (1949), «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952) М.Аўрамчыка, «Сонца ў блакіце» (1949) і «У вялікім паходзе» (1952) М.Калачынскага, «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954) П.Пранузы, «З розных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954) Р.Сабаленкі, «Наш дзень» А.Пысіна, «У заўтрашні свет» А.Русецкага (абодва 1951), «Дарогай шчасця» А.Бялевіча (1952), «Вачыма будучыні» С.Дзяргая (1953), «Мой таварыш» М.Смагаровіча (1955). Новыя зрухі ў грамадскім жыцці, адбудова нар. гаспадаркі — тэмы зб-каў «Новае рэчышча» А.Куляшова (1948), «Мая рэспубліка» К.Кірэенкі (1949). Абнаўленню побыту тагачаснай вёскі прысвечаны паэмы «Хлеб» (1946), «Родныя берагі» (1948), «Добры друг» (1949) П.Броўкі, «Кладкі Градоўскага» М.Лужаніна (1949), у якіх побач са значнымі дасягненнямі (адметнасць стылю, удалыя вобразныя знаходкі, адухоўленасць пачуццяў лірычнага героя) шмат неабавязковага, другаснага, інфармацыйна-рэпартажнага, прадыктаваныя часам ідэалагемы. Гэта датычыць і паэм «Рыбакова хата» Я.Коласа (1941—47), «Грозная пушча» А.Куляшова, «Бацька Дняпро» А.Вялюгіна (абедзве 1955). Выразна люструецца ў тагачаснай паэзіі парадная атмасфера пераможных салютаў: зб-кі «Крамлёўскія зоры» А.Астрэйкі (1945), «Свята», «Чалавек-сонца» (абодва 1947), «Светач» (1950) А.Бялевіча, «Салют у Мінску» А.Вялюгіна (1947), «Салдаты міру» П.Прыходзькі (1951) і інш. Аднак у паэзіі ўсё настойлівей прабіваўся голас паэта-франтавіка — сведкі і непасрэднага ўдзельніка ваен. падзей. Вайна стала гал. тэмай у творчасці франтавога пакалення.
Лепшыя пасляваен. творы вылучаюцца шчырасцю і непасрэднасцю лірычнага перажывання, яркімі фарбамі, дынамікай дзеяння. У іх палітры бясконцыя шляхі-дарогі вядуць да роднай хаты і ў неабсяжны сусвет. Апорныя вобразы, вынесеныя, як правіла, у назвы кніг або асобных твораў, перадаюць не толькі агульны мажорны настрой, а і своеасаблівы душэўны стан, узрушанасць лірычнага героя. Урачыста песенныя інтанацыі і светлыя колеры пераважаюць нават там, дзе маст. сюжэт заснаваны на падзеях і фактах, поўных смутку і жальбы («Песня пра чатыры магілы» П.Панчанкі, 1945). З паасобных уражанняў паступова стваралася мазаіка гіст. часу — жыцця і побыту чалавека на вайне, якая непрыкметна перарастала ў маст.-дакумент. хроніку: вершы «Прыдарожны гушчар», «Салдацкая сляза», «Памяці Міколы Сурначова» М.Аўрамчыка, «Няўзяты форт» (пазнейшая назва — «Сталінградская легенда») А.Вялюгіна, «Зварот» П.Глебкі, «Франтавік» П.Панчанкі. Асаблівая паслядоўнасць і кінематаграфічная дакладнасць уражанняў непасрэднага ўдзельніка падзей вылучае нізку вершаў «Салдацкі штодзённік» М.Лужаніна, гэта споведзь пра напоўненыя драматызмам салдацкія будні, дзе асабістае, прыватнае вырастае да маштабаў агульназначнага і ўспрымаецца як маналог франтавога пакалення, ад імя якога гаворыць паэт. У цяжкія часіны нярэдка парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікра- і макрасвету, узмацняецца адчуванне язычніцкага яднання чалавека з прыродай. У эстэт. малюнку асабліва акрэсленымі становяцца праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода «ажывае», абагаўляецца, дапамагае раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы (верш «Пачатак» М.Лужаніна).
У лірычным роздуме ваен. і пасляваен. гадоў значнае месца займае лёс Беларусі: вершы «Радзіма мая дарагая» А.Бачылы, «Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі...» П.Броўкі, «Беларусь, Беларусь!..» А.Вялюгіна, «Беларусі» П.Глебкі, «Жыві, Беларусь!» Я.Коласа, «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» П.Панчанкі, «Ты будзеш жыць, Радзіма!» М.Танка. Вобраз Радзімы, роднай зямлі пазначаны драматызмам, асабліва ў творах, напісаных пад уражаннем убачанага і перажытага ў чужых краінах: вершы «З ташкенцкай торбы» Я.Коласа, германскага цыкла М.Лужаніна.
Спосабы сатыр. тыпізацыі найб. плённа адчуваюцца ў жанры байкі: кн. «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953) У.Корбана, «Вершы і байкі» Э.Вадасевіча (1954). Вострасатыр. вершы і байкі пісалі А.Бачыла, М.Лужанін, П.Панчанка. Акцэнты сатыр. высмейвання перамясціліся з аб’ектаў ваен. часу (ворагі) у сферы мірнага жыцця і побыту грамадства (выявы розных антыграмадскіх анамалій ва ўзаемадачыненнях, паводзінах і ўчынках людзей). З сярэдзіны 1950-х г., пераадольваючы розныя ідэалагічныя бар’еры, хібы «тэорыі бесканфліктнасці», паэзія ўзыходзіла на новыя вышыні, пазначаныя прыкметамі найбольш поўнай самарэалізацыі творчай асобы: значна пашырыліся далягляды паэзіі, павысіўся яе інтэлектуальны ўзровень, пабагацеў духоўны свет лірычнага героя. У філас. роздуме над надзённымі праблемамі адчуваецца драматызм часу, акрэсліваецца магутны патэнцыял гадамі назапашанай творчай энергіі. У выніку літ. дыскусій 1960—70-х г. павысіліся патрабаванні да маст. твораў. Выпрацаваліся пэўныя маст. арыенціры, эстэт. крытэрыі. Узорамі непераўзыдзенага майстэрства, якімі вымяралася маст. вартасць тагачаснай паэзіі, сталі кнігі: «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1962) П.Броўкі, «Чатыры стыхіі» (1962), «Свята ў будзень» (1964) С.Дзяргая, «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) М.Танка, «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970) А.Куляшова, «Пры святле маланак» (1966), «Вячэрні цягнік» (1977) П.Панчанкі, «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967) А.Пысіна, «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971) А.Русецкага і інш. У іх засведчаны адметнасць мыслення, непаўторнасць кожнай творчай індывідуальнасці, што пацвярджаецца сплавам лірызму, эпічнай шырыні, драматызму маст. перажывання, публіцыстычнай адкрытасці, выразнасці грамадз. пазіцыі. Паэтыка М.Танка, напр., спалучае ў сабе нар.-песенныя вытокі і некат. асаблівасці авангардысцкай плыні. У эпіцэнтры яго эстэтыкі прысутнічае творчая асоба, сам паэт, думкі і назіранні, якія разбягаюцца кругамі і ўцягваюць у сваё «поле» новую прастору. У філас. роздуме А.Куляшова паяднаны імгненні і вечнасць, зямное і астральнае, былое і наступнае. Акрамя зямнога і касм. ёсць трэці свет — звычайны чалавек.
Па-новаму, з больш глыбокім псіхалагізмам пераасэнсоўвалася тэма вайны, даследавалася псіхалогія чалавека на вайне, у экстрэмальных умовах: творы М.Аўрамчыка, А.Вялюгіна, А.Пысіна, А.Русецкага. У 2-й пал. 1950-х г. да творчай працы вярнуліся рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Пушча, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет кнігі Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Пушчы, М.Чарота, што было неабходным для ўзнаўлення літ. працэсу і паўнаты ўяўлення пра маст. традыцыі 1920—30-х г., а таксама кнігі «Залаты лістапад» М.Хведаровіча (1957), «Дзень нараджэння» (1958), «Памяць» (1965) С.Грахоўскага, «Запаветнае» (1961), «Неспакойныя сэрцы» (1973) А.Звонака і інш. З сярэдзіны 1950—60-х г. першымі кнігамі дэбютавалі паэты т.зв. філалагічнага пакалення: «Паходныя кастры» С.Гаўрусёва, «Першы след» П.Макаля (абедзве 1955), «Песня ў дарогу» Н.Гілевіча (1957), «Не ўсе лугі пакошаны» М.Арочкі, «Матчына душа» У.Караткевіча, «Сакавік» Е.Лось, «Вясновыя барозны» У.Нядзведскага (усе 1958), «Маладзік над стэпам» Р.Барадуліна, «Белыя каштаны» І.Калесніка, «На юначым шляху» А.Лойкі, «Шэпчуцца ліўні» Ю.Свіркі, «Золак над Бярозай» А.Ставера, «Такія сэрцы ў нас» К.Цвіркі (усе 1959), «Майская просінь» Г.Бураўкіна, «Узлётная паласа» У.Паўлава, «Сонечны дождж» Я.Сіпакова (усе 1960), «Дзявочае сэрца» Д.Бічэль-Загнетавай (1961), «Вочы вясны» В.Вярбы, «Песня пра хлеб» А.Вярцінскага, «Абветраныя далягляды» Г.Кляўко, «Неба ўсміхаецца маланкаю» А.Наўроцкага (усе 1962), «Вогненная камета» В.Макарэвіча, «Першыя вёрсты» М.Рудкоўскага (абедзве 1963), «Магістраль» А.Грачанікава, «Белае дзіва» А.Кавалюк, «Асколкі і росы» Р.Тармолы (усе 1964), «Крэсіва» В.Зуёнка, «Едуць маразы» М.Маляўкі, «Азбука» А.Сербантовіча (усе 1966), «Спатканне» М.Дуксы, «Непазбежнасць» М.Купрэева, «Кастры Купалля» С.Панізніка (усе 1967), «Раўнавага» С.Блатуна, «Свежасць» Я.Міклашэўскага, «Вернасць» В.Ракава, «Зямля — магніт» М.Федзюковіча (усе 1968), «Гром на зялёнае голле» Ю.Голуба, «Раніца» В.Іпатавай, «Восеньскія позвы» К.Камейшы, «Буслы над аэрадромам» У.Скарынкіна (усе 1969) і інш. У літаратуру ўваходзіла пакаленне дзяцей вайны. Усе пакуты і боль, перажытыя дзецьмі і падлеткамі, выліліся на старонкі іх кніг: «Бязбацькавічы» Г.Бураўкіна, «Я не глытала па акопах дыму» В.Вярбы, «Песня пра асколак» У.Караткевіча, «Дзяўчаты мінулай вайны» Е.Лось і інш. Драматызм лірычнага перажывання асабліва адчувальны ў творах «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага, у араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», паэмах «Недзяленя», «Заручыны» Н.Гілевіча. Да ліраэпічнага жанру звярнуліся Р.Барадулін (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»), В.Макарэвіч («Мацярык маленства»). Тэма вайны знайшла глыбокае асэнсаванне ў творчасці пісьменнікаў франтавога пакалення, якія як бы занава прачытвалі драм. і трагічныя калізіі вогненных гадоў, даследавалі чалавека ў экстрэмальных абставінах, што асабліва характэрна прозе В.Быкава, паэзіі А.Пысіна (вершы «Іван-чай», «Палім мы маршанскую махорку», «Пярэдні край», паэма «Белы камень»). Балючая памяць перажытага ў вайну склала асн. змест многіх твораў З.Астапенкі, М.Аўрамчыка, А.Бачылы, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, П.Панчанкі, А.Русецкага. Болем асабістага суперажывання напоўнена паэма «Голас сэрца» П.Броўкі (1960), прысвечаная маці паэта. якая загінула ў канцлагеры ў Асвенціме. У 1970—80-я г. выйшлі першыя кнігі: «Агонь» Н.Мацяш, «Адраджэнне» А.Разанава, «Снежныя грамніцы» Я.Янішчыц (усе 1970), «Вуліцы без назваў» У.Дзюбы (1972), «Прыпяць» У.Верамейчыка, «Абеліск» Х.Жычкі, «Бяседа» С.Законнікава, «На мове шчасця» Г.Каржанеўскай, «Бацькоўскі парог» І.Скурко, «Ядлоўцавы куст» М.Стральцова (усе 1973), «Рамонкавы бераг» Р.Баравіковай, «Захапленне» Т.Бондар, «Паклон» В.Жуковіча, «Сакавік» Л.Забалоцкай, «Жураўлінае вясло» У.Лісіцына (усе 1974), «Касавіца» В.Гардзея, «Радар» Н.Загорскай, «Прадвесне» П.Марціновіча, «Кляновік» Г.Пашкова (усе 1975), «Адкрыццё» У.Някляева, «Уваходзіны» В.Яраца (абедзве 1976), «Хлеб і соль» Х.Гурыновіча, «Абеліск у жыце» М.Мятліцкага (абедзве 1980), «Белая бярэзіна» С.Басуматравай (1981), «Планета маёй душы» К.Жука, «Пад спеў крыніц» У.Мазго, «Пад небам бусліным» З.Марозава, «Зоркі ў кронах» У.Марука (усе 1982), «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюка, «Скразная лінія» А.Каско, «Белы камень» А.Пісьмянкова, «Смага ракі» Л.Тарасюк (усе 1983), «Таемнасць агню» Л.Галубовіча (1984), «Чаравікі маленства» І.Багдановіч, «Цвет алешыны» А.Канапелькі, «Адведзіны рамонкавай паляны» Л.Паўлікавай (усе 1985), «Сінтэз» Г.Булыкі, «Сурма» А.Мінкіна (абедзве 1986).
У мастакоўскай палітры паэтаў 1970 — пач. 80-х г. драматызм памяці цесна пераплецены з памкненнямі да прыгожага, узвышанага. У параўнанні з папярэднікамі ў іх творах значна больш светлых колераў. Выявы памяці, спраектаваныя на сучаснасць, неслі ў сабе моцны зарад творчай энергіі, паспяхова рэалізаваліся ў лірыка-эпічных жанрах: паэмы «Кульмінацыя» С.Законнікава, «Даведка аб нараджэнні» У.Някляева, «Ясельда» Я.Янішчыц і інш.
Лепшыя творы канца 1950 — пач. 1980-х г. пазначаны глыбокім інтэлектуальна-філас. роздумам, зваротам да нар. вытокаў, да спрадвечных маральна-этычных і эстэт. каштоўнасцей: «Падземныя замкі», «Зямля Міцкевічаў» М.Арочкі, «Трэба дома бываць часцей», «Неруш» Р.Барадуліна, «Песня пра хлеб», «Мы жывём, каб вяртацца...» А.Вярцінскага, «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...», «Ах, якая над Гайнаю ноч!...» Н.Гілевіча, «Беларуская песня» У.Караткевіча, «Бацькаўшчына» М.Стральцова, «Ave Maria», «Дарога на Нарач» М.Танка. Увасабленне найлепшых чалавечых якасцей, усяго светлага, высакароднага, зямнога і сакральнага — у вобразе Маці (вершы і паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, А.Лойкі, Е.Лось і інш.). Суб’ектыўна-індывідуальны пачатак (унутр. свет чалавека, яго пачуцці, перажыванні) у паэзіі А.Вярцінскага, Р.Барадуліна, В.Іпатавай, У.Караткевіча, Н.Мацяш, А.Разанава, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Лірычны герой у многім летуценнік, рамантык, філосаф, першаадкрывальнік касм. прасторы і пакарыцель цаліны ў вершах «Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца...» Г.Бураўкіна, «Спадарожніку Зямлі» У.Караткевіча, «Дарога да зор» П.Макаля, «Белыя яблыні» П.Панчанкі і інш. Роздум над глабальнымі праблемамі часу, трывога за лёс чалавецтва перад пагрозай ядзернай катастрофы, экалагічныя, сац.-бытавыя пытанні патрабавалі звароту да вялікіх жанравых форм: паэмы «Яго Вялікасць» (1964) і «Айкумена» (1981) А.Русецкага, «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970) А.Куляшова. Грамадз. вартасць асобы, маральна-этычная трываласць народа вывяраліся разам з гіст. і сац.-бытавымі абставінамі. Прадметна-вобразная канкрэтыка спалучалася з умоўна-асацыятыўнымі абстракцыямі, нар.-песеннай стыхіяй у паэмах «Слёзы Раданы» (1967) і «Трыпутнік» (1976) К.Кірэенкі. Драматызм часу асабліва адчувальны ў паэмах «Маналог» (1966), «Варшаўскі шлях» (1968), «Хамуціус» (1975) А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка (1978), «Суд Алаізы» В.Коўтун (1985). Рэаліі сівой даўніны ўзноўлены ў драм. паэмах «Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1988) М.Арочкі, «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» П.Бітэля (1984), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1990—91). Да гіст. тэматыкі пастаянна была скіравана ўвага У.Караткевіча: вершы «Сырцовыя цагліны», «Паўлюк Багрым», «Скарына пакідае Радзіму», «Шляхі Ігната Буйніцкага» і інш.
З сярэдзіны 1980-х г. у паэзіі пачаўся перыяд, пазначаны абнаўленнем эстэт. мыслення, істотнымі рысамі якога сталі памкненне да разняволенасці, пазбаўленне ад звыклых, стэрэатыпных ідэалагем, акцэнтацыя нац. ідэі, узмацненне публіцыстычнасці і кантрастнасці бачання навакольнага свету, канфліктнасці лірычнага перажывання: зб-кі «Каліна зімы» Я.Янішчыц (1987), «Лісты да цябе» В.Коўтун, «Горкі жолуд» П.Панчанкі (абодва 1988), «Пан Лес» А.Сыса (1989), «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) А.Бадака, «Горад-утопія» В.Шніпа (1990), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992) Р.Барадуліна, «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) П.Панчанкі, «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «Заклён на скрутны вір» А.Вялюгіна, «Пісьмы з гэтага свету» В.Зуёнка, «На зломе лёсу» А.Русецкага, «Чорна-белы свет» П.Шруба (усе 1995), «Прошча» У.Някляева, «Адзінокая зорка» Л.Сом, «Errata» М.Танка (усе 1996), «Журавінавы востраў» Г.Пашкова (1998), «Межань» В.Гардзея, «Душою з небам гаварыць» Н.Мацяш (абодва 1999), «Неўміручасць» А.Лойкі (2000) і інш.
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. па-новаму асэнсоўваецца гіст. лёс Беларусі, Бацькаўшчыны. Паэтаў хвалявала занядбанасць роднай мовы, гіст. памяці народа, абыякавасць да сваіх родавых каранёў: вершы Д.Бічэль-Загнетавай, Л.Галубовіча, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Разанава, Л.Рублеўскай і інш. Хрысціянскія матывы прагучалі ў кн. «Вялікдзень» І.Багдановіч (1993), «Божа мой, Божа» Д.Бічэль-Загнетавай (1993), «Капліца» В.Аксак (1994), «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «На рэштках Храма» В.Шніпа (1994), «Евангелле ад Мамы» Р.Барадуліна (1995), «Аддай асалоду Богу» Л.Раманавай (1997) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. свет убачылі творы, раней не апублікаваныя: «Паэма тугі» А.Бачылы (1987), у якой завострана ўвага на негатыўных наступствах гвалтоўнай калектывізацыі, раскулачванні і «рассяляньванні» сялянства. Выйшлі кнігі вязняў ГУЛАГа: «Белы сон» Л.Геніюш (1990), «І радасць і боль» С.Грахоўскага (1987), «Святлацені» А.Звонака (1992), «Пароша» П.Пруднікава (1996) і інш. У друку з’явіліся публікацыі твораў паэтаў бел. эміграцыі.
У паэзіі мяжы 20—21 ст. існуюць разнастайныя кірункі маст. пошукаў. Найчасцей перавага аддаецца зладжана гарманічнай мадэлі свету, не пазбаўленай аднак -шматфарбнасці і кантрасту каляровай гамы, што асабліва характэрна для пейзажнай лірыкі, паэзіі хрысціянскага зместу і вершаў пра каханне: «Каханне» (1987), «Сад на капялюшыку каханай» (1998) Р.Баравіковай, «Споведзь бяссоннай душы» Л.Галубовіча (1989), «Шчаслівай долю назаві...» Н.Мацяш (1990), «Хачу назваць цябе каханым» Т.Бондар (1991), «Случарыны» В.Аколавай (1994), «Стомленасць Парыжам» Л.Дранько-Майсюка (1995), «Рабро Адама» Т.Мушынскай (1999), «Валошкі памяці» А.Камароўскага (2002) і інш. Урбаністычныя матывы займаюць значнае месца ў творчасці А.Дуброўскага, М.Касцюкевіча, А.Мінкіна, Л.Рублеўскай, С.Шах і інш. Побач з рамант. плынню (паэма «Прошча» У.Някляева, кн. «Замак месячнага сяйва» Л.Рублеўскай, 1992) узмацняецца трагізм, асабліва ў творах чарнобыльскай тэматыкі, дзе ўвага акцэнтавана на экалагічных праблемах, найперш даследуецца разбуральнае ўздзеянне атрутнага ядзернага распаду на «экалогію душы» чалавека, асобы: кн. вершаў «Палескі смутак» (1991), «Бабчын» (1996) М.Мятліцкага, «Начное сонца» В.Куртаніч (1994), «Летазлічэнне» А.Канапелькі (1999), паэмы «Чорная быль» С.Законнікава (1987), «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) М.Башлакова і інш.Літ. працэс канца 20 ст. фарміруецца не ў адрыве ад фалькл. і літ. (нац. і сусв.) традыцый, постмадэрнісцкіх кірункаў і плыней: кн. «Турмалін» Г.Булыкі (1994), «Гліна. Камень. Жалеза» А.Разанава (2000) і інш. Паэты прымушаюць загаварыць прадметы, хімічныя рэчывы, з’явы прыроды, сутнасць якіх адкрывае неабсяжны філас. падтэкст, выяўляе неабмежаваныя магчымасці ўмоўна-асацыятыўных сувязей і вобразна-метафарычных абстракцый.
У канцы 20 ст. выдадзены першыя кнігі маладых паэтаў: «Вяртанне» А.Аркуша, «Першапутак» Л.Пранчака, «Агмень» А.Сыса (усе 1988), «Бацькоўскі дом» Т.Мельчанкі (1989), «Кальварыйскія клёны» С.Адамовіча, «Пяшчота ліўня» Э.Акуліна, «Крытычная маса» П.Вераб’ёва, «Белыя птахі» В.Дэбіша (усе 1990), «Ноч» Ю.Пацюпы (1991), «Водар цела» Ю.Гуменюка, «Калядная вячэра» А.Дэбіша (абедзве 1992) і інш. На Беларусі плённа працавала і працуе група паэтаў, якія пішуць на рус. мове. Выйшлі ў свет кн. «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Шукаю чалавека» (1988) С.Яўсеевай, «Галіны» (1969), «Зімовае святло» (1985) Н.Кісліка, «Памяць» (1969), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982) Ф.Яфімава, «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Г.Шутэнкі, «Ясень» (1973), «Вербніца» (2002) Б.Спрынчана, «Твар твой» (1982), «Споведзь» (1990) А.Дракахруста, «Вечаровыя цені» (1977), «Мой дом» (1988) Э.Скобелева, «Зямля і зоркі» (1981), «Святло непадзельнае» (1990) В.Спрынчана, «Сухія кветкі» (1995), «Альфа і амега» (2001) А.Скарынкіна і інш.
Сучасны этап развіцця бел. паэзіі прадаўжае і развівае асн. тэндэнцыі ўсёй бел. літаратуры.
Проза. Развіццё прозы 2-й пал. 20 ст. абумоўлена грамадскім быццём і іманентнымі магчымасцямі маст. свядомасці народа. 1-я пал. 1950-х г. адзначана з’яўленнем шэрагу буйных твораў, напісаных пісьменнікамі старэйшага пакалення і тымі, хто прыйшоў у літаратуру ў час Вял.Айч. вайны. У 1954 Я.Колас завяршыў працу над трылогіяй «На ростанях», П.Пестрак — раманам «Сустрэнемся на барыкадах» — панарамнай карцінай жыцця і змагання працоўных Зах. Беларусі. Шматбакова ўзноўлены нядаўнія падзеі Вял.Айч. вайны ў эпічных творах «Векапомныя дні» М.Лынькова (1948—58), «Мінскі напрамак» І.Мележа (1950—52), «Расстаёмся ненадоўга» А.Кулакоўскага (1953—54). Аповесць «У Забалоцці днее» Я.Брыля (1950), раманы «Святло над Ліпскам» М.Паслядовіча (1949—52), «У добры час» І.Шамякіна (1953) пра пасляваен. жыццё бел. вёскі. Для прозы гэтага часу характэрны тэндэнцыі спрошчанага, схематычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, што тэарэтычна абгрунтоўвалася «тэорыяй бесканфліктнасці». З 2-й пал. 1950-х г. літаратура, асабліва проза, умацоўвае сувязі з рэчаіснасцю, становіцца больш праўдзівай і шчырай. Фактар непасрэднай адпаведнасці жыццю становіцца асноўным у вызначэнні характару літаратуры. Празаічныя творы ўражваюць больш жыццёвай, адкрыта ідэйнай навізной, чым мастацкай. Тагачасная грамадская патрэба праўды жыцця і праўдзівасці, шчырасці голасу аўтара ярка і адкрыта засведчылі сябе ў лірычнасці і публіцыстычнасці, у звароце да жывога факта і дакумента. Новыя тэндэнцыі выявіліся ў аповесцях «На Быстранцы» Я.Брыля (1955), «Нявестка» (1956), «Дабрасельцы» (1958) А.Кулакоўскага, у нарысах-апавяданнях І.Шамякіна (1953—60). Характэрным для творчасці гэтых пісьменнікаў, як і для літаратуры наогул, быў выразны і моцны сатыр. струмень. У 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. у прозу прыйшлі В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, У.Караткевіч, А.Карпюк, І.Навуменка, І.Пташнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў, пазней — А.Кудравец, П.Місько. Проза стала больш праўдзівай і багатай у адлюстраванні жыцця і выяўленні пачуццяў, больш дасканалай і разнастайнай сваімі маст. якасцямі. Вызначальныя якасці буйных празаічных твораў 1960—1-й пал. 1980-х г. — праўда жыцця, адлюстраваная ў літаратуры і ўзятая як сістэма фактаў у іх шырокім гіст.-часавым ахопе, у гіст.-сац. абумоўленасці, і шчырасць аўтарскіх адносін да яе, увасобленая не толькі ў эмацыянальнай атмасферы, але і ва ўсёй маст. сістэме: раманы «На парозе будучыні» (1961), «Гарадок Устронь» (1968), «Шэметы» (1980) М.Лобана, «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976) І.Мележа, «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979) І.Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1963), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), «Петраград—Брэст» (1983) І.Шамякіна, «Засценак Малінаўка» А.Чарнышэвіча (1964), «Каласы пад сярпом тваім» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1979) В.Караткевіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983) І.Чыгрынава, «Чужое неба» (1975), «Вялікі Лес» (1984) Б.Сачанкі, «Пушча» В.Карамазава (1978), «Чужая Бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985) В.Адамчыка, «Неруш» В.Казько (1981), «Знак бяды» В.Быкава (1982); аповесці Я.Брыля, В.Быкава, А.Васілевіч, А.Жука, А.Кудраўца і інш. Для гэтых твораў характэрна шырыня ахопу жыцця, моцная грамадска-сац. насычанасць, гуманістычнасць аўтарскай канцэпцыі. Важныя гіст. падзеі асэнсоўваліся і пераасэнсоўваліся аўтарамі ў іх непасрэднай суаднесенасці з канкрэтным жывым чалавекам. І ад таго, што вобраз чалавека суадносіўся з важнымі сац. падзеямі, ён узбуйняўся, набываў ідэйна-маст. значнасць. Менавіта ў такіх вобразах выразна адчуваецца непаўторная духоўная асоба аўтара, яго ўзровень эстэт. мыслення, здольнасць раскрываць гісторыю народа ў сац. змесце, паказваць сучаснасць, яе духоўны і грамадскі патэнцыял. Адпаведнасць самым актуальным грамадска-сац. праблемам сучаснасці ў І.Шамякіна; глыбокая заземленасць у стыхію нар. жыцця і важнасць праблематыкі ў І.Мележа; шырыня і актыўнасць духоўных пошукаў у Я.Брыля; пякучы роздум над лёсам простага чалавека ў часы вайны, мэтанакіраванае сцвярджэнне яго каштоўнасці ў В.Быкава; жаданне, даследуючы нар. жыццё ў вайне, разабрацца ў няпростых людскіх лёсах у І.Навуменкі, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава; выяўленне глыбінь нар. характару, сцвярджэнне яго маральнай сілы і прыгажосці ў І.Пташнікава; імкненне праз шэрую штодзённасць убачыць драматызм і прыгажосць жыцця ў А.Кудраўца; палкае жаданне далучыць сучасніка да гісторыі народа, глыбокае яе даследаванне і ўслаўленне ў У.Караткевіча.
З’явіліся і іншыя творы гіст. жанру: «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976) Б.Сачанкі, «На струнах буры» Л.Арабей (1967), «Прадыслава» В.Іпатавай, «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (абодва 1971), «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна (абодва 1983), «Памяць пра легенды» К.Тарасава (1984). Для В.Іпатавай і К.Тарасава гіст. тэма ў далейшай іх творчасці стала асноўнай. І.Мележ і М.Лобан шукалі ў мінулым вытокі тых сац. з’яў, якія асабліва турбавалі іхграмадз. сумленне.
Свет І.Мележа — багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, у душэўнай шчырай сувязі з зямлёй, у супярэчлівым, складаным бытавым і сац. перапляценні. Жыццё ў «Палескай хроніцы» ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, г.зн. як жыццё рэальнае. Шырынёй гіст. погляду, глыбінёй сац. даследавання, маштабнасцю і моцным напаўненнем аўтарскай думкі, тонкім, бездакорным аналізам псіхалогіі зусім непадобных сваім унутр. зместам чалавечых характараў, эпічнай разгорнутасцю і глыбока асабістымі адносінамі да ўсяго, што адбываецца, майстэрствам маст. жывапісу, глыбока арганічным адчуваннем нар. моўнай стыхіі «Палеская хроніка» стала адным з самых значных дасягненняў бел. літаратуры. Форма хронікі, яе жанравая і сюжэтна-кампазіцыйная структура, спакойная, паглыблена-нетаропкая манера апавядання, задуменна-лірычны агульны тон як нельга лепш адпавядаюць падзеям, жыццёваму матэрыялу, што з’яўляюцца рэальнай асновай твора.
Эпічна-хранікальная панарамная форма ўзнаўлення рэчаіснасці ў 1960-я г. і пазней была даволі пашыранай і мела прыкметныя набыткі: творы В.Адамчыка, А.Васілевіч, М.Лобана, І.Мележа, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Чарнышэвіча, І.Чыгрынава. У 1960—80-я г. тэма вайны, партыз. барацьбы стала для бел. літаратуры нац. тэмай: па значнасці маст. набыткаў, па колькасці напісанага, па ахопе і глыбіні даследавання жыццёвага матэрыялу. Асобнае месца ў бел. прозе на тэму Вял.Айч. вайны займаюць творы В.Быкава. У аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964) вызначальнай рысай была крывавая праўда вайны, якую называлі акопнай. Паступова жыццёвы матэрыял вайны, напоўнены драматызмам, выкарыстоўваецца і для вырашэння маральна-этычных задач сучаснасці. Трансфармуецца і жанравая структура, яна становіцца гранічна цэнтраімклівай і ідэйна жорсткай. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Сотнікаў» (1970), «Яго батальён» (1975), «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986) — найб. характэрныя, творча і жанрава вызначальныя на творчым шляху пісьменніка.
Адметнае месца ў ваен. прозе і па праблематыцы, і па маст. якасцях займае раман «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля. Гэты раман — адзін з самых асабістых твораў пісьменніка не толькі паводле духоўна-эмацыянальнай напоўненасці, але і насычанасці падзеямі і фактамі аўтабіягр. характару і зместу. «Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выказана ў самой назве асн. думка твора. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.
Пра жахі вайны, пра знішчэнне цэлых вёсак з людзьмі, пра неверагоднасць здзейсненага сказалі пісьменнікі пакалення дзяцей вайны: Б.Сачанка ў аповесці «Апошнія і першыя» (1966), І.Пташнікаў у аповесці «Тартак» (1967). Пазней былі створаны «Хатынская аповесць» (1972), «Карнікі» (1980) А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько (1978), кніга-памяць «Я з вогненнай вёскі...» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка (1975).
З’явіліся раманы і аповесці, у якіх паўстае ўсенар. гераічная трагедыя: «Пушчанская адысея» (1964) і «Партрэт» (1982) А.Карпюка, «Вогненны азімут» А.Асіпенкі (1965), «Сярод ночы» (1968), «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980) Л.Арабей, «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) І.Сяркова, «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз» (абодва 1983) А.Кулакоўскага, «Калянае лісце» П.Місько (1979), «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983) А.Савіцкага, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі (1978), «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985) А.Марціновіча, «У падзямеллі» (1983) і «Палон» (1989) М.Аўрамчыка, пенталогія «Трывожнае шчасце» (аповесці «Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965), «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) І.Шамякіна.
Літаратура гэтага перыяду звярталася і да праблем сучаснасці. Раманы «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) І.Шамякіна, «Непрыкаяны маладзік» А.Асіпенкі (1971), яго ж аповесць «Жыта» (1966), раман «Васількі» А.Кулакоўскага (1972), аповесці «Німфа» У.Дамашэвіча, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі (абедзве 1977) — творы, якія адгукаюцца на надзённыя пытанні. Літаратура 1960—80-х г. сцвярджае самакаштоўнасць, самаўдасканаленне чалавечай асобы. Чалавек і абставіны, чалавек і навакольны свет, чалавек і грамадства — вызначальныя кірункі маст. даследавання чалавека, яго духоўна-творчых памкненняў.
Раманы «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) І.Пташнікава надзелены жыццёвасцю ў сваіх падзеях, сітуацыях, характарах, абставінах і разам з тым насычаны паэтычнасцю. У аповесці «Раданіца» (1970) і рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) А.Кудраўца сцвярджаецца і развіваецца традыцыя праўдзівасці і чалавечнасці ў асэнсаванні звычайнага, штодзённага жыцця. Такая тэндэнцыя адбілася на творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў бел. прозу пазней: А.Варановіч, В.Гігевіч (у першых кнігах), Г.Далідовіч, А.Жук, Л.Калодзежны. У гэты перыяд раскрыўся і талент Я.Брыля: аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), нарысы, эсэ, мініяцюры.
Апавяданні, эсэ «Загадка Багдановіча» (1968), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) М.Стральцова пазначаны тонкім адчуваннем рухаў чалавечай душы, дакладнасцю акварэльнага малюнка, чысцінёй эмацыянальнага тону, высокапашанлівымі адносінамі да слова. Моцны лірычны пачатак уласцівы і прозе Я.Сіпакова: кн. «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980); філас. прыпавесці.
Змены, што адбываліся з сярэдзіны 1980-х г. у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд перабудовы і пачатку новага этапу адраджэння ў значнай ступені працягваў працэс, распачаты ў нац. літаратуры ў 2-й пал. 1950—60-х г., — да канца рэабілітаваў літаратуру мінулага, далучыў яе да гіст.літ. кантэксту, тым самым узбагаціўшы і значна паглыбіўшы яго. Сучасная літаратура адчула больш багатую, больш разнастайную нац. аснову. Пераклады сусв. літаратуры на бел. мову далучылі нац. літаратуру да сусв.літ. працэсу. Новы літ. перыяд вылучыў на першы план агульназначныя моманты бытавання і існавання літаратуры: мастак і жыццё, жыццёвая і маст. праўда. Адчуванне і разуменне новага, яго ўваходжанне ў творчы працэс, у творчае самаадчуванне адбывалася ў мастакоў слова паступова і псіхалагічна даволі складана. Чула рэагуе на рэаліі часу Я.Брыль: аповесць «Муштук і папка» (1990), кн. «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абедзве 1994), «Дзе скарб ваш» (1997). У творах, напісаных тымі, хто перажыў турмы, высылкі, найперш выклікае цікавасць сама рэальнасць, сведчанні часу, праяўленні чалавечых магчымасцей: «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) С.Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) П.Пруднікава, «Мая Галгофа» Я.Бяганскай (1990), «Споведзь» Л.Геніюш (1991), «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча (1993), «Успаміны Платона Крэня» (1998) і яго «Унжлаг» (1999). Бел. проза спрабуе паказаць трагічны мацярык пакут і смерці ў самых розных праявах, што прымушае чалавека задумацца пра сябе, іншых, народ.
З сярэдзіны 1980-х г. В.Быкаў стварае аповесці «У тумане» (1988), «Аблава» (1989), «Сцюжа» (1991), «Пакахай мяне, салдацік» (1995), «Ваўчыная яма» (1998), «Балота» (2001), кнігі апавяданняў «Сцяна» (1997), публіцыстыкі і эсэістыкі «Крыжовы шлях» (1998), прыпавесцей «Пахаджане» (1999), застаючыся паслядоўным у сцвярджэнні асноватворных маральных і эстэт. прынцыпаў. Для В.Быкава самае важнае — пазнаць магчымасці чалавека, выявіць у ім ступень духоўнасці і меру чалавечнасці.
У творах І.Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі, таму ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці, публіцыстычна выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была па-сапраўднаму моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у сённяшнім жыцці станоўчага героя не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І.Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваен. гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Пазіцыя прызнаваць у мінулым толькі нязначныя недахопы выразна праглядаецца ў раманах «Лабірынты страху» А.Асіпенкі (1992), «Цень крумкачовага крыла» А.Марціновіча (1991). І.Навуменка звяртаецца пераважна да мінулага, каб паказаць духоўны рост свайго любімага героя: «Дзяцінства» (1991), «Падлетак» (1993), «Юнацтва» (1994), «Любімы горад» (1996). Па-іншаму глядзіць у мінулае і ўспрымае сучаснасць А.Адамовіч у аповесцях «Венера, альбо Як я быў прыгоннікам» (1992), «Vixi» (1993). Мінулае для яго не толькі напоўнена паэзіяй і здзіўленнем адкрыцця свету, бо якраз у мінулым ён бачыць праявы жорсткасці, несправядлівасці, бесчалавечнасці.
У 1986—2000 — гады вял. змен і ўзрушэнняў, рэзкай змены этычных і эстэт. каштоўнасных арыенціраў і крытэрыяў. В.Адамчык раманам «Голас крыві брата твайго» (1990) скончыў тэтралогію пра трагічны лёс зах.-бел. вёскі ў часы даваен. і ваен. ліхалецця. І.Чыгрынаў раманамі «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1994) завяршыў пенталогію — шырокае эпічнае палатно пра партыз. вайну ў бел. вёсцы. Непасрэдна асабісты пачатак становіцца вызначальным у творчасці Б.Сачанкі. Эсэістыка і публіцыстыка пранізваюць усё ім напісанае. Асаблівую цікавасць ён праяўляе да гісторыі, піша пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, драм. лёс бел. эміграцыі, духоўныя набыткі, нар. побыт і звычаі як выяўленне характару і светапогляду («Вечны кругаварот», 1986), родныя мясціны Палесся («Родны кут», 1987), маці («Пад сузор’ем сярпа і молата», 1993), чарнобыльскую бяду («Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону», абодва 1990). Апавяд. «Львы» (1987), «Арчыбал» (1988), «Францужанкі» (1997), «Тры пуды жыта» (1998), «Пагоня» (1999), «Ірга каласістая» (1996), матэрыялы мемуарнага характару «Што застаецца ў памяці» (1992), «Ненапісаная аповесць» (2002) І.Пташнікава з’яўляюцца арганічным развіццём усяго напісанага ім раней. Пісьменнік паглыбіў філас. змест, давёў ранейшае драм. гучанне да сапраўды трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт яго ўзбагачэння жыццёвым матэрыялам і за кошт паглыбленай вобразнай сістэмы. Для твораў А.Кудраўца канца 20 ст. характэрна выяўленне і сцвярджэнне ў звычайным чалавечым жыцці праяў высокіх духоўных якасцей, таго, што робіць чалавека прыгожым, што выпраменьвае цяпло дабрыні (аповесць «Двое за нізкім столікам», 1991). Чуйна ўлоўлівае этычныя і эстэт. запатрабаванні сучаснасці Я.Сіпакоў: аповесці «Кулак» (1989), «Блуканні па іншасвеце» (1994), кн. паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991), прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і інш. Ва ўсіх яго творах, аб’яднаных павагай да чалавека, клопатам пра яго і болем за яго, адчуваецца подых гісторыі, далёкага і больш блізкага мінулага, бачыцца жаданне ўбачыць будучыню. Пастаяннай скіраванасцю на адкрыццё новага, на пошук вызначаюцца творы В.Казько. Ён не надта імкнецца пашыраць жанравую прастору сваёй творчасці, не гоніцца за найноўшымі эстэт. павевамі. У пошуках адказу на пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё, ён і яго героі звяртаюцца да мінулага, захаванага асабіста іх памяццю, а таксама да мінулага, якое захоўвае нар. памяць у міфах і паданнях. Пошукі адказу на пытанні маральнага зместу, сэнсу быцця ў сучасным свеце абумоўліваюць ускладненасць маст. формы і вобразнай структуры: «Сад, або Заблытаны след рамана» (1986), «Но Пасаран» (1990), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997), «Бунт незапатрабаванага праху» (2001).
Адной з самых значных тэм бел. літаратуры канца 20 ст. стала Чарнобыльская катастрофа: публіцыстыка А.Адамовіча, раман «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «Чарнобыльская малітва» С.Алексіевіч, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В.Казько (1991), «Краем белага шляху» В.Карамазава (1992), «Імем Айца і Сына» Т.Бондар (1993), «Ваўчыная яма» В.Быкава (1998), дакумент. аповесць «Сталі воды горкія» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), творы У.Глушакова, І.Канановіча, Л.Левановіча, Б.Сачанкі і інш. Агульная тэндэнцыя даверу літаратуры да жыцця народа, да гісторыі, даверу да асабістага вопыту і ў сувязі з гэтым узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў маст. форме па-свойму выявіліся ў творах пісьменнікаў, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны: раманы «Шчыглы» (1986), «Дзікая ружа» (1992), «Сіняе лета» (1998) Л.Левановіча, «Хлопцы, чые вы будзеце?» П.Місько (кн. 1—2, 1989—92), «Закон прыцяжэння» (1987) Я.Радкевіча, «Трэба было жыць» А.Рыбака (1990), «Не праспі сваю долю» У.Дамашэвіча (1993), «Уліс з Прускі» (2000), «Усход» У.Гніламёдава (2003); аповесці «Вырай» В.Блакіта (1986), «Кім і Валерыя» (1986), «Перавал. Лісты да сына» М.Гіля (1997), «Адна — долі жадна» (1993), «Лішнія дзеці, або Амплітуда жаданняў» (1999) У.Дамашэвіча, «Падарунак маладым» (1986), «Палескае лета» М.Капыловіча (1996), «Мёртвая крыніца» Я.Міклашэўскага, «Мы з Санькам — артылерысты...» І.Сяркова (абедзве 1989), «Імярэк» М.Клебановіча, «Трывожна шумяць ясакары» Н.Маеўскай (абедзве 1992), «На маяку», «Чаромхавыя халады» (абедзве 1993) М.Воранава, «Лесавікі» А.Масарэнкі (1994), «Узяць пад варту ў зале суда» Л.Левановіча (1995), «Кельты не ўміраюць» А.Лойкі (1997), «Пад схіленым дрэвам» (1997), «Бог чуе таго, хто плача» (2000) У.Паўлава, «Ніль Адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999), «Самыя кароткія ночы» П.Місько, «Валацуга» А.Варановіча (абедзве 2000) і інш. У аповесці «Сны пра маму» А.Жука (1997), кн. «Мама» У.Ліпскага (1999), паэме ў прозе «Кукавала зязюля» З.Прыгодзіча (2000) маці ўвасабляе вёску, свет вёскі, з’яўляецца носьбітам тых адвечных каштоўнасцей, якія назапашваліся ў душы чалавека праз яго ўзаемаадносіны з зямлёй, з навакольным светам. Драматызмам вылучаюцца аповесці «Лес» Х.Лялько (1986), «Праклятая любоў» А.Жука (1990), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997) В.Гардзея і інш. Становішча вёскі як аснова нац. самаадчування прымушае думаць пра гісторыю народа, пра дзяржаўнасць. З такога разумення гісторыі ўзнікла трылогія Г.Далідовіча: раманы «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1989). Асобныя адказы на пытанні, пастаўленыя сучаснай вёскай — пытанні сац.-гаспадарчага і духоўнага зместу — шукае пісьменнік і ў гадах пасляваен. (раман «Заходнікі», 1992).
У канцы 20 — пач. 21 ст. з’явілася літаратура гіст. зместу і характару. Звяртаецца да гісторыі І.Шамякін. Далёкая мінуўшчына зацікавіла А.Карпюка (аповесць «Белая Дама», 1991). Нац.-рэв. падзеі 19 ст. ў аснове аповесці «Стрэл у акно» В.Хомчанкі (1988). Велічная постаць бел. друкара, асветніка і філосафа ўвасоблена ў рамане-даследаванні «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1989). Я.Сіпакоў звярнуўся да язычніцкага мінулага. Зварот да гісторыі надаў творчасці пісьменнікаў сапраўднае сучаснае гучанне, забяспечыў яе нац. аптымізм, вызначыў сённяшнюю духоўную запатрабаванасць. Творчы роздум над мінулым і сучаснасцю народа скіравалі ўвагу Г.Далідовіча ў 13 ст. да бел.дзярж. вытокаў: раман «Кліч роднага звона» (1999). Дзякуючы гіст. раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) творчасць Л.Дайнекі стала набыткам нац. літаратуры. У раманах «Залатая жрыца Ашвінаў» (1999), «Альгердава дзіда» (2001), аповесцях «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю» (абедзве 1989), «Вяшчун Гедзіміна» (2000) В.Іпатавай гіст. аснова, насычанасць канкрэтным матэрыялам, займальны сюжэт, жывая форма апавядання, псіхалагічна дакладныя і духоўна змястоўныя чалавечыя характары. Раман «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун [1988) прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Цёткі.
Асаблівасць сучаснага літ. працэсу — наяўнасць у ім прыкметнай плыні фантаст. зместу. Нават у творах пісьменнікаў рэаліст. светаўспрымання ёсць сюжэты, сітуацыі, калізіі, вобразы, матывы выразна фантаст. характару: прыпавесці В.Быкава, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), «Прахожы» (1995) В.Казько, «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994) і інш. У найб. ступені фантаст. элемент прысутнічае ў творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—90-я г. Момант навуковасці ўласцівы фантаст. раманам «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» Л.Дайнекі (1992), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1989), «Кентаўры» (1993) В.Гігевіча, яго аповесцям «Карабель» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1989), «Палтэргейст» (1992).
З 2-й пал. 1980-х г. выходзяць кнігі аповесцей і апавяданняў У.Арлова «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Рандэву на манеўрах» (1992), «Пяць мужчын у леснічоўцы» (1994) і інш., а таксама аповесці А.Федарэнкі «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1991), «Такое кароткае лета» (1994), «Вёска» (1995), «Шчарбаты талер» (1997) і інш. Выразна заявілі пра сябе А.Асташонак, Г.Багданава, А.Казлоў, А.Наварыч, У.Рубанаў, Л.Рублеўская, Б.Пятровіч, Ю.Станкевіч, У.Ягоўдзік і інш. У сучасным літ. працэсе проза ўсё больш узбагачаецца і пашыраецца новымі творамі.
Драматургія. У 2-й пал. 20 ст. прыкметна павялічылася ўвага да бел. драматургіі і на ўзроўні ўрадавых інстанцый, і ў асяроддзі непасрэдных творцаў — пісьменнікаў, тэатр. работнікаў, выдаўцоў. Прыняты шэраг урадавых пастаноў, скіраваных на паляпшэнне спраў у драматургіі і тэатры. На гэты ж час прыпадае адзін з самых інтэнсіўных прытокаў новых сіл. Актывізавалася публікацыя п’ес у перыёдыцы і асобнымі выданнямі. З другога боку, «тэорыя бесканфліктнасці» стала адной з прычын адставання драматургіі. Лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, паказ канфліктаў добрага з лепшым уласцівы п’есам «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Дарагі госць» Ю.Рудзько (абедзве 1950), «Неспакойныя сэрцы» А.Кучара (1952), «Стопрацэнтны фечасан», «Як пасцелеш — так і выспішся» (абедзве 1953), «У ціхім кутку» (1954) А.Рылько, «Гарачыя галовы» У.Краўчанкі, «Наталля Крыўцова» А.Маўзона (абедзве 1954) і інш. Нават К.Крапіва паказваў рэчаіснасць пасляваен. калгаснай вёскі ў залішне мажорных фарбах. Яго лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) напісана таленавіта, прынамсі, такіх яркіх — па перадачы падзейнага антуражу (сцэны сватання), па моўнай каларыстыцы (багацце метафар, параўнанняў, афарызмаў), па майстэрстве псіхал. характарыстыкі персанажаў было не шмат, аднак ёй уласціва аблегчанасць асэнсавання рэальных супярэчнасцей жыцця. К.Крапіва, адчуўшы на сваім уласным вопыце, якую шкоду прыносіла бесканфліктнасць усім жанрам літаратуры, і асабліва драматургіі, з артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) выступіў супраць ідэалагічнай рэгламентацыі творчага працэсу. Пад уздзеяннем «тэорыі бесканфліктнасці» драматургію паступова пакідаў высокі накал страсцей і пачуццяў, маральныя катаклізмы ўсё часцей выцясняліся спакойнымі сцішанымі калізіямі, што прывяло да паслаблення псіхалагізму, кампазіцыйнай аморфнасці, хадульнасці пафасу, здрабнення характараў і тэм. Самым актыўным барацьбітом з «тэорыяй бесканфліктнасці» быў А.Макаёнак. Надрукаваўшы шэраг аднаактовых п’ес «Добра, калі добра канчаецца» (1945), «Перад сустрэчай», «Першае пытанне» (абедзве 1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Жыццё патрабуе» (1960), у якіх асэнсаванне рэчаіснасці рэалізоўвалася ў аб’ектывізавана-ілюстрацыйных формах, ён у 1953 завяршыў сатыр. камедыю «Выбачайце, калі ласка», у якой рэзка, бескампрамісна высмеяў практыку бяздушнага адміністравання, паказушніцтва і ашуканства. Гэтая камедыя атрымала значны грамадз. і маст. рэзананс, стала пачынальніцай пратэстнай плыні ў сав. драматургіі. Да гэтай плыні адносяцца таксама сатыр. камедыі «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), у якіх востра ставілася праблема маральнай адказнасці чалавека перад сабой, грамадствам і часам. З’явілася і новае: выкрыццё мяшчанства, крытыка чыноўніцтва высокага рангу абвастрылася наяўнасцю ў п’есе калізіі, звязанай з рэпрэсіямі 1930-х г. Вобразы бацькі і сына Мякішавых — творчая ўдача А.Маўзона, але астатнія персанажы ахарактарызаваны прыблізна, амаль адсутнічала псіхал. абгрунтаванасць большасці сюжэтных сітуацый. Гэтыя недахопы — тыповыя для многіх п’ес, напісаных у 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. Настойлівае імкненне драматургаў пашырыць тэматычны дыяпазон маст. асэнсавання рэчаіснасці, іх жаданне ставіць вострыя праблемы жыцця вельмі рэдка надавала творам сапраўдную актуальнасць. Многія драматургі імітавалі вастрыню, і барацьба ў іх творах адбывалася толькі з ценем зла, а не з самім злом. У гэты час у драматургію прыйшло шмат маладых творцаў, і з усёй вастрынёй паўстала неабходнасць павышэння прафесійнага майстэрства. І.Дорскі ў п’есе «Шчасце» (1956) зрабіў спробу падсвятліць асэнсаванне побытавых перыпетый тагачаснага жыцця святлом адвечнай праблемы чалавечага шчасця, аднак жаданай маштабнасці, абагульненасці вывадаў не дасягнуў, бо ў жорстка схематызаванай канструкцыі твора (добры сакратар абкома разам з такім жа прагрэсіўным калегам з райкома паспяхова пераадольваюць бюракратызм чыноўнікаў на карысць простым людзям) застывала развіццё дзеі і характараў. Зададзенасць аўтарскіх вывадаў, нівеліроўка характараў адбілася на п’есах т.зв. маладзёжнай тэматыкі «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава (1957), «Незвычайная сустрэча» В.Зуба (1958), «Трэці лішні» М.Алтухова (1959), «Калі любіш» М.Гарулёва, «Дзяўчына з камвольнага» А.Дзялендзіка (абедзве 1962), «Салодкі месяц» К.Губарэвіча (1968), у якіх па-мастацку пераканаўча ставяцца праблемы выбару моладдзю жыццёвых шляхоў, маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Нетрывіяльны погляд аўтара на нядаўнюю гісторыю і сучаснасць зах.-бел. вёскі ў п’есах «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела. У першай з іх пісьменнік, даследуючы праблему ўзаемаадносін уласнасці і чалавечай годнасці, абапіраўся на пастулаты здаровага нар. сэнсу. Антыўласніцкі пафас вельмі выразны і ў драме «Над хвалямі Серабранкі» («Канчане — суседзі мае»), дзеянне якой адносіцца да сярэдзіны 20 ст.
На мяжы 1950—60-х г. пачаў выступаць у драматургіі І.Шамякін. У яго п’есе «Не верце цішыні» (1957) ёсць вострая, па сутнасці дэтэктыўная, інтрыга, займальнасць сюжэту, напружанасць развіцця дзеяння, але няма глыбіні ў псіхал. характарыстыцы персанажаў, таму гісторыя перараджэння былога сав. партызана ў мацёрага агента адной з замежных разведак атрымалася малапераканаўчай. У п’есе «Выгнанне блудніцы» (1961) характар гал. героя, журналіста і паэта Васіля Гаворкі, раскрываецца і ў слове-дыялогу, і ў справе-дзеянні, дзякуючы чаму вобраз атрымаўся каларытны, псіхалагічна верагодны, хаця яму бракуе асобаснай маштабнасці. Сац. маштабнасці і маст. выразнасці не хапае і героям драмы «Чалавек вярнуўся» П.Васілеўскага (1959), прысвечанай вяртанню да сумленнага жыцця бел. хлопца, завербаванага ў свой час замежнай шпіёнскай арганізацыяй. Цікавыя жыццёвыя калізіі, у якіх ярка раскрываліся характары дзейных асоб, у п’есе «Любоў, Надзея, Вера...» П.Васілеўскага (1960), аднак у ёй праследуюцца схематызаванасць і павярхоўнасць вырашэння канфлікту.
У пач. 1960-х г. зноў павысілася ўвага да распрацоўкі праблем сучаснасці. Аднак п’есы «Злавацца не трэба» В.Зуба (1960), «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай (1962), «Цвёрды арэшак» М.Алтухова, «А куды ж нам падзецца?...» К.Губарэвіча (абедзве 1963), «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона (1965) не ўзняліся да значных маст. абагульненняў. Толькі А.Макаёнак сваёй «Лявоніхай на арбіце» (1961) пераканаўча даказаў, што пры майстэрскім асэнсаванні матэрыялу надзённая рэчаіснасць можа стаць асновай для напісання яркага і змястоўнага твора. П’есе ўласціва шматграннасць паказу рэчаіснасці, наяўнасць чалавечых характараў, маст. вобразаў, напісаных драматургам аб’ектыўна, глыбока, без скоўвання іх светапоглядных, валявых і духоўных памкненняў. Дзейсным характарам у барацьбе з «тэорыяй бесканфліктнасці» з’явілася распрацоўка гіст.-рэв. тэматыкі, выкліканая святкаваннем 40-годдзя Кастр. рэвалюцыі, БССР і КПБ. Серыя гіст.-рэв. п’ес стала прарывам у новыя сферы маст. выразнасці, удалай спробай асэнсавання складаных сац. працэсаў і гіст. шляхоў бел. народа. Характэрныя асаблівасці драматургіі гэтага жанрава-выяўл. пласта — строгае захаванне прынцыпаў гістарызму, адмаўленне ад наменклатурнага выбару персанажаў — у цэнтры твораў характарныя героі, а не функцыянеры са службовым становішчам. Імкненнем убачыць вялікае ў «простым» чалавеку вылучаюцца драмы «Год дзевяцьсот семнаццаты» П.Васілеўскага, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «У бітве вялікай» А.Маўзона, «Дні нараджэння» І.Мележа (усе 1957). Настойлівае, а часам нават палемічнае падкрэсліванне асноватворчай ролі народа ва ўсіх сац.-гіст. працэсах было для бел. драматургіі надзвычай плённым, паколькі яна заўсёды арыентавалася на распрацоўкі нар. характараў, на маст. даследаванне глыбінных праяў нар. духу. Але ў творах, прысвечаных больш даўняй мінуўшчыне, гісторыя прадставала ў выразна белетрызаваным выглядзе: драма «Лявоніха» П.Данілава (1960) пра антыфеад. выступленні бел. сялян у першыя гады пасля рэформы 1861.
Збавенне ад бесканфліктнасці многія драматургі бачылі ў выбары матэрыялу, які генетычна грунтаваўся на супярэчнасцях і барацьбе, напр., зварот да падзей Вял.Айч. вайны: «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы») К.Губарэвіча (1952). Адкрытая канфліктнасць сітуацый ваен. часу пазбаўляла драматургаў ад неабходнасці адшукваць прапорцыі паміж добрым і лепшым. Аднак патрыят. памкненне пісьменнікаў уславіць подзвіг народа, паказваючы ўсё новыя і новыя факты гераізму, нярэдка было па-мастацку бездапаможным. Існавала прымітывізацыя драматургічнага канфлікту, калі спрацоўваў прынцып адналінейнасці: сутыкненні гранічна палярызаваных сіл, рэзкае размежаванне на сваіх і чужых, надзяленне герояў толькі станоўчымі або толькі адмоўнымі якасцямі. Не ўсім удалося раскрыць і асэнсаваць праблему гераізму як вельмі тонкую, шматузроўневую праблему псіхалагізацыі чалавечых характараў і ўчынкаў: драма «Юныя мсціўцы» А.Гуткевіча і У.Хазанскага (1957), прысвечаная подзвігу ўдзельнікаў Обальскай падп. камсамольскай арганізацыі. Арыентуючыся перш за ўсё на падзею маладыя драматургі фактычна праігнаравалі характар як важнейшы атрыбут драматургічнай творчасці. Прывязваючы характары да падзей, пісьменнікі дасягалі толькі фактаграфічна-сітуацыйнай дакладнасці: драмы «Выбух» М.Алтухова і М.Гарулёва (1958), «Час любві і нянавісці» Я.Пасава (1959), «Марат Казей» В.Зуба (1963) і інш. Удалая спроба паглыбіць рэчышча асэнсавання ваен. тэматыкі, скіраваць яго на шлях філас. угрунтаванасці, псіхал. ускладненасці, выяўл. шматмернасці зроблена ў драме «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Гэта тэндэнцыя плённа выявілася ў пазнейшых п’есах «Першы ўрок» К.Губарэвіча (1967), «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (1974) В.Быкава.
З канца 1960-х г. у бел. драматургіі пачаўся новы ўздым творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, садзейнічалі ўсталяванню арыентацый на асэнсаванне, вырашэнне вельмі сур’ёзных, асноватворчых праблем. Менавіта такія праблемы пакладзены ў аснову сатыр. камедыі-фантасмагорыі «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1972). Значныя сац. пытанні ўздымаліся ў п’есах «Амністыя» (1970), «Апошняя інстанцыя» (1974) М.Матукоўскага, «Злыдзень» (1973), «Трывога» (1974) А.Петрашкевіча, «Экзамен на восень» (1975), «1 змоўклі птушкі» (1978) І.Шамякіна, «Сіні снег» (1975), «Шрамы» (1977) Я.Шабана. Агульная актывізацыя творчых пошукаў часткова закранула і гіст. драму. П’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» (абедзве 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці ўрагану» (1982) У.Караткевіча асэнсоўвалі жыццё беларусаў на пераломных, трагічна-драм. этапах гісторыі. Эпоха выдатнага асветніка Ф.Скарыны паўстала ў драме «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча (1978). У 1970-я г. быў пік творчай актыўнасці А.Макаёнка: камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973), трагікамедыі «Кашмар» (1976), «Пагарэльцы» (1980), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979).
Значных вынікаў дасягнула бел. драматургія 1980-х г. А.Макаёнак завяршыў трагікамедыю «Дыхайце эканомна» (1982), бліскучую антымілітарысцкую сатыру, п’есу-папярэджанне. Сцэнічна запатрабаванымі былі творы А.Петрашкевіча: публіцыст. драма «Соль» (1980) пра пагрозу экалагічнай катастрофы ў Салігорску, гіст. хронікі «Русь Кіеўская» («Гора і слава») і «Змова», трагедыя «Злавеснае рэха» (усе 1983), прысвечаная выкрыццю генацыдных злачынстваў фашыстаў, драма-рэквіем «У спадчыну — жыццё» (1985) пра лёс пасляваен. падлеткаў. Вострасюжэтныя, з выдатным сцэн. патэнцыялам п’есы А.Дударава: «Радавыя» (1984) пра Вял.Айч. вайну, «Парог» (1981), «Вечар» (1983), «Кім» (2001) на маральна-этычную праблематыку, драм. паэма «Чорная панна Нясвіжа» (2000). Павялічвалася прафес. майстэрства ў п’есах Г.Марчука: «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1982), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1984), «Альдона, Анета, Анфіса», «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (усе 1985). Адна з адметнасцей 1980-х г. — прыход у драматургію паэтаў і празаікаў. Некат. з іх, не адчуўшы да сябе зацікаўленасці з боку тэатраў, абмежаваліся напісаннем адной-дзвюх п’ес: «Бацька і сын» (1982), «Гультаі» (1985) А.Карпюка, «Птушкі між маланак» І.Навуменкі (1982), «Доктар Русель» У.Дзюбы (1985), «Раіна Грамычына» В.Адамчыка (1989) і інш. Для іншых захапленне драматургіяй стала больш глыбокім: «Пасля разводу» (1980), «Зямля не даруе» (1987) Л.Леановіча, «Іскры ўначы» (1982), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1984) А.Асташонка, «Вокны» (1984), «Сівы бусел» (1985) В.Ткачова. Н.Гілевіч напісаў больш за 10 п’ес самага рознага жанрава-стылёвага і ідэйна-тэмат. напаўнення: камедыі «Не кажы, гоп» (1971), «Формула годнасці» (1972), «Першая ноч на курорце» (1977), драмы «Начлег на буслянцы», «Патрыярхальны Дзядовіч» (абедзве 1975), «Мы скора завітаем зноў» (1977), «Забяспечым маме здароўе», «Камень з магілы продкаў» (абедзве 1978), аднак пастаўлена была толькі адна — «Патрыярхальны Дзядовіч» Бел. тэлетэатрам (1981). Другая адметнасць 1980-х г. — актыўная фемінізацыя персанальнага складу драм. твораў: «Іван Світаннік» (1981), «Шукайце кветку-папараць» (1985), «Зуб мудрасці» (1986), «Мора, аддай пярсцёнак (1987) Г.Каржанеўскай, «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (1981), «Балада пра белую вішню» (1984), «Вясновая песня» (1985) С.Клімковіч, «Цётка Малання з Асаўца» Р.Баравіковай (1984), «Канёк-гарбунок» (1984), «У абдымках вятроў» (1985), «Дудка-самагудка» (1988) З.Дудзюк, «Памяць па сходнай цане» В.Іпатавай (1985) і інш. Асаблівых гендэрных адметнасцей гэтыя п’есы ў сабе не заключалі. Трэцяя адметнасць 1980-х г. — запавольванне дынамікі якаснага росту драматургіі ў сувязі са зменай пакаленняў. Хоць пэўны рэзананс атрымала камедыя «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987), з’явіліся гіст. хронікі «Звон — не малітва», «Следчая справа Вашчылы» (абедзве 1988), «Ігракі» (1989) І.Чыгрынава.
З сярэдзіны 1980-х г. актывізаваўся зварот да гіст. тэматыкі: «Князь Вітаўт» (1987), «Палачанка» (1998) А.Дударава, «Судны дзень Скарыны» М.Арочкі, «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча (абедзве 1990), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1994), «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва (1996). Побач з асэнсаваннем гіст. мінулага шмат увагі аддавалася праблемам сучаснай рэчаіснасці. Ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці паўстала жыццё сучасніка ў п’есах «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча (1993), «Пятля часу» Р.Баравіковай, «Сям’я для старога сабакі» А.Ждана, «Вірус» Г.Каржанеўскай, «Стары і дарога» В.Ткачова, «Багаты кватарант» А.Федарэнкі (усе 1995), «Заложнікі шчасця» З.Дудзюк, «Збродныя душы» М.Клебановіча, «Блудны муж і Варвара» Г.Марчука, «Абраннікі лёсу» А.Паповай (усе 1997), «Яблычны Спас» А.Дзялендзіка (1998). Звярнуліся драматургі і да найвялікшай экалагічнай катастрофы 20 ст. — Чарнобыльскай. З маральнага боку гэта праблема даследуецца ў п’есах «Хто вінаваты» (1989) і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1990) І.Чыгрынава, «Бездань» М.Матукоўскага (1991), «Адцуранне» А.Дударава, «Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана, «Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча (усе 1993), «Усміхаўся месяц белай вішні» В.Ткачова (1996) і інш.
Плённа развівалася драматургія для дзяцей. Большасць п’ес створана на аснове фалькл. сюжэтаў або з выкарыстаннем прыёмаў фалькл. паэтыкі. У п’есах «Усміхніся, прынцэса» У.Ягоўдзіка (1990), «Каляровая затока» (1992), «Страшнік Гам» (1993), «Навагодні дэтэктыў» (1996), «Маленькі збраяносец» (1998) П.Васючэнкі, «Хохлік» (1993), «Дарога на Віфлеем» (1998) С.Кавалёва, «Жывая вада», «Сінязорка» (абедзве 1994), «Канікулы на астэроідзе» (1997) З.Дудзюк, «Янук, рыцар Мятлушкі» Л.Рублеўскай, «Чарадзейныя суніцы» А.Якімовіча (абедзве 1994), «Чарнабог» Г.Каржанеўскай (1996) адвольна сінтэзуюцца сюжэты бел. і сусв. фальклору. Прынцыпова новая з’ява ў драматургіі канца 20 ст. — з’яўленне п’ес-рымейкаў, сучасных адаптацый твораў даўняй бел. літаратуры. Паводле «Камедыі» К.Марашэўскага і «Птушкі шчасця» Ф.Аляхновіча У.Рудаў напісаў п’есу «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (1997). Сюжэты «Аповесці пра Баву» і «Аповесці пра Трышчана», кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», п’ес Ф.У.Радзівіл «Распуснікі ў пастцы», К.Марашэўскага «Камедыя», Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця» С.Кавалёў зрабіў асновай сваіх рымейкавых п’ес: «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (1991), «Трышчан ды Іжота» (1995), «Люстэрка Бландоі» (1996), «Стомлены д’ябал» (1999), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш.
У драматургіі канца 20 ст. ўзніклі павевы мадэрнізму і постмадэрнізму. Пісьменнікі малодшага пакалення распачалі «культывацыю» паэтыкі абсурдысцкага тэатра. У фарсе-абсурдзе «Галава» І.Сідарука (1992) зададзенасць сюжэтнай будовы, якая спатрэбілася аўтару для надання п’есе парабалічнай формы, не магла не прывесці да схематызму, а разам з тым і да змярцвення ўсёй дзеі. У п’есах «Ку-ку» (1991) і «Лабірынт» (1997) М.Арахоўскаму ўдалося дасягнуць гарманічнай раўнавагі паміж рэальным і фантасмагарычным. Драматургі-эксперыментатары А.Асташонак («Драматургічныя тэксты», 1995), Г.Багданава («АС—лінія», 1997), А.Карэлін («Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя», 2001) і інш. даказалі, што выкарыстанне авангардысцка-мадэрнісцкай паэтыкі здольна пашырыць арсенал выяўл. сродкаў, што пошук нават з адмоўным вынікам прыносіць карысць развіццю жанру.
Маладыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у Я.Коласа. 1949.Беларускія пісьменнікі: М.Аўрамчык, А.Куляшоў, Б.Спрынчан, П.Панчанка, П.Дубашынскі (акцёр), М.Танк, І.Шамякін. 1975.М.Аўрамчык, У.Караткевіч, В.Быкаў у рэдакцыі часопіса «Маладосць». 1973.Беларускія і рускія пісьменнікі на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua), Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКСТАЛО́ГІЯ (ад тэкст + ... логія),
галіна філалогіі, якая вывучае гісторыю тэксту твораў пісьменства, л-ры і фальклору для далейшага даследавання і публікацыі. Гал. яе задача — устанаўленне і крытычнае прачытанне тэксту на падставе вывучэння крыніц (рукапісаў, друкаваных выданняў), класіфікацыі і інтэрпрэтацыі перапрацовак тэксту, выяўлення скажэнняў, зробленых пабочнымі асобамі. Адрозніваюць Т. ант., сярэдневяковай і новай л-р. Своеасаблівыя праблемы мае Т. фальклору, паколькі творы вуснай нар. творчасці існуюць у мностве раўнапраўных варыянтаў. Т. патрабуе шырокай дасведчанасці даследчыка, выкарыстання даных бібліяграфіі, крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі, герменеўтыкі, гісторыі грамадскай думкі, мовы, арфаграфіі, гісторыка-літ. і агульнагіст. звестак і г.д. Тэксталагічнае даследаванне выступае і як частка літ.-знаўчага метаду, як спосаб вывучэння л-ры. звязана з гісторыяй і тэорыяй л-ры. У зменах тэксту адлюстроўваюцца заканамернасці развіцця л-ры і розныя грамадскія тэндэнцыі. На падставе гісторыі тэксту рэканструюецца творчы працэс і даследуецца творчая гісторыя літ. твора. Прыватнымі пытаннямі гісторыі тэксту з’яўляюцца атрыбуцыя, датаванне, лакалізацыя. Пры выданні літ. твораў (навук. эдыцыі) тэкстолагі вырашаюць шэраг праблем: адбор і размеркаванне твораў, выбар тэкстаў, складанне даведачнага апарату (уступны артыкул, каментарый, паказальнік), транскрыпцыя (перадача тэксту са зменамі знешніх прыёмаў пісьма ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі пры захаванні зместу і стылю арыгінала).
Выданні падзяляюцца на папулярныя і навуковыя: навуковыя — на дыпламатычныя (дакладна перадаюць тэкст крыніцы) і крытычныя; факсімільнае выданне захоўвае і знешні выгляд крыніцы. Вышэйшым тыпам навук. выданняў з’яўляецца акад. выданне. Гісторыя Т. пачынаецца з ант. філалогіі. Т. новага часу бярэ пачатак ад філал. даследаванняў гуманістаў і навук. выданняў класічных тэкстаў у эпоху Адраджэння. Т. з прыкладной дысцыпліны паступова ператварылася ў самаст. навуку, стала неабходнай часткай літ.-знаўчага даследавання, мае вял.гіст.-культ. значэнне.
На Беларусі тэксталагічнымі прыёмамі карысталіся Ф.Скарына, С.Будны, складальнікі і рэдактары статута ВКЛ, летапісных зводаў, выдаўцы ананімных паэм Я.Карскі і Е.Раманаў, супрацоўнікі выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якія рыхтавалі падпісную серыю «Беларускія песняры» (творы Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, пераклад «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, усяго 6 тамоў). Навук. даследаванне бел. летапісаў распачаў І.Даніловіч, помнікі бел. пісьменнасці выдавала Віленская археагр. камісія і інш. Т. стараж. л-ры абумоўлена спецыфікай сярэдневяковага пісьменства, характарам бытавання яго помнікаў (пераважна ў рукапісах), асаблівасцямі працы стараж. кніжнікаў і інш. Неразвітасць аўтарскага пачатку і звязаная з гэтым ананімнасць многіх твораў, няўстойлівасць тэксту, наяўнасць розных спісаў і рэдакцый аднаго і таго ж помніка, адсутнасць аўтарскага тэксту, шматмоўнасць пісьмовай спадчыны Беларусі стараж. перыяду, своеасаблівасць культ.-гіст. кантэксту, у якім узнікалі і бытавалі літ. творы, ствараюць дадатковыя цяжкасці для даследчыка-медыявіста і часам робяць немагчымым грунтоўнае вывучэнне пісьмовага помніка без яго тэксталагічнага даследавання. Непасрэднаму літ.-знаўчаму аналізу твора папярэднічаюць пошук і вывучэнне яго розных спісаў, атрыбуцыя рукапісаў, у якіх ён захаваўся, вызначэнне іх складу, часу і месца ўзнікнення, прачытанне тэксту і параўнанне яго з інш. спісамі, выяўленне і асэнсаванне розначытанняў, высвятленне месца дадзенага спісу сярод інш. спісаў і рэдакцый, па магчымасці, рэканструкцыя пратографа або нават тэксту, блізкага да аўтарскага. Спецыфіку і асаблівыя цяжкасці мае тэксталагічнае даследаванне летапісаў, якія звычайна ўяўляюць сабой складаныя зводы-кампіляцыі розных тэкстаў і літ. твораў рознага часу і розных аўтараў. Прынцыпы і правілы публікацыі помнікаў стараж. пісьменства залежаць ад тыпу і характару выдання (навук., навук.-папулярнае, у арыгінале ці ў перакладзе на сучасную мову). Значную працу па выяўленні, зборы і апісанні рукапісаў, вывучэнні помнікаў бел. пісьменства зрабіў Карскі. Тэксталагічнае даследаванне бел. летапісаў, пачатае ў 19 ст. Даніловічам, у 20 ст. прадоўжылі А.Шахматаў і Ф.Сушыцкі, пашырылі і паглыбілі М.Улашчык і В.Чамярыцкі; Зроблена археагр. апісанне ўсіх летапісных спісаў, высветлены іх узаемаадносіны і ўдакладнена класіфікацыя, праведзена тэксталагічнае параўнанне гэтых помнікаў са стараж.-рус. летапісамі і польскімі хронікамі, даследаваны ўзнікненне, крыніцы і літ. гісторыя летапісных зводаў, падрыхтавана іхнавук. выданне ў «Поўным зборы рускіх летапісаў». Значны ўклад у вывучэнне і выданне помнікаў бел. пісьмовай спадчыны зрабіў А.Коршунаў, які падрыхтаваў першую «Хрэстаматыю па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), творы Афанасія Філіповіча і Скарыны, асобныя помнікі мемуарнай л-ры Беларусі 16—17 ст.Гіст.-літ. і тэксталагічнае даследаванне і публікацыю твораў стараж.бел. паэзіі ажыццявіў І.Саверчанка («Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палавіна XVII ст.», 1992), агіяграфіі і Кірылы Тураўскага — А.Мельнікаў («Кніга жыцій і хаджэнняў», 1994; «Кірыл, епіскап Тураўскі», 1997), паломніцкай л-ры — С.Гаранін («Шляхамі даўніх вандраванняў», 1999).
Станаўленне Т. бел. л-ры адбылося ў 1920—30-я г. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле І.Замоціна, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага, В.Мачульскага, М.Піятуховіча выдадзены навук.-каменціраваныя зборы твораў («Творы» М.Багдановіча, т. 1—2, 1927—28; «Матчын дар» А.Гаруна, 1929; аднатомнікі твораў Цёткі і П.Труса, 1934, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны актыўная праца ў галіне Т. бел. л-ры разгорнута ў Ін-це л-ры АН Беларусі, дзе пры сектары дакастр. л-ры створана тэксталагічная група (узначальвалі В.Барысенка, Ю.Пшыркоў). Асн. намаганні скіроўваліся на выданне спадчыны пісьменнікаў-класікаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, помнікаў стараж. пісьменства. Значнай падзеяй стаў выхад першых навукова каменціраваных збораў твораў Я Купалы (т. 1—6, 1952—54; 1961—63) і Я.Коласа (т. 1—12, 1961—64). Выдадзены таксама зборы твораў Дуніна-Марцінкевіча (1958), Багдановіча (т. 1—2, 1968), «Александрыя» (1962), «Прадмовы і пасляслоўі» Скарыны (1969), «Творы» Багушэвіча (1967). У зборы твораў Я.Купалы (1961—63) у якасці крыніц асн. тэксту выбрана не апошняе прыжыццёвае выданне, а 1-ы збор твораў (т. 1—6, 1925—32), які рыхтаваў сам аўтар. Пошук архіўных матэрыялаў і гіст.-літ. звестак, удасканаленне методыкі тэксталагічнага аналізу і каменціравання тэксту твораў спрыяльна адбіліся на падрыхтоўцы больш поўных збораў твораў Я.Купалы (т. 1—7, 1972—76) і Я.Коласа (т. 1—14, 1972—78). Выйшлі 1 -ы навукова каменціраваны збор твораў К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), «Выбраныя творы» М.Гарэцкага (т. 1—2, 1973), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), аднатомныя «Творы» Цёткі (1976), «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. (1976), «Творы» К.Каганца (1979) і інш. Даследаванне заканамернасцей развіцця бел. л-ры на ўсім працягу яе гіст. развіцця набывае мэтанакіраваны характар. Адпаведна павялічылася ўвага даследчыкаў і да маст. спадчыны мінулага. У сувязі з неабходнасцю далейшай актывізацыі тэксталагічнай работы ў 1979 на аснове тэксталагічнай групы Ін-та л-ры АН Беларусі створаны сектар выданняў і тэксталогіі (з 1986 аддзел). Выдадзены першыя навукова каменціраваныя зборы твораў І.Мележа (т. 1—10,1979—85), М.Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86) і 2 дадатковыя тамы — «Творы» (1990) і «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992), П.Пестрака (т. 1—5, 1984—86), У.Караткевіча (т. 1-8, 1987—91), З.Бядулі (т. 1—5, 1985-89), П.Броўкі (т. 1—9, 1987—92), М.Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), Я.Пушчы (т. 1—2, 1993—94), аднатомнікі Г.Леўчыка (1980), Я.Дылы і В.Каратынскага (абодва 1981), У.Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984), С.Палуяна (1986), Я.Лучыны (1988), Скарыны (1990). Багушэвіча (1991), У.Сыракомлі (1993), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983). Бел. тэкстолагі падрыхтавалі зборы твораў Я.Купалы (т 1—3, 1982) і Я.Коласа (т. 1—4, 1982—83) у перакладзе на рус. мову. Якасна новым этапам у развіцці бел. Т. сталі першыя поўныя зборы твораў М.Багдановіча ў 3 т. (1991—95) і Я.Купалы ў 9 т. (т. 1—8, 1995—2002), у якіх па-новаму вырашаны шэраг тэксталагічных праблем. Пашыраны асн. корпус поўнага збору твораў Я.Купалы за кошт твораў, якія ў папярэднія зборы не ўключаліся паводле ідэалаг. прычын і цэнзурных меркаванняў. Зменена кампазіцыя выдання: адноўлены паасобныя строфы вершаў, удакладнены крыніцы асн. тэксту і першадруку, выпраўлены недакладнасці датавання, пашыраны гіст.-літ. і рэальны каментарый, уведзены прыжыццёвыя літ.-крытычная ацэнкі твораў Я.Купалы, змешчаны гіст.-літ. нарысы пра гісторыю друкавання асн. вершаваных зб-каў паэта, упершыню змяшчаюцца яго дарчыя надпісы на кнігах і фотаздымках, службовыя і асабістыя дакументы. У 1996 распачата выданне «Беларускага кнігазбору». Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Чачота, М.Багдановіча, В.Ластоўскага, У.Жылкі, Я.Баршчэўскага, Л.Геніюш, П.Труса, Н.Арсенневай і інш., «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), зб. К.Каліноўскага «За нашую вольнасць: Творы, дакументы» (1999).
Літ.:
Вопросы текстологии. Вып. 1—4. М., 1957—67;
Прохоров Е.И. Текстология: (Принципы изданий классич. лит.). М., 1966;
Принципы текстологического изучения фольклора. М.; Л., 1966;
Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;
Гульман Р.І. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980;
Лихачев Д.С. Текстология: На материале рус. лит. X—XVII вв. 2 изд. Л., 1983;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;
Яго ж. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;
Мушынскі М.І. Беларуская тэксталогія: набыткі, праблемы // Полымя. 1980. № 1;
Яго ж. Першы Поўны збор твораў Янкі Купалы. Канцэпцыя выдання і яе практыч. ўвасабленне // Бел.археагр. штогоднік. 2000. Вып. 1;
Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Лабынцев Ю.А. Проблемы подготовки изданий собрания сочинений Скорины: традицион. и электрон варианты // Скарына і наш час. Гомель, 1999;
Современная текстология: теория и практика. М., 1997;
Гришунин А.Л. Исследовательские аспекты текстологии. М., 1998;
Голуб Т.С. У творчай майстэрні класіка: Тэксталогія твораў М.Гарэцкага. Мн., 2002.