СІНЬЯРЭ́ (Signoret; сапр. Камінкер; Kaminker) Сімона

(25.3.1921, г. Вісбадэн, Германія — 30.9.1985),

французская кінаактрыса. Вядомасць набыла выкананнем гал. роляў у фільмах рэж. Ж.​Бекера «Залаты шлем» (1952), М.​Карнэ «Тэрэза Ракэн» (1953), «Салемскія ведзьмы» (1956; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1957). Майстэрства С. найб. выявілася ў выкананні ролі Эліс («Месца наверсе», 1958; у сав. пракаце «Шлях у вышэйшае грамадства»; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах, прэмія «Оскар», прэмія Брыт. і Франц. акадэмій). Сярод значных работ — ролі ў фільмах «Цень і святло» (1951), «Смерць у гэтым садзе» (1956), «Дзень і час» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Чайка» (1968), «Кот» (1971, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Усё жыццё наперадзе» (1977, прэмія «Сезар»), «Гі дэ Мапасан» (1982) і інш.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ (Long) Маргерыт Мары Шарлот (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),

французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.​Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.​Равеля, Д.​Міё, Г.​Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.​Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.

Літ.:

Хентова С. М.​Лонг. М., 1961.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБРА́Н (Malibran) Марыя Фелісіта (24.3.1808, Парыж — 23.9.1836),

французская спявачка (каларатурнае мецца-сапрана); адна з буйнейшых спявачак 1-й пал. 19 ст. Сястра П.Віярдо-Гарсія. З 1816 вучылася пад кіраўніцтвам бацькі — вак. педагога М.​Гарсіі. З 1825 выступала на оперных сцэнах Лондана, Парыжа, гарадоў Італіі. Гастраліравала разам з мужам — Ш.Берыо. Валодала голасам вял. дыяпазону, асабліва выразным і прыгожым у ніжнім рэгістры. Яе выкананне вылучалася імправізацыйнай свабодай, артыстызмам, тэхн. дасканаласцю. Сярод лепшых партый: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.​Беліні), Леанора («Фідэліо» Л.​Бетховена), Джульета («Рамэо і Джульета» Н.​Цынгарэлі), Дэздэмона, Разіна («Атэла», «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Аўтар накцюрнаў для фп., рамансаў і інш. Ёй прысвечана опера амер. кампазітара Р.​Р.​Бенета «Марыя Малібран» (1935).

М.Малібран у касцюме Дэздэмоны. Партрэт работы мастака Л.​Педрацы. 1834.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́ДЗІ, Владзі (Vlady; сапр. Палякова-Байдарава) Марына (н. 10.5.1938, Парыж), французская актрыса. Дэбютавала ў кіно («Летняя навальніца», 1949). Поспех прынесла роля ў фільме рэж. А.​Каята «Перад патопам» (1955). Жаночыя вобразы (ад з’едлівых да рамант.) увасобіла ў фільмах «Дні кахання» (1954), «Вядзьмарка» (паводле аповесці «Алеся» А.​Купрына, 1956), «Сучасная гісторыя» (1963, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Сем смярцей паводле рэцэпта» (1975, у сав. пракаце «У сетцы мафіі»), «Яны ўдваіх» (1977), «Сплендар» (1989), «Тыя, што п’юць кроў» (1992) і інш. Сярод тэатр. роляў: Ранеўская («Тры сястры» А.​Чэхава), Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш. Аўтар кн. пра мужа, У.Высоцкага, «Уладзімір, або Перарваны палёт» (1989), а таксама рамана «Венецыянскі калекцыянер», кн. пра вайну ў Афганістане «Ваяж Сяргея Іванавіча».

т. 16, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДАСЕ́ВІЧ-ЛЕЖЭ́ Надзея Пятроўна (5.11.1904, в. Асецішчы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.5.1983),

французская мастачка. Вучылася ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (1921—24). З 1924 у Парыжы вучылася ў акадэміі жывапісу Ф.Лежэ (1924—29), пазней стала яго жонкай. Працавала ў манум. і станковым жывапісе. Аўтар мазаічных партрэтаў Ю.​Гагарына, Ж.​Дзюкло, М.​Кашэна, Н.​Крупскай, У.​Маякоўскага, М.​Тарэза, герояў 2-й сусв. вайны, дзеячаў культуры, кампазіцый для аэрапортаў у Парыжы і Вашынгтоне. Сярод жывапісных работ: «Нацюрморт з вазай» (1925), «Аўтапартрэт» (1941), «Пачатак руху (Узлёт-1)» (1922—68). Стварыла музей Лежэ ў Б’ёце (Прыморскія Альпы, 1960) і на радзіме мастака ў Лізоры (Нармандыя, 1970).

Літ.:

Дубенская Л.А. Рассказывает Надя Леже. Мн., 1983.

Н.​М.​Бараноўская.

Н.Хадасевіч-Лежэ. Аўтапартрэт.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ШАЛЁНЫЯ»

(«Enragés»),

назва прадстаўнікоў арганізацыйна не аформленай найб. радыкальнай левай плыні Французскай рэвалюцыі 1789—99, ідэолагаў гар. плебейства (Ж.​Ру, Т.​Леклерк, Ж.Ф.Варле і інш.). Іх ідэалогію найб. выразна адлюстравала выказванне Ру: «Свабода — пусты прывід, калі адзін клас людзей можа беспакарана прыгнятаць і марыць голадам іншы». Разам з якабінцамі падрыхтавалі паўстанне 31.5—2.6.1793, якое скінула жырандыстаў і прывяло да ўлады якабінцаў. Рэзка крытыкавалі якабінскую Канстытуцыю 1793, патрабавалі ўвесці ў яе артыкулы аб абмежаванні прыватнай уласнасці і смяротным пакаранні для спекулянтаў. Падрыхтаванае пры ўдзеле «Ш.» выступленне парыжан 4—5.9.1793 прывяло да ўвядзення Канвентам цвёрдых цэн (максімумаў) на харч. і інш. тавары першай неабходнасці, абвяшчэння рэв. тэрору. Неўзабаве якабінцы, незадаволеныя радыкалізмам «Ш.», разграмілі іх.

Літ.:

Манфред А.З. Великая французская революция. М., 1983.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНА́Р (Bernardt) Сара (22.10.1844, Парыж — 26.3.1923),

французская актрыса. Скончыла драм. клас Парыжскай кансерваторыі (1862). Працавала ў т-рах «Камеды Франсэз» (1872—80), «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Адэон», узначальвала т-ры «Рэнесанс» (з 1893), «Тэатр Сары Бернар» (1898—1922). У яе творчасці віртуознае майстэрства, вытанчаная тэхніка, маст. густ часта спалучаліся з наўмыснай эфектнасцю ігры. Сярод лепшых роляў: донья Соль («Эрнані» В.​Гюго), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» Дзюма-сына), Тэадора («Тэадора» Сарду), прынцэса Мара, герцаг Рэйхштацкі («Прынцэса Мара» і «Арляня» Э.​Растана), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Ларэнцача («Ларэнцача» А. дэ Мюсэ). З 1880-х г. выступала ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, у т. л. ў Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Моя двойная жизнь: Мемуары. М., 1991.

Літ.:

Кугель А. Театральные портреты. Л.;

М., 1967. С. 320—327.

С.Бернар.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕРЫ́ (Valéry) Поль (30.10.1871, г. Сет, Францыя — 20.7.1945),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (1925). Аўтар паэм «Юная Парка» (1917), «Марскі могільнік» (1920), «Мой Фауст» (не скончана, 1941), паэт. зб-каў «Альбом старых вершаў» (1920), «Чары» (1922), драмы «Амфіён» (паст. 1931), літ.-філас. трактатаў «Вечар з панам Тэстам» (1896), «Ліст пані Эмілі Тэст» (1924), эсэ «Уводзіны ў сістэму Леанарда да Вінчы» (1895), «Становішча Бадлера» (1924), «Я часам гаварыў Стэфану Малармэ...» (1931), «Віктор Гюго...» (1935), «Усеагульнае вызначэнне мастацтва» (1935), «Паэзія і абстрактная думка» (1939), «Сшыткі» (т. 1—29, 1894—1945; выд. 1957—61), «Паэтычныя ўспаміны» (выд. 1947). Паэзіі Валеры ўласцівыя філас.-інтэлектуальная глыбіня, насычанасць міфалагічнай сімволікай, ускладненасць сінтаксісу, моўныя навацыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1936;

Об искусстве. М., 1976.

Літ.:

Балашова Т.В. Французская поэзия XX века. М., 1982.

Е.​А.​Лявонава.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЦЫЯ́НСКІ Мікалай Паўлавіч (кастр. 1886, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 4.11.1945),

расійскі гісторык-медыявіст. Скончыў Казанскі ун-т (1910), выкладаў у ім (1910—20, з 1917 праф.). З 1920 у Ін-це гісторыі пры Маскоўскім ун-це (пазней Ін-т гісторыі АН СССР), Маскоўскім аддзяленні Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Аўтар прац «Парыжскія рамесныя цэхі ў XIII—XV ст.» (1911), «Французская вёска XII—XIV ст. і Жакерыя» (1935), «Нямецкі «Drang nach Osten» у фашысцкай гістарыяграфіі», «Барацьба славян і народаў Прыбалтыкі з германскай агрэсіяй у сярэднія вякі» (1943), «Карл Вялікі і славяне», «Дзейнасць Канстанціна і Мяфодзія ў Вялікамараўскім княстве» (абедзве 1945) і інш. Пераклаў на рус. Мову адну з варварскіх праўд — Салічную (1913).

Тв.:

Из социально-экономической истории западно-европейского средневековья: Сб. ст. М., 1960.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРА́ЎДНЫЯ ВО́СЫ, грамадскія восы,

складкаватакрылыя восы (Vespoidea ці Vespidae),

надсямейства ці сям. насякомых атр. перапончатакрылых. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі больш за 25 відаў адзіночных, грамадскіх. восаў і шэршняў. Апыляльнікі раслін, знішчаюць шкодных насякомых, шэршні шкодзяць пчалярству.

Цела даўж. 8—30 мм, прадаўгаватае, голае або ўкрыта валаскамі. На брушку чорныя і жоўтыя палосы. Пярэднія крылы складваюцца ўдоўж. Вусікі ніткападобныя, у самцоў 13-, у самак 12-членікавыя. Пярэднягрудзі маюць дугападобную выразку, якая дасягае асновы крылаў. Жывуць у гнёздах (паўсфера з ячэйкамі ў адзін паверх, сфера з шматпавярховымі ячэйкамі ці інш.). Соты будуюць з «паперы», якую атрымліваюць з перажаваных і апрацаваных ферментамі расл. рэшткаў. Лічынак кормяць інш. насякомымі, пераважна вусенямі. Развіццё з поўным ператварэннем. Зімуюць аплодненыя маткі.

Сапраўдныя восы: 1 — звычайная; 2 — французская; 3 — лясная; 4 — гняздо лясной асы.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)