ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),
гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл. таксама Гістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.
Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал.сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт.навук. веды).
У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж.арм. і груз.гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус.гіст.л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап.гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.Маркс і Ф.Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.В.Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.В.Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.У.Дрэйпер, Г.Ч.Лі, Дж.Р.Грын, К.Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксама неакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв.гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г.гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц.«Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.Грамшы і інш.
Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст.мясц.гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст.гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап.культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарная л-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш.Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст.Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел.гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.
Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл.Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксама спец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш.Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.
Літ.:
Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;
Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ.М., 1978;
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991;
Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр.М., 1991;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Философия и методология истории: Сб. ст.М., 1977;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Carr E.H. What is history? London, 1961;
Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;
Wien, 1968;
Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТЭ́ТЫКА (ад грэч. aisthētikos які адчувае, успрымае; пачуццёвы),
філасофская навука пра законы стварэння і засваення эстэт. і маст. каштоўнасцей, якія найперш характарызуюцца катэгорыяй прыгожага. Развіваючыся ў нетрах філасофіі, Э. вырашала праблемы прыгажосці звычайна ў анталагічнай сферы і была звязана з касмалогіяй, апісаннем гармоніі, парадку, рытму, пераймання ў мастацтве. Першапачаткова яна выяўлялася ў эстэт. сферы каштоўнасных адносін чалавека да свету і ў сферы маст. дзейнасці людзей. На працягу гісторыі змест Э. змяняўся ад разумення яе як філасофіі «прыгожага» да «філасофіі мастацтва».
Э. ў Платона — вучэнне пра паняцце прыгожага як выяўленне вобраза прыгажосці ў матэрыяльным свеце (анталогія). Далучэнне да прыгожага ў яго непадзельна звязана са спасціжэннем ісціны (гнасеалогія) і дасягненнем найвышэйшага дабра (этыка). Арыстоцель у сваёй «Паэтыцы» падаваў Э. як навуку пра маст. творчасць. Ням. філосаф А.Баўмгартэн вылучаў Э. ў самаст. навуку (1733), увёў тэрмін «Э.» для вызначэння філас. вучэння пра пачуццёвыя пазнанні і меркаванні, якія выяўляюцца і ўдасканальваюцца ў мастацтве. І.Кант разглядаў Э. як завяршальную частку агульнафілас. сістэмы; цесна звязваў эстэт. сферу з суб’ектам і яго ўспрыманнем аб’екта, г.зн. з суб’ектна-аб’ектнымі адносінамі. Гал. катэгорыямі Э. ён лічыў мэтазгоднасць, густ эстэтычны, прыгожае, узнёслае, якія звязаны ў яго з неўтылітарным сузіраннем, што надае пачуццё прыемнасці, асалоды. Г.Гегель у «Лекцыях па эстэтыцы» (выд. ў 1832—45) вызначыў яе прадмет як «вялікае царства прыгожага», або як галіну мастацтва і маст. творчасці, і лічыў, што гэту навуку належыць назваць «філасофіяй мастацтва»; у яго вучэнні абсалютны дух самараскрываецца ў акце маст. дзейнасці. Гегель узбагаціў тэарэт. Э. гіст. разуменнем законаў развіцця эстэт. свядомасці і мастацтва. Гіст. метады мастацтва даследавалі рус. філосафы В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, Г.В.Пляханаў, С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў і інш. Прадстаўнікі марксісцкай Э. (М.Ліфшыц, Д.Лукач, М.С.Каган і інш.) распрацоўвалі цэласную эстэт. сістэму, у якой сцвярджалася грамадска-прыродная сутнасць прыгажосці, разглядаліся асаблівасці праяўлення эстэт. адносін чалавека да рэчаіснасці, заканамернасці дыферэнцыяцыі эстэт. каштоўнасцей, што выступаюць у канкрэтных мадыфікацыях (прыгожае і агіднае, узнёслае і нізкае, трагічнае і камічнае і інш.). Імі распрацаваны суб’ектыўны бок Э. адносін — успрыманне эстэтычнае, эстэт. сузіранне, перажыванне, эстэт. густ і ідэал эстэтычны. Іх аналіз маст. дзейнасці даў магчымасць вывучыць узнікненне Э., яе структурную і функцыянальную своеасаблівасць, месца ў культуры, законы і гіст. формы развіцця мастацтва. Аднак на мастацтва яны пераносілі ідэалаг. прынцыпы класавасці і партыйнасці, адзіным прагрэс. метадам у мастацтве лічылі рэалізм. З 1960-х г.сав. эстэтыкі распрацоўвалі аксіялагічныя, псіхал., семіятычныя і інш. канцэпцыі тэорыі; атрымала развіццё тэхн. Э., канструяванне — дызайн.
Э. абапіраецца, з аднаго боку, на філас. пазнанне, з другога — на практыку маст. творчасці і яе выяўленне ў розных відах мастацтва, асн. мэтай якога з’яўляецца стварэнне эстэт. каштоўнасцей. У адпаведнасці з гэтым у Э. вылучаюць філас. кірункі (Э. пазітывізму, інтуітывізму, структуралізму) і плыні (Э. класіцызму, рамантызму, рэалізму, сімвалізму, канструктывізму і інш.). Важная метадалаг. праблема Э. — яе адносіны да мастацтвазнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства і інш.маст.навук. Гэтыя навукі засяроджваюць увагу на асобых заканамернасцях, уласцівых канкрэтнаму віду маст. творчасці, а Э. імкнецца спасцігнуць сутнасць і агульныя заканамернасці маст. творчасці ў цэлым. Аб’ектам такога даследавання твораў мастацтва выступае ўласцівы ўсім яго відам мастацкі вобраз, змест і форма. Эстэт. пабудовы могуць вызначацца і імкненнем па-філасофску абгрунтаваць тэарэт. асновы маст. метаду і кірунку (Э. барока, класіцызму, натуралізму, сімвалізму і г.д.). Узровень эстэт. культуры грамадства вызначаецца ступенню пранікнення эстэт. асноў у розныя сферы жыццядзейнасці (у працу, быт, тэхніку, паводзіны, спорт, рэлігію, грамадскае жыццё). Узаемадзеянне з інш. галінамі ведаў, у якіх так ці інакш праяўляюцца эстэт. адносіны, узнікаюць такія галіны ведаў, як матэм. Э., тэарэт.-інфарм. Э., псіхал. Э., семіятычная Э., сацыялагічная Э. і да т.п.
У эстэтычнай думцы Беларусі 10—15 ст. дамінавалі рэліг.-хрысц. Э. і катэгорыя ўзнёслага, характэрныя для рэлігіі, паэзіі, музыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, і маст. культура пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да новага часу мела прыкметы рэнесансу (гл.Адраджэнне), арыентаванага на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, рэлігіі і навукі, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, вальнадумства С.Буднага, творчасць Міколы Гусоўскага, М.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага). У гэты час узнікла тэорыя красамоўства і паэзіі (граматыкі Л.Зізанія, М.Сматрыцкага, курсы паэтыкі і рыторыкі Сарбеўскага). Познарэнесансавыя плыні культуры (канец 16—17 ст.) трансфарміраваліся трансфармаваліся* ў барочны тып Э., які сінтэзаваў сярэдневяковы спірытуалізм і рэнесансавы культ прыгожага, арыентаваўся на катэгорыі маст. дасціпнасці і вытанчанасці. Катэгорыя камічнага раскрывалася ў фальклоры і інш. формах нар. культуры. Асн. кірункам Э. і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з інш. плынямі (барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм). У пач. 19 ст. асветніцкая Э. дэмакратызавала класіцызм, арыентавала яго на грамадска-выхаваўчую функцыянальнасць, развіццё густу (курсы паэтыкі, рыторыкі, эстэтыкі і літаратуразнаўства Ф.Галянскага, Э.Славацкага, Л.Бароўскага, тэарэт. і практычная логіка А.Доўгірда). У 1-й пал. 19 ст. пачынальнікі бел. л-ры Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш. звярталіся да фалькл. вытокаў нац. культуры. Нац. самабытнасць бел. Э. сфарміравалася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на аснове народніцкага дэмакратызму і крытычнага рэалізму (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Цётка, Я.Купала, Я.Колас, браты А. і І.Луцкевічы, А.Гарун, М.Багдановіч, публіцыстыка газ. «Наша ніва» і інш.). У 1920-я г. поруч з бел. Э. адраджэнскага кірунку (Я.Купала, Я.Колас, М.Гарэцкі, А.Луцкевіч і інш.) узніклі марксісцкая плынь у эстэт. думцы і нацыянал-камуніст. Э. (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк», «Полымя»). Спецыфічна бел.авангардызм (аквітызм) зарадзіўся ў літ. згуртаванні «Узвышша» (1926—31). У 1930—40-я г. пануючым кірункам у афіц. Э. стаў вульгарны сацыялагізм. Традыцыі нац. Э. развіваліся ў Зах. Беларусі (І.Канчэўскі, У.Самойла, А.Луцкевіч і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. пачалося адраджэнне эстэт. думкі. Даследаванні гісторыі і тэорыі Э. вяліся ў АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел. акадэміі музыкі (А.Б.Ладыгіна, У.М.Конан, М.І.Крукоўскі, В.А.Салееў і інш.). У 1980-я — 1-й пал. 1990-х г.бел. Э. выйшла на тэорыю мастацтва і нац. культуры. Узніклі яе новыя кірункі — гісторыя і тэорыя маст. культуры, сацыялогія мастацтва, тэарэт. і гіст. культуралогія, Э. нар. творчасці, тэатр. Э., муз. культура.
Літ.:
Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;
Лосев А.Ф., Шестаков В.П. История эстетических категорий. М., 1965;
Кант И. Критика способности суждения // Соч.: Пер. с нем. М., 1966. Т. 5;
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т 1—4. М., 1968—73;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;
Каган М.С. Лекции по марксистско-ленинской эстетике. 2 изд. Л., 1971;
Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Идеи эстетического воспитания. Т. 1—2. М., 1981;
Шеллинг Ф. Философия искусства: Пер. с нем. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ТЫКА (грэч. ēthika ад ēthos нораў, звычай, характар),
вучэнне аб духоўнасці і маральнасці; адна з форм грамадскай свядомасці. Цэнтр. пытанні Э.: аб прыродзе маралі, яе сутнасці і крыніцах; пра дабро і зло, сумленнасць, справядлівасць, свабоду і адказнасць; пра прынцыпы і нормы належных паводзін, дабрачыннасці і заганах; пра шчасце і сэнс жыцця. Паступова ў Э. сталі адрозніваць 2 роды праблем: пытанні пра тое, як павінен паводзіць сябе чалавек (нарматыўная Э.) і ўласна тэарэт. пытанні пра паходжанне і сутнасць маралі (філас. Э.).
Арыстоцель разглядаў Э. як спец. дысцыпліну ў раздзеле практычнай філасофіі. Ён упершыню выкарыстаў тэрмін «Э.» ў трактатах «Эўдэмава этыка», дзе разважаў аб прыярытэтнай ролі маральнасці ў духоўнай культуры, паказваў сац. сэнс маралі праз узаемасувязь з палітыкай, вучэннем аб дзяржаве, дзе рэалізуецца найвыш. дабрадзейнасць — справядлівасць. і практычнае значэнне Э., якое заключаецца ў выхаванні дабрадзейнага грамадзяніна. І.Кант абвясціў асн. законам Э. катэгарычны імператыў, сцвярджаючы. што ў маралі чалавек падпарадкаваны голькі свайму ўласнаму закону, які знаходзіцца ўнутры нас. Ён сцвярджаў, што мараль засн. на свабодзе. абавязковасці, добраахвотнасці ўчынкаў. альтруізме — гэтых вечных, нязменных, універсальных прынцыпах. Г.Гегель аналізаваў сац. ролю маралі з пазіцыі філасофіі духу, лічыў, што ў межах грамадства абс. ідэя праходзіць праз ступені права, сям’і, маральнасці; толькі ў грамадстве, дзяржаве індывід можа сцвярджаць сваю суб’ектыўнасць. ЁН сцвярджаў, што духоўнасць ёсць сапраўднасць маралі, а катэгорыямі маралі з’яўляюцца намер, віна, імкненні, дабро, сумленне. катэгорыямі маральнасці — сям’я, грамадзянская супольнасць, дзяржава. Вял. пашырэнне набыў прагматызм, у аснове маралі якога закладзена вывучэнне структур. што забяспечваюць паспяховасць, карыснасць і прадукцыйнасць чалавечых дзеянняў, якія маюць сітуацыйны характар (Ч.Пірс. У.Джэймс, Дж.Дзьюі). У рус.рэліг.філас. Э. 19—20 ст. аснова маралі ў боскім абсалюце; гал. тэмы: усеадзінства, дабро, пачуццё сораму, жаласлівасць, спрыянне. свабода і творчасць асобы; калектыўнасць выступае як рэліг.-духоўная агульначалавечая саборнасць (У.С.Салаўёў, С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў). Марксісцкае вучэнне аб Э. зыходзіла з матэрыяліст. разумення гісторыі і звязвала Э. з практычным увасабленнем грамадскага ідэалу ў камунізме; Э. ў яе традыц. разуменні страціла ўласны прадмет. Прыхільнікі этычнага рэлятывізму настойваюць на адноснасці і зменлівасці маральных установак у залежнасці ад канкрэтных інтарэсаў і сітуацый; некат. адмаўляюць каштоўнасць абавязковых маральных норм наогул (С.К’еркегор, Ф.Ніцшэ, Л.І.Шастоў) як варожых індывідуальнай свабодзе.
Этычная думка Беларусі адлюстравала развіццё маральна-прававой свядомасці народа і выявілася ў розных тыпах культуры. Маральныя нормы першабытнага грамадства садзейнічалі стабільнасці роду — племяннога ладу жыцця, арыентаванага на адзінства з прыродай і сакралізацыю касм. з’яў, адлюстраваных у міфалагічных вобразах, матывах, сюжэтах, абрадах, шматлікіх табу, якія забаранялі ўчынкі і эгаістычныя паводзіны. Хрысц. сярэдневяковая Э. грунтавалася на біблейскіх маральна-прававых імператывах (Дзесяць запаведзей, вучэнне прарокаў), евангельскіх ідэалах дасканалага чалавека ў адзінстве з Богам. На Беларусі Э. выявілася ў асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, якія сцвярджалі прынцыпы хрысц. гуманізму, перавагу духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі інтарэсамі. Бел. асветнікі эпохі Адраджэння пазбеглі эгацэнтрысцкіх тэндэнцый рэнесансавай еўрап. Э., сцвярджалі прыярытэт агульначалавечых і нац. каштоўнасцей, гармонію веры, ведаў і маралі (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Ян Вісліцкі, В.Цяпінскі, пазней — Сімяон Полацкі), спрабавалі абгрунтаваць аўтаномнасць пазнання і маралі (С.Будны, А.Волан, інш. прыхільнікі рэфармацыі хрысц. царквы). У перыяд дамінавання неасхаластыкі (2-я пал. 17 — пач. 18 ст.) рацыяналістычная плынь у філас. думцы грунтавалася на этычнай спадчыне антычнасці (Арыстоцеля і яго паслядоўнікаў), яе хрысц. і дагматычнай інтэрпрэтацыі. Заснавальнікі свецкай філас. Э. і мысліцелі эпохі Асветніцтва (К.Нарбут, А.Доўгірд, Я.Снядэцкі) захавалі папярэднюю традыцыю хрысц. маралі, але абгрунтавалі этычныя катэгорыі лагічнымі аргументамі і сац. каштоўнасцямі. У творчасці пачынальнікаў (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч) і класікаў (Ф.Багушэвіч, А.Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч) новай бел. літаратуры этычныя каштоўнасці набылі значэнне важных аргументаў для абгрунтавання права беларусаў на культ.-нац. адраджэнне і дзярж.паліт. самавызначэнне. Гэтая плынь у этычнай думцы развівалася дзеячамі БНР, асветнікамі нац. адраджэння ў БССР. У 1930—50-я г. вульгарна-сацыялагічныя тэндэнцыі, арыентацыя ўлады на атэізм і тэорыю класавасці ўсіх форм свядомасці і пазнання выцеснілі Э. як самаст. кірунак даследавання і адукацыі, часткова замянілі яе дагматычным тлумачэннем маралі. Цікавасць да гэтай навукі адрадзілася ў 1960—80-я г. (даследаванні С.Д.Лапцёнка, Т.В.Мішаткінай і інш.). У канцы 1990 — пач. 2000 у кантэкст айч. думкі вяртаюцца шматвяковыя традыцыі сусв. і нац. Э. Выдадзены навуч. дапаможнікі па гісторыі і тэорыі Э., праводзяцца даследаванні праблем этычнага выхавання.
Літ.:
Очерк истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Лаптенок С.Д. Этика и этикет. Мн., 1998;
Саватер Ф. Беседы об этике: (Свобода — делай что хочешь?): Пер. с исп. М., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ Васіль Уладзіміравіч (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел.т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.Вагнера). В.Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1974;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1980—82;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1992—94.
Літ.:
Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;
Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;
Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;
Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;
Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;
Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П.), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш.). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш у П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ (грэч. philosophia любоў да мудрасці),
асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра фундаментальныя прынцыпы і асновы быцця, сутнасць чалавека і яго адносіны да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асн. праяўленнях. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Адрозненні ў філас. канцэпцыях, што складваюцца ў залежнасці ад інтарэсаў індывідаў і сац. груп, пераважна звязаны з суадносінамі чалавека і навакольнага свету, суб’екта і аб’екта, свядомасці і быцця. У сувязі з гэтым узніклі розныя варыянты матэрыялізму і ідэалізму, а таксама такія процілеглыя падыходы да рэчаіснасці як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм. Сярод асн. функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Унутры Ф. традыцыйна адрозніваюць адносна самаст. галіны філас. ведаў: анталогію, гнасеалогію, логіку і дыялектыку. Да філас.-светапоглядных дысцыплін адносяць этыку, эстэтыку, аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, філасофію сацыяльную, філасофію палітыкі, Ф. права, Ф. навукі, Ф. рэлігіі і інш.
Першыя філас.-рэліг. вучэнні ўзніклі ў Індыі (веданта, джайнізм, будызм і інш.), Кітаі (канфуцыянства, маізм, легізм, даасізм) і Стараж. Грэцыі (7—6 ст. да н.э.). Ф. прыйшла на змену поглядам, для якіх быў характэрны антрапамарфізм. Ант. дыялектыка стала гістарычна першай формай дыялектыкі (Геракліт). Стройную сістэму навук.-філас. ведаў стварылі Дэмакрыт, Сакрат, Эпікур, Платон, Арыстоцель. У рэчышчы перыпатэтызму (гл.Перыпатэтычная школа) развівалі свае вучэнні прадстаўнікі сярэдневяковай араб. філасофіі Кіндзі, Фарабі, Ібн Сіна, Ібн Рушд. Ф. еўрап. сярэдневякоўя развівалася пераважна ў рэчышчы хрысц. культуры (патрыстыка, схаластыка, Фама Аквінскі, І.Дунс Скот, У.Окам). У эпоху Адраджэння адбыўся сінтэз хрысц. Ф. з ант.філас. традыцыяй (Г.Галілей, Мікалай Кузанскі, Дж.Бруна, М. дэ Мантэнь). Разнастайнасцю светапоглядных пазіцый і кірункаў адзначана Ф. новага часу і Асветніцтва (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, Г.Лейбніц). Метады рацыянальнага пазнання як фактара разумнай арганізацыі грамадства паклалі ў аснову сваёй Ф. прадстаўнікі класічнай нямецкай філасофіі (І.Кант, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінг, Г.Гегель). Ідэалізм Гегеля і рэлігію крытыкаваў Л.Феербах, Ф. якога паўплывала на фарміраванне філас. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса (гл.Марксізм). У Расіі ў 18—пач. 20 ст. развіваліся матэрыяліст. Ф. рэвалюцыйных дэмакратаў, філас. канцэпцыі славянафілаў і заходнікаў, рэліг.-этычныя і гістарыясофскія погляды Ф.М.Дастаеўскага і Л.М.Талстога. Гэтая тэндэнцыя сінтэзавала Ф. ўсеадзінства У.С.Салаўёва, з якой бяруць пачатак вучэнні вядучых прадстаўнікоў рус.рэліг. Ф. (С.М.Булгакаў, С.Л.Франк, М.А.Лоскі, Л.П.Карсавін, П.А.Фларэнскі, М.А.Бярдзяеў, В.В.Розанаў). Ідэя ўнутр. адзінства чалавека і космасу пакладзена ў аснову Ф. рус. касмізму (М.Ф.Фёдараў, У.І.Вярнадскі, К.Э.Цыялкоўскі). У Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. пачаўся пераход ад класічных форм Ф. да некласічных (вульгарны матэрыялізм, пазітывізм, неакантыянства, прагматызм, філасофія жыцця, махізм). На ідэаліст. Ф. 20 ст. паўплывалі фенаменалогія, філасофская антрапалогія. Важную ролю ў развіцці сучаснай фармальнай логікі і семіётыкі адыгралі прадстаўнікі неапазітывізму. Уплывовымі кірункамі філас. думкі сталі персаналізм, экзістэнцыялізм, неатамізм, філас. герменеўтыка (Г.Г.Гадамер, П.Рыкёр), структуралізм, крытычны рацыяналізм.
На Беларусі Ф. ўзнікла ў 10—11 ст. пасля прыняцця хрысціянства ў бел. княствах, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і зах.-еўрап. краінамі. Хрысц. разуменне свету і высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей чалавека знайшло ўвасабленне ў творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Філас. накіраванасцю і гуманізмам пазначаны творы Ф.Скарыны, які лічыў, што ў Бібліі выкладзена не толькі боская мудрасць, але і арыстоцелева Ф., і таму мудрэц павінен быць прасякнуты «духам святым і філасофіяй». С.Будны прапаведаваў канцэпцыю антытрынітарызму (гл.Антытрынітарыі), якая вяла да дэізму, вучэнне пра натуральнае паходжанне Хрыста; ён адмаўляў бессмяротнасць душы і лічыў, што ў аснове паводзін чалавека павінны ляжаць разумныя маральныя прынцыпы, а не страх пакарання або надзея на ўзнагароду ў замагільным царстве. Матэрыяліст. і ідэаліст. ідэі, вучэнне пра аўтаномны характар маральнай свядомасці і паводзін чалавека прапанавалі «эпікурэйцы» К.Бекеш і С.Лован. Элементы натуральнага погляду на гісторыю меліся ў сац.-філас. поглядах А.Волана, які лічыў, што прычынай узвышэння або ўпадку грамадства з’яўляюцца людзі, іх норавы, сац. інтарэсы і матывы, а не Бог. З пазіцый рацыяналістычнага пазнання навакольнага свету і заканамернага натуральнага развіцця прыроды выступаў К.Лышчынскі. З канца 18 ст. развівалася пераважна схаластычная Ф., заснаваная на тэалагічнай інтэрпрэтацыі вучэння Арыстоцеля (М.Сарбеўскі, С.Лаўксмін і інш.). У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніўся ўплыў ідэалогіі і Ф. новага часу, распаўсюдзіліся эклектычная Ф. (А.Скарульскі, Б.Дабшэвіч, С.Шадурскі і інш.), вучэнне фізіякратаў, якія лічылі, што адыход чалавецтва ад разумення законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. У 19 ст. развіваліся тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сац.-утапічныя ідэі, звязаныя з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, А.Луцкевіч і інш.). На мяжы 19—20 ст. на Беларусі распаўсюдзіліся ідэі марксізму, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з’явіліся філас. працы, у якіх распрацоўваліся праблемы пазнання, быцця, нац. свядомасці, гісторыі Ф. (І.Канчэўскі, У.Самойла, Б.Э.Быхоўскі, С.Я.Вальфсон, У.І.Пічэта, А.Цвікевіч і інш.). У 1931 у Мінску створаны Інстытут філасофіі АНБССР (гл.Інстытут філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). З 1950-х г. пачаліся сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі. 1960—80-я г. адзначаны сур’ёзнымі распрацоўкамі ў галіне матэрыяліст. дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, філас. пытанняў прыродазнаўства, духоўнай сферы і выхавання. З 1990-х г. на Беларусі праводзяцца комплексныя даследаванні па праблемах логікі і метадалогіі навук. пазнання (А.І.Зелянкоў, У.К.Дукашэвіч, Дз.І.Шыраканаў, Я.С.Яскевіч), сац. Ф. (Я.М.Бабосаў, В.І.Боўш, А.М.Елсукоў, Ю.А.Харын), гісторыі Ф. (Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, С.А.Падокшын, В.Ф.Шалькевіч і інш.).
Тэндэнцыі развіцця сучаснай Ф. звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем такіх праблем, як глабальны экалагічны крызіс, лёс сучаснай цывілізацыі і спосабы прадухілення рэальных пагроз яе існаванню, дынаміка і перспектыва сусв.культ. працэсу, гуманізацыя грамадскіх адносін, шляхі ўмацавання дэмакр. ін-таў і механізмаў функцыянавання грамадз. супольнасці, гранічнае пашырэнне магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам і інш.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Развитие марксистско-ленинской философии в БССР (20—70-е гг.). Мн., 1984;
Лукьянов А.Е. Становление философии на Востоке (Древний Китай и Индия). М., 1989;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Юлина Н.С. Очерки по философии в США: XX век. М., 1999;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл.давед.Мн., 2001;
Шаповалов В.Ф. Основы философии: От классики к современности. 2 изд. М., 2000;
Новая философская энциклопедия. Т. 1—4. М., 2000—01.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).
Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ.стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», а таксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты да мясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, а таксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.
Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.
У 11—12 ст.гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, а асн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць да мясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.
На этн.бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя ад інш.культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), а таксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал.паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.
Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю да рус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.
Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.
Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага да ўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.
Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.
З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст.мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных ад царк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.
Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКСТАЛО́ГІЯ (ад тэкст + ... логія),
галіна філалогіі, якая вывучае гісторыю тэксту твораў пісьменства, л-ры і фальклору для далейшага даследавання і публікацыі. Гал. яе задача — устанаўленне і крытычнае прачытанне тэксту на падставе вывучэння крыніц (рукапісаў, друкаваных выданняў), класіфікацыі і інтэрпрэтацыі перапрацовак тэксту, выяўлення скажэнняў, зробленых пабочнымі асобамі. Адрозніваюць Т. ант., сярэдневяковай і новай л-р. Своеасаблівыя праблемы мае Т. фальклору, паколькі творы вуснай нар. творчасці існуюць у мностве раўнапраўных варыянтаў. Т. патрабуе шырокай дасведчанасці даследчыка, выкарыстання даных бібліяграфіі, крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі, герменеўтыкі, гісторыі грамадскай думкі, мовы, арфаграфіі, гісторыка-літ. і агульнагіст. звестак і г.д. Тэксталагічнае даследаванне выступае і як частка літ.-знаўчага метаду, як спосаб вывучэння л-ры. звязана з гісторыяй і тэорыяй л-ры. У зменах тэксту адлюстроўваюцца заканамернасці развіцця л-ры і розныя грамадскія тэндэнцыі. На падставе гісторыі тэксту рэканструюецца творчы працэс і даследуецца творчая гісторыя літ. твора. Прыватнымі пытаннямі гісторыі тэксту з’яўляюцца атрыбуцыя, датаванне, лакалізацыя. Пры выданні літ. твораў (навук. эдыцыі) тэкстолагі вырашаюць шэраг праблем: адбор і размеркаванне твораў, выбар тэкстаў, складанне даведачнага апарату (уступны артыкул, каментарый, паказальнік), транскрыпцыя (перадача тэксту са зменамі знешніх прыёмаў пісьма ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі пры захаванні зместу і стылю арыгінала).
Выданні падзяляюцца на папулярныя і навуковыя: навуковыя — на дыпламатычныя (дакладна перадаюць тэкст крыніцы) і крытычныя; факсімільнае выданне захоўвае і знешні выгляд крыніцы. Вышэйшым тыпам навук. выданняў з’яўляецца акад. выданне. Гісторыя Т. пачынаецца з ант. філалогіі. Т. новага часу бярэ пачатак ад філал. даследаванняў гуманістаў і навук. выданняў класічных тэкстаў у эпоху Адраджэння. Т. з прыкладной дысцыпліны паступова ператварылася ў самаст. навуку, стала неабходнай часткай літ.-знаўчага даследавання, мае вял.гіст.-культ. значэнне.
На Беларусі тэксталагічнымі прыёмамі карысталіся Ф.Скарына, С.Будны, складальнікі і рэдактары статута ВКЛ, летапісных зводаў, выдаўцы ананімных паэм Я.Карскі і Е.Раманаў, супрацоўнікі выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якія рыхтавалі падпісную серыю «Беларускія песняры» (творы Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, пераклад «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, усяго 6 тамоў). Навук. даследаванне бел. летапісаў распачаў І.Даніловіч, помнікі бел. пісьменнасці выдавала Віленская археагр. камісія і інш. Т. стараж. л-ры абумоўлена спецыфікай сярэдневяковага пісьменства, характарам бытавання яго помнікаў (пераважна ў рукапісах), асаблівасцямі працы стараж. кніжнікаў і інш. Неразвітасць аўтарскага пачатку і звязаная з гэтым ананімнасць многіх твораў, няўстойлівасць тэксту, наяўнасць розных спісаў і рэдакцый аднаго і таго ж помніка, адсутнасць аўтарскага тэксту, шматмоўнасць пісьмовай спадчыны Беларусі стараж. перыяду, своеасаблівасць культ.-гіст. кантэксту, у якім узнікалі і бытавалі літ. творы, ствараюць дадатковыя цяжкасці для даследчыка-медыявіста і часам робяць немагчымым грунтоўнае вывучэнне пісьмовага помніка без яго тэксталагічнага даследавання. Непасрэднаму літ.-знаўчаму аналізу твора папярэднічаюць пошук і вывучэнне яго розных спісаў, атрыбуцыя рукапісаў, у якіх ён захаваўся, вызначэнне іх складу, часу і месца ўзнікнення, прачытанне тэксту і параўнанне яго з інш. спісамі, выяўленне і асэнсаванне розначытанняў, высвятленне месца дадзенага спісу сярод інш. спісаў і рэдакцый, па магчымасці, рэканструкцыя пратографа або нават тэксту, блізкага да аўтарскага. Спецыфіку і асаблівыя цяжкасці мае тэксталагічнае даследаванне летапісаў, якія звычайна ўяўляюць сабой складаныя зводы-кампіляцыі розных тэкстаў і літ. твораў рознага часу і розных аўтараў. Прынцыпы і правілы публікацыі помнікаў стараж. пісьменства залежаць ад тыпу і характару выдання (навук., навук.-папулярнае, у арыгінале ці ў перакладзе на сучасную мову). Значную працу па выяўленні, зборы і апісанні рукапісаў, вывучэнні помнікаў бел. пісьменства зрабіў Карскі. Тэксталагічнае даследаванне бел. летапісаў, пачатае ў 19 ст. Даніловічам, у 20 ст. прадоўжылі А.Шахматаў і Ф.Сушыцкі, пашырылі і паглыбілі М.Улашчык і В.Чамярыцкі; Зроблена археагр. апісанне ўсіх летапісных спісаў, высветлены іх узаемаадносіны і ўдакладнена класіфікацыя, праведзена тэксталагічнае параўнанне гэтых помнікаў са стараж.-рус. летапісамі і польскімі хронікамі, даследаваны ўзнікненне, крыніцы і літ. гісторыя летапісных зводаў, падрыхтавана іх навук. выданне ў «Поўным зборы рускіх летапісаў». Значны ўклад у вывучэнне і выданне помнікаў бел. пісьмовай спадчыны зрабіў А.Коршунаў, які падрыхтаваў першую «Хрэстаматыю па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), творы Афанасія Філіповіча і Скарыны, асобныя помнікі мемуарнай л-ры Беларусі 16—17 ст.Гіст.-літ. і тэксталагічнае даследаванне і публікацыю твораў стараж.бел. паэзіі ажыццявіў І.Саверчанка («Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палавіна XVII ст.», 1992), агіяграфіі і Кірылы Тураўскага — А.Мельнікаў («Кніга жыцій і хаджэнняў», 1994; «Кірыл, епіскап Тураўскі», 1997), паломніцкай л-ры — С.Гаранін («Шляхамі даўніх вандраванняў», 1999).
Станаўленне Т. бел. л-ры адбылося ў 1920—30-я г. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле І.Замоціна, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага, В.Мачульскага, М.Піятуховіча выдадзены навук.-каменціраваныя зборы твораў («Творы» М.Багдановіча, т. 1—2, 1927—28; «Матчын дар» А.Гаруна, 1929; аднатомнікі твораў Цёткі і П.Труса, 1934, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны актыўная праца ў галіне Т. бел. л-ры разгорнута ў Ін-це л-ры АН Беларусі, дзе пры сектары дакастр. л-ры створана тэксталагічная група (узначальвалі В.Барысенка, Ю.Пшыркоў). Асн. намаганні скіроўваліся на выданне спадчыны пісьменнікаў-класікаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, помнікаў стараж. пісьменства. Значнай падзеяй стаў выхад першых навукова каменціраваных збораў твораў Я Купалы (т. 1—6, 1952—54; 1961—63) і Я.Коласа (т. 1—12, 1961—64). Выдадзены таксама зборы твораў Дуніна-Марцінкевіча (1958), Багдановіча (т. 1—2, 1968), «Александрыя» (1962), «Прадмовы і пасляслоўі» Скарыны (1969), «Творы» Багушэвіча (1967). У зборы твораў Я.Купалы (1961—63) у якасці крыніц асн. тэксту выбрана не апошняе прыжыццёвае выданне, а 1-ы збор твораў (т. 1—6, 1925—32), які рыхтаваў сам аўтар. Пошук архіўных матэрыялаў і гіст.-літ. звестак, удасканаленне методыкі тэксталагічнага аналізу і каменціравання тэксту твораў спрыяльна адбіліся на падрыхтоўцы больш поўных збораў твораў Я.Купалы (т. 1—7, 1972—76) і Я.Коласа (т. 1—14, 1972—78). Выйшлі 1 -ы навукова каменціраваны збор твораў К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), «Выбраныя творы» М.Гарэцкага (т. 1—2, 1973), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), аднатомныя «Творы» Цёткі (1976), «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. (1976), «Творы» К.Каганца (1979) і інш. Даследаванне заканамернасцей развіцця бел. л-ры на ўсім працягу яе гіст. развіцця набывае мэтанакіраваны характар. Адпаведна павялічылася ўвага даследчыкаў і да маст. спадчыны мінулага. У сувязі з неабходнасцю далейшай актывізацыі тэксталагічнай работы ў 1979 на аснове тэксталагічнай групы Ін-та л-ры АН Беларусі створаны сектар выданняў і тэксталогіі (з 1986 аддзел). Выдадзены першыя навукова каменціраваныя зборы твораў І.Мележа (т. 1—10,1979—85), М.Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86) і 2 дадатковыя тамы — «Творы» (1990) і «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992), П.Пестрака (т. 1—5, 1984—86), У.Караткевіча (т. 1-8, 1987—91), З.Бядулі (т. 1—5, 1985-89), П.Броўкі (т. 1—9, 1987—92), М.Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), Я.Пушчы (т. 1—2, 1993—94), аднатомнікі Г.Леўчыка (1980), Я.Дылы і В.Каратынскага (абодва 1981), У.Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984), С.Палуяна (1986), Я.Лучыны (1988), Скарыны (1990). Багушэвіча (1991), У.Сыракомлі (1993), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983). Бел. тэкстолагі падрыхтавалі зборы твораў Я.Купалы (т 1—3, 1982) і Я.Коласа (т. 1—4, 1982—83) у перакладзе на рус. мову. Якасна новым этапам у развіцці бел. Т. сталі першыя поўныя зборы твораў М.Багдановіча ў 3 т. (1991—95) і Я.Купалы ў 9 т. (т. 1—8, 1995—2002), у якіх па-новаму вырашаны шэраг тэксталагічных праблем. Пашыраны асн. корпус поўнага збору твораў Я.Купалы за кошт твораў, якія ў папярэднія зборы не ўключаліся паводле ідэалаг. прычын і цэнзурных меркаванняў. Зменена кампазіцыя выдання: адноўлены паасобныя строфы вершаў, удакладнены крыніцы асн. тэксту і першадруку, выпраўлены недакладнасці датавання, пашыраны гіст.-літ. і рэальны каментарый, уведзены прыжыццёвыя літ.-крытычная ацэнкі твораў Я.Купалы, змешчаны гіст.-літ. нарысы пра гісторыю друкавання асн. вершаваных зб-каў паэта, упершыню змяшчаюцца яго дарчыя надпісы на кнігах і фотаздымках, службовыя і асабістыя дакументы. У 1996 распачата выданне «Беларускага кнігазбору». Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Чачота, М.Багдановіча, В.Ластоўскага, У.Жылкі, Я.Баршчэўскага, Л.Геніюш, П.Труса, Н.Арсенневай і інш., «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), зб. К.Каліноўскага «За нашую вольнасць: Творы, дакументы» (1999).
Літ.:
Вопросы текстологии. Вып. 1—4. М., 1957—67;
Прохоров Е.И. Текстология: (Принципы изданий классич. лит.). М., 1966;
Принципы текстологического изучения фольклора. М.; Л., 1966;
Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;
Гульман Р.І. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980;
Лихачев Д.С. Текстология: На материале рус. лит. X—XVII вв. 2 изд. Л., 1983;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;
Яго ж. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;
Мушынскі М.І. Беларуская тэксталогія: набыткі, праблемы // Полымя. 1980. № 1;
Яго ж. Першы Поўны збор твораў Янкі Купалы. Канцэпцыя выдання і яе практыч. ўвасабленне // Бел.археагр. штогоднік. 2000. Вып. 1;
Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Лабынцев Ю.А. Проблемы подготовки изданий собрания сочинений Скорины: традицион. и электрон варианты // Скарына і наш час. Гомель, 1999;
Современная текстология: теория и практика. М., 1997;
Гришунин А.Л. Исследовательские аспекты текстологии. М., 1998;
Голуб Т.С. У творчай майстэрні класіка: Тэксталогія твораў М.Гарэцкага. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, якіназ. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўднёвая, Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук),
дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд.ч.Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л.Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл.Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс.км². Нас. 45 948 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.
Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На УУсх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗПаўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.—вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн.ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.
Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген.Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген.Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, яківыступае з антыаўтарытарных пазіцый.
У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл.ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр. краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд.дол. (каля 13 тыс.дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн.т, у 1994—7,4 млн.т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн.т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд.кВт∙гадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн.т, сталі 36,6 млн.т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс.т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн.т, пластмас 6,6 млн.т, сінт. каўчуку 340 тыс.т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн.т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн.м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч.прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн.га. Арашаецца 1353 тыс.га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс.га, збор 6519 тыс.т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн.т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб.транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс.км, аўтадарог 61,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс.км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн.т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд.дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш.Гал.гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс.чал., рэзерву 4,5 млн.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс.чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс.артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс.чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс.чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац.дзярж.ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац.ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац.цэнтр.б-ка, б-каНац.дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац.АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац.АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн.экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер.узбр. сіл.
Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш.). З канца 1940-х г.л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв.л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац.ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац.АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар.нац.муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз.т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.
Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац.т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г.тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым.т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц.тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.
Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш.Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал.нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.
Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).Да арт.Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.Да арт.Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.Да арт.Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.Да арт.Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.Да арт.Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».Да арт.Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.