ЭТРО́ЛЫ,

грануляваныя пластычныя масы на аснове эфіраў цэлюлозы (напр., ацэтату, нітрату цэлюлозы). Маюць у сабе таксама пластыфікатары, антыаксіданты, святлостабілізатары і фарбавальнікі.

У тэхналогіі атрымання гранул Э. выкарыстоўваюць метад экструзіі. Э. на аснове нітрату цэлюлозы, пластыфікаваныя камфарай або рыцынай, наз. цэлулоідам. Тэрмапластычныя матэрыялы, не падтрымліваюць гарэнне. Вырабы з Э. добра паддаюцца мех. апрацоўцы, лёгка склейваюцца растваральнікамі (напр., ацэтонам) або кляямі, якія маюць у сабе растваральнік, і паліруюцца. Выкарыстоўваюць у вытв-сці труб для перапампоўвання прыроднага газу, дэталей аўтамабіляў, самалётаў, суднаў (штурвалы, прыборныя шчыткі, ручкі), тэлеф. апаратаў, радыё- і тэлепрыёмнікаў, мед. інструментаў, цацак і інш.; празрыстыя лісты з Э. — ахоўныя і назіральныя экраны, напр., пры рабоце з радыеактыўнымі злучэннямі. Вырабы з Э. прыдатныя для работы ў экстрэмальных умовах Арктыкі і тропікаў. У ЗША Э. выпускаюць пад назвай тэнайт, у Вялікабрытаніі — дэксел, у Германіі — цэлідор.

т. 18, кн. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)