ВЕТЭРА́Н (лац. veteranus ад vetus стары),
1) у Стараж. Рыме салдат, які адслужыў тэрмін у арміі. Ветэранаў надзялялі зямлёй (у Італіі ці правінцыях) або ім давалі грашовае ўзнагароджанне, вызвалялі ад павіннасцей, давалі права на рым. грамадзянства.
2) Вопытны воін, у мінулым удзельнік вайны.
3) Чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне.
т. 4, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНО́ (франц. і італьян. domino ад лац. dominus пан),
1) маскарадны касцюм у выглядзе плашча з рукавамі і капюшонам, а таксама чалавек у такім касцюме.
2) Плашч з капюшонам у каталіцкіх манахаў.
3) Настольная гульня ў пластмасавыя або касцяныя пласцінкі, на якіх нанесены кропкі (ачкі), а таксама набор пласцінак для гэтай гульні (28 шт.).
т. 6, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНХО́ЛІК,
адзін з асн. тыпаў тэмпераменту; чалавек, які характарызуецца (паводле Гіпакрата) меланхоліяй, схільнасцю да дэпрэсіі, нізкім узроўнем псіхічнай актыўнасці, стрыманасцю маторыкі і мовы, хуткай стамляльнасцю. М. ўласцівы трывожнасць, глыбіня і трываласць эмоцый пры слабым іх знешнім выяўленні; пераважаюць адмоўныя эмоцыі. Пры неспрыяльных умовах у М. можа развіцца павышаная эмацыянальная ранімасць, замкнёнасць, адчужанасць.
т. 10, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў г. Нясвіж Мінскай губ. ў 1753—1867. У розны час вырабляла дываны, сукны, капелюшы і інш. Размяшчалася ў 5 драўляных будынках. Мела 6 катлоў, 5 стрыгальных машын, 160 калаўротаў, 6 ткацкіх станкоў (у 1756—25 станкоў). Дзейнічалі фарбавальня, стрыгальня, сукнавальня, склад, капялюшная майстэрня (з 1765). Працавала да 152 (1765) чалавек.
т. 11, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХІ́М (Рахімаў) Ібрагім Абдурахімавіч
(н. 15.10.1916, Сайкелдзі, Узбекістан),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1976). У раманах «Сапраўднае каханне», «Вернасць» (абодва 1958), «Лёс» (1963), «Неспакойны горад» (1970), «Самаадданыя» (1973), «Як гартаваўся чалавек» (1978) тэмы Вял. Айч. вайны, жыццё вёскі. Аўтар аповесцей, п’ес, кінасцэнарыяў.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. Ташкент, 1978—80.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЖА ў жывёл,
інфекцыйная прыроднаачаговая хвароба, якая выклікаецца бактэрыяй з роду эрызіпелотрыкс. Пашырана ўсюды, хварэюць на Р. найчасцей свінні, ягняты, коні, буйн. раг. жывёла, птушкі, таксама чалавек.
Прыкметы: павышэнне т-ры, адмова ад корму, прыгнечанасць, кан’юнктывіт, запаленне страўніка і кішэчніка, на скуры з’яўляюцца бардова-чырв. плямы. Пры хранічным цячэнні таксама ачагі некрозу, эндакардыт, артрыт, анемія.
т. 13, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМНАМБУЛІ́ЗМ (ад лац. somnus сон + ambulo хаджу),
лунацізм, парушэнне свядомасці і сну, пры якім чалавек несвядома робіць шэраг дзеянняў, не абумоўленых сітуацыяй (напр., ходзіць). Часцей бывае ў дзіцячым і падлеткавым узросце. Пры С. захоўваецца каардынацыя рухаў, назіраецца амнезія. С. — выяўленне павышанай эмацыянальнай узбудлівасці, эпілепсіі, істэрыі і інш. хвароб. Лячэнне: ліквідацыя першасных хвароб.
т. 14, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА ((Wajda) Анджэй) (н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),
польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.
П.К.Мазоўка.
т. 3, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН ((Greene) Генры Грэм) (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),
даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).
В.К.Шчэрбін.
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)