ДЫ́МКАЎСКАЯ ЦА́ЦКА, вяцкая, кіраўская цацка,

рускі нар. маст. промысел у слабадзе Дымкава (цяпер у межах г. Кірава, Расія). Існуе здаўна (у літаратуры згадваецца з 1811). Д.ц. лепяць з гліны, абпальваюць і па грунце размалёўваюць тэмперай, аздабляюць сусальным золатам; характэрны абагульненасць і гратэскавасць формаў. Матывы і старадаўнія, і новыя («барыня», «нянькі», казачныя сюжэты, сцэны побыту, анімалістычныя выявы). Яркая дэкаратыўная размалёўка ўключае геам. арнамент і мае імправізаваны характар. У 1919 створана майстэрня (з 1942 — цэх т-ва «Кіраўскі мастак», з 1956 — цэх у складзе Маст.-вытв. майстэрняў Кіраўскага аддзялення Маст. фонду Расіі).

Да арт. Дымкаўская цацка. З.​Пенкіна. Руская зіма. 1961.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЯС ДЭ МЕНДО́СА (Díaz de Mendoza) Фернанда (7.7.1862, г. Мурсія, Іспанія — 20.10.1930),

іспанскі акцёр і тэатр. дзеяч. Творчую дзейнасць пачаў у 1895 у Мадрыдзе. У 1896—1906 кіраўнік (з М.Герэра) трупы «Герэра—Мендоса». У 1929 арганізаваў у Буэнас-Айрэсе т-р «Сервантэс», які стаў правадніком ісп. тэатр. культуры ў краінах Лац. Амерыкі. Значную ўвагу аддаваў пастаноўкам п’ес класікаў нац. драматургіі (Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона, Тырса дэ Маліны, А.​Марэты) і тагачасных аўтараў (Х.​Эчэгарай-і-Эйсагірэ, Х.​Бенавентэ-і-Марцінеса, братоў С. і Х.​Альварэсаў Кінтэра), садзейнічаў фарміраванню творчасці шэрагу ісп. і аргенцінскіх акцёраў 20 ст.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ВІТ (Davitt) Майкл (25.3.1846, Стрэйд, каля г. Белфаст, Вялікабрытанія — 31.5.1906),

дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1865 удзельнік руху феніяў, у 1870—77 зняволены. Адмовіўшыся ад тэрарыст. тактыкі феніяў, выступаў за спалучэнне масавага руху за аграрныя пераўтварэнні з парламенцкай барацьбой за нац. вызваленне. У 1879 разам з Ч.​С.​Парнелам заснаваў Зямельную лігу. У 1890 парваў з лідэрамі руху за Гомруль. З 1895 чл. парламента, у 1899 у знак пратэсту супраць англабурскай вайны 1899—1902 склаў з сябе парламенцкія паўнамоцтвы. Удзельнік к-та рабочага прадстаўніцтва (засн. ў 1900, з 1906 Лейбарысцкая партыя).

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБІ́НСКІ Генрык (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.

Тв.:

Wybór pism. Warszawa, 1962.

Літ.:

Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;

Kraków, 1988.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МПФЕР (ад ням. Dämpfer глушыцель),

прыстасаванне для гашэння (паглынання, заспакаення) шкодных ваганняў у машынах, механізмах, прыладах, канструкцыях.

Падзяляюцца на фрыкцыйныя (заспакойваюць ваганні пераўтварэннем энергіі ваганняў у работу трэння, якое ствараецца паміж элементамі Д.) і дынамічныя (змяняюць частату ўласных ваганняў сістэмы адносна частаты вонкавых сіл, каб папярэдзіць рэзананс); паводле канструкцыі — на мех., гідраўл. (напр., поршні ў вязкіх асяроддзях), пнеўматычныя. эл.-магн. і інш. Выкарыстоўваюцца ў рухавіках унутр. згарання, аўтам. рэгулятарах і вымяральных прыладах (гідраўл. і пнеўматычныя), у эл. машынах (у выглядзе шпуль індуктыўнасці, рэзістараў), у мнагаструнных муз. інструментах (калодачкі або планкі, абклееныя лямцам, для спынення ваганняў струн) і інш.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 3 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 138 км². Схілы катлавіны на У і Пд выш. 10—13 м, параслі хваёвым лесам, астатнія выш. 2—6 м, на Пн разараныя. Берагі пад хмызняком. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. Бярэжа, на Пн выцякае ручай у воз. Струста.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

назва перыядычных выданняў, афіц. органаў епархій, якія выдаваліся з 2-й пал. 19 ст. да 1917 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Мелі 2 часткі: афіцыйную і неафіцыйную. У першай друкаваліся ўрадавыя пастановы, указы і распараджэнні Сінода, царк. хроніка. у другой — матэрыялы па багаслоўі. л-ры, фальклоры, этнаграфіі, археалогіі, краязнаўстве, гісторыі царквы. Выдаваліся «Литовские епархиальные ведомости» (1863—1916, Вільня, Масква), «Минские епархиальные ведомости» (1869—1917, Мінск, Разань; адноўлена ў 1989 у Мінску), «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1917, Віцебск), «Могилевские епархиальные ведомости» (1883—1917, Магілёў), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—15, Гродна).

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛДАКО́Ў Анатоль Уладзіміравіч (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкі Мін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОРЖ (George; сапр. Веймер; Weimer) Маргерыт Жазефін

(23.2.1787, г. Баё, Францыя — 11.1.1867),

французская актрыса. Вучылася ў драм. актрысы Ракур. У 1802—08, 1813—18 выступала ў т-ры «Камеды Франсэз». Выконвала ролі ў класіцысцкіх трагедыях: Герміёна, Раксана, Клітэмнестра («Андрамаха», «Баязет», «Іфігенія ў Аўлідзе» Ж.​Расіна), Клеапатра, Медэя («Радагюна», «Медэя» Б.​Карнеля), Меропа, Семіраміда (аднайм. п’есы Вальтэра) і інш. Яе мастацтва адлюстроўвала позні перыяд у развіцці класіцызму з характэрнай для яго знешняй пампезнасцю, дэкаратыўнасцю. З 1822 у т-ры «Адэон», у 1830-я г. — адначасова і ў т-ры «Порт-Сен-Мартэн». У 1849 пакінула сцэну.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́НІН Сяргей Георгіевіч (31.8.1906, с. Мядзведзіцкае Кімрскага р-на Цвярской вобл., Расія — 27.1.1977),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Магілёўскай і Брэсцкай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1928. З чэрв. 1941 на Зах. фронце, нам. камандзіра танк. палка. З ліп. 1941 у партызанах: арганізатар атрадаў у Круглянскім і Шклоўскім р-нах, камандзір групы атрада «Сяргея», адначасова ў кастр. 1942 — жн. 1943 камандзір 8-й Круглянскай партыз. брыгады, у жн.—снеж. 1943 — Круглянскай ваенна-аператыўнай групы, потым — 8-й партыз. брыгады. Аўтар кн. «Ад Дняпра да Буга» (1974).

С.Г.Жунін.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)