ЛІТАЛОГІЯ
Вывучэнне асадкавых горных парод у Беларусі пачалося ў першыя дзесяцігоддзі 20 ст. Да 1920-х г. яно праводзілася эпізадычна, пераважна ў працэсе іншых геал. даследаванняў, і ўтрымлівала фрагментарныя звесткі пра склад, некат. ўласцівасці, часам паходжанне пераважна антрапагенавых, зрэдку больш стараж. (мелавых, дэвонскіх) асадкавых парод, якія залягаюць на паверхні або ў агаленнях па берагах рэк. У выніку больш інтэнсіўнага геал. вывучэння тэр. БССР у 1920-я г. паявіліся працы, пераважна геал. справаздачы, М.І.Дабрынінай, А.М.Жырмунскага, Г.Ф.Мірчынка, А.М.Розіна, Б.К.Тарлецкага і інш. пра фасфарыты, балотныя руды, прыродныя пігменты, пяскі, гліны, мел, мергелі, вапнякі і даламіты. З канца 1920-х г., калі ў рэспубліцы стварылася пастаянная геал. служба, а ў складзе Інбелкульта ў 1927 заснаваны Геал. ін-т (з 1929 у сістэме АН Беларусі), пачаліся больш грунтоўныя літалагічныя даследаванні, асабліва даантрапагенавых асадкавых парод (В.І.Маеўскі, С.С.Малярэвіч, М.М.Цапенка і інш.). Вядучая роля ў іх арганізацыі належыць М.Ф.Бліадухо. У пасляваенныя гады асадкавыя пароды вывучаліся ў Ін-це геал. навук АН Беларусі і спадарожна пры геолага-здымачных і пошукава-разведачных работах ва Упраўленні геалогіі пры СМ БССР. У 1950-я г., калі на тэр. Беларусі разгарнулася глыбокае свідраванне, а ў Ін-це геал. навук (з 1970 Бел. н.-д. геолага-разведачны ін-т) у 1955 створана лабараторыя літалогіі (у 1964—76 сектар літалогіі і геахіміі), пачалося вывучэнне больш глыбокіх гарызонтаў платформавага чахла, у складзе якога выяўлены разнастайныя, раней невядомыя і недаступныя для даследаванняў асадкавыя пароды і карысныя выкапні асадкавага паходжання: пясчаныя, гліністыя, карбанатныя, карбанатна-сульфатныя, крамяністыя пароды, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды і інш. У практыцы літалагічных даследаванняў побач з традыцыйнымі (палярызацыйна-мікраскапічны, імерсійны метады, грануламетрычны, хім. і спектральны аналізы) выкарыстоўваюцца тэрмічны, рэнтгенаўскі, электронна-мікраскапічны, мікразондавы і інш. метады.
Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле А.С.Махнача, які стварыў бел. школу літолагаў, праведзены літалаг. даследаванні асадкавых і вулканагенных парод верхняга пратэразою (В.Я.Бяссонава, М.В.Вераценнікаў), нафта- і саляносных дэвонскіх (В.П.Корзун, В.П.Курачка, І.І.Ур’еў. Т.А.Шаўчэнка і інш.), каменнавугальных (З.В.Жыцкая, Л.М.Палер, Н.А.Саўчанка), пермскіх, трыясавых і вугляносных кайназойскіх (Л.Ф.Ажгірэвіч, З.М.Неўмяржыцкая і інш.) адкладаў. Выканана таксама літалагічнае вывучэнне бурых вуглёў, гаручых сланцаў (Л.Ф.Ажгірэвіч, Ю.І.Горкі і інш.), даўсанітаносных парод (В.П.Курачка, Г.М.Фралоў і інш.). Праводзяцца даследаванні каменнай і калійных солей (В.З.Кіслік, Ю.І.Лупіновіч, А.К.Ляховіч, В.М.Шчарбіна, Д.М.Ярошына і інш.), мергельна-мелавых і крамяністых парод (Ю.Р.Копысаў, Я.Я.Пятрушка), глін (Н.В.Зайцава, Я.А.Ільін і інш.), фасфарытаў (Л.М.Міхайлава), пясчана-жвіровых і інш. парод антрапагену (А.А.Костка, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, В.І.Ярцаў і інш.), карбанатных і тэрыгенных парод нафтаносных гарызонтаў дэвону (Л.А.Дземідовіч, Н.В.Назарава і інш.). З часу стварэння ў 1971 Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (з 1993 Ін-т геал. навук АН Беларусі), а ў ім лабараторыі літалогіі і петраграфіі (з 1980 — літалогіі і геахіміі) прадоўжыліся даследаванні верхнепратэразойскіх (М.В.Вераценнікаў, Л.Ф.Гуліс, А.С.Махнач, У.І.Шкуратаў), дэвонскіх (В.П.Корзун, А.А.Махнач, А.С.Махнач, І.І.Ур’еў і інш.), кайназойскіх (Л.Ф.Ажгірэвіч, В.А.Кавалёў і інш.) адкладаў, стараж. кор выветрывання (М.М.Лявых). Літалогію лёсаў, глеб і подсцільных парод вывучаюць у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (П.С.Самадураў, У.Д.Лісіца, С.А.Ціханаў і інш.). Значныя аб’ёмы аналітычных работ з мэтай вывучэння рэчыўнага саставу і мінер. складу асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання выканала Цэнтр. лабараторыя Рэсп. унітарнага прадпрыемства «Белгеалогія». Вынікі літалаг. і аналітычных даследаванняў выкарыстоўваюцца ў практыцы геолага-здымачных і пошукава-разведачных работ, пры ацэнцы аб’ектаў і іх больш дасканалым вывучэнні як магчымых крыніц карысных выкапняў або іх змяшчальных парод, таксама з мэтай больш шырокіх навук. абагульненняў, прагнозаў і пошукаў карысных выкапняў у платформавым чахле Беларусі.
Літ.:
Литология и геохимия девонских отложений Припятского прогиба в связи с их нефтеносностью. Мн., 1966;
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968;
Курочка В.П. Атлас микротекстур и структур пород девонского осадочного комплекса Припятского прогиба. Мн., 1968;
Литология, геохимия и полезные ископаемые Белоруссии и Прибалтики. Мн., 1968;
Зайцева Н.В. Ленточные глины Белоруссии. Мн., 1969;
Литология и нефтеносность семилукских отложений Припятского прогиба. Мн., 1971;
Махнач А.С., Левых Н.Н. Литология и геохимия кор выветривания, развитых на кристаллическом фундаменте Белоруссии. Мн., 1973;
Рифей и венд Белоруссии. Мн., 1976;
Монкевич К.Н. Пермские и триасовые отложения Припятского прогиба. Мн., 1976;
Литология, геохимия и фации верхнего протерозоя и палеозоя БССР. Мн., 1979;
Махнач А.С., Шкуратов В.И., Веретенников Н.В. Верхний протерозой Припятской впадины. Мн., 1980;
Кембрий Белоруссии. Мн., 1985.
М.В.Вераценнікаў.
т. 18, кн. 2, с. 555