ГАЛЕ́Я КАМЕ́ТА,

яркая камета, якая рухаецца па эліптычнай арбіце вакол Сонца з перыядам абарачэння каля 76 гадоў. Названа ў гонар Э.Галея.

Вылічыўшы арбіты 24 камет, Галей першы ўстанавіў (1705), што арбіты камет, якія назіраліся ў 1531, 1607 і 1682, маюць блізкія параметры. Ён выказаў меркаванне, што гэта арбіты адной і той жа каметы, і прадказаў наступнае яе набліжэнне да Сонца ў 1758, што і пацвердзілася. У 1910 Зямля прайшла праз хвост каметы Галея.

У час чарговага збліжэння з Сонцам (да 0,587 а.а. 9.2.1986) камета Галея даследавалася міжпланетнымі станцыямі «Вега», «Джота» і 2 японскімі (праляцелі 8 і 11.3.1986 на вял. адлегласці ад каметы).

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗКІ ў жывёл і чалавека,

валакністыя злучальнатканкавыя ўтварэнні (пучкі, цяжы, пласціны), што злучаюць косці шкілета і іх часткі ці асобныя органы. Размешчаны пераважна ў вобласці суставаў. Функцыі З.; павышаюць трываласць змацавання касцей (умацавальныя З.), абмяжоўваюць амплітуду руху (тармазныя З.) ці накіроўваюць рух (накіравальныя З.). У некат. суставах З. выконваюць ролю т.зв. пасіўных зацяжак, аслабленне іх выклікае парушэнне статычных функцый (расцяжэнне З.). У тоўшчы некат. З. праходзяць асн. крывяносныя сасуды, што жывяць косць. З. называюць таксама дублікатуры і лісткі серозных абалонак (брушыны, плеўры і інш.), што злучаюць органы са сценкамі поласцей цела ці паміж сабой. Пра галасавыя З. гл. ў арт. Галасавы апарат.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

ядзернае выпрамяненне, якое складаецца з патокаў нейтронаў. Асн. крыніца нейтронаў розных энергій — ядзерны рэактар. Характар узаемадзеяння нейтронаў з рэчывам залежыць ад іх энергіі і складу рэчыва, што апрамяняецца. З-за адсутнасці эл. зараду нейтроны пранікаюць у рэчыва на значную глыбіню. Н.в. адносяць да шчыльнаіанізавальных выпрамяненняў, таму што пратоны, якія яно ўтварае, моцна іанізуюць рэчыва. Атамныя ядры пры паглынанні нейтронаў распадаюцца на моцнаіанізавальныя пратоны, α часціцы і фатоны γ выпрамянення, таксама здольныя ўтвараць іанізацыю (другасную). Пры такіх ядзерных рэакцыях могуць узнікаць радыеактыўныя ізатопы элементаў і наведзеная радыеактыўнасць, якая таксама выклікае іанізацыю. Канчаткова біял. эфект пры Н.в. звязаны з іанізацыяй, што ўтвараецца другаснымі часціцамі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛА ў біялогіі,

палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.​Рышэ (1899) і ням. вучоным М.​Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́КТАРНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць вылічальных метадаў, якія дазваляюць ацэньваць і на аснове апрацоўкі мноства назіральных пераменных (фактараў) атрымаць кампактнае апісанне з’яў і працэсаў, што даследуюцца. Выкарыстоўваецца ў матэматычнай статыстыцы, эканоміцы, хіміі, медыцыне, псіхалогіі і інш. Ад іншых метадаў даследавання адрозніваецца тым, што грунтуецца не на загадзя дадзеным «апрыёрным» пераліку фактараў, а дапамагае выявіць найб. важныя з гэтых фактараў, прычым скрытыя. Напр., пры выяўленні заканамернасцей, якія ўплываюць на прадукцыйнасць працы, аналізуецца мноства стат. паказчыкаў (адукацыйны ўзровень рабочых, каэфіцыент зменнасці абсталявання, энергаўзброенасць працы і інш.), але з дапамогай Ф.а. выяўляецца, што вырашальны ўплыў на рост прадукцыйнасці працы аказваюць некалькі абагульняльных фактараў — памеры прадпрыемства, узровень арганізацыі працы, характар прадукцыі.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКТАГЕНЕ́З (ад грэч. ektos па-за, звонку + ...генез),

канцэпцыя ў эвалюцыйным вучэнні, што вызначае працэс эвалюцыі як непасрэдны вынік уздзеяння змен знешняга асяроддзя на арганізм. Эктагенетыкі лічаць, што арганізм здольны мэтанакіравана рэагаваць на гэтыя ўздзеянні, а набытыя такім шляхам адаптацыі прыкметы перадаваць у спадчыну (т.зв. адэкватная саматычная індукцыя). Але змены фенатыпаў арганізмаў, што ўзнікаюць на працягу іх жыцця, як рэакцыя на змены навакольных умоў (мадыфікацыі), не з’яўляюцца нованабытымі для дадзенага віду. Яны вызначаюцца нормай рэакцыі іх генатыпаў і ў спадчыну не перадаюцца. Эктагенетыкамі былі эвалюцыяністы дадарвінаўскага перыяду. У вучэнні Ж.Б.П.А.Ламарка Э. механічна аб’яднаны з процілеглай канцэпцыяй — аўтагенезам. Гл. таксама Неаламаркізм.

А.​С.​Леанцюк.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІ́ЛЫ,

1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.

2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. dissociatio раз’яднанне, раздзяленне),

распад малекул і крышталёў на некалькі больш простых малекул, атамаў, радыкалаў ці іонаў. У залежнасці ад характару ўздзеяння, што выклікае Д., адрозніваюць электралітычную дысацыяцыю, тэрмічную і фотадысацыяцыю (Д. пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення). Колькасная характарыстыка Д. — ступень дысацыяцыі, роўная адносінам колькасці малекул, што распаліся, да агульнай колькасці малекул у сістэме.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

метад вымярэнняў, пры якім вызначаюць рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай фіз. велічынёй, якая ўзнаўляецца з дапамогай меры. Выкарыстоўваецца пры праверцы сродкаў вымярэнняў, выпрабаванні матэрыялаў і вырабаў (параўнанне іх з узорнымі). Д.м.в. ператвараецца ў нулявы метад вымярэнняў, калі рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай даводзяць да нуля.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),

заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, што дыпламат. прадстаўнік або інш. афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)