ГО́РСЕЙ, Хорсі (Horsey) Джэрам (? — пасля 1626), англійскі падарожнік. З 1573 агент англ. гандлёвай Маскоўскай кампаніі. У 1581—91 выконваў важныя дыпламат. даручэнні англ. і рас. ўрадаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1622 арыштаваны за апазіцыйныя выступленні супраць урада караля Якава І. Аўтар некалькіх прац пра Расію часоў Івана IV Грознага і Фёдара Іванавіча. Пры апісанні сваіх падарожжаў праз Літву і Беларусь змясціў звесткі пра сустрэчу з кн. Радзівіламі, заняцце Іванам IV Полацка ў 1563 і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Записки о России, XVI — начало XVII в. М., 1990.
А.П.Грыцкевіч.
т. 5, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Ганс) (19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).
Тв.:
Рус. пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.
т. 5, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ-БА́РСКІ (Іван Рыгоравіч) (1713, Кіеў — 1785),
украінскі архітэктар. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Працаваў у традыц. прыёмах укр. барока, часам з выкарыстаннем элементаў ранняга рус. класіцызму. Пабудаваў у Кіеве: гар. водаправод на Падоле з павільёнам-фантанам «Феліцыян» (1748—49, не збярогся), цэрквы Пакроўскую (1766) і Ніколы Набярэжнага (1772—85), гасціны рад (1778), надбрамную званіцу ў Кірылаўскім манастыры (1748—60, не захавалася), а таксама магістрат у г. Казялец (каля 1756).
Літ.:
Заболотний В. Український архітектор XVIII століття Григорович-Барський // Українська література. 1942. № 5—6.
т. 5, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйныя газеты, што выдаваліся ў губернях і абласцях Рас. імперыі ў 1838 — 1917 на рус. мове. Перыядычнасць мянялася ад 1 да 6 разоў на тыдзень. У 1838 выдаваліся ў 42 (з 60) губ. цэнтрах. На Беларусі выходзілі «Белостокские областные ведомости» (1838—43), «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилёвские губернские ведомости». Мела афіц. і неафіц. (часам выдавалася самастойна) часткі. Матэрыялы рыхтавалі губ. стат. камісіі, пасля — губ. архіўныя камісіі і к-ты. Спынілі існаванне пасля Лют. Рэв. 1917.
С.В.Говін.
т. 5, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛІЯ (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),
рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЯ́М (Хамід) (сапр. Гулямаў Хамід Убайдулаевіч; н. 25.4.1919, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Узбекістана (1969). Нар. пісьменнік Узбекістана (1979). Скончыў Ташкенцкі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1934. Аўтар зб-каў вершаў і паэм, кнігі балад «Кантыненты не спяць» (1960), раманаў гіст.-рэв., сац.-псіхал. тэматыкі «Светач» (кн. 1—2, 1958—61), «Галодны стэп» (1963), «Дарога да цябе» (1964), «Ташкентцы» (1967, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1974), «Бессмяротнасць» (1977, Дзярж. прэмія СССР 1980). Перакладаў на узб. мову асобныя творы У.Шэкспіра, Лопэ дэ Вэга, А.Пушкіна.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1979.
т. 5, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Мікалай Іванавіч) (4.6.1905, в. Свінка Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1972),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1950), праф. (1962). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, выкладаў у БДУ, з 1944 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў пытанні бел., рус. і слав. мовазнаўства. Аўтар «Параўнальнай граматыкі рускай і беларускай моў» (1962; 2-е выд. 1972). Сааўтар шэрагу падручнікаў і дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў («Беларуская мова», ч. 1—2, 1961—62; «Руская мова», ч. 1—2, 1962—65, і інш.).
І.К.Германовіч.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЛІЯ́К (Ніна Львоўна) (н. 7.8.1908, С.-Пецярбург),
спявачка (сапрана) і педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1932; клас К.Дарліяк, маці Д.), з 1935 выкладала ў ёй, стварыла школу камерных спеваў (праф. з 947). Адна з буйнейшых сучасных камерных спявачак. З 1935 выступала ў канцэртах, у т. л. ў ансамблі з мужам — С.Рыхтэрам. Выконвала рамансы і оперныя арыі рус. і замежнай класікі, вак. лірыку сучасных кампазітараў, у т. л. ўпершыню шэраг твораў С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча і інш. Сярод вучаніц Г.Пісарэнка, Т.Тугарынава, А.Ільіна.
т. 6, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,
шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.І.Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 6, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)