АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
т. 1, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГРЭ́СІЯ (ад лац. ingressio уваходжанне, уступленне),
павольнае (векавое) пранікненне марскіх і азёрных вод у паніжэнні рэльефу прыбярэжнай сушы пры павышэнні ўзроўню мора або пры апусканні берага. У выніку І. ўтвараюцца інгрэсійныя берагі.
т. 7, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫ́ЛІЯ (Castilla ад castello замак),
дзяржава ў цэнтр. ч. Пірэнейскага п-ва ў 11—15 ст. З 923 графства ў складзе каралеўства Леон, з 1035 каралеўства са сталіцай у г. Бургас. Стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва (сталіца — г. Таледа), калі аб’ядналася з Леонам (1037—65, 1072—1157, канчаткова ў 1230). Адыграла вядучую ролю ў Рэканкісце, пашырыла сваю тэрыторыю да паўд. ўзбярэжжа. У выніку перамяшчэння насельніцтва з Пн на Пд на працягу 11—13 ст. заселены Новая Кастылія, Эстрэмадура і б.ч. Андалусіі. Гараджане з сярэдзіны 13 ст. атрымалі доступ у картэсы. Імкненне феадалаў запрыгоніць сялян выклікала шэраг сял. хваляванняў у 15 ст. У выніку дынастычнай уніі К. і Арагона ў 1479 увайшла ў склад Іспаніі.
т. 8, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРК у геамарфалогіі,
увагнутая (крэслападобная) форма рэльефу ў гарах. Адрозніваюць ледавіковыя Ц. — кары і апоўзневыя Ц. — катлавіны, якія ўтварыліся ў выніку апоўзняў на стромкіх схілах, складзеных з пластычных парод.
т. 17, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЦАВА́ТАСЦЬ,
уласцівасць горнай пароды расшчапляцца на тонкія пласціны, абумоўлена плоскапаралельным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Паводле генезісу адрозніваюць першасную С. (узнікае ў пародах адначасова з асадканамнажэннем або дыягенезам) і другасную С. (пры метамарфізме парод). Другасная С. бывае мех. (у выніку мех. ўздзеяння на сфарміраваную пароду), дыяфтарычнай (пры рэгрэсіўным мінер. ператварэнні магматычных і метамарфічных парод) і крышталізацыйнай (у выніку лакальнай перакрышталізацыі зыходнай пароды ў новую метамарфічную пароду). Паводле маштабаў праяўлення вылучаюць С. рэгіянальную (на вял. плошчах, напр., пры складкаўтварэнні) і С. мясцовую (напр., пры перамяшчэнні парод уздоўж тэктанічных парушэнняў). С., якая ўзнікла пад мех. уздзеяннем без перакрышталізацыі і пераарыентацыі мінералаў, з утварэннем трэшчын, перпендыкулярных ціску, наз. кліваж (характэрна для гнейсаў, сланцаў і інш.).
В.І.Ярцаў.
т. 14, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),
адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.Мак-Лафліна, Дж.Дзюка, Ж.Л.Панці, Ч.Корыя, Х.Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш.).
Дз.А.Падбярззскі.
т. 6, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.
Літ.:
Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.
А.Ю.Маніна.
т. 13, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Брэсцкае ваяводства,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1566. Цэнтр — г. Берасце (Брэст). Падзялялася на 2 паветы: Берасцейскі (уваходзілі Брэст, Камянец, Кобрын) і Пінскі (уваходзілі Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Дубровіца). З канца 17 ст. ў адрозненне ад Брэст-Куяўскага ваяв. ў Польшчы наз. Брэст-Літоўскім. У 1791 утвораны Кобрынскі і Пінска-Зарэчны (з цэнтрам у Плотніцы) пав. У 1792 Пінска-Зарэчны пав. перайменаваны ў Запінскі з цэнтрам у Століне. У 1793 у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі і Запінскі пав. ўвайшлі ў склад Рас. імперыі (у Мінскай губ.). У 1795 у выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Берасцейскае ваяводства скасавана, б.ч. яго тэр. ўвайшла ў Слонімскую губ. Рас. імперыі. Зах. частка ваяводства адышла да Аўстрыі.
т. 3, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАРАСПА́ЗМА (ад грэч. pyloros прываротнік + спазма),
спазма мускулатуры прываротніка страўніка, у выніку якой адсутнічае ці затрымліваецца яго апаражненне. Назіраецца пераважна ў грудных дзяцей (часцей у першыя месяцы жыцця) у сувязі з функцыян. парушэннямі вегетатыўнай нерв. сістэмы.
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1969,
узброены канфлікт паміж СССР і Кітаем у выніку пагаршэння сав.-кіт. адносін у 1960-я г. і нявырашанага пагранічнага пытання. Кіт. бок патрабаваў перагляду рас.-кіт. дагавораў 19 ст. (гл. Айгунскі дагавор 1858, Пекінскі трактат 1860), каб граніца паміж дзвюма краінамі праходзіла па найб. глыбінях рэк Амур і Усуры. У 1950-я г. адпаведныя сав.-кіт. камісіі правялі работу па ўрэгуляванні гэтага пытання і вызначэнні новай граніцы, але з пагаршэннем сав.-кіт. адносін працэс быў спынены. Адначасова кіт. бок пачаў ва ультыматыўнай форме патрабаваць вырашэння пагранічнага пытання, на сав.-кіт. граніцы ім былі арганізаваны правакацыйныя акцыі хунвэйбінаў і шматлікія парушэнні кіт. пагранічнікамі. 2.3.1969 кіт. ваеннаслужачыя расстралялі на в-ве Даманскі на р. Усуры сав. пагранічны нарад. 14—15 сак. тут адбыліся баі паміж сав. і кіт. войскамі з выкарыстаннем артылерыі і ракетных установак; усяго ў выніку канфлікту на Даманскім загінула 58 сав. ваеннаслужачых. 13 жн. некалькі груп кіт. ваеннаслужачых парушылі сав. граніцу ў раёне Жаланашколя (Казахстан). У выніку іх сутыкнення з сав. войскамі былі забітыя і параненыя. Сітуацыю разрадзілі перагаворы 11 вер. ў Пекіне старшынь урадаў СССР і Кітая — А.М.Касыгіна і Чжоў Эньлая. Перагаворы па вырашэнні пагранічных пытанняў пачаліся 20 кастрычніка. Канчаткова гэта праблема была ўрэгулявана ў 1990-я.г. пасля вызначэння б.ч. рас.-кіт. граніцы.
т. 14, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)