КІПА́ТРЫІ (ад санскр. кшатра — улада), раджаны, раджанья,
саслоўе (варна) у Стараж. Індыі. Варна К. склалася на рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў плямёнах арыяў (гл.Арыйцы) у ходзе заваявання імі Індыі і фарміравання класавага грамадства. У стараж.-інд. дзяржавах складалі ваен.-плем. арыстакратыю, займалі пануючае паліт. і эканам. становішча. К. былі кіраўнікамі дзяржаў, службовымі асобамі, рабаўладальніцкай знаццю, воінамі. Да сярэдзіны 1-га тыс.н.э. перасталі вызначаць склад кіруючага класа, паняцце К. захавалася толькіяктрадыц. ўяўленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,
тэрмін авангардысцкай эстэтыкі 1960-х г., які абазначае імкненне да ўсёабдымнасці мастацтва, да знішчэння межаў не толькі паміж асобнымі відамі маст. творчасці, але і паміж мастацтвам і рэчаіснасцю. Тагачасныя авангардысцкія кірункі імкнуліся да «растварэння» мастацтва ў асяроддзі, да зліцця яго з працэсамі жыцця, што найб. яскрава выявілася ў такіх формах, якхэпенінг, перформанс, мульты-медыя, інвайрэнмент, лэнд-арт. Гранічным выяўленнем прынцыпаў Т.м. з’яўляецца сцвярджэнне, што любы фрагмент рэальнасці і ўвесь свет — творы мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К Адам Герасімавіч (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.Захарава і І.Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.Лучанка), «Сярожка» (муз. К.Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1972;
Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.
Літ.:
Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС (англ. business),
сістэма вядзення справы з мэтай атрымання прыбытку ці інш. выгады; адзін з асн. заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі. Ахоплівае шырокую сферу дзейнасці: вытв., фін., камерц., кансультацыйную і інш. Займаюцца бізнесам не толькі ўласнікі прадпрыемстваў, а і нанятыя служачыя ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Па колькасці работнікаў, аб’ёме вытв-сці прадукцыі і ўмовах дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Малы бізнес — самы масавы: як правіла, невял. прадпрыемствы, што выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невял. ўдз. вагу на рынку, задавальняюць шырокі паўсядзённы попыт насельніцтва. Таму ў некаторых краінах такому бізнесу аказваецца дзярж. падтрымка: мэтавае бюджэтнае фінансаванне, сістэма крэдытнай гарантыі і страхавання, падатковыя льготы для стымулявання пэўных відаў дзейнасці. У развітых краінах высока каціруюцца маральна-этычныя прынцыпы бізнесу: захаванне дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выкананне абавязацельстваў і інш. Грамадскі статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сац. праблем — стварэнні рабочых месцаў, добраўпарадкаванні нас. пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д.Гл. таксама Прадпрымальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,
сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці і сац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам. аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі і г.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі і інш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫН Юрый Фёдаравіч (3.5.1819, С.-Пецярбург — 31.3.1876),
рускі эканаміст, грамадскі дзеяч, філосаф, гісторык і публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1844—52 на дзярж. службе, з 1853 займаўся літ.-публіцыст. дзейнасцю. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні сял. рэформы 1861 (эканамічна абгрунтаваў яе ў кн. «Аб прыгонным стане і пераходзе з яго да грамадзянскай свабоды», 1856). Як філосаф — напачатку прыхільнік Гегеля. У пач. 1840-х г. далучыўся да славянафілаў. Распрацаваў тэорыю аб трох перыядах нац. жыцця: «надзвычайнай нацыянальнасці», «пераймальнасці» і «разумнай народнасці». Лічыў, што толькі ў народзе захоўваецца «дух у яго жывой цэльнасці», матэрыялізм «зусім не вынікае з прыродазнаўчых навук». Яго паліт. дактрына грунтавалася на прызнанні толькі дзвюх узаемазвязаных сіл, — самадзяржаўя і вясковай абшчыны. Навук. працы па сац.-эканам. і нац. адносінах у Прыбалтыцы, скасаванні прыгоннага права ў Прусіі, гісторыі езуіцтва. Аўтар літ.-эстэт. артыкулаў аб творчасці М.Ю.Лермантава і М.В.Гогаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМу філасофіі,
кірунак, заснаваны на т.зв.рэаліст. пераасэнсаванні «крытычнай філасофіі» І.Канта і прызнанні адрозненняў паміж аб’ектам пазнання і ведамі суб’екта аб ім; адна з форм неакантыянства. Узнік у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., быў пашыраны ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадстаўнікі ням. К.р. (В.Вунт, О.Кюльпе, А.Месер, А.Рыль і інш.) не прызнавалі абс. непазнавальнасці кантаўскай «рэчы ў сабе» і разглядалі пазнанне не як простае адлюстраванне рэальнасці, а як сімвалічнае ўспрыманне, выяўленне ўласцівасцей знешняга свету; у гэтым сэнсе іх погляды збліжаліся з іерогліфаў тэорыяй і набывалі істотныя рысы агнастыцызму. Англ. філосафы А.Сет, А.Прынгл-Пэтысан і Д.Хіке, якія спалучалі К.р. з канцэпцыямі персаналізму і філасофіі «здаровага сэнсу» (гл.Шатландская школа), лічылі, што свет існуе незалежна ад свядомасці, а асновай яго пазнання з’яўляецца інтуітыўная, прыроджаная здольнасць розуму. У ЗША заснавальнікамі К.р. яксамаст. школы былі Д.Дрэйк, А.Лаўджай, Дж.Прат, А.Роджэрс, Дж.Сантаяна, Р.В.Селерс і Ч.О.Стронг, якія ў 1920 апублікавалі зб. «Нарысы крытычнага рэалізму». У адрозненне ад неарэалізму яны сцвярджалі магчымасць толькі апасродкаванага пазнання, што складаецца з трох элементаў: суб’екта, аб’екта і «дадзенага» (або лагічных сутнасцей); чалавек пазнае прадметы не непасрэдна, а з дапамогай сутнасцей, якія толькі выражаюць аб’екты, але не тоесныя ім. Крытычнымі рэалістамі называлі сябе некаторыя з прадстаўнікоў рус. махізму. Сучасны К.р. прадстаўлены ў вучэннях А.Венцля, Х.Дрыша, М.Гартмана і інш., якія спрабавалі ажыццявіць «сінтэз» матэрыяліст. установак прыродазнаўства і ідэаліст. філасофіі на аснове валюнтарызму і т.зв. «крытычнай анталогіі», паводле якой пазнанне выступае не вызначальным, а другасным пачаткам у адносінах да асн. сфер быцця (чалавечай, матэрыяльнай, духоўнай) як аўтаномных пластоў аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Борисова Е.М., Куртонина Н.Я. Основные направления западной философии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С І ГЛЕБ (не пазней за 988—1015),
першыя ўсх.-слав. святыя, малодшыя сыны кіеўскага кн.Уладзіміра Святаславіча і балгарыні Мілалікі. Відаць, Уладзімір планаваў пакінуць Барысу княжанне ў Кіеве, што парушала родавыя звычаі Рурыкавічаў і правы старэйшых братоў. Паводле розных гіст. крыніц, Б. і Г. забіты неўзабаве пасля смерці Уладзіміра старэйшым з братоў — Святаполкам Яраполчычам, за што яму нададзена мянушка «Акаянны». Магчыма, забойцаў падаслаў трэці сын Уладзіміра Яраслаў Мудры, які віну за гэтае злачынства ўсклаў на Святаполка. Відаць, Святаполк выклікаў на Русі агульную нянавісць з-за таго, што абапіраўся на дапамогу цесця, польскага караля Баляслава. Пасля смерці Уладзіміра Святаполк планаваў скасаваць хрысціянства і аднавіць на ўсх.-слав. землях язычніцкае веравызнанне або паставіць Кіеўскую мітраполію ў залежнасць ад рымскага папы. Гэта давала магчымасць Яраславу выступіць супраць Святаполка пад заклікамі помсты за братоў і абароны Русі, а дзеячам царквы прадставіць Б. і Г. не толькіяк ахвяр феад. барацьбы, але і як пакутнікаў за веру. Магчыма, Глеб зусім не ўдзельнічаў ва ўсобіцы, а загінуў каля Смаленска ў ходзе язычніцкіх бунтаў, што пачаліся пасля смерці Уладзіміра. Шанаванне (відаць, толькі Глеба) пачалося не раней за 1038, афіц. кананізацыя Б. і Г. адбылася не раней за 1071 пры Ізяславе Яраславічу. На працягу стагоддзяў склаўся корпус прысвечаных святым літ. твораў, якія аб’ядноўваюцца ў т.зв. Барысаглебскі цыкл (чытанне, жыціе, пахавальныя словы, тэксты царк. службаў, летапісная аповесць, пралажныя і парамійныя казанні, старабел. «Слова пра манаха Марціна» і інш.). Найб.маст. дакладнасцю вылучаецца «Сказанне пра Барыса і Глеба». Пераважная большасць помнікаў Барысаглебскага цыкла мае бел. рэгіянальныя варыянты або бел. рэдакцыі пазнейшага часу, створаныя якправасл., так і уніяцкімі кніжнікамі, таму што на бел. землях Б. і Г. заўсёды ўспрымаліся якнац. святыя. Прысвечаныя Б. і Г. літ. творы асуджалі братазабойчыя міжусобныя войны і неслі патрыят. і гуманіст. ідэі. У 12 ст. Барысаглебскія цэрквы былі пабудаваны ў Гродне, Полацку, Тураве, Навагрудку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькіяк рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт.Ісціна.
Літ.:
Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.