МАКАРТЫ́ЗМ,

палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.​Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, а М. паступова згас.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 342) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў г. Маладзечна ў ліп. 1941 для масавай загубы сав. ваеннапалонных, да 1942 тут трымалі і цывільнае насельніцтва. Меў 3 лагеры і 13 аддзяленняў на чыг. лініях, у якіх пастаянна ўтрымлівалася каля 30 тыс. чал. Тэр. лагера была абгароджана калючым дротам, вязні размяшчаліся ў бараках без ацяплення. Ад голаду (за суткі на чалавека выдавалі 100 г эрзац-хлеба і 1 л баланды), фіз. знясілення, эпідэміі тыфу і інш. хвароб у лагеры панавала масавая смяротнасць. Сістэматычна праводзіліся расстрэлы вязняў. Да чэрв. 1944 тут загублена 33 150 чал. На месцы лагера ў памяць аб ахвярах генацыду ў 1996 адкрыты мемар. комплекс.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ГУА (Managua),

горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз. Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс. ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац. музей Нікарагуа. Нац. тэатр.

Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́НЕРГЕЙМА ЛІ́НІЯ»,

сістэма фінл. доўгатэрміновых фартыфікацыйных збудаванняў і загарод на Карэльскім перашыйку ўздоўж граніцы з СССР. Пабудавана ў 1927—39 пры ўдзеле ням., англ., франц. і бельг. спецыялістаў, завершана пад кіраўніцтвам бельг. ген. Баду — удзельніка стварэння «Мажыно лініі». Названа імем К.Г.Э.Манергейма. Агульная працягласць «М.л.» 135 км (ад Фінскага заліва да Ладажскага воз.), глыбіня да 90 км; уключала паласу забеспячэння, гал. паласу абароны, 2-ю і тылавую палосы. Мела больш за 2 тыс. доўгатэрміновых і гранітна-дрэваземляных агнявых збудаванняў. Чырв. Арміі двойчы давялося з баямі і пры значных стратах у жывой сіле і тэхніцы пераадольваць «М.л.» ў час савецка-фінляндскай вайны 1939—40 і ў ходзе Выбаргскай аперацыі 1944. Пасля вайны ўсе збудаванні «Мл.» разбураны.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́РДА (ад франц. mansarde), паддашак,

памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц. арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.

В.​Б.​Ангелаў.

Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.
Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.​Мансара.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕ́НТ У ГО́НАР МА́ЦІ-ПАТРЫЁТКІ,

мемарыяльны комплекс у г. Жодзіна Мінскай вобл. Адкрыты ў 1975 (скульпт. А.​Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў, арх. А.​Трафімчук; Дзярж. прэмія СССР 1977) каля шашы Мінск—Масква. Манумент у выглядзе шасціфігурнай скульпт. кампазіцыі (з бронзы), выцягнутай па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на 2-ступеньчатым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу — на больш нізкім пастаменце фігуры яе 5 сыноў, што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драм. лёс маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф.Купрыянавай, усе 5 сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад ням.-фаш. захопнікаў (малодшы з іх П.І.Купрыянаў — Герой Сав. Саюза). Комплекс арганічна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Манумент у гонар маці-патрыёткі.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЭ́ВІЧ Фларыян Данатавіч (1890, в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.7.1941),

бел. педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзвінскім пав. Віцебскай губ. Збіраў бел. песенны і муз. фальклор, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Якім Парэчка). З 1917 удзельнічаў у арганізацыі школьнага навучання на радзіме. Выступаў за адкрыццё бел. школ у Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі, удзельнічаў у стварэнні новай сістэмы нар. адукацыі, у Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў бел. школ, працаваў настаўнікам у в. Малая Кавалеўшчына Міёрскага р-на. У пачатку ням.-фаш. акупацыі Беларусі арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў расстраляны.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЭ́ВІЧЫ,

удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, браты: Міхаіл Аляксандравіч (1.7.1840—18.6.1863) і Іван Аляксандравіч (Ян-Алаіз; 2.8.1841—18.6. 1863). З дробнай бел. шляхты Магілёўскай губ. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус (1859, 1861). У чыне прапаршчыкаў накіраваны на службу ў артыл. брыгады ў Магілёў. Напярэдадні ўзбр. выступлення на Магілёўшчыне, прызначанага на 23.4.1863, уцяклі з часці, прыбылі на зборны пункт каля в. Чарнаручча і прынялі ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чарнаруцкага (Магілёўскага) атрада. Пасля разгрому атрада ўрадавымі войскамі 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н) трапілі ў палон. Паводле прысуду ваен. трыбунала «за парушэнне воінскай прысягі» публічна расстраляны ў Магілёве разам з І.Анцыпам і У.​Корсакам.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ Фёдар Рыгоравіч (24.12.1914, в. Качанішкі Уценскага пав., Літва — 14.1.1958),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі ў 1936—39 быў зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер, віленскую турму. У 1939—41 старшыня Свянцянскага гарсавета, нам. старшыні Вілейскага аблвыканкома. У партызанах з вер. 1941: камандзір спецгрупы, з мая 1942 — атрада імя Суворава, з ліст. 1942 — партыз. брыгады імя Варашылава, адначасова з крас. 1943 нач. ваенна-аператыўнага аддзела Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. старшыні Вілейскага, Маладзечанскага аблвыканкомаў. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1940.

Ф.Р.Маркаў.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)