МОНАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад мона... + цэнтр),

вучэнне ў антрапалогіі аб паходжанні чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens) і чалавечых рас ад адной формы стараж. чалавека на адной тэрыторыі (процілеглае вучэнне — поліцэнтрызм). Гл. таксама Расы.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЦЕ́НЬ у жывапісе і графіцы,

адзін са сродкаў мадэліроўкі аб’ёмнай формы, які ахоплівае святлоценявыя градацыі сярэдняй моцы, што адпавядаюць пераходу ад асветленых частак прадмета да зацененых; адзін з асн. элементаў святлаценю.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГВАННЕ ў металаапрацоўцы,

апрацоўка рэзаннем унутраных і вонкавых паверхняў дэталей рознай формы на працяжных станках. Робіцца з дапамогай шматлязовага рэзальнага інструмента — працяжкі. Найб. прадукц. працэс з усіх відаў апрацоўкі металаў рэзаннем.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРАТУ́РА (ад лац. quadratura наданне квадратнай формы),

1) значэнне плошчы дадзенай фігуры, выражанае ў квадратных адзінках.

2) Пабудаванне квадрата, роўнавялікага (па плошчы) дадзенай фігуры.

3) Вылічэнне плошчы або інтэграла (гл. Інтэгральнае злічэнне).

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАСПА́Д,

ледалом, участак ледавіка, разбіты глыбокімі трэшчынамі на асобныя глыбы рознай формы і памеру. Утвараецца ў месцах стромкага перагібу падоўжнага профілю ложа ледавіка, дзе павялічваецца скорасць руху масіву лёду, што выклікае расколы.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.

Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.​Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЕМНІ́ТЫ (Belemnitida),

атрад вымерлых беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. Каля 70 родаў, больш за 50 відаў. Жылі з карбону да палеагену, найб. у мезазоі (юра-мел). На Беларусі рэшткі Б. трапляюцца ў верхняюрскіх і мелавых адкладах. Выкапнёвыя рэшткі служаць для вызначэння ўзросту юрскіх і мелавых адкладаў.

Марскія жывёлы, драпежнікі, вонкава падобныя на сучасных васьміногаў і кальмараў. Мелі ўнутр. ракавіну, якая складалася з 3 частак: вапнавай ракавіны канічнай формы, падзеленай на камеры (фрагмакона), цераз якія праходзіў выраст мяккага цела — сіфон; рэдукаванай часткі жылой камеры пласціністай формы (праастракума); цыгара- або ланцэтападобнага цела даўж. да 40 см (ростра). Акамянелыя ростры захаваліся ў адкладах (наз. «чортавы пальцы»).

Белемніт. Рэканструкцыя.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр. Гродзенскага манастыра базыльянак.

6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЛІЛЕ́І членістыя

(Articulata),

падклас беспазваночных жывёл кл. крынаідэй тыпу ігласкурых. Вядомы з пач. мезазою (каля 200 млн. гадоў назад). 4 атр., каля 700 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, трапляюцца да глыб. 10 км.

Цела чашкападобнае, уверх уздымаецца венчык перыстых, разгалінаваных прамянёў — «рук» (да 200) даўж. да 35 см. Маюць вапняковы шкілет з пласцінак рознай формы і памераў. У сцябліністых М.л. уніз ад чашачкі адыходзіць сцябло даўж. да 1 м, якое прымацоўваецца да грунту. У бессцябліністых М.л. — шматлікія рухомыя адросткі, з іх дапамогай некат. формы здольныя плаваць і поўзаць па дне. Кормяцца планктонам, дэтрытам. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія лілеі: 1 — стэфанаметра; 2 — лампраметра.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКАЯ МО́ВА, фарсі,

адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Афіц. мова Ірана. Пашырана таксама ў Афганістане, Пакістане, Індыі, Іраку, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і інш. Са шматлікіх дыялектаў найб. вывучаны тэгеранскі, які стаў адной з асн. крыніц фарміравання размоўнай формы сучаснай П.м. У фанетыцы 6 галосных, 22 зычныя фанемы, 2 дыфтонгі. Граматыка аналітычная, няма скланення, ужываюцца складаныя дзеяслоўныя формы, фіксаваны парадак слоў. У лексіцы шмат араб. запазычанняў. Пісьменства з 1-й пал. 9 ст. на аснове араб. алфавіта (гл. Арабскае пісьмо), дапоўненага некалькімі знакамі для гукаў, якія адсутнічаюць у араб. мове.

Літ.:

Рубинчик Ю.А. Современный персидский язык. М., 1960;

Пейсиков Л.С. Лексикология современного персидского языка. М., 1975.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)