НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭЙ (Bray) Джон Фрэнсіс (1809, Вашынгтон — 1895),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.Ж.Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.
т. 3, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭ́ТА.
Выдавалася з 27.7.1941 да 28.6.1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Самае буйное бел. антысав. перыядычнае выданне ў Вял. Айч. вайну. Да 5.2.1942 наз. «Менская газэта». Мела на мэце кансалідацыю бел. народа на прынцыпах ваяўнічага нацыяналізму, барацьбу з бальшавікамі, яўрэямі, рускімі і палякамі, ідэалагічную падтрымку акупац. рэжыму. Друкавала тэндэнцыйныя падборкі матэрыялаў аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, распараджэнні акупац. улад, антысав. публіцыстыку, нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, літ. творы бел. аўтараў і інш. Выйшлі 272 нумары.
С.У.Жумар.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ПРА́ЎДА»,
легальная газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 30.3 да 24.9.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала пра эканам. і паліт. становішча ў Польшчы, пра стан бел. школ, заняпад нац. культуры, вяла палеміку з выданнямі, якія зневажалі бел. народ, яго культуру і творцаў. Выкрывала каланізатарскую палітыку ўрада Ю.Пілсудскага ў адносінах да народаў нац. меншасцей. У газеце супрацоўнічалі А.Салагуб, М.Васілёк, Я.Маланка, Улад-Ініцкі і інш. Выйшла 50 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 11, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.
хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасці інфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў у выніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.І.Ерашоў.
т. 12, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,
утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,
частка тэр. Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн. тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСА́НДР (Lysandros; ?—395 да н.э.),
спартанскі палкаводзец і флатаводзец апошняга перыяду Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Перамог афінскі флот у бітвах каля мыса Нотый (407 да н.э.) і каля Эгаспатамаў (405 да н.э.). У захопленых гарадах пакідаў свае гарнізоны, з членаў мясц. алігархічных гетэрый ствараў урады — «камітэты дзесяці» (дэкархіі), праводзіў палітыку тэрору ў адносінах да дэмакр. колаў, афінскіх саюзнікаў і клерухій. У 405—404 да н.э. кіраваў аблогай Афін і прымусіў афінян здацца. Запатрабаваў ліквідацыі ў Афінах дэмакр. ладу, навязаў афінянам алігархічнае кіраванне (гл. «Трыццаць тыранаў»). Пасля 404 да н.э. за імкненне да адзінаўладства быў адлучаны ад камандавання войскам. Загінуў у бітве з беатыйцамі каля г. Аліяртас у час Карынфскай вайны 395—387 да н.э.
т. 9, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПЕНГА́ЎЭР (Schopenhauer) Артур (22.2.1788, г. Гданьск, Польшча — 21.9.1860),
нямецкі філосаф, прадстаўнік валюнтарызму і ірацыяналізму. Вучыўся ў Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах. З канца 1820-х г. жыў у г. Франкфурт-на-Майне і займаўся навук. працай. На светапогляд Ш. паўплывалі ідэі І.Канта, Платона, будызму. Базавыя паняцці распрацаванай ім філас. сістэмы — воля і ўяўленне. Абсалютная воля, на думку Ш., «драбіцца» і рэалізуецца ў бясконцым мностве «аб’ектывацый», кожная з якіх імкнецца заняць пануючае становішча; у выніку назіраецца вайна ўсіх супраць усіх, а сусв. працэс зводзіцца да выяўлення стыхійнай сілы — «волі да жыцця». Лічыў, што ўяўленні ў адрозненне ад абсалютнай волі — гэта свет нашага вопыту; усе навакольныя з’явы — толькі сукупнасць пачуццёва-інтуітыўных уяўленняў суб’ектаў. Паводле Ш., спасцігнуць свет з’яў можна з дапамогай дастатковай падставы прынцыпу. Сац. быццё трактаваў песімістычна, падкрэсліваў непазбежнасць нягод, барацьбы, пакут, якія выцякаюць з самой прыроды «волі да жыцця», таму лічыў неабходным асэнсавана стаць на пазіцыю аскетызму ў адносінах да сябе і альтруізму ў адносінах да іншых. Ідэі Ш. сталі адной з тэарэт. крыніц філасофіі жыцця. Сугучныя Ш. ідэі распаўсюдзіліся на Беларусі ў пач. 20 ст. і былі абумоўлены паражэннем рус. рэвалюцыі 1905——07, але часткай інтэлігенцыі ўспрымаліся крытычна [напр., бел. паэт Я.Лучына (І.Л.Неслухоўскі) у процівагу вучэнню Ш. адстойваў на старонках «Минского листка» ідэю прагрэсу].
Тв.:
Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—4. М., 1900—10;
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1999—2001.
Літ.:
Быховский Б.Э. Шопенгауэр. М., 1975.
Т.І.Адула.
т. 17, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)