раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення эл.-магн. хваль на аснове вымушанага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў, малекул). Узнікла на мяжы спектраскапіі і радыёфізікі. Частка К.э., звязаная з аптычным дыяпазонам эл.-магн. хваль, наз.лазерная фізіка. На базе К.э. ўзніклі нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія, новы імпульс атрымала галаграфія.
Сфарміравалася і развівалася як самаст. галіна навукі і тэхнікі ў 1950-я г.Асн. аб’екты вывучэння: актыўныя асяроддзі, аб’ёмныя рэзанатары, квантавыя генератары і квантавыя ўзмацняльнікі, пераўтваральнікі частаты і метады кіравання характарыстыкамі такіх сістэм. Да К.э. адносяць таксама пытанні нелінейнага ўзаемадзеяння магутнага лазернага выпрамянення з рэчывам і выкарыстання такога ўзаемадзеяння для пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення. Працэс вымушанага выпрамянення эл.-магн. хваль адкрыў А.Эйнштэйн (1917); на магчымасць выкарыстання гэтай з’явы для ўзмацнення святла паказаў В.А.Фабрыкант (1939). Першая прылада К.э. — малекулярны генератар на аміяку — створана ў 1954 адначасова ў СССР (М.Г.Басаў, А.М.Прохараў) і ў ЗША (Ч.Таўнс і інш.). У 1960 у ЗША створаны першы лазер на рубіне і гелій-неонавы газавы лазер. У 1959 М.Г.Басаў тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць стварэння паўправадніковага лазера і першыя такія лазеры створаны ў 1962—63.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па К.э. праводзяцца з 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для генерацыі, пераўтварэння, перадачы, прыёму і выкарыстання лазернага выпрамянення. Выкарыстоўваецца ў ваеннай тэхніцы (дальнамеры, цэлеўказальнікі, імітатары стральбы), матэрыялаапрацоўцы (лазерныя зварка і рэзка цвёрдых і тугаплаўкіх матэрыялаў, тэрмаапрацоўка і мадыфікацыя паверхні), сістэмах сувязі, інфармацыйных тэхналогіях (запіс і счытванне інфармацыі, лазерныя прынтэры, сканеры), бытавой тэхніцы, метралогіі, навук. даследаваннях, фоталітаграфіі, медыцыне і інш.
Л.т. ўключае ў сябе: уласна лазеры, іх элементы (выпрамяняльнікі, аптычныя рэзанатары, крыніцы напампоўкі і сілкавання, блокі кіравання і інш.), прылады кіравання лазерным прамянём (мадулятары святла, дэфлектары, пераўтваральнікі частаты і інш.), а таксама прылады, сістэмы і ўстаноўкі, дзе выкарыстанне лазера вызначае іх функцыянальнае прызначэнне. Выкарыстанне Л.т. грунтуецца на такіх прынцыповых адрозненнях лазернага выпрамянення ад выпрамянення інш. крыніц святла, як кагерэнтнасць, манахраматычнасць, высокія накіраванасць і яркасць, магчымасць атрымання светлавых імпульсаў малой працягласці, недасягальных з дапамогай інш.тэхн. сродкаў. Напр., факусіроўкай лазернага выпрамянення ажыццяўляецца лакальнае ўздзеянне на матэрыялы з зонай апрацоўкі прыкладна 1—10 мкм. Перспектыўнымі з’яўляюцца лазеры на сапфіры, легіраваным тытанам (маюць плаўную перанастройку частаты і генерыруюць фемтасекундныя імпульсы), а таксама цвердацелыя лазеры з дыёднай лазернай напампоўкай (пераўтвараюць выпрамяненне паўправадніковых лазераў у лазернае выпрамяненне высокай якасці). Гл. таксама Лазерная тэхналогія.
Літ.:
О’Шиа Д., Коллен Р., Родс У. Лазерная техника: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
асінхронная машына, якая працуе ў рухальным рэжыме. Частата вярчэння Асінхроннага электрарухавіка рэгулюецца зменай ліку пар полюсаў, частаты сілкавальнага току, супраціўлення ў ланцугу ротара, а таксама каскадным уключэннем некалькіх машын. Напрамак вярчэння асінхроннага электрарухавіка мяняюць пераключэннем любых дзвюх фазаў абмоткі статара. Асінхронныя электрарухавікі выкарыстоўваюцца як асн. рухавікі ў электрапрыводзе. Магутнасць ад некалькіх ват да дзесяткаў мегават.
Асінхронны электрарухавік: а — статар; б — каротказамкнёны ротар; в — фазавы ротар; 1 — станіна; 2 — наборны магніта-правод; 3 — абмотка; 4 — вал; 5 — кантактавыя кольцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,
квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К.л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, БПА.
Літ.:
Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮО́НІЙ, мезоній,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.
Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3∙10−6эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл.Мезонная хімія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі электрамагнітных хваляў, што праходзяць праз антыферамагнетык, пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Пры антыферамагнітным рэзанансе ўзбуджаюцца рэзанансныя ўзаемна звязаныя ваганні вектараў намагнічанасці магн. падрашотак антыферамагнетыка адносна ўзаемнага размяшчэння і адносна напрамку прыкладзенага поля. Частата гэтых ваганняў вызначаецца значэннем эфектыўных магн. палёў, што ўздзейнічаюць на магн. моманты падрашотак (поле абменнага ўзаемадзеяння падрашотак, поле магн. анізатрапіі, вонкавае статычнае магн. поле). Антыферамагнітны рэзананс дае магчымасць выявіць значэнні эфектыўных магн. палёў у антыферамагнетыках, іх структуру і інш. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫ́ШКА,
парушэнне частаты, рытму і глыбіні дыхання, якое суправаджаецца няхваткай паветра. Пры хваробах сэрца З. бывае ад фіз. нагрузкі, потым і ў спакоі, асабліва ў гарыз. становішчы (хворыя павінны сядзець). Прыступы рэзкай З. (найчасцей ноччу) пры хваробах сэрца — праяўленне астмы сардэчнай. У гэтых выпадках З. інспіраторная (цяжкі ўдых). Экспіраторная З. (цяжкі выдых) бывае пры звужэнні прасвету дробных бронхаў і бранхіёл (напр., пры астме бранхіяльнай) ці пры нізкай эластычнасці лёгачнай тканкі (напр., пры хранічнай эмфіземе лёгкіх). Мазгавая З. ўзнікае пры раздражненні дыхальнага цэнтра (пухліны, кровазліцці і інш.).
бел. вучоны ў галіне аўтам. кіравання. Д-ртэхн.н. (1990), праф. (1992). Брат А.П.Кузняцова. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1966). З 1966 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Ін-це кіравання. Навук. працы па матэм. метадах тэорыі аўтам. кіравання, робататэхніцы, тэорыі нестацыянарных дыскрэтных сістэм, устойлівасці сістэм з нявызначанымі параметрамі. Распрацаваў сістэмы стабілізацыі скорасці і частаты, кіравання прамысл. робатамі, пазіцыйныя эл.-мех. сістэмы, эл.-прыводы.
Тв.:
Динамика нестационарных дискретных систем. М., 1980 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ТЭАРЭ́МА,
адна з лімітных тэарэм імавернасцей тэорыі, што адносіцца да размеркавання адхілення частаты з’яўлення падзеі ад яе імавернасці пры незалежных выпрабаваннях.
Паводле Л.т., калі пры кожным з n незалежных выпрабаванняў у m выпадках адбываецца некаторая выпадковая падзея, імавернасць з’яўлення якой роўная p(0<p<1), то імавернасць няроўнасці
блізкая пры вял.z да значэння інтэграла Лапласа. У агульным выглядзе даказана П.С.Лапласам (1812); асобны выпадак Л.т. быў вядомы А.Муаўру (1730), таму яе часам наз. тэарэмай Муаўра—Лапласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫНГАФО́Н [ад грэч. larynx (laryngos) гартань + ...фон],
мікрафонспец. канструкцыі, які пераўтварае мех. ваганні (вібрацыі) звязак і храсткоў гартані чалавека, які гаворыць, у эл. ваганні. Практычна не ўспрымае гукавых ваганняў знешняга асяроддзя. Звычайна 2 Л. размяшчаюць з двух бакоў гартані па рамянях шлема. Выкарыстоўваецца для радыё- і тэлефонных размоў ва ўмовах (на аб’ектах) з высокім узроўнем шуму (у самалёце, танку, прамысл. цэху і да т.п.).
П’езаэлектрычны ларынгафон 1 — частка корпуса, якая прыціскаецца да гартані; 2 — п’езаэлемент з апорамі 4; 3 — вывады электрычнага напружання гукавой частаты.