ІНТЭНСІФІКА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця вытв-сці на аснове выкарыстання новай тэхнікі і тэхналогій, удасканалення арганізацыі вытв-сці, што забяспечвае рост прыбытку прадпрыемстваў. У адрозненне ад экстэнсіўнага шляху развіцця, для якога характэрна павелічэнне колькасці работнікаў, сродкаў вытв-сці на ранейшай тэхн. аснове, І.в. прадугледжвае якаснае абнаўленне вытв-сці, больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных, паліўна-энергет., прац. рэсурсаў і капіталу на аснове апошніх навук.-тэхн. дасягненняў. І.в. патрабуе паскоранага развіцця фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў, навукаёмістых галін, структурнай перабудовы нар. гаспадаркі і ўдасканалення інвестыцыйнай палітыкі. Канкрэтныя формы І.в. залежаць ад асаблівасцей галіны нар. гаспадаркі. Адрозніваюць капіталаёмкую і капіталазберагальную формы інтэнсіўнага развіцця вытв-сці. Першая забяспечвае рост прадукцыйнасці працы за кошт павелічэння капіталу ў разліку на адзінку прадукцыі, другая — яго эканомію, што вызваляе дадатковыя сродкі вытв-сці на паскарэнне тэмпаў развіцця эканомікі. І в. выяўляецца ў паскораным абнаўленні вытв. патэнцыялу, павышэнні тэхніка-эканам. ўзроўню вытв-сці шляхам тэхн. пераўзбраення, рэканструкцыі, развіцця вытв-сці і арг-цыі выпуску новых, якасных, канкурэнтаздольных відаў прадукцыі, што патрабуе сканцэнтравання капіталу на развіцці больш хуткімі тэмпамі галін, якія забяспечваюць навук.-тэхн. прагрэс і рацыянальнае выкарыстанне вытв. рэсурсаў.
Г.Ф.Кузняцова.
т. 7, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЙ РАЗВЕ́ДКІ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для выяўлення баявых атрутных, моцнадзейных ядавітых і тэхн. рэчываў у паветры. Да іх адносяць аўтам. газасігналізатары, комплексныя (вайсковыя) прылады хім. разведкі, у аснове дзеяння якіх хім., іонаметрычныя, фіз.-хім. метады індыкацыі.
І.Г.Лазараў.
т. 17, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФІТАПЛА́СТЫ,
пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніка прыродны ці штучны графіт або карбанізаваныя прадукты (коксы, тэрмаантрацыт і інш.). Сувязнымі матэрыяламі з’яўляюцца фенолаальдэгідныя і эпаксідныя смолы, поліаміды, фтарапласты і інш.
Максімальную цепла- і электраправоднасць пры здавальняючых мех. паказчыках маюць графітапласты з 75—85% (па масе) парашкападобнага штучнага графіту. Хім. ўстойлівасць графітапластаў абмежавана хім. устойлівасцю сувязнога. Адрозніваюць графітапласты тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя. Тэрмарэактыўныя прэс-парашкі (напр., антэгміт) атрымліваюць на аснове штучнага графіту і фенолафармальдэгідных, эпаксідных, фуранавах смол. Залівачныя кампаўнды з графітапластаў маюць добрыя мех. (у т. л. ліцейныя) уласцівасці. Тэрмапластычныя графітапласты на аснове поліамідаў (да 50% па масе) і прыроднага графіту адрозніваюцца павышанымі трываласцю і ўдарнай вязкасцю. Выкарыстоўваюць для вырабу антыкаразійных помпаў, кампрэсараў, цеплаабменнай хім. апаратуры, дэталей машын і прылад, якія працуюць у вузлах трэння без змазкі (напр., укладышы падшыпнікаў).
М.Р.Пракапчук.
т. 5, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.
Л.М.Салавей.
т. 2, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮС (Suess) Эдуард (20.8.1831, Лондан — 26.4.1914),
аўстрыйскі геолаг. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1901; чл.-кар. 1887). Скончыў Венскі палітэхнікум (1852). Праф. геалогіі Венскага ун-та (1857—1901). У 1898—1911 прэзідэнт Венскай АН. Вывучаў геал. будову і тэктоніку Альпаў, Ламбардскай упадзіны, Апенінаў. У працы «Паходжанне Альпаў» (1875) развіў погляды пра ўтварэнне гор на аснове кантракцыйнай гіпотэзы, якая тлумачыла тэктанічныя працэсы і ўзнікненне складкавасці ахалоджваннем і сцісканнем Зямлі. У гал. навук. працы «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909) звёў і абагульніў рэгіянальныя даследаванні, праведзеныя ў пач. 20 ст. ў розных краінах, і на аснове кантракцыйнай гіпотэзы абгрунтаваў прынцып будовы і развіцця зямной кары. Залаты медаль імя П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага Рус. геагр. т-ва, Залаты медаль імя Ч.Лаеля Лонданскага геал. т-ва.
т. 7, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТРО́ЛЫ,
грануляваныя пластычныя масы на аснове эфіраў цэлюлозы (напр., ацэтату, нітрату цэлюлозы). Маюць у сабе таксама пластыфікатары, антыаксіданты, святлостабілізатары і фарбавальнікі.
У тэхналогіі атрымання гранул Э. выкарыстоўваюць метад экструзіі. Э. на аснове нітрату цэлюлозы, пластыфікаваныя камфарай або рыцынай, наз. цэлулоідам. Тэрмапластычныя матэрыялы, не падтрымліваюць гарэнне. Вырабы з Э. добра паддаюцца мех. апрацоўцы, лёгка склейваюцца растваральнікамі (напр., ацэтонам) або кляямі, якія маюць у сабе растваральнік, і паліруюцца. Выкарыстоўваюць у вытв-сці труб для перапампоўвання прыроднага газу, дэталей аўтамабіляў, самалётаў, суднаў (штурвалы, прыборныя шчыткі, ручкі), тэлеф. апаратаў, радыё- і тэлепрыёмнікаў, мед. інструментаў, цацак і інш.; празрыстыя лісты з Э. — ахоўныя і назіральныя экраны, напр., пры рабоце з радыеактыўнымі злучэннямі. Вырабы з Э. прыдатныя для работы ў экстрэмальных умовах Арктыкі і тропікаў. У ЗША Э. выпускаюць пад назвай тэнайт, у Вялікабрытаніі — дэксел, у Германіі — цэлідор.
т. 18, кн. 1, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ГА́ЗАЎ,
раз дзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці рэчыва ў газападобным стане. Аб’екты вывучэння — газы, газавыя сумесі, плазма. Асн. метады — статыстычныя на аснове малекулярнай будовы рэчыва і законаў узаемадзеяння паміж часціцамі.
Асновы К.т.г. распрацавалі Л.Больцман і Дж.К.Максвел; далей развіта ў працах М.Борна, М.М.Багалюбава, Л.Д.Ландау і інш. Вывучае дастаткова разрэджаныя сістэмы, для якіх час свабоднага прабегу часціц (ці квазічасціц) значна перавышае час іх сутыкнення, што дае магчымасць апісваць такія сістэмы на аснове адначасцінкавай функцыі размеркавання 𝑓(, , t), якая з’яўляецца шчыльнасцю імавернасці таго, што часціца ў момант часу t у пункце мае скорасць . Функцыя 𝑓 для канкрэтнай сістэмы пры зададзеных умовах з’яўляецца рашэннем асн. ўраўнення К.т.г. — кінетычнага ўраўнення Больцмана:
, дзе — знешняя сіла, што ўздзейнічае на часціцу масай m, I(𝑓) — інтэграл сутыкненняў (вызначае змену 𝑓 з-за сутыкненняў часціц). У выпадку сумесі газаў разглядаецца сістэма такіх ураўненняў для кожнага кампанента сумесі. Па знойдзенай функцыі 𝑓 вылічаюць сярэднія велічыні, якія характарызуюць стан газу і працэсы ў ім, і на іх аснове вывучаюць эвалюцыю нераўнаважных сістэм, унутранае трэнне, дыфузію, цеплаправоднасць і інш.
Літ.:
Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.
Г.С.Раманаў.
т. 8, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВЫ ЛАГАРЫ́ФМ ліку, паказчык ступені, у якую патрэбна ўзвесці лік 10, каб атрымаць зададзены лік; лагарыфм па аснове 10. Дл. ліку Ν абазначаецца lg N; напр., lg 2 = 0,3010, lg 20 = 1,3010, lg 100 = 2.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІПО́РА,
пенапласт на аснове мачавіна-фармальдэгіднай смалы. Вогнеўстойлівая, недастаткова ўстойлівая да ўздзеяння мінер. кіслот і раствораў шчолачаў, гіграскапічная. Вырабляюць у выглядзе блокаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў буд-ве як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял. Гл. таксама Газанапоўненыя пластыкі.
т. 10, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.
У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».
Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).
Літ.:
Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)