ГЕНЕАЛО́ГІЯ ў генетыцы і селекцыі, сукупнасць звестак пра паходжанне пэўнай асобіны ці групы асобін жывёл або раслін. Дапамагае вызначыць бацькоў і больш аддаленых продкаў, ад якіх узніклі пэўныя сарты ці гібрыды раслін, пароды жывёл. Па генеалогіі сорту (гібрыда) каштоўных раслін вядзецца сістэматычны ўлік, дзе фіксуюцца ўсе бацькоўскія пары, што прымалі ўдзел пры стварэнні новага сорту, з указаннем года скрыжавання, асн. вартасцей зыходных асобін і атрыманых гібрыдаў. На аснове запісаў складаюцца генеалагічныя каталогі сорту (гібрыда). У жывёлагадоўлі існуе сістэма племянных кніг, заводскіх і селекцыйных запісаў. Метад складання генеалогіі выкарыстоўваюць і ў генетыцы чалавека для высвятлення характару спадчыннага наследавання нармальных або паталагічных прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЧЫК Міхаіл Навумавіч
(Майсей Беньямінавіч; н. 7.6.1932, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Зорька» (з 1954), выд-вах «Беларусь» (з 1964), «Мастацкая літаратура» (1972 — 92). Друкуецца з 1949. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэматыка твораў для дзяцей — фарміраванне і станаўленне характару падлетка (кн. аповесцей і апавяданняў «Вецер ірве павуціну», 1963; «Зямное прыцягненне», 1965; «Сонечны круг», 1970; «Галінка зялёнага дрэва», 1977; «Дзе жывуць чараўнікі», 1980; «Самае сіняе неба», 1982). Аўтар раманаў «...Аддаеш назаўсёды» (1970), «Здабыццё надзеі» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), дакумент.-публіцыст. аповесці «Час гаспадароў» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТА́ЛІЙ,
усходнеславянскі рэліг. дзеяч і пісьменнік 1-й пал. 17 ст. Аўтар духоўных вершаў, перакладчык царк. кніг з грэч. і лац. моў. Пераклаў на царк.-слав. мову і выдаў кн. «Дыёптра, або Люстра жыцця людскога на тым свеце...» (Еўе, 1612; перавыдадзена ў Еўі і Вільні ў 1642, Куцейне ў 1651 і 1654, Магілёве ў 1698, Клінцах у 1786), прасякнутую царк.-рэліг. тэндэнцыямі. У кнізе змешчаны таксама тыпова барочныя паводле характару і стылю філас.-дыдактычныя вершы Віталія, у якіх праводзяцца ідэі хрысц. аскетызму, марнасці зямнога жыцця.
Літ.:
Франко І. Забутий український віршописець XVII в. // Зап. наук. т-ва ім. Шевченка. 1898. Т. 22, кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СНАЯ МО́ВА,
гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.
Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТА́ЎКАў кніжнай графіцы,
невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл.характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.
Застаўка з рукапісу 11 ст.Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.Застаўка з «Бібліі» Ф.Скарыны. 1518.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ Андрыян Дзмітрыевіч
(19.8.1761, С.-Пецярбург — 8.9.1811),
рускі архітэктар. Прадстаўнік ампіру.
Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1767—82) і ў Парыжы ў Ж.Ф.Шальгрэна (1782—86). З 1787 выкладаў у Пецярб.АМ (акад. з 1794, праф. з 1797). Аўтар праектаў перабудовы будынка АН, планіроўкі і забудовы Правіянцкага в-ва і Галернага порта на Васільеўскім в-ве ў Пецярбургу (усе пач. 19 ст.). Гал. яго твор — будынак Адміралцейства. Праектаваў і будаваў у інш. гарадах Расіі, стварыў тыпавыя праекты казённых будынкаў і цэркваў для губ. і пав. гарадоў падкрэслена манум.характару. Іл.гл. да арт.Адміралцейства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ННІК, аройнік,
арум (Arum),
род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Малой і Пярэдняй Азіі. 6 відаў трапляюцца ў лясах на ПдЕўрап.ч.б.СССР, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі асобныя віды ў калекцыі Цэнтр.бат. сада АН.
Шматгадовыя аднадомныя травяністыя расліны выш. 25—30 см з шара- або яйцападобным клубнем. Лісце суцэльнае, сэрца- або коп’епадобнае, бліскучае, на доўгіх чаранках. Аднаполыя кветкі ў катахах, укрытых пакрывалам белага, зеленаватага або цёмна-фіялетавага колеру. Плод — ярка-чырвоная ягада. Дэкар. і лекавыя расліны. Свежыя расліны атрутныя (ёсць рэчывы сапаніна-глюказіднага характару). Высушаныя клубні аронніку плямістага (A. maculatum) і інш. відаў маюць да 25% крухмалу, прыдатныя ў ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс.га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРОХ КАРАЛЁЎ»,
помнік бел. перакладной л-ры апакрыфічнага характару. Арыгінал напісаны ў 14 ст.ням. манахам Іаганам з Гільдэсгейма на лац. мове. На бел. мову перакладзены ў 2-й пал. 15 ст. У аснове аповесці евангельскі эпізод пра пакланенне немаўляці Ісусу Хрысту трох усх. цароў-язычнікаў, якія пасля сталі шчырымі хрысціянамі. У творы апісваецца іх незвычайнае падарожжа ў «святую зямлю», прырода зямель Б. Усходу, побыт, звычаі, веравызнаўчыя і этнічныя асаблівасці розных народаў, у т. л. грэкаў, сірыйцаў, армянаў, грузінаў. У аповесці многа фантастычнага, авантурна-прыгодніцкага. Яна каштоўная як сведчанне духоўных запатрабаванняў пэўных слаёў бел. чытачоў 15—16 ст., адна з крыніц іх уяўленняў пра краіны Б.Усходу. Пераклад даволі прафесійны, мова без царкоўнаславянізмаў.