узаемазвязаныя філасофскія катэгорыі, у якіх знешняе адлюстроўвае ўласцівасці прадмета як цэлага і спосабы яго ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, а ўнутранае — будову самога прадмета, яго склад, структуру і сувязі паміж элементамі. У працэсе пазнання знешняе перадае паверхневы бок прадмета, даступны пачуццям, або рэчаіснасць, што існуе па-за прадметамі; унутранае — тое, што схавана ад непасрэднага назірання і можа быць выяўлена тэарэт. даследаваннем. Узаемасувязь З. і ў. выступае як рух ад знешняга да ўнутранага, ад назіраемага да нябачнага, але мысленнага; прычым унутранае раскрываецца праз знешняе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза), інтэркінез,
частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозуда смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯЛІ́СА СІ́ЛА,
адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с.
, дзе m — маса цела, — Карыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл.Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГО́РА ТЭАРЭ́МА,
тэарэма элементарнай геаметрыі, што вызначае сувязь паміж даўжынямі старон прамавугольнага трохвугольніка: квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў. Правільная і тэарэма, адваротнай П.т.: калі квадрат стараны трохвугольніка роўны суме квадратаў дзвюх інш. яго старон, тады гэты трохвугольнік прамавугольны.
Мяркуюць, што П.т. была вядома да Піфагора, але яму прыпісваюць доказ гэтай тэарэмы ў агульным выглядае. У першапачатковай форме вызначала суадносіны паміж адпаведнымі плошчамі: квадрат, пабудаваны на гіпатэнузе, роўнавялікі суме квадратаў пабудаваных на катэтах. У матэм. запісе: c2 = a2 + b2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАДЗЕ́ЙНАЯсістэмы сіл, сіла, якая аказвае на цвёрдае цела такое ж механічнае дзеянне, як і дадзеная сістэма сіл, што прыкладзены да цела. Р. сістэмы n сіл
, дзе — адна з сіл, што дзейнічаюць на цела, i = 1, 2, ..., n. У найпрасцейшых выпадках, калі сілы прыкладзены да аднаго пункта або размешчаны ў адной плоскасці, Р. можна знайсці, карыстаючыся правілам паралелаграма. Р. мае не кожная сістэма сіл: напр., пара сіл або 2 сілы, якія не ляжаць у адной плоскасці, Р. не маюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАТРЭЗІ́Я (ад гін... + атрэзія),
парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзію похвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. deon (deontos) патрэбнае, належнае + ...логія],
раздзел этыкі, які разглядае праблемы абавязку і належнага (таго, што адлюстроўвае патрабаванні маралі ў форме прадпісанняў). Тэрмін уведзены англ. філосафам-утылітарыстам І.Бентамам, які ўжыў яго для абазначэння тэорыі маральнасці. З уяўлення аб належным (што «павінна быць») складваюцца маральныя патрабаванні, уяўленні пра тое, якія ўчынкі людзі павінны рабіць. У дачыненні да чалавека гэтыя патрабаванні з’яўляюцца яго абавязкамі, якія ў абагульненай форме правіл, што ў аднолькавай ступені датычаць усіх, фармулююцца ў маральных нормах, прадпісаннях, запаведзях. Усе гэтыя этычныя катэгорыі — прадмет вывучэння Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДЫ МО́РА»,
умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст.дан.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́СІС (франц. glacis),
ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.