БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БНСП),

арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЙД-ОР ((Boyd-Orr) Джон) (23.9 1880, Кілмаурс, Шатландыя — 25.6.1971),

брытанскі дыетолаг. Пэр (1948). Ганаровы чл. Нью-Йорскай АН. Адукацыю атрымаў ва ун-це Глазга. Заснавальнік і дырэктар н.-д. ін-та ў Роўэце (пасля 1-й сусв. вайны), праф. сельскай гаспадаркі ў Абердзінскім ун-це (1942—45). У 1945—48 першы дырэктар Арг-цыі па харчаванні і сельскай гаспадарцы ААН. Распрацаваў «нормы харчавання», абгрунтаваў неабходнасць сусв. харч. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1949.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛІНА,

былы маёнтак у Віцебскай вобл. Існаваў у 15 — пач. 20 ст. на беразе р. Больнік паміж в. Кастрыца Лепельскага і Дзярэўня Чашніцкага р-наў на Пд ад аўтадарогі Лепель—Орша. Вядомы з пач. 1440-х г. як сяло Лукомскага княства. Належаў Лукомскім, П’яноўскім, Жабам і інш. Апошняй уладальніцай Боліна ў пач. 20 ст. была К.​Дзевалтоўская-Гінтаўт. Пасля 1917 маёнтак спыніў існаванне. Рэшткі Боліна знішчаны ў 1970-я г. ў час меліярацыйных работ.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШО́Ў (Braşov),

горад у цэнтр. ч. Румыніі. Адм. ц. жудэца Брашоў. Засн. ў 1211. 323,8 тыс. ж. (1993). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог. Другі (пасля Бухарэста) прамысл. цэнтр краіны, які ўключае больш за 10 гарадоў-спадарожнікаў. Разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўта-, трактара-, прыладабудаванне), хім. (нафтахім., гумавая), парфумерна-касметычная, цэм., дрэваапр., тэкст. (пераважна шарсцяная), гарбарна-абутковая, харч., паліграф. прам-сць. Турызм. Ун-т. Гатычная «горная царква» 14—15 ст., цытадэль 17 ст.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАКРЫ́Л,

лятальны апарат, у якога пад’ёмная сіла, неабходная для падтрымання яго ў палёце, ствараецца нясучым вінтом (вінтамі) і крылом, а цяга — паветр. вінтамі або рэактыўнымі рухавікамі. Узлёт, завісанне, пасадку і палёт на малых скарасцях В. ажыццяўляе як верталёт, а пасля дасягнення скорасці, пры якой становяцца эфектыўнымі аэрадынамічныя рулі, ляціць як самалёт (з выкарыстаннем пад’ёмнай сілы крыла). Канструктыўна больш складаныя і цяжкія, чым верталёты. Бываюць грамадзянскія і ваенныя. Выкарыстоўваюцца абмежавана.

Вінтакрыл Ка-22.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.​Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў Віцебску ў 1926. У гліняным гаршку былі 792 грошы пражскія сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сярод манет Вацлава IV [1378—1419] 2 экз. з кантрамаркай г. Аўгсбурга, 1 — Рэгенсбурга. Грош часоў праўлення Іржы Падэбрада [1458—71] — адзіная знаходка на тэр. Беларусі. Большая частка скарбу (767 манет, 2000 г) захоўвалася ў Віцебскім аддз. Бел. дзярж. музея, астатняя — у Бел. дзярж. музеі (г. Мінск). Пасля 1941 лёс скарбу невядомы.

І.​Ф.​Маско.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛАБА́МА»,

канфлікт паміж ЗША і Англіяй у час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. Выкліканы ваен. дапамогай Англіі мяцежным рабаўладальніцкім штатам. Англ. крэйсер «Алабама» ў 1862—64 захапіў і знішчыў 68 гандл. і 1 ваен. карабель паўн. штатаў. Сам быў патоплены 14.7.1864. Пасля заканчэння вайны ЗША узнялі пытанне пра адказнасць Англіі за дзеянні «Алабамы» і інш. яе крэйсераў. Арбітражны суд у Жэневе 14.9.1872 вынес рашэнне, паводле якога Англія заплаціла ЗША 15,5 млн. долараў.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ШКА (Антон Антонавіч) (1.2.1913, в. Балочычы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1971),

бел. пісьменнік. Пасля педкурсаў пры Слуцкім пед. тэхнікуме (1931) настаўнічаў. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1941). Служыў урачом у арміі. Друкаваўся з 1932. Выйшлі кн. аповесцяў і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969). Асн. тэма творчасці — жыццё і баявыя подзвігі лётчыкаў.

Тв.:

Неба на замку. Мн., 1984.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.

Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)