РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],
будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.
Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.
На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн.буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г.Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч.гіст. цэнтра горада.
Літ.:
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).Ратуша ў г. Каўнас (Літва).Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;