КАНТЫНГЕ́НТ [ад лац. contingens (contingentis) які дастаецца на долю],
1) сукупнасць людзей, што складаюць аднародную ў якіх-н. адносінах групу, катэгорыю, напр., К. вучняў.
2) Устаноўленая для якіх-н. мэт найб. колькасць, норма чаго-небудзь. Напр., норма прыёму ў ВНУ. У знешнім гандлі — устаноўленая ў афіцыйным парадку пэўная колькасць пэўнага тавару, якую краіна можа ўвозіць (ці вывозіць) за мяжу.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНУ́Н,
традыцыйная бел. абрадавая страва, з якой пачыналі памінкі. Гатавалі з разбаўленай мёдам вады (сыты), крышанага спецыяльна спечанага прэснага каржа, гарачыкаў, булкі ці абаранкаў. Першую лыжку адлівалі для нябожчыка. Потым удзельнікі жалобнага стала чэрпалі адну або тры лыжкі К. з агульнай міскі, перадавалі яе па чарзе адзін аднаму, пасля чаго міску прыбіралі, тушылі памінальную свечку і працягвалі памінкі.
т. 8, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗА,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл. гл. пры арт. Гаргоны.
т. 10, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФУНДА́ЛЬ (ад лац. profundus глыбокі),
глыбокая частка возера, куды не пранікаюць хвалевыя рухі і ветравое перамешванне. Ложа П. звычайна ўкрыта ілам, донная расліннасць адсутнічае; багата развіта флора бактэрый і грыбкоў, у выніку чаго ў ілах назапашваюцца газы (метан, вадарод, серавадарод) і адбываецца ўтварэнне азёрнай жал. руды. У вадаёмах Беларусі П. пачынаецца з глыб. 5—8 м, часам 10 м.
т. 13, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕСУА́Р (франц. accessoire),
1) прыналежнасць чаго-н.; пабочныя з’явы, дэталі, якія дапаўняюць гал. элемент кампазіцыі.
2) У тэатры — прадметы бутафорыі або рэквізіту.
3) У выяўленчым мастацтве — прадметы другараднага значэння, дапаможныя дэталі гал. выявы, якія паглыбляюць яе характарыстыку, часам нясуць сэнсавую і эмац. нагрузку, выконваюць функцыю, уласцівую атрыбуту ці сімвалу. У партрэце гэта дэталі інтэр’ера, касцюма, што дапаўняюць задуму аўтара твора.
т. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад позналац. divergentia разыходжанне) у біялогіі, разыходжанне прыкмет і ўласцівасцей у першапачаткова блізкіх груп арганізмаў у працэсе іх эвалюцыі. Тэрмін увёў Ч.Дарвін (1859) для тлумачэння ўзнікнення сартоў культ. раслін, парод свойскіх жывёл і біял. відаў у прыродзе. Адбываецца пад уздзеяннем розных умоў існавання, у выніку чаго з аднаго зыходнага віду ўтвараюцца новыя разнавіднасці або віды. Процілегласць Д. — канвергенцыя.
т. 6, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10−6 г, 1 мкКл (мікракулон) = 10−6 Кл.
2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРПЕНЦІНІ́Т, змеявік,
метамарфічная горная парода, якая складаецца з мінералаў групы серпенціну. Утвараецца пры гідратэрмальным змяненні пераважна ультраасноўных парод (гіпербазітаў), у выніку чаго іх бязводныя сілікаты магнію гідралізуюцца і пераўтвараюцца ў мінералы групы серпенціну, а самі горныя пароды ў С. З працэсам серпенцінізацыі звязана ўтварэнне большасці радовішчаў хрызатыл-азбесту (гл. Азбест). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (абліцовачны матэрыял) і ювелірнай справе (паўпразрыстыя разнавіднасці — офікальцыт).
т. 14, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),
трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.
І.Л.Бурак.
т. 2, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕНА́РЫУС ((Avenarius) Рыхард) (19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),
швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)