Ствараюцца ў месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю выдатных людзей, для аховы і зберажэння гэ тых месцаў і навакольнага прыроднага асяроддзя. М.з. і з. рэсп. значэння ствараюцца паводле пастаноў СМ Рэспублікі Беларусь. Для захавання прыроднага ландшафту, забеспячэння аховы рэдкіх і каштоўных аб’ектаў прыроды, гісторыі і культуры у мемарыяльных запаведніках уводзіцца спец. рэжым (гл. ў арг.Запаведнікі). У мемарыяльных заказніках забараняюцца суцэльныя высечкі лесу, здабыча нярудных карысных выкапняў, правядзенне гідрамеліярац. і інш. земляных работ, буд-ва, не ўзгодненае з Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На Беларусі дзейнічаюць Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», Коласаўскі заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЦ (Аляксандр Львовіч) (8.1.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 29.12.1979),
расійскі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад.АНСССР (1958; чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў. Данскі (цяпер Растоўскі) ун-т (1918) і Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1932). З 1946 дырэктар радыётэхн. лабараторыі, у 1957—70 дырэктар Радыётэхн. ін-та АНСССР. Навук. працы па радыётэлефоннай мадуляцыі, накіраваных антэнах, генератарных лямпах, радыё-вымярэннях. Кіраваў стварэннем магутных радыёвяшчальных станцый, удзельнічаў у буд-ве шэрагу паскаральнікаў элементарных часціц, у т. л. ў Серпухаве. Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],
адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВІК (Narvik),
горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс.ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн.т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.
Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРУТО́ВІЧ ((Narutowicz) Габрыэль) (17.3.1865, г. Цельшай, Літва — 16.12.1922),
польскі дзярж. дзеяч, інжынер-канструктар. Вучыўся ў Пецярбургскім (1884—86) і Цюрыхскім (1886—91) ун-тах. Праектаваў і кіраваў буд-вам ГЭС у Швейцарыі, Італіі, Іспаніі. З 1908 праф. Вышэйшай політэхн. школы ў Цюрыху. У 1-ю сусв. вайну ўзначальваў Польскі грамадскі к-т у Цюрыху, быў чл. дырэкцыі Ген.к-та дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы, т.зв.к-та ў Веве. З 1920 у Польшчы: міністр публічных работ (1920—21), міністр замежных спраў (1922). 9.12.1922 выбраны першым прэзідэнтам Польскай Рэспублікі пры падтрымцы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нац. меншасцей, што выклікала рэзкія нападкі правых. Застрэлены ў Варшаве нацыяналістам Э.Невядомскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗО́Р,
1) у драўляным дойлідстве — дошка з глухой, скразной або краявой разьбой, якая акаймоўвае навісь даху або страхі ці робіцца пад застрэшкам 2-схільнага даху; элемент дэкору. Выкарыстоўваецца пераважна ў жыллі, некат. гасп. пабудовах, брамах і варотах, культавых збудаваннях. Найб. простыя П. — дошкі з краявой разьбой у выглядзе зубцоў або хвалі. Ажурная скразная разьба П. з выкарыстаннем арнаментальных геам. ці расл. матываў характэрна для жыллёвага буд-ва У і ПдУ Беларусі (жылыя дамы ў Быхаве, Бабруйску, Ветцы, Гомелі і інш.).
2) У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — карункі, якімі абшываецца край прасціны, пакрывала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ПРАФІЛА́КТЫКА,
комплекс арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў для прадухілення і лакалізацыі пажараў. Задачы П.п.: нарміраванне аб’ектаў па пажарнай небяспецы і выбухованебяспечнасці; забеспячэнне неабходнай вогнеўстойлівасці буд. канструкцый; зніжэнне гаручасці матэрыялаў; прадухіленне вылучэння гаручых рэчываў з тэхнал. абсталявання і ўтварэння выбухованебяспечнага асяроддзя, а таксама ліквідацыя крыніц загарання; заніраванне тэр. прадпрыемстваў; стварэнне проціпажарных разрываў і перашкод; забеспячэнне своечасовай эвакуацыі людзей; тэхн. забеспячэнне зніжэння задымленасці будынкаў; забеспячэнне сістэмамі вентыляцыі і пажарнай сігналізацыі. П.п. з’яўляецца сродкам стварэння пажарнай бяспекі і грунтуецца на комплексе нарматыўных дакументаў. Кантроль за выкананнем проціпажарных норм і правіл ажыццяўляе пажарны нагляд.
Літ.:
Обеспечение пожарной безопасности объектов народного хозяйства. Ч. 1—3. Мн., 1992—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах - Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
элементы будынкаў і збудаванняў, вырабленыя з жалезабетону. Бываюць: маналітныя (фармуюцца ў апалубцы на месцы буд-ва), зборныя (састаўляюцца з асобных элементаў, папярэдне зробленых на спец. з-дах і палігонах) і зборна-маналітныя (спалучаюць зборныя элементы з маналітным бетонам, які ўкладваецца на буд. пляцоўцы); звычайныя (іх разнавіднасць — армацэментавыя канструкцыі) і папярэдне напружаныя канструкцыі; з стальной, шклапластыкавай арматурай і дысперснаарміраваныя (з фібрабетону); вібраўшчыльненыя, центрыфугаваныя, прасаваныя, вакуумаваныя, атрыманыя камбінаванымі спосабамі і інш.
Маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна пры асабліва вял. нагрузках (фундаменты, каркасы і перакрыцці шматпавярховых прамысл. будынкаў, гідратэхн. аб’екты, пакрыцці аўтадарог, элементы мастоў, пуцеправодаў і інш.). Зборныя канструкцыі пашыраны пры індустр.буд-ве. Ідуць на фундаменты і падземныя часткі будынкаў і збудаванняў (фундаментальныя блокі і пліты, панэлі і блокі сцен падвалаў), на каркасы будынкаў (калоны, рыгелі, прагоны, падкранавыя бэлькі, фермы), на вонкавыя і ўнутр. сцены (сценавыя і перагародачныя панэлі і блокі), на міжпавярховыя перакрыцці і пакрыцці будынкаў (панэлі, пліты, насцілы) і інш.Зборна-маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца гал. чынам у перакрыццях шматпавярховых будынкаў, у мастах і пуцеправодах, пры ўзвядзенні некаторых абалонак і інш. Іх ужыванне асабліва мэтазгодна пры вял. дынамічных нагрузках (у т. л. сейсмічных), а таксама з-за ўмоў транспартавання і мантажу. У канструкцыях выкарыстоўваецца ў асн. гнуткая арматура ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжнай арматуры ўстанаўліваецца размеркавальная мантажная і папярочная арматура (хамуты, адгіны), часам прадугледжваецца ўскоснае арміраванне ў выглядзе зварных сетак і спіралей. Для папярэдне напружаных канструкцый выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты з яго; для электраізалюючых. каразійнаўстойлівых і інш. канструкцый спец. прызначэння — шклапластыкавую арматуру (стрыжні з шкляных нітак, аб’яднаных палімернымі кампазіцыямі).
Літ.:
Баженов Ю.М., Комар А.Г. Технология бетонных и железобетонных изделий. М., 1984;
Ахвердов И.Н. Технология железобетонных изделий и конструкций специального назначения Мн., 1993;
Проектирование железобетонных конструкций:, Справ. пособие. 2 изд. Киев, 1990.
М.М.Гурбо.
Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі: а — жалезабетонны блок (1 — бетон, 2 — арматура са стальных стрыжняў); б — папярэдненапружаны блок (1 — стрыжні пад нацяжэннем, 2 — стальныя трубкі); в — бэлька з вязаным арматурным каркасам (1 — асноўная рабочая арматура, 2 — хамуты, 3 — мантажная арматура); г — калона з вязаным арматурным каркасам (1, 2 — асноўная і папярочная арматура).Жалезабетонныя вырабы і канструкцыіа — жалезабетонны каркас прамысловага будынка (1 — фундамент; 2, 8 — калоны вонкавая і ўнутраная; 3 — фундаментная бэлька; 4 — сценавая пліта; 5 — падкранавая бэлька; 6 — пліта пакрыцця; 7 — бэлька пакрыцця); б — зборныя канструкцыі буйнапанэльнага жылога будынка (1 — фундаментны блок, 2 — пліта перакрыцця, 3 — нясучая панэль папярочнай сцяны, 4 — дахавая пліта, 5 — вонкавая сценавая панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НАК,
лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.