«РЫ́МСКАЕ ПЫТА́ННЕ»,
канфлікт паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай, які ўзнік пасля заняцця ў 1870 італьян. войскамі Рыма і далучэння Папскай вобласці да Італьян. каралеўства. Папа Пій IX адмовіўся прызнаць ліквідацыю Папскай дзяржавы і адхіліў гарантыі італьян. ўрада сваёй асобе, абвясціўшы сябе «вязнем» Ватыканскага палаца. Доўгі час «Р.п.» ўскладняла адносіны паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай. Канчаткова ўрэгулявана ў 1929 пры папе Пію XI у адпаведнасці з Латэранскімі дагаворамі 1929.
т. 13, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВЕ́ДЧАННЕ НАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ,
учыненне органамі натарыята дзеянняў, накіраваных на замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне магчымых парушэнняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь З.н. належаць факты, якія могуць мець юрыд. вынікі (здзелкі, правільнасць копій дакументаў, выпісак з іх і інш.); засведчанне бясспрэчнага права (напр., права ўласнасці на спадчыну); наданне дакументам выканаўчай сілы (напр., учыненне выканаўчых надпісаў на пазыковых і плацежных дакументах); захаванне маёмасці, дакументаў, доказаў. З.н. звычайна робіцца ў памяшканні натарыяльнай канторы, а ў пэўных выпадках (з-за хваробы або інваліднасці кліента) — дома, у бальніцы.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
генеральная лінія дзеянняў, якая праводзіцца дзяржавай і ўрадам, сістэма мер у галіне кіравання эканомікай, наданне пэўнага кірунку эканам. працэсам у адпаведнасці з мэтамі, задачамі, інтарэсамі краіны. Уключае інвестыцыйную, грашова-крэдытную, падатковую, бюджэтную палітыку (гл. Фінансавая палітыка), структурную, навук.-тэхнічную, сац. палітыку (гл. Палітыка). Э.п. Рэспублікі Беларусь вызначаецца Канстытуцыяй і інш. заканад. актамі Рэспублікі Беларусь, дзярж. праграмамі і прагнозамі сац.-эканам. развіцця краіны, нар.-гасп. комплексаў, галін эканомікі і адм.-тэр. адзінак.
т. 18, кн. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́Ж,
1) у радыёвяшчанні, тэлебачанні, эстрадным мастацтве, фатаграфіі і інш. — падбор асобных маст. твораў або іх частак у залежнасці ад тэмы, сюжэта.
2) Творчы і тэхн. працэс у стварэнні кінафільма пасля правядзення здымак; адзін з найважнейшых сродкаў раскрыцця ідэйна-маст. зместу фільма. Уключае адбор адзнятых фрагментаў у адпаведнасці са сцэнарыем і рэжысёрскай задумай, склейку асобных фрагментаў у адзінае цэлае. М. называюць таксама сістэму зместавых, гуказрокавых рытмічных суадносін паміж асобнымі кадрамі, якая складваецца паступова і замацоўваецца ў гатовым фільме.
т. 10, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (юрыд.),
устройствы і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці інш. цэлі, а таксама для падачы сігналаў. У адпаведнасці з нац. заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад мэты выкарыстання адрозніваюць З. грамадзянскую, службовую і баявую. Да грамадзянскай З. належыць: З. самаабароны [агнястрэльная гладкаствольная і бясствольная, святлогукавога дзеяння, газавая З. (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. ўстройствы), электрашокавыя ўстройствы і іскравыя разраднікі]; спартыўная З. (агнястрэльная з наразным ствалом і гладкаствольная, халодная клінковая, кідальная, пнеўматычная); паляўнічная З. (агнястрэльная розных тыпаў, халодная клінковая і інш.); сігнальная З. (трасіруючыя кулі і снарады, дымавыя снарады і інш.); халодная З., прызначаная для нашэння з нац. касцюмам, казацкай і інш. формай. Службовая З. ўключае агнястрэльную гладкаствольную, наразную караткаствольную і інш. У паняцце баявая З. ўваходзяць усе яе віды, прызначаныя для вырашэння баявых і аператыўна-службовых задач, прынятыя на ўзбраенне рознымі органамі дзяржавы і іх супрацоўнікамі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У шэрагу краін права легальна набываць, трымаць і выкарыстоўваць З. маюць усе або асобныя грамадзяне (у ЗША больш за 200 млн., у Расіі каля 4 млн., у Рэспубліцы Беларусь каля 200 тыс. адзінак такой З.). У Рэспубліцы Беларусь З. можа знаходзіцца ў насельніцтва толькі пры наяўнасці спец. дазволу праваахоўных органаў. Ваеннаслужачыя, звольненыя ў запас або ў адстаўку, маюць права трымаць корцік ці інш. халодную З. Крымін. заканадаўства Беларусі ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, збыт і крадзеж З., боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.
Р.Ч.Лянькевіч.
т. 7, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),
ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТЫ́Я,
асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РШЫ ЛЕЙТЭНА́НТ,
воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. У Рас. імперыі існавала ў 1907—17 толькі на флоце; у СССР з 1935 уведзена для каманднага складу сухап. войск, ВПС і ВМФ; адпавядала званню палітрук. Ва Узбр. Сілах Беларусі надаецца лейтэнантам пры адпаведнасці службовай катэгорыі, па заканчэнні вызначанага тэрміну выслугі ў папярэднім званні і інш. Званне С.л. існуе і ў шэрагу інш. сілавых структур. Гл. Званні воінскія.
В.А.Сергіенка.
т. 15, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯШЧА́СНЫ ВЫ́ПАДАК у працоўным праве, пашкоджанне здароўя работніка пры выкананні ім прац. абавязкаў або пры інш. акалічнасцях, вызначаных заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны сумесна з прадстаўнікамі прафсаюзаў своечасова і правільна праводзіць расследаванне (пры неабходнасці з удзелам прадстаўнікоў інш. органаў) і весці ўлік Н.в. на вытв-сці. Па запатрабаванні пацярпелага наймальнік абавязаны выдаць яму акт аб Н.в. не пазней як праз 3 дні пасля заканчэння расследавання. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць за шкоду, нанесеную работніку калецтвам або інш. пашкоджаннем здароўя, якія звязаны з выкананнем ім прац. абавязкаў.
т. 11, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,
комплекс узаемна звязаных машын, механізмаў, абсталявання, размешчаных у адпаведнасці з паслядоўнасцю (патокам) аперацый тэхнал. працэсу і прызначаных для вырабу пэўнай прадукцыі з зададзеным рытмам (тэмпам). Служаць тэхн. асновай паточнай вытв-сці (напр., паточнага будаўніцтва).
На кожным рабочым месцы выконваюцца пэўныя аперацыі апрацоўкі адной або некалькіх падобных загатовак, якія перадаюцца з аднаго рабочага месца на другое ў асн. канвеерамі. У П.л. ўключаюць пазіцыянеры, маніпулятары, трансп. і тэхнал. прамысловыя робаты. П.л. забяспечваюць неперарыўнасць тэхнал. працэсу, магчымасць яго механізацыі і аўтаматызацыі. Пашыраны на прадпрыемствах з масавай і серыйнай вытв-сцю.
т. 12, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)