МІ́НСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ САВЕ́Т 1905,
орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Мінска ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 і Снежаньскага узбр. паўстання 1905. Утвораны пасля курлоўскага расстрэлу 1905 з прадстаўнікоў Мінскай групы РСДРП, Лібава-Роменскага к-та Усер. чыг. саюза, мясц. к-таў ПСР і Бунда. У час Кастр. стачкі савет 12 дзён трымаў пад сваім кантролем чыг. вузел, стварыў камісію ўзаемадапамогі, суд гонару. 21 снеж. М.к.с. заклікаў да ўсеаг. забастоўкі і пачаў дзейнічаць як орган улады. З прычыны масавых арыштаў савет прыняў рашэнне прыпыніць з 25 снеж. гар. забастоўку, але працягваць забастоўку чыгуначнікаў. 28 снеж. члены М.к.с. арыштаваны.
т. 10, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.У.Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.Сяняўскі і Е.Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАХО́ДНЯ»,
гісторыка-культурнае таварыства ў г. Гродна. Засн. 12.3.1986 як клуб па ініцыятыве супрацоўнікаў Ін-та біяхіміі АН БССР, з пач. 1991 — т-ва. Асн. задачы: вывучэнне гіст. падзей, жыцця і творчасці выдатных прадстаўнікоў мінулага Гродзеншчыны, помнікаў архітэктуры краю, удзел у паходах па выдатных мясцінах Беларусі, арганізацыя сустрэч са знакамітымі суайчыннікамі, прапаганда бел. звычаяў і традыцый, музыкі, л-ры, фальклору, бел. мовы. Члены т-ва ўдзельнічаюць у археал. раскопках, суботніках па аднаўленні і добраўпарадкаванні гіст. мясцін горада і вобласці і інш. У 1990 пры «П.» створана скаўцкая суполка, у 1991 — хор царк. песні «Бацькаўшчына».
М.І.Таранда.
т. 12, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,
канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс. чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),
назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас. Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ.
Дзейнічаў ў Гродне ў 1909—14. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нац. свядомасць моладзі. Кіраўнікі: ксёндз Ф.Грынкевіч, да студз. 1912 К.Колышка, з восені 1913 А.Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясц. школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газ. «Наша ніва», бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», бел. кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та і інш. Члены гуртка займаліся літ. творчасцю (З.Верас, Я.Лявіцкі, Колышка), збіралі б-ку бел. выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі.
А.М.Пяткевіч.
т. 5, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КНЯЗЬ,
найвышэйшы княжацкі тытул на Русі і ў ВКЛ. Вядомы з 10 ст., належаў феад. сюзерэну ўсіх князёў (Вялікі князь кіеўскі), у 12—14 ст. — правіцелям буйнейшых феад. княстваў і асобным прадстаўнікам уплывовых княжацкіх родаў. Пасля стварэння Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (канец 15 — пач. 16 ст.) належаў Вялікім князям маскоўскім, з 1547 увайшоў у царскі, а з 1721 у імператарскі тытулы. У ВКЛ афіц. тытул Вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі і інш. зямель; называўся таксама гаспадаром. Быў кіраўніком дзяржавы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. тытулам Вялікі князь літоўскі да 1917 карысталіся рас. імператары. Тытул Вялікага князя насілі члены рас. імператарскай сям’і.
т. 4, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Л (стараж.-яўр. абшчына, сход),
у шырокім сэнсе — яўрэйская абшчына, у больш ужывальным — форма яе самакіравання (праўленне абшчыны) у Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст., у Рас. імперыі ў 1772—1844. Быў пасрэднікам паміж уладамі і яўр. насельніцтвам. Адказваў за збор падаткаў, выконваў адм., гасп., судовыя і інш. функцыі. На чале К. стаялі 3—5 выбарных старшын (рошым) і 3 ганаровыя члены (товім), якія складалі правамоцную калегію К. У буйным горадзе К. падпарадкоўваў сабе дробныя К. суседніх мястэчак — прыкагалкі. Указам рас імператара 1844 К. скасаваны, іх адм. функцыі перададзены паліцэйскім установам, а гасп. і агульнападатковыя — гар. думам і ратушам.
т. 7, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУЛЯ́РЫ (cagoulards ад франц. cagoule манаскі клабук),
члены тайнай прафаш. арг-цыі ў Францыі ў 1932—40. Кіруючы цэнтр арг-цыі («Сакрэтны к-т рэв. дзеяння») на чале з марскім інж. Э.Дэлонклем (склаўся ў 1936), рыхтаваў змовы супраць урадаў Нар. фронту, праводзіў акцыі тэрору супраць паліт. апанентаў, кантактаваў з ісп. франкістамі. Праграма К. прадугледжвала стварэнне ў Францыі фаш. дзяржавы на ўзор Італіі. Атрымлівалі грашовыя і інш. сродкі з фондаў арміі, ад манаполій і з-за мяжы (найперш ад італьян. фашыстаў). Гал. сац. база — кансерватыўныя ваенныя. Пасля акупацыі б.ч. Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) большасць К. падтрымала ўрад «Вішы».
т. 7, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНЫ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т.
Дзейнічаў з лют. 1908 да пач. 1-й сусв. вайны. Створаны ў Мінску Сінодам пры Мінскай епархіі па ініцыятыве інтэлігенцыі для збору і вывучэння старажытнасцей на тэр. Міншчыны. К-т праводзіў даследаванні і апісанні помнікаў даўніны і гісторыі, збор і запісы фальклору, вывучэнне манастырскіх архіваў, меў бібліятэку і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Члены к-та чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. У яго рабоце ўдзельнічалі вядомыя навукоўцы Дз.І.Даўгяла, А.А.Шахматаў. К-т выдаў зб. дакументаў «Мінская даўніна» і 1-ы вып. кнігі «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (1909).
А.С.Жмуроўскі.
т. 10, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)